Азбука паліталогіі: «Вялікая розніца» ад першага прэм'ер-міністра Сінгапура

«Усё геніяльнае проста». Бярэм булачку. Разразаем. Запіхваем у гэтыя дзве паловы кавалачак мяса, бульбы, салаты і... атрымліваем карпарацыю ў сферы грамадскага харчавання з капіталізацыяй 173 мільярды долараў (на 8 красавіка 2021-га), якая валодае 38 тысячамі рэстаранаў у 120 краінах свету.

singapore_2096833_1280.jpg


Я паспрабаваў. У мяне атрымалася. Не ў сэнсе капіталізацыі і колькасці рэстаранаў, а ў сэнсе разразання і запіхвання. Для разумення абмежаванасці майго поспеху прапаную звярнуцца да мема «ўсё геніяльнае проста». Яго аўтар — кіраўнік упраўлення прапаганды НСДАП Іосіф Гебельс. Але тут, відаць, спатрэбіцца ўдакладненне. На думку Леанарда да Вінчы, «Прастата — гэта тое, што цяжэйшае за ўсё ў свеце. Гэта крайняя мяжа дасведчанасці і апошняе намаганне генія». Вось цяпер усё ўстала на свае месцы. Мяжа маёй дасведчанасці ў пытаннях разразання і запіхвання абмежаваная кухняй плошчай 7,2 квадратных метра. Што тычыцца геніяльнасці, то... Як бы гэта мякчэй сказаць, каб нікога не пакрыўдзіць. Увогуле, я згодны з Фрыдрыхам Энгельсам, які справядліва адзначыў у працы «Людвіг Феербах і канец класічнай нямецкай філасофіі»: «Маркс быў геній, мы, у лепшым выпадку, — таленты».

 «Дзякуй табе, Божа, што хоць сыходзіць!»

Імя карпарацыі, чыя капіталізацыя ў некалькі разоў перавышае капіталізацыю «Газпрама» — галоўнага расійскага здабытку — да нядаўняга часу было вядомае кожнаму беларускаму дзіцяці. Думаю, чытачы здагадаліся, што гаворка ідзе пра «McDonald's».
У снежні мінулага года «McDonald's» адзначыў 25 гадоў працы ў Беларусі. Але не ўсё, што добра пачынаецца, добра і заканчваецца. Вынік працы капіталістычнага гіганта сярод родных бяроз і асін быў падведзены ў Палацы Незалежнасці 18 лістапада на ўрачыстым ушанаванні перадавікоў аграпрамысловага комплексу: «Я заўсёды вас заклікаю: харчуйцеся, спажывайце сваё, не кідайцеся на заморскае. Гэта сёння актуальна гучыць у плане таго, што некаторыя, асабліва сярод моладзі (дый, напэўна, сярэдняга ўзросту, а можа, і старэйшага), сталі ахаць і вохкаць: "Ах, «Макдональдс» сыходзіць". Я думаю: дзякуй табе Божа, што хоць сыходзіць! Але толькі месца «Макдональдса», дзе працуюць нашы людзі, нашы спецыялісты, дзе спажываецца наш тавар, павінны заняць беларусы».

Але, як падказвае расійскі вопыт, аматары бульбы фры і біг-макаў без упадабаных страў не застануцца. Нягледзячы на грознае «...яны павінны ведаць, што ніхто нічога не прадасць з замежным капіталам. Гэта будзе нацыяналізавана. Вось і ўсё» (11.11.2022), новым гаспадаром 25 беларускіх «McDonald's» захацела стаць расійская сетка рэстаранаў хуткага харчавання «Смачна — і кропка». За паўгода працы ў Расіі гэта кампанія цалкам наладзіла ланцужок паставак і захавала стандарты якасці, да якіх прызвычаіліся спажыўцы. Іншае пытанне, ці стане…

 Але, на жаль, не!

