У КДБ кожны трэці займаецца апазіцыяй

Днямі былая сакратарка прафсаюзу РЭП Юлія Юхнавец прызналася, што з 2015-га супрацоўнічала са спецслужбамі. У Беларусі згадваюць — гэта далёка не першае сведчанне татальнага сачэння.

ukhnavets.jpg


Белсат прыгадаў, як спрабавалі вербаваць іншых актывістаў грамадзянскай супольнасці.
 

  «Для мяне сюрпрызам было, што яна (Юхнавец) вось так нечакана публічна прызналася, нават у тым, што яшчэ атрымоўвала нейкія грошы»

 – кажа старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.
Вось так далікатная дзяўчына займалася зусім не бяскрыўднымі рэчамі.
   

«Думаю, калі казаць пра прыярытэты спецслужбаў, то сёння яны ў першую чаргу звяртаюць увагу на маладых людзей»,

– кажа палітык Анатоль Лябедзька.
Супраца з Камітэтам не пачынаецца з позвы ў жоўты будынак на праспекце Незалежнасці. Афіцэр КДБ можа застаць вас знянацку ў любым іншым месцы.
Непрыкметны мужчына пачынае распытваць пра твае погляды, пра сяброў. Пасля чаго можа падступна прапанаваць дапамогу ў жыцці. Або шантажаваць.
Гэтак, яшчэ ўвосень 2001 года быў зроблены запіс тэлефоннай размовы, на якой, меркавана, афіцэр КДБ шантажуе і пагражае гомельскаму актывісту «Зубра» Андрэю Зайцаву, які не жадаў супрацоўнічаць з кадэбэшнікамі. 20 снежня 2001 года Андрэя Зайцава знайшлі павешаным. Сімвалічна, загінуў ён у Дзень чэкіста. Калегі актывіста дагэтуль лічаць, што гэта невыпадковасць.
Летась шырокія сведчанні пра метады КДБ даў Сяргей Васільеў. Мужчына быў сакрэтным супрацоўнікам больш за 20 гадоў.
   

«Я не бачыў у гэтым нічога кепскага. Я хацеў працаваць у міліцыі, мяне не ўзялі. Я падумаў, што, можа, такім чынам змагу рабіць добрыя рэчы»

 – казаў Васільеў.
Вось толькі нічога добрага не атрымалася. У выніку Васільеў быў вымушаны пераключыцца на апазіцыянераў і размяшчаць пасквілі на сайце «Гомель-бэст». А афіцэр КДБ раіў яму дадаваць абаротаў за кошт прарасейскіх публікацыяў на тэму Данбасу.
Доўгі час сакрэтны супрацоўнік сустракаўся з агентамі, атрымліваў у канверце новыя сумы, наводкі ды задачы. Аж у нейкі момант з’ехаў жыць у Польшчу і публічна прызнаў сваю супрацу.
   

«Я думаю, што мы недаацэньваем увесь маштаб гэтай праблемы. Калі прыняць да ведама словы Аляксандра Лукашэнкі, што КДБ – гэта больш за 15 тысяч супрацоўнікаў, гэта азначае, што з іх штодня траціна працуе з актывістамі палітычных арганізацыяў»,

– кажа палітык Анатоль Лябедзька.
Што ж рабіць, калі на вас пачынаюць ціснуць? Адзіным адказам на спробы вярбоўкі можа быць адкрытае прызнанне.
   

«Калі вас спрабавалі вербаваць, то лепш кажыце пра гэта публічна. У гэтым няма нічога заганнага. Інакш яны знойдуць шляхі ўздзейнічаць на вас»,

– кажа журналіст Яўген Меркіс, які дазнаў спробу вярбоўкі.
Яшчэ адзін важны момант – страх. Каб не трапіць на гачок КДБ, важна не баяцца адстойваць свае правы. Бо ніякі закон не можа змусіць чалавека да супрацы са спецслужбамі, якія самі, як відаць з прызнанняў, парушаюць Канстытуцыю.