ЕС: Сітуацыя з правамі чалавека азмрочана сістэматычнымі парушэннямі

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму азмрочана сістэматычнымі парушэннямі, гаворыцца ў дакладзе ЕС па правах чалавека і дэмакратыі ў свеце за 2016 год.

humanrights.jpg

У дакуменце адзначаецца, што ў мінулым годзе ў краіне не было істотных паляпшэнняў у сферы правоў чалавека, затое ўпершыню ўрад ухваліў Нацыянальны план па правах чалавека, які накіраваны на выкананне рэкамендацый, прынятых Беларуссю ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду.

"Абмежавальныя законы, якія закранаюць асноўныя свабоды, не былі змененыя, смяротнае пакаранне па-ранейшаму прымяняецца. Незалежны нацыянальны інстытут па правах чалавека створаны не быў", — гаворыцца ў дакладзе.

Адзначаецца, што свабода асацыяцый і свабода выказвання меркаванняў строга абмежаваныя. У дакладзе падкрэсліваецца, што ЕС заклікаў беларускі ўрад унесці змены ў законы, каб пазбегнуць сітуацый, якія могуць прывесці да прымусовай працы. Да гэтага ж заклікала і Міжнародная арганізацыя працы.

"Выбарчы працэс зведвае жорсткую крытыку з боку АБСЕ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека ў сувязі з адсутнасцю празрыстасці і выкарыстання дзяржаўных механізмаў для падтрымкі дзеючага прэзідэнта, — гаворыцца ў дакладзе. — Апазіцыйныя палітычныя партыі сутыкаюцца з адміністрацыйнымі перашкодамі ў пытанні рэгістрацыі, а дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі з`яўляецца крымінальным злачынствам".

Нягледзячы на адсутнасць канкрэтнага прагрэсу ў пытанні палітычных правоў і асноўных свабод, адзначаецца ў дакладзе, улады праявілі вялікую гатоўнасць ў 2016 годзе абмяркоўваць пытанні правоў чалавека з міжнароднымі партнёрамі і грамадзянскай супольнасцю. "Пазітыўная тэндэнцыя ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю была ўзмоцнена пасля лютага 2016 года, калі Савет ЕС зняў большую частку абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі, што стала адказам на вызваленне палітвязняў у жніўні 2015 года, — пішуць аўтары дакумента. — Беларускі ўрад быў больш адкрытым у кантактах з ЕС па пытаннях правоў чалавека, што прадэманстраваў візіт спецыяльнага прадстаўніка ЕС па правах чалавека Стаўраса Ламбрынідыса ў сакавіку 2016 года ў Мінск".

Аб адкрытасці беларускіх улад, на думку дакладчыкаў, таксама сведчыць арганізацыя канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання і правядзенне дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю, для ўдзелу ў якім таксама былі запрошаныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

Парламенцкія выбары, якія адбыліся ў краіне ў верасні 2016 года, прайшлі "ў больш адкрытай атмасферы і з большымі магчымасцямі для кандыдатаў ад апазіцыі". У дакладзе адзначаецца, што ў выніку гэтых выбараў у парламент патрапілі адзін кандыдат ад апазіцыі і адзін незалежны кандыдат (гаворка пра Ганну Канапацкую і Алену Анісім. — БелаПАН.).

На працягу 2016 года ЕС працягваў ўдзельнічаць у абмеркаванні сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі ў рамках шэрагу мерапрыемстваў, у тым ліку Каардынацыйнай групы Беларусь—ЕС (красавік 2016 га ў Бруселі і лістапад 2016-га ў Мінску) і штогадовага дыялогу па правах чалавека (чэрвень 2016-га ў Мінску). "Гэта былі магчымасці для адкрытых абмеркаванняў па цэлым шэрагу пытанняў, уключаючы свабодныя і справядлівыя выбары, свабоду асацыяцый, свабоду выказвання меркаванняў, незалежнасць судовай сістэмы, аднаўленне ў грамадзянскіх і палітычных правах былых палітвязняў, смяротнае пакаранне", — гаворыцца ў дакладзе.

Падкрэсліваецца, што ЕС на пастаяннай аснове лабіруе ўключэнне прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі ў кансультацыі па праблеме правоў чалавека, а прадстаўнікі ЕС рознага ўзроўню ў ходзе візітаў у Мінск абавязкова сустракаюцца з праваабаронцамі.

"Падтрымліваючы шэраг праектаў, што рэалізуюцца няўрадавымі і праваабарончымі арганізацыямі, ЕС дапамагае ўмацоўваць і развіваць патэнцыял грамадзянскай супольнасці", — гаворыцца ў дакладзе.

Адзначаецца, што Беларусь з`яўляецца ўдзельнікам шэрагу міжнародных канвенцый па правах чалавека: "Краіна ратыфікавала 10 міжнародных канвенцый па правах чалавека і прызнала паўнамоцтвы Камітэта ААН па правах чалавека і Камітэта па ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын для атрымання і разгляду зваротаў ад асоб, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй. Беларусь прызнала працэдуру расследавання ў адпаведнасці з Канвенцыяй супраць катаванняў і ў адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам да Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын".

У дакуменце таксама адзначаецца, што Беларусь не прызнае мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН