«Зрабіць так, быццам Украіны няма». З расійскіх падручнікаў прыбіраюць згадкі Кіева і Украіны

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне супрацоўнікаў групы кампаній «Просвещение» — аднаго з найбуйнейшых і найстарэйшых выдавецтваў вучэбнай і педагагічнай літаратуры ў РФ — настойліва папрасілі прыбраць «некарэктныя» згадкі Украіны і Кіева з усіх школьных падручнікаў. Пра гэта паведамляе «Медыязона».

17004264_303.jpg


Просьбу прыбраць згадкі Украіны начальства данесла да падначаленых яшчэ 24 лютага. Пры гэтым супрацоўнікам пагражае звальненне за любую праяву антываеннай пазіцыі. Уладальнікам «Просвещения» з’яўляецца мільярдэр Аркадзь Ротэнберг, якога называюць старым знаёмым Уладзіміра Пуціна.
Курс на «вычыстку» Украіны і Кіева з падручнікаў быў яшчэ з 2014 года. Але нават з улікам гэтага зараз рэдактарам давялося «пачыркаць каля 15% тэкстаў».
Так, з параграфаў, дзе былі прыклады геральдыкі розных дзяржаў, у тым ліку сцягі, яшчэ некалькі гадоў таму «настойліва рэкамендавалі» прыбраць сцяг Украіны і замяніць яго на сцяг любой іншай краіны. Калі ў раздзеле неабходна прывесці прыклад сталіцы, Кіеў замянялі на іншую сталіцу.
«Гэта значыць, перад намі стаіць задача зрабіць так, як быццам Украіны проста няма. Гэта значна горш, калі ў падручніку проста не гаворыцца пра нейкую краіну. Чалавек вырастае без базы ведаў пра нейкую краіну, і яму тады нашмат прасцей паверыць у тое, што яму расказваюць пра яе з тэлевізара», — гаворыць адзін з рэдактараў.
У падручніках гісторыі, дзе прыбраць згадкі Украіны і Кіева без шкоды для зместу проста немагчыма, даводзіцца мяняць фармулёўкі на больш «бяспечныя». Пры гэтым «можна ўзгадваць, як мы [Расія. Заўв. рэд.] ратавалі Кіеў, але гаварыць пра якую-небудзь самастойнасць Украіны як краіны ўжо нельга».
«Адзін раз згадваем, што была ўтвораная Кіеўская Русь, а далей называем яе проста Русь, няма больш Кіеўскай Русі. А Кіеў — яе сталіца. Як бы гэта дзіўна ні гучала, але ў ідэале [трэба] замяніць радок пра тое, што "Уладзімір хрысціў Кіеў" на словы, што ён "хрысціў сталіцу"», — тлумачыць адзін з супрацоўнікаў «Просвещения».
У тэксце, прысвечаным Нестару Летапісцу, напрыклад, прыбралі Кіева-Пячэрскую лаўру.
Таксама, плануецца, што ў наступным навучальным годзе адзін з падручнікаў выдавецтва выпусціць без прозвішча аўтара на вокладцы, бо аўтар — грамадзянін Украіны, і яго прозвішча «адкрыта намякае» на гэта. Прозвішча застанецца толькі дробным шрыфтам на адвароце.