Туск: Калі пазітыўныя сігналы з Мінска працягнуцца, мы гатовы на незвычайныя сустрэчныя крокі

Беларусь у Еўрасаюзе ўспрымаюць як «адказнага і прадказальнага партнёра ў тым, што тычыцца канфлікту Расіі і Украіны». Пра гэта заявіў старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск падчас інтэрв'ю вузкаму колу журналістаў чатырох краін Усходняга партнёрства (Беларусі, Грузіі, Азербайджана і Украіны). Ад Беларусі ў ім удзельнічаў карэспандэнт партала TUT.BY Арцём Шрайбман.



tusk1.jpg

Адказваючы на пытанне, як пазіцыя Мінска па ўкраінскім крызісе паўплывала на ўспрыманне Беларусі ў ЕС, Туск адзначыў: «Для пачатку, асабіста мой погляд змяніўся. І мае кантакты з прэзідэнтам Лукашэнкам, і адносіны паміж нашымі краінамі былі вельмі складанымі па многіх прычынах».
«Асабіста для мяне прыемным сюрпрызам стала наша першая размова з прэзідэнтам Лукашэнкам адразу пасля анексіі Крыма. Я ўбачыў, што Беларусь па-сапраўднаму незалежная і нейтральная ў гэтым вельмі важным пытанні як для ЕС, так і для самой Беларусі», — дадаў прэзідэнт Еўрапейскай Рады.
Разам з тым, Туск заявіў, што ЕС не можа змяніць сваю пазіцыю па некаторых унутраных праблемах у Беларусі. «Гаворка ідзе аб правах чалавека, палітвязнях. Гэта нязменныя каштоўнасці для Еўропы. І мы ніколі не будзем рабіць гэтыя прынцыпы прадметам для дыскусій», — дадаў ён.
Аднак, па словах кіраўніка Еўрапейскай Рады, сёння можна казаць «аб новым тыпе адносін паміж ЕС і Беларуссю ў тым, што тычыцца светапарадку і геапалітыкі ў нашай частцы кантынента».
«Беларусь сёння — адказны і прадказальны партнёр у тым, што тычыцца канфлікту паміж Расіяй і Украінай», — адзначыў прэзідэнт Еўрарады. Ён назваў карыснымі ініцыятывы Беларусі ў гэтым кірунку.
«Пакуль рана казаць пра хэпі-энд у імплементацыі мінскіх пагадненняў, але на сёння ў нас няма лепшай альтэрнатывы. І вядома Беларусь была адным з самых важных элементаў гэтага шматабяцальнага працэсу», — дадаў ён.
Адказваючы на пытанне пра наступствы гэтага змененага погляду на Беларусь для адносін з ЕС, Туск заявіў: «Я не прарок. З майго пункту гледжання, у тым, што тычыцца далейшых крокаў, усё ў руках прэзідэнта Лукашэнкі».
 «Я магу толькі абвясціць, што калі з'явяцца першыя знакі добрай волі Мінска, калі пазітыўныя сігналы працягнуцца, я гатовы зрабіць шэраг незвычайных крокаў насустрач», — сказаў Туск.
Ён устрымаўся ад адказу на ўдакладняючае пытанне, пра якія канкрэтна кроках можа ісці гаворка.
Па просьбе TUT.BY Дональд Туск таксама пракаментаваў пытанне санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска. Прыводзім дыялог на гэтую тэму цалкам:
— Спадар прэзідэнт, што б вы адказалі тым, хто крытыкуе ЕС за падвойныя стандарты ў дачыненні да Беларусі, адзінай краіны Усходняга партнёрства пад еўрапейскімі санкцыямі, але не адзінай, дзе ёсць праблемы з дэмакратыяй?
— Для нас важней змяніць сітуацыю з правамі чалавека ў краінах Усходняга партнёрства, чым рабіць выгляд, што гэта не важна. Ёсць сумневы ў сітуацыі з правамі чалавека, як мы іх разумеем у Еўропе, у дачыненні да Беларусі і Азербайджана.
— Але чаму тады ў дачыненні Азербайджана санкцый няма, а ў дачыненні да Беларусі — ёсць?
 — Гэта добрае пытанне і ў мяне няма на яго добрага адказу.
— Вы ж разумееце, чаму гэта можа выклікаць пэўную занепакоенасць у Мінску?
— Так, я магу зразумець, што гэта супярэчлівы момант.
Адказваючы на крытыку аб слабой эфектыўнасці Усходняга партнёрства для Беларусі, прэзідэнт Еўрапейскай Рады падкрэсліў: «Магчыма, гэта пытанне ў большай ступені да беларускіх уладаў. Я не хацеў бы абразіць нашых партнёраў. Яны могуць выбіраць свой шлях. Але прапанова з боку Беларусі была абмежаванай, магчыма, таму і вынікі атрымаліся абмежаванымі, у параўнанні, напрыклад з Малдовай».
TUT.BY