Апошнія прэзідэнцкія выбары: дэмакратыя і дэмагогія
Мы вырашылі нагадаць падзеі не вельмі далёкія. А менавіта — прэзідэнцкія выбары 11 кастрычніка 2015 года. Яны, у адрозненні ад мінулых электаральных кампаній, сталіся самымі спакойнымі. Прайшлі без асаблівых эксцэсаў і не прынеслі кіраўніку дзяржавы буйных праблемаў. Карацей, сумна і з прадказальным вынікам.
Датэрміновы пуск
І гэтым разам Лукашэнка застаўся прыхільным правілу датэрміновага правядзення прэзідэнцкіх выбараў. 30 чэрвеня 2015 года Палата прадстаўнікоў прызначыла выбары на 11 кастрычніка, хаця з улікам інаўгурацыі кіраўніка дзяржавы 21 студзеня 2011 года новыя выбары (альбо іх першы тур) маглі адбыцца не пазней 21 лістапада. На пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла дату выбараў тым, што дэпутаты, вызначыўшы гэты дзень, могуць пайсці ў адпачынак, і ў далейшым не будзе патрэбы збіраць нечарговую сесію ППНС. У дзеянне пайшлі і адкрыта танныя аргументы: нібыта кастрычнік з’яўляецца менш дэпрэсіўным і найбольш спрыяльным перыядам у сэнсе настрою і здароўя, у той час як лістапад, сцвярджала Ярмошына, нясе з сабой хваробы і восеньскую хандру.
На самой справе, пачынаючы з 2006 года, датэрміновае правядзенне прэзідэнцкіх выбараў стала неад’емнай часткай кампаніі, адбудаванай Лукашэнкам. Выконваліся, прынамсі, дзве важныя функцыі. Па-першае, максімальна напружваліся верагодныя канкурэнты, сродкі і магчымасці якіх у параўнанні з дзяржаўнай адміністрацыйнай і агітацыйна-прапагандысцкай машынай былі мізэрныя. Па-другое, улады захоўвалі для сябе час для страхоўкі ад якіх-небудзь неспрыяльных падзей.
«…чтобы в графу поставить крест»
Гэтыя словы песні з вядомай камедыі «Дзень выбараў» у выкананні Сяргея Шнурава як нішто пасуюць да беларускіх рэалій 2015 года. Жаданне ўзначаліць Беларусь выказалі шмат людзей, аднак ці былі яны падрыхтаваны да гэтага?
Першым са старту рвануў Лукашэнка. 14 ліпеня 2015 года падала заяўку на рэгістрацыю яго ініцыятыўная група. Паказальна, што яе ўзначаліў Міхаіл Орда, які зусім нядаўна стаў кіраўніком Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а ў мінулым з’яўляўся першым сакратаром БРСМ. Гэтае прызначэнне цалкам засведчыла, што ФПБ з’яўляецца падкантрольным аб’яднаннем, рэсурсы якога (асабліва ў зборы подпісаў) будуць накіраваныя на карысць кіраўніка дзяржавы.
У выбарчую кампанію ўключыліся як старажылы беларускай палітыкі, так і новыя героі.
Да першых можна аднесці прадпрымальніка Віктара Цярэшчанку, камуніста і лідара Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, які публічна паабяцаў, што яго каманда не будзе плаціць грошы за сабраныя подпісы, і старшыню Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДПБ) Беларусі Сяргея Гайдукевіча. Апошні перад рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы распавёў журналістам, што нібыта ён можа скласці рэальную канкурэнцыю Лукашэнку, а ўсе астатнія — не больш чым спарынг-партнёры кіраўніка дзяржавы.
Пытанне ўзнікла з Мікалаем Статкевічам, які на той час адбываў турэмнае пакаранне ў сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года. Уладзімір Някляеў заклікаў усіх патэнцыйных кандыдатаў зняцца на карысць Статкевіча, кандыдатуру якога вылучыў шэраг дэмакратычных структураў. Ініцыятыва Някляева не была падтрыманая — за выключэннем актывіста з Кобрына Аляксандра Меха.
