Журналіст на свабодзе

    Журналіст Андрэй Пачобут асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. З яго знялі абвінавачванне ў абразе прэзідэнта, але прызналі вінаватым у паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта. Андрэя вызвалілі з-пад варты ў зале суда.  



502cbcfede9f1df5528af4204f33e0c8.JPG

 

Журналіст Андрэй Пачобут асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. З яго знялі абвінавачванне ў абразе прэзідэнта, але прызналі вінаватым у паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта. Андрэя вызвалілі з-пад варты ў зале суда.

Андрэй Пачобут ад пачатку красавіка знаходзіўся пад вартай, ён быў гатовы да жорсткага прысуду, сваю сям’ю таксама прасіў быць гатовымі да горшага варыянту. Таму, калі Андрэй з’явіўся на ганку суда без канваіраў і аховы, людзі, якія прыйшлі падтрымаць журналіста, сустрэлі гэта воклічамі радасці, жонка Аксана стрымлівала слёзы радасці.

 

Андрэя Пачобута суддзя Ленінскага суда Гродна Віталь Лецка апраўдаў па частцы 1 артыкула 368 (абраза прэзідэнта Беларусі) і прызнаў вінаватым па частцы 1 артыкула 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса. Пракурор Аляксандр Южык прасіў суд пакараць журналіста пазбаўленнем волі на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму. Суд над карэспандэнтам вядомай польскай GazetyWyborczaj быў закрытым ад самага пачатку. Не пускалі на судовае паседжанне і Генеральнага консула Польшчы ў Гродна Анджэя Хадкевіча. Гэта матывавалі тым, што Пачобут не грамадзянін Рэспублікі Польшча. Ігнараванне факту, што консул прадстаўляе ў краіне інтарэсы польскай меншасці, да якой належыць і Андрэй Пачобут, спадар Хадкевіч назваў проста непавагай. І нават на вынясенні вердыкту дазволілі прысутнічаць толькі сямі асобам, але не журналістам, і тым больш не фатографам ці аператарам.

Адвакат Уладзімір Кісялевіч і Генеральны консул у Польшчы Анджэй Хадкевіч

Судовы працэс расцягнуўся амаль на месяц, увесь гэты час міліцыя ўсяляк перашкаджала Андрэю нават праз плот ля будынка суда пабачыцца з сям’ёй. Жонцы Аксане заставалася толькі кожны раз, калі мужа тварам да зямлі вёў канвой, караскацца на плот і крычаць яму “Andrzej! у спадзеве -- пачуе, зразумее, што не кінуты ў самоце.

Апошняе слова журналіста Андрэя Пачобута доўжылася менш за хвіліну. Ён толькі заявіў, што не прызнае ні сваёй віны, ні правамоцнасць гэтага суду.

***

Сям’я Андрэя – адважная жонка Аксана, адзінаццацігадовая дачка Яна і гадавалы сын Яраслаў. У чаканні прысуду некалькі гадзін журналістка НЧ правяла разам з дачкой Пачобута Янай. Дзяўчынка, хаця і мае нямнога год, але ўжо добра разумее за што судзяць тату – “Бо Лукашэнка не хоча праўды, якая падрывае давер да яго. Расказвае пра апошнія палітычныя навіны Беларусі і свету, пра сваю сям’ю, пра тое, чаму навучыў яе тата. “Ён любіць плаваць, любіць гэтую фізічную нагрузку, і калі яе няма, то кажа, што нядобра пачуваецца, -- распавядае пра тату Яна, гаворыць, што менавіта тата запісаў яе ў гурток па плаванню і цяпер яна таксама добра ўмее трымацца на вадзе.

Яна таксама хоча стаць журналістам, застацца жыць у Гродна і працягваць тое, за што змагаецца бацька. Дзяўчынка некалькі разоў узгадвае пра арышты Андрэя, але гэта не падаецца як нешта надзвычайнае, хутчэй як асаблівасці прафесіі. І хаця Андрэй Пачобут папярэджвае дачку, што прафесія журналіста няпростая, ды і Яна бачыць, што тата ўвесь час у раз’ездах,у працы: “у яго адзін выходны і той ён часта праводзіць за кампутарам, рыхтуючы матэрыялы, дзяўчынка ў сваім выбары пакуль не сумняецца. Але пісаць на “жаночыя тэмы пра сукенкі-касметыку не хацела б, бо гэта “не цікава. З бацькамі Яна нямала падарожнічалаз, і прыйшла да высновы, што падабаюцца ёй невялікія гарады. “Мінск вялікі і сумны, -- дзеліцца сваімі ўражаннямі дзяўчынка. – Мне падабаецца Горадня, маленькія гарады.

Настаўнікі ў школе ведалі пра арышт Янінага таты, але нейкіх зменаў у адносінах да сябе яна не заўважыла. Распавядае пра ананімныя лісты, званкі сям’і Пачобута – і з пагрозамі, і са здзеклівымі словамі. Аднак мама і родныя да гэтага ставяцца з гумарам: “мы пасмяяліся і ўсё,-- рэзюмуе плён невядомых “добразычліўцаў Яна.

