Жарсці па бігмаку. McDonald's у карыкатурах
Спекуляцыі вакол лёсу McDonald’s у Беларусі — толькі фрагмент гісторыі славутага брэнду, якая знайшла адлюстраванне таксама ў працах карыкатурыстаў.
Першы рэстаран McDonald's быў адкрыты ў 1940 годзе ў Каліфорніі. Да 1960-х кампанія стала флагманам у вобласці амерыканскага фастфуда. Па сутнасці, асноўныя фішкі ў працы фастфуда былі прыдуманыя супрацоўнікамі кампаніі. Да канца 1970-х McDonald's пачаў нарошчваць сваю прысутнасць у іншых краінах. Першы рэстаран за мяжой быў адчынены ў 1967 годзе ў Канадзе. У пачатку 1990-х гадоў кампанія была прадстаўлена ў 58 краінах. На гэты час McDonald's успрымаўся як адзін з сімвалаў Амерыкі.
Прыход фастфуда ў СССР у часы перабудовы стаў знакам таго, што вяртання да мінулага ўжо дакладна не будзе. Гэтай падзеі прысвячалі свае творы таксама карыкатурысты. На гэтым малюнку клоўн Рональд частуе гамбургерам асобу, якая вонкава падобная на тыповага савецкага чыноўніка высокага рангу.
Кампанія McDonald's імкнулася ў кожнай краіне, дзе яна працуе, адкрыць як мага больш кропак. І гэта стала тэмай для шматлікіх жартаў. На малюнку альпініст недзе ў гарах натыкаецца на шыльду, дзе напісана, што ўстанова клоўна Рональда амаль побач.
Між тым часы мяняюцца. Цяпер McDonald's часта разглядаюць як негатыўны прыклад глабалізацыі. Справа ў тым, што кампанія дзеля прыбытку гатовая супрацоўнічаць з супярэчлівымі палітычнымі рэжымамі. Напрыклад, у Саудаўскай Аравіі фірма пагадзілася, каб у яе рэстаранах існавалі жаночыя і мужчынскія секцыі, што, натуральна, з’яўляецца падтрымкай грамадскай ізаляцыі кабетаў. Натуральна, гэта выклікала крытыку ў тым ліку з боку графікаў.
Аднак галоўным чынам фастфуд крытыкуюць за тое, што яго прадукцыя спрыяе павелічэнню колькасці людзей з залішняй вагой. Так, у Штатах амаль кожны трэці чалавек мае праблемы такога кшталту. Першая і галоўная прычына нацыянальнага атлусцення — гэта паўфабрыкаты з вялікай колькасцю простых вугляводаў, тлушчаў і цукраў, да якіх адносяцца і гамбургеры. Найбольш радыкальныя крытыкі McDonald's заклікаюць выяўляць клоўна Рональда як тлустую асобу — ахвяру спажывання прадукцыі кампаніі.
Цікавы віраж з стэрэатыпамі наконт McDonald's адбыўся ў Штатах у часы прэзідэнцтва Трампа. Неяк з-за забастоўкі супрацоўнікаў Белага дому амерыканскаму гаранту давялося накарміць гасцей адміністрацыі бігмакамі з суседняй кропкіMcDonald's. З таго часу прыхільнікаў Трампа выяўляюць вельмі часта з бігмакам. Урэшце, як і самога палітыка.
Безумоўна, смяюцца карыкатурысты таксама з спробаў уладаў Расіі знайсці альтэрнатыву прадукцыі McDonald's пасля зыходу кампаніі праз вайну в Украіне. Такой альтэрнатывай мае быць сець «Вкусно и точка». Вось так бачыць сутнасць яе працы адзін з мастакоў. Цяпер праблемы ў McDonald's пачаліся ў Беларусі. І думаецца, без жартоўных каментароў, у тым ліку графічных, таксама справа не абыдзецца.