Заяўка на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, якую падала жонка палітвязня Марына Адамовіч, была прынятая ў ЦВК. Аднак сакратар камісіі Мікалай Лазавік адразу заўважыў, што рэальных шансаў на рэгістрацыю групы няма, бо ў Статкевіча — судзімасць.
Хто з новаяўленых палітычных герояў не пабаяўся кінуць выклік Лукашэнку? Гэта актывістка кампаніі «Гавары праўду» ад кааліцыі «Народны рэферэндум» Таццяна Караткевіч, падтрыманая партыяй БНФ, дырэктар турфірмы з Наваполацку Андрэй Канавец, фатограф з таго ж гораду Аляксандр Юдаеў, Сяргей Заблоцкі, матэматык Таццяна Бірукова, Мікалай Улаховіч, старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман «Беларускага казацтва», спецыяліст па рэкламе Ірына Першына, жыхарка Брэста Жанна Раманоўская. Некаторыя гэтыя людзі відавочна пераследавалі іншыя мэты: раскрутку сябе альбо свайго бізнесу, рашэнне ўласных жыццёвых праблемаў. Напрыклад, на пасяджэнні ЦВК 10 верасня 2015 года Раманоўская нечакана заявіла, што ў яе сям’і адабралі кватэру, якую яны пабудавалі на ўласныя грошы.
17 ліпеня 2015 года Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Лукашэнкі, Калякіна і Гайдукевіча. Пытанне пра рэгістрацыю іншых ініцыятыўных кандыдатаў было разгледжана 20 ліпеня, калі Ярмошына знаходзілася ў Вене.
ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Караткевіч, Раманоўскай, Цярэшчанкі,Лябедзькі і Улаховіча. Астатнім кандыдатам было адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп з розных прычынаў: адсутнасць неабходнага мінімуму членаў групы і няпоўныя альбо памылковыя звесткі пра іх, наяўнасць судзімасці, прысутнасць у ініцыятыўнай групе замежнікаў... Заблоцкі ўвогуле падаў дакументы па пошце, што парушала выбарчае заканадаўства. Нягледзячы на тое, што члены ЦВК і яе сакратар Лазавік у спрэчках з Някляевым і Адамовіч не змаглі цьмяна патлумачыць прычыну, па якой немагчыма зарэгістраваць ініцыятыўную групы Статкевіча, паплечнікам палітвязня было адмоўлена. Адамовіч даказвала, што ў заканадаўстве няма канкрэтных артыкулаў, паводле якіх наяўнасць судзімасці або адбыванне турэмнага тэрміну прэтэндэнта ў прэзідэнты перашкаджае рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы. Ёй параілі звярнуцца ў Вярхоўны Суд.
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп прайшла не без камічна-анекадычных выпадкаў. Непрацуючы Юрый Шульган вырашыў балатавацца ў прэзідэнты пасля выдання вядомага дэкрэта аб дармаедах, яго падтрымалі беларускія «Зялёныя». Аднак Шульгана нават не пусцілі ў будынак ЦВК, бо ад беспрацоўнага быццам бы патыхала алкаголем (неўзабаве Шульган сам адмовіўся ад удзелу ў выбарах, бо не здолеў, па ўласных словах, вырашыць праблему ўласнай рэгістрацыі-прапіскі).
Другі выпадак тычыўся пажылога актывіста, камандзіра «Бессмяротнага палка» Віктара Талмачова, які явіўся на пасяджэнне ЦВК у вайсковай форме часоў Вялікай Айчыннай вайны і папрасіў, каб зарэгістравалі ягоную ініцыятыўную групу ў складзе ўласнай асобы. І, нарэшце, журналіст Васіль Сямашка пажадаў зарэгістраваць прэтэндэнтам у прэзідэнты свайго ката па мянушцы Барсік, аднак абодвух не пусцілі ў будынак ЦВК (Ярмошына пракаментавала перфоманс Сямашкі як «асятрыну другой свежасці»).
ЦВК таксама не зарэгістравала ініцыятыўную групу графа Аляксандра Прушынскага, які атрымаў беларускае грамадзянства толькі ў 2007 годзе, а таму не меў права ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.
