Збой імуннай сістэмы

Насельніцтва і ўлада па-рознаму разумеюць стабільнасць. Для насельніцтва стабільнасць — гэта двухзначны рост прыбыткаў, для ўлады — права на нязменнасць. «Идеология для государства — то же самое, что иммунная система для живого организма».   



unnamed_1_.gif

Задача ідэолагаў на сучасным этапе — вярнуць людзей у рэаліі сённяшняга дня, паставіць у такія ўмовы, калі кожны павінен зарабляць грошы сваімі працай і розумам і плаціць у поўнай меры за тое, што мае, лічыць кіраўнік адміністрацыі «адзінага палітыка» (АП) Аляксандр Радзькоў. Гэта неардынарнае прызнанне я знайшоў на сайце БЕЛТА.

 

Але задача ідэалогіі па вяртанні людзей у рэаліі сённяшняга дня можа быць актуальнай толькі ў тым выпадку, калі на папярэднім этапе ідэалогія хавала рэальнасць ад людзей, г. зн. вырашала процілеглую задачу. Такая выснова напрошваецца, калі не выходзіць за рамкі фармальнай логікі. Аднак я не ўпэўнены, што кіраўнік адміністрацыі АП павінен абмяжоўваць сябе такога кшталту рамкамі.

 

«Идеология для государства — то же самое, что иммунная система для живого организма». Гэта я цытую непасрэднага кіраўніка Аляксандра Радзькова. Мэтай жа імуннай сістэмы з’яўляецца знішчэнне чужародных агентаў, якімі могуць быць хваробатворныя мікраарганізмы, іншародныя целы ці перароджаныя клеткі самога арганізма.

 

Гэта тлумачэнне мэты імуннай сістэмы я запазычыў у Вікіпедыі. З яго становіцца зразумела, чаму на грошы падаткаплатнікаў у Беларусі была створана ідэалогія дзяржавы, а не ідэалогія падаткаплатнікаў. Для тых жа, хто не зразумеў, працытую Міхаіла Жванецкага: «Власть (дзяржава — С.Н.) — это люди, которым за наш счет положена охрана от нас же».

 

Але вернемся да сучаснага этапу развіцця дзяржаўнай ідэалогіі. Паводле Аляксандра Радзькова, ён характарызуецца жорсткай канкурэнцыяй на рынку і новымі эканамічнымі рэаліямі. Таму беларусам неабходна навучыцца жыць па сродках і цаніць тое, што яны ўжо маюць.

 

На папярэднім этапе развіцця дзяржаўнай ідэалогіі ўлада такіх патрабаванняў да грамадства не высоўвала. Звернемся да афіцыйнай статыстыкі. Індэкс рэальна размешчаных грашовых прыбыткаў насельніцтва ў 2011 годзе адносна 2000-га павялічыўся ў 3 разы, а індэкс прадукцыйнасці працы — у 1,94 разу. Далей — больш. У 2012 годзе тэмпы росту прыбыткаў перавысілі тэмпы росту прадукцыйнасці працы ў 5,3 разу, а за студзень-лістапад 2013 года — у 7,5 разу!

 

Такое ўражанне, што пад хвост «беларускай мадэлі эканамічнага развіцця» хтосьці панадзіўся пырскаць шкіпінарам. Цікава, хто? Няўжо прадстаўнікі «пятай калоны» такім чынам адпрацоўваюць заходнія гранты? А можа, гэта перароджаныя клеткі дзяржаўнага арганізма знайшлі пралом у імуннай сістэме дзяржаўнай ідэалогіі, што дазволіла ім запусціць некантралюемы з вяршыні ўладнай «вертыкалі» працэс дзялення?

 

Да дармовага прызвычайваюцца хутка

 

Не, з уладнай «вертыкаллю» нічога не здарылася. Кантроль над генеральнай лініяй яна не страціла. Праблема ў самой генеральнай лініі, не здольнай прапанаваць грамадству нічога, акрамя росту прыбыткаў за кошт цэнтралізаванай раздачы расійскіх пернікаў.

 

Мантры наконт «нашей духовности», што перыядычна паўтараюцца, не павінны ўводзіць у зман. Сярэдняй зарплаце ў 500 долараў нездарма быў нададзены сакральны статус («святая цифра») на старце прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. А як жа інакш, калі на сцягах беларускай стабільнасці напісана: «Маленькая зарплата способна разрушить даже самое сильное государство».

