Ці ёсць у Беларусі варыянты змены ўлады?

Здавалася б, сама пастаноўка пытання дзіўная. Бо ў дэмакратычным свеце існуе прапісаны ў Канстытуцыі стандартны спосаб змены ўлады праз выбары. Але ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі гэты механізм заблакаваны. Сапраўдных выбараў тут няма, легальны, легітымны спосаб змены ўлады немагчымы.

peraemnik_5.gif

Тады якія існуюць іншыя, нелегітымныя, неінстытуцыянальныя сродкі і механізмы ўладных пераменаў? Яны ёсць — апісаны ў палітычнай літаратуры, шмат разоў адбываліся ў гісторыі.

Найперш, канечне, рэвалюцыя. Гэта калі народ выходзіць на вуліцы і зрынае існую ўладу. Як тое было 100 гадоў таму ў Расіі ці тры гады таму ва Украіне падчас другога Майдану.

Ужо даводзілася пісаць, што выбух народнага незадаволення — рэч непрадказальная і непрагназуемая. На мой погляд, беларусы саспелі, каб на выбарах прагаласаваць супраць Лукашэнкі, але не саспелі да рэвалюцыі. Хоць Лукашэнка вельмі баіцца вулічнага пратэсту, заўсёды рэагуе на яго вельмі хваравіта.

Варта заўважыць, што, увогуле, беларускае грамадства, паводле сваёй сацыяльнай прыроды з пэўным піетэтам ставіцца да дзяржавы, да парадку, які яна ўвасабляе. Таму верагоднасць рэвалюцыйнай змены ўлада нам падаецца невысокай.

Іншы варыянт нелегітымнага зрынання існага палітычнага рэжыму — дзяржаўны пераварот. Ён магчымы толькі з дапамогай сілавых структур.

Але ў Беларусі, у адрозненне, напрыклад, ад краін Лацінскай Амерыкі ці Турцыі, няма традыцыі ўмяшання войска ў палітычнае жыццё. Да таго ж у нашай краіне існуе, паводле маіх падлікаў, 9 (дзевяць!) структур з правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Усе яны сочаць адна за адной, а кіраўнікі падпарадкаваны непасрэдна Лукашэнку. У такіх умовах здзейсніць пераварот вельмі цяжка.

Апошнім часам шмат размоваў і публікацый наконт таго, што, магчыма, хутка Лукашэнка перадасць уладу нейкаму пераемніку. Хацелася б спыніцца на гэтым пытанні больш падрабязна.

Пытанне пра пераемніка ўсплывае ў асяроддзі палітызаванай публікі ў пэўныя моманты, калі здаецца, што яно набывае актуальнасць. Пра яго шмат казалі ў перыяд паміж 2001 і 2004 гадамі, калі Лукашэнка ўступіў у свой другі прэзідэнцкі тэрмін, а ў Канстытуцыі захоўвалася абмежаванне на займанне прэзідэнцкай пасады адным чалавекам. Потым з’яўленне Віктара Лукашэнкі як палітычнай фігуры актуалізавала гэтыя развагі. Зноў на гэтую тэму пачалі гаварыць пасля таго, як Пуцін саступіў пасаду прэзідэнта РФ Мядзведзеву. Ужо гэтым годам кіраўнік Беларусі падчас размовы з галоўным рэдактарам «Народнай волі» Іосіфам Сярэдзічам казаў, што задумваецца над тым каб сысці са сваёй пасады.

Адразу хачу адзначыць, што рэалізацыя такога варыянту ва ўмовах сённяшняй Беларусі выглядае маларэальнай па некалькіх прычынах. Найперш, у постаці Аляксандра Лукашэнкі мы маем справу з чалавекам, у якога велізарная прага да ўлады. Для яго ўлада — гэта не толькі сэнс жыцця, але адзіна магчымы спосаб існавання. Ён увесь час атаясамлівае адхіленне яго ад улады з пагібеллю і кажа, што будзе абараняць сваю пасаду са зброяй, нават калі застанецца адзін.

Але нават калі раптам уявіць неверагоднае, што Лукашэнка стаміўся ад улады і захацеў бы яе пакінуць, то ўзнікае адна вялізная праблема. За чвэрць стагоддзя знаходжання на пасадзе ён вельмі шмат наварочаў, таму непазбежна ўзнікне пытанне аб адказнасці. Знойдзецца шмат людзей, прычым, не абавязкова з апазіцыі, каб з ім палічыцца. У выніку нельга выключаць, што пасля адстаўкі ён можа аказацца ў ролі падсуднага. Ці можна гэтага пазбегнуць, неяк гарантаваць недатыкальнасць з дапамогай заканадаўчых механізмаў ці асабістых абяцанняў ад пераемніка? Усё гэта зрабіць можна, аднак узнікае шэраг праблемаў.

Па-першае, як любы аўтарытарны кіраўнік, дзейны беларускі лідар нікому не верыць, падазрае ўсіх у нелаяльнасці, здрадзе. Ён ніводнаму чалавеку не зможа даверыць свой лёс.

Па-другое, ён разумее, што ў палітыцы любыя гарантыі і дамоўленасці з’яўляюцца адноснымі. Іх захоўванне зале­жыць не ад ступені юрыдычнага замацавання, а ад суадносін палітычных сілаў. Любы закон ці нават артыкул канстытуцыі можна адмяніць. Аўгуста Піначэт у Чылі перад сваёй адстаўкай стварыў шматпавярховую сістэму гарантый уласнай недатыкальнасці. Аднак ад турмы яго выратавала толькі смерць. Вельмі шмат прыкладаў, як пад суд трапляюць былыя дыктатары.