У першым набліжэнні інвестыцыі прынята дзяліць на партфельныя (купля каштоўных папер розных кампаній з мэтай зарабіць на росце) і прамыя (укладанні грашовых сродкаў у матэрыяльную вытворчасць і збыт з мэтай удзелу ў кіраванні прадпрыемствам).
Для разумення адной з галоўных асаблівасцей беларускай мадэлі нам спатрэбіцца яшчэ слова з трох літар — ПЗІ (прамыя замежныя інвестыцыі). Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2021 годзе замежныя інвестары ўклалі ў рэальны сектар беларускай эканомікі 6 558 мільёнаў долараў. У лідарах па інвестыцыйнай прывабнасці — аптовы і рознічны гандаль ($ 2 573,3 мільёна), на другім месцы — апрацоўчая прамысловасць ($ 1 410,9 мільёна). Варта звярнуць увагу на сціплыя $ 23,1 мільёна сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі.
«Свет, — як нам днямі пераканаўча патлумачылі, — знаходзіцца на піку тэхналагічнага, лічбавага прагрэсу, і няма мяжы інавацыйнаму развіццю. Але толькі пры адной умове: калі людзі будуць сытыя і апранутыя» (18.11.2022).
У 2021 годзе галадаў кожны дзясяты жыхар Зямлі (828 мільёнаў), а 3 мільярды не мелі фінансавай магчымасці забяспечыць сабе паўнавартаснае харчаванне. «Свет знаходзіцца ў кроку ад глабальнай харчовай катастрофы. З-за розных прычын. Не толькі з-за кліматычных і геаграфічных. Ёсць краіны, якія ў свой час адмовіліся ад уласнай аграрнай вытворчасці, ператварыўшыся ў рынкі збыту імпартнай прадукцыі» (18.11.2022).
Здавалася б, сама прырода спрыяе інвестыцыям у аграрны сектар рэспублікі-партызанкі, якая паспяхова канкурыруе з Новай Зеландыяй — прызнаным лідарам малочкі ў свеце!
Але, на жаль, не! Галіна, чый уклад у беларускі ВУП складае 8%, прыцягвае толькі 0,3% ПЗІ.

Просты прынцып Лі Куан Ю

Ісціна пазнаецца ў параўнанні. 6 558 мільёнаў долараў ПЗІ ў 2021 годзе — гэта шмат ці мала? З Кітаем і ЗША параўноўваць не мае сэнсу. Не той маштаб. Звернемся да Сінгапура з колькасцю насельніцтва каля 6 мільёнаў чалавек.
У 2017 годзе замежныя інвестары ўклалі ў эканоміку горада-дзяржавы $ 1,285,000 мільёнаў — гэта значыць, у 196 разоў больш, чым у эканоміку, у якой нам выпала шчасце квітнець. Гэта ўсяго толькі на 15% менш за  аб'ём ПЗІ ў эканоміку Кітая!
Нядзіўна, што, паводле даных МВФ, ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці на душу насельніцтва ў Сінгапуры ў 5,4 разы перавышае беларускі: $ 116 486 vs. $ 21 690.
Прычыну «вялікай розніцы» кожны ахвочы можа адшукаць у кнізе першага прэм'ер-міністра Лі Куан Ю «Сінгапурская гісторыя: з «трэцяга свету» — у «першы» (1965–2000)». Кнігу можна знайсці ў інтэрнэце.
Першае, на што варта звярнуць увагу, — гэта колькасць слоў з коранем «інвест». Мой пошукавік налічыў 231 такое слова.
Абмяжуюся адной цытатай: «У барацьбе за выжыванне мы кіраваліся простым прынцыпам: Сінгапур павінен быў стаць больш арганізаваным, больш эфектыўным і больш энергічным, чым іншыя краіны рэгіёна. Калі б мы былі проста гэтакімі ж добрымі, як нашы суседзі, у прадпрымальнікаў не было б ніякіх падстаў для таго, каб асталявацца ў Сінгапуры. Мы павінны былі стварыць для інвестараў магчымасці працаваць у Сінгапуры паспяхова і прыбыткова, нягледзячы на адсутнасць унутранага рынку і прыродных рэсурсаў».

На жаль, «просты прынцып» Лі Куан Ю несумяшчальны з беларускай мадэллю. Зрэшты, як і большасць прынцыпаў рынкавай эканомікі.
Для тых, хто сумняваецца ў такой безапеляцыйнай выснове, прывяду цытату ад 11 лістапада: «Каб я блізка не бачыў вашых больш тут літоўцаў, фінаў і іншых».