 

Да дармовага прызвычайваюцца хутка. Асаблівых талентаў на гэта не трэба, і рускія са знакам якасці тут не выключэнне. Што б ні разумеў АП пад «стабільнасцю», для яго электаральных прыхільнікаў стабільнасць азначае двухзначны рост прыбыткаў. На меншае яны не згодныя.

 

 У 2001 годзе прыбыткі беларусаў падскочылі на 28%, а ў 2002–2003 гадах выраслі на сціплыя 4%. У выніку рэйтынг АП спікіраваў. Калі б не падвышэнне кошту на нафту з другой паловы 2003 года, якое дало старт пяцігодцы двухзначнага росту прыбыткаў насельніцтва, мы б сёння жылі ў іншай краіне. Была б яна лепшай ці горшай — пытанне асобнае.

 

У сакавіку 2003 года на піку падзення сваёй папулярнасці АП распачаў спробу дадаць да сацыяльна-паліцэйскіх падпорак сваёй улады падпорку ідэалагічную. Сказана — зроблена. Але не паспелі паліцы кнігарань запоўніцца адпаведнага кшталту навучальнай літаратурай, як у самога АП цікавасць да ідэалогіі знікла (гл. табл. 1).

 

У 2004 годзе, яшчэ не здагадваючыся, што «нафтавы афшор» будзе функцыянаваць некалькі гадоў, ён уключыў ідэалагічны блок у тэкст паслання. Але час усё расставіў на свае месцы. АП, як вядома, прызвычаіўся выбудоўваць палітыку «ад жыцця», а жыццё ва ўмовах росту нафтавых прыбыткаў попыту на ідэалогію не прад’яўляла.

 

Сусветны фінансавы крызіс у 2009 года і рукатворны крызіс у 2011 годзе зноў актуалізавалі страхі АП. У поўнай адпаведнасці з прымаўкай: «Як трывога, так да Бога», праваслаўны атэіст быў вымушаны зноў выняць з запасніка ідэалагічную падпорку. Не выключана, што і ў Пасланні–2014 для яе знойдзецца месца. Нездарма ж Аляксандр Радзькоў загаварыў пра ўзмацненне канкурэнцыі на рынку і пра новыя эканамічныя рэаліі.

 

 

Табліца 1. Частотнасць ужывання слова «ідэалогія»* ў пасланнях АП

 

2002

2003

2004

2005

2006

2007

2008

2009

2010

2011

2012

2013

1

15

15

7

1

1

10

4

11

 

*Каб выключыць праблемы са склонамі падчас падліку, слова «ідэалогія» выкарыстоўвалася без канчаткаў

 

 

Спецаперацыя «Выбары–2015»

 

Залежнасць уласнага дабрабыту ад расійскіх шчадротаў АП, безумоўна, не радуе. Адсюль бесперапынныя спробы стварыць унутраныя крыніцы эканамічнага росту. Апошняя ў іх шэрагу — мадэрнізацыя дзяржаўных прадпрыемстваў (гл. табл. 2). Надзеяў яна не спраўдзіла. Ці паўторыць мадэрнізацыя лёс сваёй папярэдніцы лібералізацыі — мы хутка даведаемся. Але што прыйдзе ёй на змену?

 

 

Табліца 2. Частотнасць ужывання слова «мадэрнізацыя»** ў пасланнях АП

 

2002

2003

2004

2005

2006

2007

2008

2009

2010

2011

2012

2013

2

4

1

3

1

5

3

3

9

7

6

49

 

**Глядзі спасылку да табл. 1

 

 

У кастрычніку ўрадам і Нацыянальным банкам быў прыняты план сумесных дзеянняў па структурным рэфармаванні і падвышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі. Дакумент утрымлівае шэраг «рэвалюцыйных», па беларускіх мерках, пунктаў. Паўстала адчуванне, што АП вырашыў ад мадэрнізацыі прадпрыемстваў перайсці да рэформаў. Аднак пасля прыняцця плану прайшло ўжо тры месяцы, а АП пра яго так ні разу і не ўзгадаў. Не ўспамінаюць пра план і яго распрацоўшчыкі.