Па-трэцяе, існуе варыянт, калі лідар сыходзіць са сваёй пасады фармальна, перадае ўладу «зіц-старшыні», застаючыся рэальным кіраўніком. Гэта магчыма, калі чалавеку не вельмі важныя вонкавыя атрыбуты ўлады, ён нармальна сябе пачувае ў статусе «шэрага кардынала». Як Уладзімір Пуцін у Расіі на чатыры гады перадаў пасаду прэзідэнта Дзмітрыю Мядзве­дзеву. Але гэта яўна не наш варыянт.

Для Лукашэнкі вонкавыя атрыбуты ўлады не менш важныя, чым сама ўлада.

Нарэшце — гэта ўжо па-чацвёртае — схема «Пераемнік» не спрацуе і па прычыне сістэмнага характару. Існуюць розныя тыпалогіі аўтарытарных рэжымаў. Для нашага выпадку важны падзел на алігархічныя і персаналісцкія рэжымы.

Дык вось, гарантыі недатыкальнасці лепш рэалізуюцца ва ўмовах алігархічных рэжымаў, дзе ўлада належыць групе людзей. Сістэма падобнага кшталту дзейнічала ў СССР у апошнія дзесяцігоддзі ягонага існавання («перыяд застою»), дзе ўлада належала палітбюро ЦК кампартыі. Сёння такая палітычная мадэль існуе ў Кітаі. У рэжымах падобнага тыпу ўладу трымае алігархічная групоўка. І прозвішча першай асобы ва ўладнай іерархіі не мае вырашальнага значэння, бо гэта не ўплывае на ўстойлівасць сістэмы. То бок гарантам выканання дамовы з’яўляецца тая алігархічная групоўка, якая прывяла лідара да ўлады.

Зусім іншая справа ў Беларусі. Тут сфармаваны персаналісцкі рэжым, рэжым асабістай улады. Уся сістэма ўладных інстытутаў і механізмаў скроеная і пашытая пад аднаго чалавека, па яго вобразу і падабенству, замкнутая выключна на ім. Ён з’яўляецца яе цэнтральным звяном. Больш за тое, у нашым выпадку гаворка ідзе пра лідара з элементамі харызмы, якая не перадаецца пераемніку. З гэтага вынікае, што ў такой сістэме асоба, якая стаіць на чале рэжыму, з’яўляецца незаменнай. Калі ж яна змяняецца, то гэта часцей за ўсё цягне за сабой змену палітычнага рэжыму.

Былі выпадкі, калі пераемнікам удавалася захаваць рэжым у ранейшым стане (Гурбангулы Бердымухамедаву пасля смерці Туркменбашы ў Туркменістане, Шаўкату Мірзіёеву пасля сыходу з жыцця Іслама Карымава ва Узбекістане). Але для ХХІ стагоддзя гэта хутчэй выключэнне.

Гістарычны досвед апошніх ста гадоў паказвае, што, як правіла, калі сыходзіць дыктатар, які доўгі час аднаасобна кіраваў краінай, то ягоным нашчадкам рэдка ўдаецца захаваць рэжым у ранейшым выглядзе, часцей за ўсё адбываецца яго трансфармацыя. Так было пасля смерці Іосіфа Сталіна ў СССР, Франсіска Франка ў Іспаніі, Іосіфа Броз Ціта ў Югаславіі і нават Маа Цзэдуна ў Кітаі. Мы бачым, як цяжка захаваць ранейшы рэжым цяперашняму прэзідэнту Венесуэлы Нікаласу Мадуры пасля смерці харызматычнага Уга Чавеса.

Інакш кажучы, без Аляксандра Лукашэнкі існы палітычны рэжым у Беларусі нежыццяздольны. Каму б ні перайшла ўлада, рэжым будзе вымушаны хутка альбо паступова трансфармавацца.

Але ж праблема ў тым, што любыя гарантыі і дамоўленасці з пераемнікам маюць сэнс толькі ў рамках таго рэжыму, у якім яны заключаліся. Калі ж са зменай лідара трансфармуецца рэжым асабістай улады, то ўсе дамоўленасці абясцэньваюцца. Які сэнс дамаўляцца аб нечым з пераемнікам, калі той не ў стане ўтрымаць уладу ў нязменным выглядзе, вымушаны яе дзяліць з іншымі інстытутамі (напрыклад, з парламентам), групамі ці людзьмі. А гэтыя апошнія не звязаныя з папярэднікам ніякімі дамовамі. Таму якія б гарантыі ні даваў пераемнік, ён не зможа іх выканаць, бо ў яго ўжо не будзе абсалютнай улады.

Наўрад ці Лукашэнка разважае ў такіх катэгорыях, але пачуццё небяспекі ў яго надзвычай вострае. І яно прыводзіць яго да высновы, што не трэба нікуды сыходзіць.

Таму ў цяперашняга беларускага ўладара няма іншага выйсця, як заставацца ва ўладзе пажыццёва. Парадокс у тым, што Лукашэнка — не толькі архітэктар і стваральнік гэтай сістэмы, але і яе закладнік. Ён не можа з яе выйсці, пакінуць сваю пасаду, нават калі б і хацеў. І гэта сапраўдная трагедыя, тупік, як для грамадства, дзяржавы, так і для самога Лукашэнкі. І нейкага легальнага варыянту выйсця з яго я не бачу.