У Кітаі знеслі студыю мастака Ай Вэйвэя
У Пекіне знеслі майстэрню мастака Ай Вэйвэя, які рэзка крытыкаваў урад Кітаю і выказваўся ў падтрымку кітайскіх праваабаронцаў. Сам мастак адзначыў, што будынак, дзе ён працаваў, разбурылі без паведамлення, паведамляе Радыё Свабода.

Студыя Ай Вэйвэя працавала больш за дзесяць гадоў. Улады сцвярджаюць, што яго кантракт на арэнду скончыўся. У канцы ліпеня некалькі іншых галерэй у гэтым жа раёне паведамілі, што іх высяляюць, а тэрыторыю вакол чакае перапланіроўка.
Ай Вэйвэй вядомы ў многіх краінах. У 2011 годзе кітайскія ўлады адабралі ў мастака пашпарт. Ён правёў 4 гады пад хатнім арыштам. Ягонае імя было заблакаванае ў кітайскіх інтэрнэт-пошукавіках. У 2015 годзе Ай Вэйвэй пераехаў жыць у Берлін, дзе заснаваў студыю.

Ай Вэйвэй
Ай Вэйвэй атрымаў сусветную вядомасць у 2008 годзе як адзін са стваральнікаў праекту алімпійскага стадыёну ў Пекіне. У кастрычніку 2011 году часопіс Art Review змясціў Ай Вэйвэя на першы радок свайго рэйтынгу самых уплывовых дзеячаў сучаснага мастацтва.