***

Сваё вызваленне Андрэй Пачобут называе вынікам вялікай міжнароднай салідарнасці. “Я чакаў больш жорсткага прысуду. Вынесены прысуд -- гэта вынік ціску на рэжым Лукашэнкі, вынік увядзення эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму, менавіта гэтага і баіцца Лукашэнка, -- заявіў Андрэй на ганку судовага будынку. Салідарнасць з Андрэем Пачобутам напраўду была вялікай. Яго вызвалення патрабавалі беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і Польшчы. У Польшчы ладзілася аддмысловая інфармацыйная кампанія ў падтрымку журналіста.

Цягам бліжэйшага тыдня Андрэй Пачобут будзе бавіць час з сям’ёй. Першае, што ён зрабіў пасля свайго вызвалення – узяў на рукі гадавалага сына. “Сын вельмі вырас за гэты час, быў зусім маленькі, калі мяне забіралі. – А потым буду як і раней працаваць карэспандэнтам Gazety Wyborczaj, буду членам Саюза палякаў. На маю дзейнасць і погляды турма ніяк не паўплывала. Хіба што я стаў яшчэ больш жорсткі ў некаторых ацэнках.

Пачобут мае намер абскардзіць вынесены яму прысуд. “Пакуль ёсць хоць нейкія магчымасці для гэтага, буду абскарджваць. Гэты працэс быў не судом, а судзілішчам, -- заявіў журналіст. Варта нагадаць, што ўмоўны тэрмін мае свае абмежаванні. Пасля ўступлення прыгавору суда ў законную сілу Андрэю можа быць забаронены выезд за мяжу, у выпадку адміністрацыйных парушэнняў – дастаткова дарогу перайсці ў непатрэбным месцы – да журналіста могуць быць прымененыя карныя санкцыі. І праз два гады зноў мусіць адбыцца суд, дзе будуць вырашаць ці стаў непакорны журналіст на шлях выпраўлення.

Андрэй Пачобут супакоіў сваіх калег, што катаванні, фізічны гвалт да яго не прымяняліся. Але зазначыў: “Турма ёсць турмой, і там асаблівасці. Нават у няволі трэба змагацца за свае правы. У дзень абвяшчэння прысуду адвакаты Андрэя заўважылі на шыі пачырваненні, выказалі меркаванне, што было прымяненне сілы да іх падабароннага. Андрэй патлумачыў, што, калі яго вялі ў залу суда, то перастараліся з “ластаўкай. “Калі мяне  вёў судовы канвой у залу суда, адзін з канваіраў так моцна закруціў мне рукі за спіною, што я проста не ўтрымаўся і ўпаў тварам на падлогу. Гэта адбылося, калі мяне выводзілі з аўтазака. Пасля апошняга слова на судзе, калі Андрэя зноў завезлі ў турму, ён напісаў скаргу на канвой.

З прымяненнем фізічнай сілы перастараліся не толькі ў дачыненнні да Андрэя. Каля будынку суда нявядомыя (усюдыісныя) людзі ў цывільным старанна перашкаджалі працы фотажурналістаў. Пасля іх “плённай працы ў фатографа Associated Press Сяргея Грыца на прадплеччы засталіся вялікія кровападцёкі ад удараў.

 

Крымінальная справа ў дачыненні да Андрэя Пачобута была заведзеная 28 сакавіка. У пастанове пракуратуры сказана: “Пачобут А. С. <...> у перыяд 2010--2011 гг. Размясціў у глабальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт на сайтах www.wyborcza.pl, belaruspartisan.org і poczobut.livejournal.com створаныя ім тэкставыя публікацыі, пад назвай “Час закручваць гайкі, “Лукашэнка знайшоў чарговую мэта, “У Беларусі выбары без выбару, “Гаварыце мне бацька, “Так кіруе Лукашэнка, “Лукашэнка: Так, я сфальсіфікаваў выбары", “Свабода па-беларуску . Пакаяўся, то выйшаў?, “Перадвыбарчы папулізм па-беларуску, “Так палохае беларускі КДБ, і адзін тэкст без загалоўка, які пачынаецца словамі “Дзякуй усім ... і сканчаецца словамі “... можаце выкарыстоўваць, у якіх утрымліваюцца прыкметы публічнай абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, -- нагадвае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.

Пачобут быў затрыманы 6 красавіка за парушэнне падпіскі аб нявыездзе: ён збіраўся выехаць з Гродна ў Мінск для ўдзелу ў відэаканферэнцыі з дэпутатамі Еўрапарламента. Спачатку Пачобута затрымалі на трое сутак, затым меру стрымання змянілі з падпіскі аб нявыездзе на ўтрыманне пад вартай.