Канстытуцыя: з вялікага паспеху наробіш смеху

Поўнага тэксту «альтэрнатыўнай» Канстытуцыі таксама яшчэ няма. Але ёсць хоць нешта, над чым можна разважаць. І нават з першага погляду гэты праект Канстытуцыі мае багата хібаў. Некаторыя палажэнні дакумента могуць з часам састарэць — хаця б у сярэднетэрміновай перспектыве. А некаторыя і ўвогуле будуць непрымальныя для часткі соцыуму.

constitution_of_belarus_1994_1__1_.jpg


Канстытуцыю Беларусі ўзору 1994 года распрацоўвалі вельмі доўга. Канстытуцыйная камісія па распрацоўцы дакумента была ўтвораная 22 чэрвеня 1990 года, праекты Канстытуцыі для грамадскага абмеркавання публікаваліся ў 1991, 1992 і 1993 гадах. Кажуць, што ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца яшчэ некалькі праектаў Асноўнага закону, якія так і не былі вынесеныя на ўсеагульны агляд.
У выніку, ад моманту пачатку працы над Асноўным законам і да яго прыняцця прайшлі чатыры гады. Цяпер жа нам наладзілі нейкую «гонку Канстытуцый».

Гонка Канстытуцый

Спачатку Лукашэнка, спрабуючы ўтаймаваць народ, заявіў, што хутка будзе прынятая новая Канстытуцыя, у якой менш улады будзе ў кіраўніка краіны, а больш — у іншых уладных структур, а пасля ён сыдзе. Пры гэтым, маўляў, новая Канстытуцыя павінна быць распрацаваная да вясны 2021 года. Прынамсі, гэты тэрмін быў агучаны, калі Палата прадстаўнікоў ды іншыя органы пачалі «збор пажаданняў» ад грамадзян па змесце наступнага Асноўнага закона.
У супрацьвагу гэтай ініцыятыве распрацоўку сваіх канстытуцыйных нормаў пачаў штаб Святланы Ціханоўскай. Праўда, першапачаткова заяўлялася, што пасля перамогі спачатку вернецца легітымная Канстытуцыя 1994 года, а ўжо потым будзе ісці праца над новым варыянтам Асноўнага закона. Але ж цяпер, падаецца, падыход змяніўся.
Праект Канстытуцыі «ад Лукашэнкі» ў грамадстве пакуль што не бачылі. Хто над ім працуе, таксама невядома. У той час, як каманда Ціханоўскай запусціла ў тэлеграме групу «Канстытуцыя», дзе рэгулярна выкладаюцца праекты раздзелаў для грамадскага абмеркавання.
Поўнага тэксту «альтэрнатыўнай» Канстытуцыі таксама яшчэ няма. Але ёсць хоць нешта, над чым можна разважаць. І нават з першага погляду гэты праект Канстытуцыі мае багата хібаў. Некаторыя палажэнні дакумента могуць з часам састарэць — хаця б у сярэднетэрміновай перспектыве. А некаторыя і ўвогуле будуць непрымальныя для часткі соцыуму.