Збор подпісаў
Гэты этап пачаўся 23 ліпеня, а ўжо 31 ліпеня Ярмошына паведала грамадскасці, што ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі здадзена больш за сто тысяч подпісаў. Афіцыёз тлумачыў гэта моцнай падтрымкай кіраўніка дзяржавы з боку насельніцтва. Лідзія Міхайлаўна, канешне, не сказала, што, як зазвычай, на ўсю катушку быў раскручаны адміністрацыйны рэсурс, а ў склад 153-х тэрытарыяльных камісій было ўключана ўсяго тры (з 25 заяўленых) прадстаўнікі апазіцыі — ад структураў, што ўвайшлі ў кампанію назірання «Права выбару».
12 жніўня 2015 года Міхаіл Орда заявіў, што за Лукашэнку сабрана больш за 900 тысяч подпісаў. У апошні — 21 жніўня — дзень збору подпісаў прафсаюзны бос запэўніў, што за дзейнага кіраўніка сабрана каля 1,7 млн. подпісаў.
Галоўная інтрыга збору подпісаў была ў тым, што падазронымі здаваліся лічбы подпісаў за іншых кандыдатаў: Гайдукевіча,Цярэшчанкі, Улаховіча і Караткевіч, якія паведамілі, што сабралі неабходныя сто тысяч подпісаў да першай паловы жніўня. Недзяржаўныя СМІ і эксперты ставілі такія звесткі пад сумнеў, з улікам таго, што жнівень — сезон адпачынкаў.
Аналітыкі таксама слушна пралічылі, што ўлады ўзялі курс на рэгістрацыю Караткевіч, бо не рабілі перашкод ёй і яе камандзе (адзіны выпадак меў месца 16 жніўня 2015 года ў Магілёве, дзе быў сарваны пікет па зборы подпісаў) і асабліва не нападалі на яе ў СМІ, у адрозненне, напрыклад, ад Лябедзькі. Дзяржаўнае ТБ назвала лідара АГП «непарнакапытнай жывёлай» за тое, што той раздаваў праграму «Мільён працоўных месцаў» каля прахадной МТЗ.
Калякін і Лябедзька знайшлі ў сабе мужнасць публічна заявіць, што не сабралі неабходныя сто тысяч подпісаў і не будуць здаваць сабраныя аўтографы ў ЦВК. Яны заклікалі Караткевіч зняцца з выбараў. Здагадкі пра фактычную падтрымку прадстаўніцы «Гавары праўду» ўладамі пацвердзіліся, калі Ярмошына публічна абараніла Караткевіч, назваўшы яе вылучэнне «паваротным пунктам» у гісторыі беларускіх прэзідэнцкіх выбараў. Паспяховы збор подпісаў камандай Караткевіч старшыня ЦВК патлумачыла маладосцю і прывабнасцю кандыдаткі, адсутнасцю сувязяў са «старой апазіцыяй». Ярмошына таксама рашуча асудзіла ініцыятыву «Руху за Свабоду» праверыць подпісы, сабраныя Караткевіч, і стварэнне адпаведнай грамадскай групы.
Па афіцыйных звестках ЦВК, праверку подпісаў прайшлі толькі Гайдукевіч (звыш 139 тыс.), Караткевіч (звыш 105 тыс.), Лукашэнка (звыш 1,7 млн.) і Улаховіч (звыш 149 тыс.).
У рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты адмовілі Віктару Цярэшчанку, які здаў у ЦВК звыш 130 тысяч подпісаў: камісія палічыла дзейнымі толькі 6699. У працэсе збору подпісаў Цярэшчанку вельмі пашкодзілі два моманты: шпіталізацыя 28 жніўня 2015 года пасля наведвання кафэ «Грунвальд» (Цярэшчанка сцвярджаў, што яго хацеў атруціць паплечнік Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў; медыкі ж казалі пра алергічную рэакцыю на маркоўны напой), і знікненне амаль на тыдзень кіраўніка ініцыятыўнай групы Алега Несцяркова.
Што абяцалі і што рабілі?
