З аптымізмам у будучыню
Партыя БНФ падвяла вынікі 2013 года. Хутчэй, не столькі падвяла, колькі акрэсліла задачы на 2014-ы. Прынамсі, Сойм ПБНФ, які адбыўся 7 снежня, абвешчаны, як апошні ў гэтым годзе.
Калі, канешне, не здарыцца нейкіх тэрміновых падзеяў, якія вымусяць склікаць яшчэ адзін Сойм. Але, гледзячы па тым, што галоўнае для ўсіх зараз — Украіна, то такіх падзеяў чакаць наўрад
ці трэба.
Сойм збіраўся даволі млява. Відавочна, што БНФаўцамі ўжо валодае перадсвяточны настрой. Нават нягледзячы на тое, што праграма мерапрыемства была даволі цікавай і насычанай. Найперш, меркавалася
заслухаць эканаміста Аляксандра Чубрыка з Інстытута прыватызацыі і менеджмента, па прагнозе эканамічнага развіцця Беларусі на наступны год і ў найбліжэйшы перыяд. Лідэр партыі Аляксей Янукевіч
павінен быў распавесці пра саміт Усходняга партнёрства і ўкраінскія падзеі, а потым Ігар Лялькоў і Рыгор Кастусёў мелі дакласці пра падрыхтоўку да мясцовых выбараў, дата якіх ўжо абвешчаная.
«Я не бачу зараз магчымасці пазбегнуць сітуацыі, калі ўлада змушаная будзе праводзіць больш жорсткую манетарную і фіскальную палітыку і правядзе дэвальвацыю», — кажа
Чубрык. Але такі звязак падзеяў разам з утаймаваннем інфляцыі (без гэтага ўтаймавання дэвальвацыю праводзіць бессэнсоўна) прывядзе да таго, што крэдыты для прадпрыемстваў стануць занадта дарагія,
урад падтрымліваць гэтыя прадпрыемствы не будзе, то бок — спыненне вытворчасці, вымушаныя адпачынкі, скарачэнні і сацыяльны выбух, альбо сапраўды перабудова эканомікі. Што ж да перабудовы,
то на гэты крок сённяшняя сістэма наўрад ці здольная.
Адзінае, чаго не сказаў эканаміст — калі гэта ўсё адбудзецца. У кулуарах некаторыя сябры Сойму жартаўліва скардзіліся, што не ведаюць, да якой даты трэба скупіць усю валюту.
Янукевіч пра саміт УП для Беларусі: «І напярэдадні саміту, і на самім саміце даводзілася чуць ад еўрапейскіх палітыкаў, гатовых размаўляць шчыра, такое меркаванне, што
вельмі шмат хто ў Еўропе гатовы спісаць Беларусь з усіх рахункаў. Думка пра тое, што Беларусь страчаная, на жаль, вельмі моцна пашыраецца сярод еўрапейскіх палітыкаў. Думка пра тое, што Беларусь
перакрочыла тую мяжу, калі можа самастойна прымаць рашэнні ў знешняй і ўнутранай палітыцы, тую мяжу, якая адрознівае самастойную дзяржаву ад залежнай дзяржавы, ад калоніі, — гэтая мяжа
беларускім кіраўніцтвам перакрочаная.
Пра Расію: «Тое, што мы назіраем зараз у Беларусі — павышэнне ролі і ўплыву Крамля — гэта праблема не толькі Беларусі, але і ўсяго рэгіёна. Я меў
магчымасць прыняць удзел у сустрэчы кіраўнікоў партыяў, якія ўваходзяць ў Еўрапейскую народную партыю.
Пра Пуціна: «У Пуціна ёсць жахлівы план, як увайсці ў гісторыю тым, хто аднавіў Расійскую імперыю. Ён ужо ўнутры Расіі задушыў апазіцыю, ўзяў пад кантроль медыі, не
сутыкаецца зараз з выклікамі, забяспечыў сабе эканамічны дабрабыт на шмат гадоў наперад.
Пра Еўропу: «Еўрапейскі саюз не выяўляе належнай актыўнасці па прыцягненні на свой бок краінаў нашага рэгіёну. Адзін з выступоўцаў на саміце дакладна сфармуляваў: ад
прапановаў Расіі, якія робяцца краінам рэгіёна, вельмі складана адмовіцца, а прапановы Еўрасаюза вельмі складана зразумець. Міністр замежных справаў Карл Більдт на саміце заявіў, што яны ніколі не
разглядалі УП як пашырэнне каштоўнасцяў ЕС, а УП — гэта толькі дапамога тым краінам, якія прынялі гэтыя каштоўнасці і прынялі рашэнне па еўраінтэграцыі.
Пра Украіну і водгукі для Беларусі: «Відавочна, што можна ставіць крыж на расійскай палітыцы ва Украіне пасля Еўрамайдану. Пуцін будзе імкнуцца хутчэй запусціць
Еўразійскі эканамічны саюз, і адзінай еўрапейскай краінай у гэтым саюзе з’яўляецца Беларусь. Таму ўплыў Расіі будзе ўзмацняцца, і нездарма ўжо цягам гэтага тыдня ў Баранавічы прыбудуць
першыя расійскія знішчальнікі. Раней казалася, што іх база будзе ў Лідзе, зараз яны лятуць у Баранавічы, на відавочна непадрыхтаванае месца. Гэта спроба як мага хутчэй «засталбіць
тэрыторыю» у тэрміновым парадку. Таму змаганне супраць расійскіх баз для нас набывае новы імпульс».
Ну, і гэтак далей. Але ўсё ж спадар Янукевіч здолеў павярнуць сваё мысленне ў больш актуальны бок, калі пачаў адказваць на надзённыя пытанні.
Па-першае, праца над «Народным рэферэндумам». Па словах Янукевіча, апошнія месяцы яна была «тэхнічнай», узгадняліся пытанні, фармулёўкі і гэтак далей. Па
ягоным меркаванні, яшчэ да Новага года беларусам можа быць зроблены падаруначак у выглядзе канчаткова акрэсленых пытанняў, на якія яны павінны даць адказ.
Ну і трэцяе пытанне — пытанне адзінага кандыдата. Аляксей Янукевіч сказаў, што ў апошні месяц перамовы пра кандыдата «заблыталіся», бо выйшаў на волю Павал Севярынец,
які даў, не пабаюся гэтага слова, выспятка усім, хто займаўся гэтым пытаннем. У выніку, у нейкай ступені прагрэс у гэтым ёсць, перамовы інтэнсіфікаваліся. Аднак Янукевічу не падабаецца, што ў працэсе
перамоваў узнікаюць прозвішчы ўжо «адыграных» у палітыцы людзей, якія, можа, і не хочуць займацца ізноў такой справай. Да прыкладу ён прывёў прозвішча Аляксандра Казуліна. Але гэтыя
прозвішчы ўзнікаюць, па ягоных словах, «у працэсе абмеркаванняў», а не сапраўдных перамовах ці вызначэннях.
Будзе цяжка дамовіцца, зазначыў Янукевіч. Але ўжо тое, што «будзе цяжка», але «дамовяцца», падаецца, сумненняў у яго не выклікае.
Што ж, гэта будзе самы чаканы вынік 2014 года.