Высокамаральная Канстытуцыя

Найперш, цікава, што распрацоўнікі некаторых раздзелаў надалі багата ўвагі маральнаму стану грамадзян Беларусі. Словы «мораль и нравственость» сустракаюцца ў тэксце праекта Асноўнага закона не аднойчы, што ў далейшым пацягне за сабою моцны галаўны боль для перакладчыкаў дакумента на беларускую мову. Бо ў беларускай, што «мораль», што «нравственность» — аднолькава «маральнасць» (калі не лічыць сінонім «духоўнасць», але гэта крышку іншае, ці не так?). Што ўжо як бы намякае на выключна «русацэнтрычнае ўпрыгожванне» некаторых палажэнняў праекту беларускага (!) Асноўнага закону.
Напрыклад, нам прапануюць артыкул 14 у такім выглядзе: «Дзяржава падтрымлівае і ўмацоўвае маральныя каштоўнасці — спрадвечны здабытак народа Беларусі. Маральныя асновы праводзяцца ў заканадаўстве і пры яго ўжыванні, абумоўліваюць патрабаванні да службовых асоб органаў улады, выступаюць складовай часткай адукацыі, заахвочваюцца ў культурнай творчасці і ўсіх іншых сферах грамадскага жыцця».
Пра «маральныя каштоўнасці» як «спрадвечны здабытак» лепш, канешне, прамаўчаць. Але вось тое, што «маральныя асновы» будуць праводзіцца ў заканадаўстве ды выступаць патрабаваннямі для службовых асоб, — адразу ўзнікае пытанне: ЧЫЕ маральныя асновы? Хто будзе іх вызначаць? Царква? А якая: праваслаўная, каталіцкая, мячэць, сінагога ці пратэстанты? Улада з новым «маральным кодэксам будаўніка камунізму»? Можа, вызначым агульную мараль на рэферэндуме?
Больш за тое, артыкул 22 праекта Канстытуцыі прапісвае, што «Законам прад’яўляюцца патрабаванні кампетэнтнасці і маральнасці да педагогаў і замацоўваецца абавязак навучэнцаў старанна авалодваць ведамі».
Зноў тая самая «маральнасць». Ва ўсіх яшчэ на слыху, як у Расіі «загнабілі» настаўніцу за тое, што яна выклала ў сацыяльныя сеткі сваё фота з адпачынку на пляжы — у купальніку. Некаторыя палічылі гэта не вельмі «маральным». Падавалася б, нармальны педагог, нараканняў да яе як да прафесіянала не было, дый купальнік быў не вельмі дзёрзкі, мае права на адпачынак і прыватнае жыццё… Але ж «паборнікі маралі» зацкавалі чалавека і змусілі звольніцца. І ў нас будзе тое ж?
Дык да чаго ж у Канстытуцыі тая «мараль»? Зразумела, для чаго. Нібыта гарантуючы ўсім «роўнасць і братэрства» (артыкул 21 праекта — «Усе людзі свабодныя і роўныя ў сваёй годнасці і правах»), дакумент з пункту «маральнасці» адразу ж абмяжоўвае правы некаторых груп насельніцтва. Што выявілася, напрыклад, у артыкуле 33. Там гаворыцца: «Жанчына і мужчына па дасягненні шлюбнага ўзросту маюць права на добраахвотнай аснове ўступіць у шлюб і стварыць сям’ю».
«Немаральныя» прадстаўнікі ЛГБТК+ і іншыя «вычварэнцы» нервова паляць убаку — разам з іх спадзяваннямі на аднаполыя шлюбы. Бо ясна прапісана: шлюб — толькі для «традыцыяналаў». Больш за тое: гей альбо лесбійка, хай яны і тройчы прафесіяналы, наўрад ці трапяць у органы ўлады — з пункту гледжання «маральных каштоўнасцяў як здабытку народа Беларусі», да таго ж з «маральнымі патрабаваннямі да службовых асоб».
Як там казаў Лукашэнка: «Лепш быць дыктатарам, чым “блакітным”»?

Крышачку пра прафесійнае

У новым праекце Канстытуцыі замацавана, што кожны мае права на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, і мае права свабодна шукаць, атрымліваць, перадаваць, ствараць і распаўсюджваць інфармацыю любым законным спосабам. Але пры гэтым права на свабоду слова не мае ніхто. Нават сродкі масавай інфармацыі.
Так і запісана: «Сродкі масавай інфармацыі карыстаюцца (карыстаюцца, а не маюць!) свабодай слова і нясуць абавязак служыць праўдзе».
Згадваецца песня Бутусава: «Праўда заўсёды адна, гэта сказаў фараон». Што за «фараон» будзе вызначаць «праўду», якой будуць служыць СМІ, — пакуль невядома. Але мы можам зрабіць выснову, што спадзяванні журналісцкай супольнасці на ліквідацыю «Міністэрства праўды» — то-бок Мінінфармацыі, — наўрад ці спраўдзяцца. Як і спадзяванні на стварэнне грамадскіх (а не дзяржаўных) СМІ. Таму што ў праекце Канстытуцыі закладзена такое паняцце, як «дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі», якія пры адборы фактаў, што будуць асвятляць, павінны кіравацца «прынцыпамі грамадскага інтарэсу і справядлівасці».
І асобным радком прапісана, што «доступ да інтэрнэту з’яўляецца неад’емным правам чалавека».
Калі пісалася Канстытуцыя 1994 года, інтэрнэту не было. З сённяшнім развіццём тэхналогій (а жывем мы, па-сутнасці, у эпоху інфармацыйнай рэвалюцыі, што прыйшла ўслед за НТР) ніхто не дасць гарантыі, што праз 20 гадоў сетку інтэрнэт не заменіць які-небудзь «Меганэт». Фантасты ўжо пішуць пра розныя міжпланетныя сеткі з рознымі назвамі кшталту «Інтэрстар». А будучыня можа надысці значна раней, чым мы ўяўляем. Прынамсі, яшчэ 30 гадоў таму відэасувязь з ці не любой кропкі свету (тое, што мы цяпер наўпрост маем у мабільных тэлефонах) падавалася выключна выдумкай фантастаў.
Дык навошта закладаць у тэкст Канстытуцыі тэхналогію, якая ў любы момант можа састарэць альбо змяніць сваю назву? Нам потым з-за гэтага Канстытуцыю мяняць?

