«Беларусь можа знікнуць, як быццам яе ніколі не было, і Лукашэнка таксама»

Украінскі журналіст і палітолаг Віталь Портнікаў расказаў пра тое, што будзе, калі Украіна не выйграе ў гэтай вайне.

port14.jpg

— Я думаю, што ў зоне рызыкі не знаходзяцца толькі Балтыйскія краіны. Будучыня Украіны, Беларусі, Малдовы, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана і краін Цэнтральнай Азіі знаходзіцца пад пытаннем, і яна вырашаецца зараз на палях бітваў ва Украіне, — адзначыў публіцыст. — Украінцы змагаюцца не толькі за сваю свабоду, але і за свабоду кожнай з гэтых краін. Калі Пуцін знішчыць Украіну (а я думаю, што яму гэтага не ўдасца), ён не будзе сядзець склаўшы рукі.
Беларусь знікне, як быццам яе ніколі не было, таму што яна яму больш будзе не патрэбная, яна будзе ўжо выкарыстаная, як плацдарм. І Лукашэнка таксама будзе не патрэбны.
Малдова будзе акупавана з тэрыторыі Прыднястроўя. Казахстан — спачатку падзелены, потым знішчаны. Адзінае, што зможа дапамагчы Казахстану, гэта кітайскае заступніцтва, у якое я не веру.
Далей прыйдзе шэраг краін Цэнтральнай Азіі і вяртанне абмежаванага кантынгенту расійскіх войскаў у Кабул. Трэба выпраўляць гістарычныя памылкі, адзін раз не змаглі, другі — зможам. Трэба вярнуцца, выгнаць талібан і пасадзіць новага прарасійскага кіраўніка, каб гарантаваць бяспеку Расіі. Вось вам палітычная праграма на найбліжэйшыя 20, а, можа, і 10 гадоў.
Дамагаючыся пастаўленых мэт, на думку палітолага, расіяне кіруюцца прынцыпамі апрычніны, якія добра апрабаваны на тэрыторыі самой Расіі, а зараз і на тэрыторыі Беларусі.
— Апрычніна — вялікае цывілізацыйнае адкрыццё аднаго з рускіх манархаў — Івана Жахлівага. Ідэя апрычніны заключаецца ў тым, што ты можаш ставіцца да ўласнага народа, як акупант.
Падобныя метады паводзін у розных відах рэалізоўваліся ва ўсёй рускай гісторыі і атрымалі кульмінацыю ў савецкі час. Гэта ГУЛАГ — палова сядзіць, палова ахоўвае. Задача новага расійскага кіраўніцтва — узнаўленне "лагернай эканомікі", якая дазволіць Расіі заставацца незалежнай ад Захаду і ўсякіх міжнародных валютных фондаў. І зараз яны гэтым займаюцца — стварэннем “лагернай эканомікі”.
Цяпер у Расіі ўжо можна любога пасадзіць на 15 гадоў за тое, што ён проста слова "мір" напіша. Людзі, якія цытуюць Някрасава ці, крый Божа, Льва Талстога, абвінавачваюцца ў дыскрэдытацыі УС РФ. І гэта не жарт. Усе кажуць, маўляў, яны звар'яцелі. Не, яны проста набіраюць працоўную сілу. Яны працуюць зараз над артыкуламі (крымінальнага кодэкса), якія дапамогуць ім набраць гэтую працоўную сілу.
І, я думаю, гэтыя артыкулы будуць з'яўляцца. І людзі перастануць быць проста грамадзянамі, а ператворацца ў «эканамічную патрэбу».
Я не сцвярджаю, што ўсё будзе адбывацца абавязкова менавіта так, але тое, што яны хочуць гэта зрабіць, відавочна, — кажа Портнікаў.
Паводле «Салідарнасці»