Ваенны эксперт Ягор Лебядок: Непасрэдна цяпер беларусам хвалявацца няма чаго

Ваенны эксперт Ягор Лебядок у сваім ТГ-канале аналізуе інфармацыю пра перамяшчэнне расійскіх войск да мяжы з Беларуссю і рэакцыю на артыкул у «Politico».

Расійская вайсковая тэхніка паблізу беларускай мяжы. Фота: «Politico»

Расійская вайсковая тэхніка паблізу беларускай мяжы. Фота: «Politico»


Пасля анэксіі Крыма Расіяй блок НАТА пачаў нарошчваць свае сілы на ўсходнім флангу, у першую чаргу, для прадухілення аналагічных (квазі)ваенных дзеянняў у краінах Балтыі (якія нешта падобнае зведалі ў 1939 годзе) і Польшчы. У далейшым і цяпер гэта было паднесена Расіяй як варожая палітыка ў дачыненні да краіны і неабходнасць прыняцця «адэкватных» мер процідзеяння сіл НАТА ля расійскіх межаў. Так, адной з мер міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу назваў у 2016 годзе фарміраванне трох дывізій, дзве з якіх — у Заходняй ваеннай акрузе, г. зн. паблізу межаў Беларусі.
У раёне Ельні, пра які гаворка ідзе ў артыкуле «Politiсo», дыслакуецца адна з такіх дывізій расійскіх узброеных сіл — 144-я гвардзейская мотастралковая дывізія. Летась каля Ельні, а таксама ў Клінцах, ішло актыўнае абсталяванне палігонаў.
З 2016 ідзе планавае ўзмацненне гэтых дывізій як стратэгічнай перагрупоўкі сіл каля заходніх і паўднёва-заходніх межаў Расіі. Дарэчы, гэта мае дачыненне і да Беларусі. Аснову рэгіянальнай групоўкі войск Расіі і Беларусі складалі войскі 1 танкавай арміі ад Расіі (на вучэннях сёлета гэтыя ж падраздзяленні прымалі ўдзел на тэрыторыі Беларусі). І меркавалася, што гэтая групоўка будзе як прыкрыццё заходняга напрамку Расіі. Але ў 2016 годзе Лукашэнка спрабаваў ўседзець на двух крэслах: і на заходнім, і на расійскім напрамках, — што стварала нявызначанасць для Расіі. А ў такіх умовах любы ваенны перастрахоўваецца. Таму фарміраванне дзвюх дывізій ля нашых межаў — гэта яшчэ і падстрахоўка Расіі ад праблем у ваенна-палітычным плане з Беларуссю, а не толькі ўзмацненне групоўкі на выпадак баявых дзеянняў з Украінай.
У артыкуле «Politico» паведамляецца пра перамяшчэнне войск не 144-й дывізіі, а пра войскі 1-й гвардзейскай танкавай арміі, у прыватнасці, пра перамяшчэнні ў Бранск і Курск. Але шэраг расійскіх вайсковых экспэртаў і афіцыйных асоб наўмысна зрабілі падмену сэнсу артыкула, прывязаўшы падзеі да Ельні. Прагучалі заявы ў духу «ў Ельні стаіць 144-я дывізія, і гэтага ніхто не хавае» (маўляў, нічога новага ў артыкуле). І наогул «Ельня размешчаная на мяжы з Беларуссю, а не Украінай» (спрабуючы тым самым дыскрэдытаваць матэрыял артыкула: маўляў, не ведаюць геаграфію). Расія, напрыклад, у сакавіку 2021 года перакідвала войскі да межаў з Украінай з Цэнтральнай вайсковай акругі, г. зн. на вялікія адлегласці. Для ўзроўню дывізіі выдаленне ў 250 км — у пэўным сэнсе, можна сказаць, на мяжы з Украінай.
Перамяшчэнне войск на сваёй тэрыторыі — гэта справа самой краіны, калі няма якіх-небудзь асобных пагадненняў паміж памежнымі краінамі, якое забараняе такія перамяшчэнні без узгаднення. Але ў дадзеным выпадку з Беларуссю такіх пагадненняў няма (тым больш з Украінай).
Для буйных краін перакідка войск на аператыўным або стратэгічным узроўні — гэта неабходная частка падрыхтоўкі войск. Перасоўванне войск 1 танкавай арміі (калі яно сапраўды мае месца быць) адбываецца ў маштабах адной ВА і цалкам можа быць часткай аператыўных вучэнняў у акрузе. У любым выпадку, гэтыя перамяшчэнні істотна менш па ўзроўні прыцягнутых сіл і маштабе, чым перамяшчэнні расійскіх войск да межаў Украіны ў сакавіку 2021 года.
Ад таго, што адбываецца непасрэдна цяпер, беларусам хвалявацца няма чаго. А вось у стратэгічным раскладзе ці варта хвалявацца беларусам, залежыць ад вашых поглядаў на ваенна-палітычнае развіццё Беларусі. Калі вы прыхільнік тэорыі Лукашэнкі, што Расія — наш брат і вайсковы хаўруснік, то дыслакаванне ля нашых межаў расійскіх войск не ўяўляе небяспекі, а наадварот гарантуе абарону. Калі вы за нейтралітэт Беларусі ў далейшым, то гэта, вядома, пагроза, як і любыя іншыя войскі паблізу нашых межаў. І, вядома ж, калі вы прыхільнік ўступлення ў НАТА, то гэта прамая і відавочная пагроза: гэтыя войскі могуць быць выкарыстаны і на апярэджванне такіх імкненняў.
Артыкул у «Politico» і перамяшчэнне войск — хутчэй частка інфармацыйнага і палітычнага супрацьстаяння на фоне абвастрэння сітуацыі ў АРДЛА Украіны, візітаў амерыканскіх вайскоўцаў ва Украіну і заяў аб развіцці ўзаемаадносін з НАТА.