Набалелае за 20 гадоў

Што зусім цікава — «моўная практыка» ў праект Канстытуцыі «ад Ціханоўскай» перакачавала з Канстытуцыі Лукашэнкі 1996 года. У праекце Асноўнага закона артыкул аб мовах гучыць так: «Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Паважаючы права кожнага абіраць мову зносін, дзяржава ажыццяўляе меры па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы для наступнага надання ёй у Канстытуцыі статусу адзінай дзяржаўнай мовы».
Калі дзяржава сапраўды будзе імкнуцца да «наступнага надання» беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай, не трэба гэта прапісваць у Канстытуцыі. Бо, калі той момант настане, Канстытуцыю, зноў жа, трэба будзе змяняць.
Але тое, што моўнае пытанне адкладаецца да «наступнага», хіба азначае, што гэтага не здарыцца ніколі. Мы ўжо пісалі ў Канстытуцыях і 1994 года, і 1996-га, што «імкнёмся» да адмены смяротнага пакарання, статусу нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавы. У выніку смяротная кара не адмененая, мы — «нейтральныя» чальцы АДКБ і пабудавалі «бяз’ядзерную» АЭС.
«Моўны» артыкул выглядае фарысействам, бо зразумела, што беларуская мова можа адрадзіцца толькі ва ўмовах так званай «пазітыўнай дыскрымінацыі». Чаго проста не атрымаецца зрабіць пры наданні іншай мове статусу дзяржаўнай.

Ці трэба «гнаць ровар»?

Доктара юрыдычных навук, прафесара і былога суддзю Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова такая «гонка» ў дачыненні да распрацоўкі новай Канстытуцыі засмучае. Сам ён у прынцыпе не згодны з падыходам, калі распрацаваць яе трэба «як мага хутчэй».
«Калі мы сапраўды юрысты і прафесіяналы, трэба рабіць усё па законе. На мой погляд, самы просты шлях да ўзнаўлення законнасці — гэта вяртанне да Канстытуцыі 1994 года, а ўжо пасля таго, як будзе абраны дэмакратычны парламент, можна прымаць праўкі ў Канстытуцыю–1994. Таму пакуль я заняў пазіцыю незалежнага эксперта — сачу за напрацоўкамі рабочай групы, што працуе над Асноўным законам».
Па словах Пастухова, сённяшнія распрацоўшчыкі Канстытуцыі хочуць зрабіць яе хутка — і вынесці для прыняцця на рэферэндум, які пройдзе разам з прэзідэнцкімі выбарамі. Такія планы Пастухоў называе «авантурыстычным падыходам». Прынамсі, па дзвюх прычынах. Першая — у тым, што новую Канстытуцыю павінны ацаніць міжнародныя эксперты. Напрыклад, Венецыянская камісія (афіцыйна — Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права, кансультацыйны орган па канстытуцыйным праве, створаны пры Радзе Еўропы ў 1990 годзе), а гэтая камісія прымае да разгляду толькі тыя праекты Канстытуцый, якія прадстаўляюцца легітымнымі ўладамі краін. То-бок, спачатку павінны прайсці легітымныя выбары ў парламент, а значыць, без вяртання да Канстытуцыі 1994 года не абысціся.
Другая ж прычына — на думку юрыста, на рэферэндум можна выносіць толькі пытанні, якія маюць адназначны адказ: «так» ці «не». Прымаць жа на рэферэндуме цалкам Канстытуцыю, тым больш, калі плебісцыт будзе сумешчаны з іншымі важнымі выбарамі, — няслушна. «Адзін раз мы ўжо прынялі Канстытуцыю на рэферэндуме, нічога добрага з гэтага не атрымалася», — кажа Пастухоў.