Перадвыбарчая праграма Лукашэнкі прэзентавалася пад лозунгам «За будучыню незалежнай Беларусі». Акрамя абяцанняў зрабіць жыццё беларусаў заможным, спрасціць падатковую сістэму, даць магчымасць маладой сям’і атрымаць асобнае жыллё і іншае, у праграме мелася прызнанне, што не ўсё ўдалося рэалізаваць з раней запланаванага. Аднак тлумачылася гэта не заганамі створанай мадэлі кіравання, а выключна знешнімі фактарамі. Як і чакалася, у праграме Лукашэнкі, маючы на ўвазе вайну на Украіне, шмат увагі было нададзена неабходнасці захавання ў Беларусі міру. У цэлым праграма мела лозунгавы характар, у ёй амаль адсутнічалі канкрэтныя лічбы, яе мэта палягала ў эмацыйным уздзеянні на выбаршчыка, у ёй нічога не гаварылася пра палітычныя змены.
Яшчэ да афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатам Лукашэнка (у асноўным дзеля збліжэння з Захадам) вымушаны быў вызваліць Мікалая Статкевіча — 22 жніўня 2015 года на падставе адпаведнага ўказа аб памілаванні (адказваючы на пытанне журналіста «Радыё Свабоды» ў студзені 2015 года, Лукашэнка сцвярджаў, што Статкевіч — для яго не канкурэнт). Як і ў мінулыя гады, кіраўнік краіны адмовіўся ад звароту да грамадзян па тэлебачанні і ад удзелу ў тэледэбатах. Але ён зрабіў спробу ўнесці ў кампанію пэўны крэатыў: па БТ прайшоў сюжэт, як Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем і людзьмі з бліжэйшага атачэння капаў бульбу і збіраў ураджай кавуноў у рэзідэнцыі «Дразды».
Каманда Лукашэнкі распачала і такую акцыю, як рассылку на паштовыя скрыні выбаршчыкаў каляровай паштоўкі.
Прыцягвае ўвагу і тое, што каманда кіраўніка дзяржавы не рабіла паспешлівых крокаў, імкнулася трымацца ў рамках дзейнага заканадаўства. Лукашэнку крыху «падставіў» кіраўнік Белтэлерадыёкапаніі Генадзь Давыдзька — 11 верасня ён прыняў удзел у праграме «Клуб рэдактараў», хаця з 10 верасня быў даверанай асобай Лукашэнкі. Старшыня ЦВК вымушана была зрабіць Давыдзьку «персанальную заўвагу».
Улічваючы цяжкі эканамічны стан, Лукашэнка не адважыўся на авантурныя
сацыяльныя эксперыменты кшталту падвышэння заробкаў і выдачы танных крэдытаў.
Амаль адзінай ініцыятывай у гэтым плане стала падвышэнне пенсій на 5% з 1
верасня 2015 года.
Сяргей Гайдукевіч
Перадвыбарчая праграма Сяргея Гайдукевіча падавалася пад лозунгам «За моцную Беларусь». Паліттэхналагічная фішка праграмы была ў тым, што Гайдукевіч звяртаўся да выбаршчыкаў ад сябе ў трэцяй асобе, якая ўсё ведае і ўсё можа. Эканамічная частка была прапрацавана ў даволі прымальным для краіны накірунку: падтрымка дробнага і сярэдняга бізнесу, рэфармаванне стратных прадпрыемстваў, падтрымку замежных інвестыцый і прыватнай уласнасці і гэтак далей.
У знешняй палітыцы Гайдукевіч абяцаў зрабіць Беларусь усходнееўрапейскай Швейцарыяй, мостам паміж Захадам і Усходам. Але паміж радкоў кандыдат усё ж аддаваў перавагу Расіі. Некаторыя знешнепалітычныя лозунгі Гайдукевіча (стварыць вольную эканамічную зону ад Лісабона да Уладзівастока) гучалі супярэчліва.
Сяргей Васільевіч максімальна выкарыстаў тэлеэфір, двойчы звярнуўшыся да выбаршчыкаў. У выступах Гайдукевіч ужываў традыцыйны прыём: крытыкаваў мясцовых чыноўнікаў і дзякаваў Лукашэнку за то, што той захаваў незалежную Беларусь. Ухваляючы Лукашэнку, Гайдукевіч асцярожна намякаў на тое, што надышоў час ісці наперад.