 

Чым можна растлумачыць масавую амнезію? Чаму спробы па стварэнні ўнутраных крыніц эканамічнага росту былі перапыненыя? Мой варыянт адказу — працяг такіх спроб (надзвычай нятанных, між іншым) несумяшчальны з падрыхтоўкай спецаперацыі «Выбары–2015».

 

Выхад на «святую цифру» ў снежні 2010 года быў забяспечаны за кошт знешніх запазычанняў і дысбалансаў у эканоміцы. Усё гэта адгукнулася трохразовай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты ў 2011 годзе.

 

За два гады дысбалансы так і не рассмакталіся. Мне ўжо неаднаразова даводзілася звяртаць увагу чытачоў НЧ на неверагодны ўзровень аплаты працы ў беларускім ВУП. Паводле Белстату, у I квартале 2013 года ён склаў 54,7%, у II квартале — 50,7%. Інфармацыя за III і IV кварталы адсутнічае. Для параўнання адзначу, што гэты паказчык у Вялікабрытаніі ў 2012 годзе склаў 45%. Гэта еўрапейскі рэкорд.

 

Зніжэнне рэальнай зарплаты ў верасні і лістападзе мінулага года — гэта не свавольства ўрада, пазбаўленага ўласных палітычных амбіцый, а важны элемент спецаперацыі «Выбары–2015». З пункту гледжання эканамічнай палітыкі, яна ўключае два этапы: этап мінімальнага тэмпу росту заработнай платы ў 2014 годзе, што дазволіць змікшаваць дысбалансы ў эканоміцы, і этап фармаванага дасягнення чарговай «святой лічбы» ў другой палове 2015 года.

 

Ідэалогію першага этапу прэм’ер-міністр Міхась Мясніковіч агучыў 14 студзеня. Прывяду ключавую цытату з афіцыйнага прэс-рэлізу: «Галоўнымі задачамі на бягучы год з’яўляюцца збалансаваны эканамічны рост і эфектыўнасць».

 

Каментар да каментара

 

Збалансаваны эканамічны рост — гэта якраз тое, да чаго не прызвычаіліся электаральныя прыхільнікі АП. Ключавым тут з’яўляецца слова «збалансаваны». А гэта азначае, што рост зарплаты не павінен перавышаць рост ВУП. А 2013 год паказаў, які сёння патэнцыял росту ў беларускай эканомікі.

 

11 гадоў дзяржаўная ідэалогія выконвала ролю шырмы, якая захіляла ад беларусаў рэальнасць. Нельга сказаць, што «сучасны этап», так пераканаўча апісаны Аляксандрам Радзьковым, падкраўся незаўважна. Незалежныя аналітыкі неаднаразова папярэджвалі пра яго набліжэнне. Але дзе вы бачылі грамадскую думку, якая б звяртала ўвага на папярэджанні аналітыкаў ва ўмовах двухзначнага росту зарплат!

 

«Азбука паліталогіі» падыходзіць да канца, і таму самы час звярнуцца па каментар да класіка: «Людзі, вымушаныя спадзявацца на дзяржаву, не навучаюцца мастацтву быць самастойнымі» (Энтані дэ Ясаі, французскі эканаміст і палітолаг).

 

А зараз у якасці каментара да каментара я ў чарговы раз працытую кіраўніка адміністрацыі АП: «Мяне заўсёды дзівіць нежаданне людзей працаваць і зарабляць грошы, прытым шмат хто з нас мае завышаныя патрабаванні да ўзроўню жыцця і асабістага дабрабыту. Мы хочам атрымаць ад жыцця адразу і ўсё, але не заўсёды разумеем, што для гэтага трэба працаваць і ўвесь час павялічваць свой прафесіяналізм у любой справе».

 

У свае 62 гады Аляксандр Радзькоў захаваў здольнасць здзіўляцца. Зайздрошчу. Я на год за яго маладзейшы, і мяне даўно ўжо не дзівіць, што, прадэклараваўшы ў якасці аднаго з базавых прынцыпаў дзяржаўнай ідэалогіі «общественно полезный труд без расчета на материальное вознаграждение», на выхадзе ідэолагі атрымалі завышаныя патрабаванні да ўзроўню асабістага дабрабыту. Прычым патрабаванні гэтыя ніяк не звязаныя з колькасцю і якасцю працы.