Таццяна Караткевіч
Лозунг праграмы кандыдаткі «За мірныя перамены» прадугледжваў традыцыйны арсенал ліберальных пераўтварэнняў у эканоміцы і сацыяльнай палітыцы (мадэрнізацыя, інвестыцыі, пенсіі, маладзёжная палітыка і іншае). Караткевіч імкнулася асядлаць балючыя для грамадства пытанні: кантрактная сістэма, няўдалы прэзідэнцкі дэкрэт аб «дармаедах», планаванае стварэнне ў Беларусі расійскай вайсковай авіябазы. Грамадзянам Караткевіч гарантавала прынцып роўных магчымасцяў, а ў знешняй палітыцы — рэальны нейтралітэт краіны. Знешне Караткевіч правяла кампанію энергічна, наведаўшы шэраг гарадоў і Магілёўскую турму №4, дзе адбываў пакаранне Мікалай Статкевіч.
У тэлевыступах Караткевіч дапускала асцярожную персанальную крытыку на адрас Лукашэнкі: ён стаміўся, мы плацім сваім дабрабытам за яго палітычнае даўгалецце і гэтак далей.
Збоку здавалася, што Караткевіч і ўлады заключылі нябачны кантракт. Кандыдатка максімальна карэктна крытыкуе ўлады і, канешне ж, не заклікае на Плошчу. У сваю чаргу, Ярмошына пажадала «бабе» Караткевіч усё вытрымаць і дайсці да канца. Пры галасаванні 11 кастрычніка 2015 года Лукашэнка назваў Караткевіч «вменяемым и нормальным человеком».
Непрыемным сюрпрызам для Караткевіч стала тое, што ў канцы жніўня 2015 года партыя БНФ афіцыйна адмовілася ад яе падтрымкі. Лідар БНФ Аляксей Янукевіч тлумачыў гэта нібыта невыразнай пазіцыяй кандыдаткі адносна шэрагу пытанняў.
Мікалай Улаховіч
Гэты чалавек, бясспрэчна, стаў самым незвычайным кандыдатам у прэзідэнты. У яго праграме пад лозунгам «За мір, спакой і парадак» на першым месцы было духоўна-патрыятычнае выхаванне асобы, у тым ліку і моладзі, захаванне праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Улаховіч заклікаў «до всемерного противодействия попыткам переписать историю». Далей у праграме ішлі сентэнцыі пра неабходнасць рэформаў, умацавання дзяржаўнасці, падтрымку бізнесу, зніжэння падаткаў.
Казак Улаховіч, які заявіў, што ні ў якім разе не выступае супраць Лукашэнкі, запомніўся сваімі коснаязыкімі прамовамі ў эфіры. Адчувалася, што ў чалавека адсутнічае досвед выступленняў перад аўдыторыяй (хаця з 1999 года Улаховіч узначальваў Беларускую патрыятычную партыю). І хаця некаторыя рэчы кандыдат казаў слушныя (напрыклад, пра падтрымку гуманітарных навук), яго выступы былі настолькі хаатычнымі, што цяжка ўявіць, якія мэты ставіў казацкі атаман. А фразы Улаховіча пра баброў, бамжоў, мову Скарыны і нападкі на Алега Трусава сталі самымі топавымі па версіі недзяржаўных СМІ і інтэрнэт-выданняў.
Што да перадвыбарчых навацый Улаховіча, то яны палягалі ў арганізацыі канцэртаў казацкіх песень.
Дарэчы, супраць вылучэння Улаховіча выказалася «Усебеларускае аб’яднанае казацтва» ў асобе кіраўніка Мікалая Ярковіча.
Усе, але без Лукашэнкі і… Гайдукевіча-старэйшага
3 кастрычніка 2015 года ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» адбыліся тэледэбаты з удзелам некаторых кандыдатаў у прэзідэнты. Лукашэнка адсутнічаў, на нестандартны крок пайшоў Сяргей Гайдукевіч, адкамандзіраваўшы замест сябе сваю давераную асобу — сына Алега. Гэтым самым Гайдукевіч-старэйшы даў зразумець, што астатнія кандыдаты не вартыя яго часу і ўвагі, хаця яго сын патлумачыў адсутнасць бацькі візітам апошняга ў Гомель, дзе той сустракаецца «с живыми людьми».
Найбольш паслядоўным крытыкам уладаў на тэледэбатах выступіла Таццяна Караткевіч: іншыя кандыдаты вінавацілі ў эканамічных правалах мясцовых чыноўнікаў (ад імя Гайдукевіча), альбо ўрад (Улаховіч). Рэй у тэледэбатах імкнуўся весці Гайдукевіч-малодшы, які абрынуўся на Караткевіч і Улаховіча, абвінавачваючы іх у памкненнях разбурыць дзяржаву і падставіць дзейную ўладу.
У цэлым тэледэбаты прайшлі давалі спакойна, калі не сказаць сумна. Яны ўяўлялі сабой больш маналогі.
І Святлана Алексіевіч
8 кастрычніка 2015 года са Швецыі прыйшла навіна, якая на пэўны час зацямніла прэзідэнцкую кампанію: Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У адным з інтэрв’ю пісьменніца фактычна падтрымала Таццяну Караткевіч. У Лукашэнкі не хапіла гонару і мужнасці, каб павіншаваць Алексіевіч з перамогай. Цікава, якім бы быў фактар Алексіевіч, калі б яна атрымала прэмію напярэдадні кампаніі?
Прадказальны вынік
Ён быў абумоўлены тым, што выбарчая кампанія, як заўсёды, праходзіла па сцэнары ўладаў. Гэтаму спрыяла пасіўнасць большасці насельніцтва: пасля падзей 19 снежня 2010 года і жорсткага разгрому «маўклівых акцый» 2011 года актыўная частка грамадства ўсё яшчэ была ў разгубленасці. Дадаўся фактар Украіны: пытанне дабрабыту часова адышло на другі план, а частка выбаршчыкаў верыла, што пры Лукашэнку ў Беларусі не будзе “другога Данбасу”.
Таму любая акцыя супраць Лукашэнкі, любая падзея падпадала пад пільную ўвагу недзяржаўных СМІ: мітынгі 10, 23 верасня, 4, 10 і 11 кастрычніка. Вялікі рэзананс атрымаў мужны ўчынак назіральніцы Наталлі Гарачкі, якая на выбарчым участку №1 не ўстала перад Лукашэнкам і не падала яму рукі.
Па афіцыйных звестках Лукашэнка атрымаў 83,5% галасоў (у выбарах узялі ўдзел 6113013 грамадзянаў). Такім чынам, яго даручэнне-пажаданне атрымаць не менш 80% (каб годна прадстаўляць краіну за мяжой), выказанае ім 7 кастрычніка, было выканана. Пры гэтым у вочы кідалася вынікі датэрміновага — 36,05% — галасавання, што з лішкам перакрыла паказчыкі мінулых кампаній.
Жорсткае расчараванне чакала Таццяну Караткевіч, якой «налічылі» ўсяго 4,4%. Сама кандыдатка разлічвала на паказчык у 5–6 разоў вышэйшы, пра што недвухсэнсоўна заявіла ў інтэрв’ю Віталю Цыганкову ў пачатку верасня. Гайдукевіч і Улаховіч атрымалі адпаведна 3,3 і 1,7% галасоў. У адрозненні ад калегі-жанчыны, яны не спрабавалі ў судовым парадку абскардзіць вынікі выбараў.
Прэзідэнцкія выбары 11 кастрычніка 2015 года прайшлі сумна, шарагова, і з прадказальным вынікам. Аднак цікавая рэч: у праграмах і выступах нават прыхільнікаў Лукашэнкі (Гайдукевіч, Улаховіч) канстатавалася, што крызіс напаткаў амаль усе сферы эканамічнага і грамадскага жыцця краіны. Нават гэтыя кандыдаты прызналі, што Беларусь за амаль чвэрць стагоддзя кіравання аднаго чалавека зайшла ў тупік. Аднак прызнанне наяўнасці крызісу сістэмы і зняцце віны з яе архітэктара Лукашэнкі з’яўляецца на сёння адным з кульбітаў, своеасаблівых ноу-хаў сучаснай беларускай палітыкі.