Ці выкарыстоўвае ўлада адміністрацыйны рэсурс пры правядзенні выбараў?
У гэтым разбіралася прэс-служба кампаніі назірання «Права выбару».
Юрыдычныя аспекты роўнасці кандыдатаў у дэпутатыУ адпаведнасці з арт. 3 «Асноўныя прынцыпы правядзення выбараў і рэферэндуму» Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ВК) выбары ў краіне з’яўляюцца свабоднымі і праводзяцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.
Арт. 4 «Свабадныя выбары і ўдзел у рэферэндуме» ВК гарантуе нам, што выбаршчык, удзельнік рэферэндуму асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах, рэферэндуме, за каго галасаваць на выбарах, за што галасаваць на рэферэндуме.
Арт. 6. «Роўнае выбарчае права і права на ўдзел у рэферэндуме» ВК што выбаршчыкі, удзельнікі рэферэндуму ўдзельнічаюць адпаведна ў выбарах на роўных падставах: кожны выбаршчык, удзельнік рэферэндуму мае адзін голас.
Арт. 34. «Утварэнне камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, па рэферэндуму, па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата» вызначае, што органы, якія ўтвараюць камісію, як правіла, не менш адной трэці яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў. Гэта палажэнне не прымяняецца пры фарміраванні ўчастковых камісій, якія ўтвараюцца ў санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама за межамі Рэспублікі Беларусь.
Арт. 45. «Перадвыбарчая агітацыя, агітацыя па рэферэндуму, адкліканню дэпутата, члена Савета Рэспублікі» ВК гарантуе права праводзіць перадвыбарчую агітацыю за або супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама падчас сустрэч з выбаршчыкамі.
Гэты ж артыкул дае права кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты праводзіць сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі на сходах або ў іншай зручнай для выбаршчыкаў форме. Па ўзаемнай дамоўленасці кандыдатаў могуць праводзіцца сумесныя сустрэчы з выбаршчыкамі.
У гэтым жа артыкуле пазначана, што кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты маюць права вырабляць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы (плакаты, улёткі і іншыя матэрыялы) за кошт сродкаў уласных выбарчых фондаў. Выраб агітацыйных друкаваных матэрыялаў робіцца пасля папярэдняй аплаты са сродкаў выбарчага фонду кандыдата.
Таксама дадзены артыкул гарантуе прадастаўленне на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання месцы, якія найбольш наведваюцца грамадзянамі, для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў у іншых месцах можа ажыццяўляцца з дазволу кіраўніка адпаведнай арганізацыі. У выпадку, калі кіраўнік арганізацыі дазволіў размяшчэнне ў арганізацыі агітацыйнага друкаванага матэрыялу аднаму кандыдату, ён не мае права адмовіць іншаму кандыдату ў размяшчэнні агітацыйнага друкаванага матэрыялу на тых жа ўмовах. Выканаўчыя і распарадчыя органы могуць забараняць размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў у не адведзеных для іх месцах.
Арт. 46. «Выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі ў перадвыбарчай кампаніі, пры правядзенні рэферэндуму» ВК. У адпаведнасці з артыкулам кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне, якія вылучылі кандыдатаў, з часу рэгiстрацыi кандыдатаў на роўных правах карыстаюцца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі.
Арт. 73. «Роўнасць правоў і абавязкаў кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты» вызначае, што ўсе кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты валодаюць роўнымі правамі і нясуць роўныя абавязкі. Кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, у дэпутаты не мае права выкарыстоўваць перавагі свайго службовага становішча ў інтарэсах выбрання.
Правы прапісаныя, аднак не працуюць
Нацыянальны каардынатар кампаніі назірання «Права выбару-2018» Алесь Сілкоў лічыць, што на ўсіх этапах правядзення выбараў улада выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс, а менавіта пад час фарміравання камісій, рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, правядзенні агітацыі і арганізацыі падліку галасоў.
— Мы ведаем, што стаць членам камісіі для прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый вельмі складана. Улада адным сваім рашэннем можа вырубіць усіх кандыдатаў у члены камісіі, як фактычна і паступае. Таму ў склад камісій трапляюць лаяльныя да ўлады людзі альбо прадстаўнікі лаяльных палітычных партый і арганізацый, — гаворыць Алесь Сілкоў.
Палітык адзначае, што далей адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваецца пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і няўгодныя прэтэндэнты вельмі часта па фармальных прычынах проста не рэгіструюцца. Такім спосабам улада карыстаецца вельмі часта. Няма яркага апанента — няма і праблемы.
— У часы агітацыі дэмакратычныя кандыдаты сутыкаюцца з адсутнасцю магчымасці праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах. Як правіла, такія сустрэчы закрытыя і патрапіць на іх не рэальна. Ёсць праблемы ў дэмакратаў з друкам агітацыйнай прадукцыі ў дзяржаўных друкарнях, якія ці тое адмаўляюцца друкаваць матэрыялы, ці тое затрымліваюць тэрміны вырабу ўлётак і плакатаў. Ёсць праблемы ў размяшчэнні ўлётак побач з праўладнымі кандыдатамі, — працягвае Алесь Сілкоў.
Нацыянальны каардынатар «Права выбару» падкрэслівае, што вельмі часта ў СМІ кандыдаты ў дэпутаты фігуруюць як асобы, звязаныя са сваёй прафесійнай дзейнасцю, што з’яўляецца прыхаванай формай агітацыі.
На думку Алеся Сілкова кульмінацыяй у выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу з’яўляецца падлік галасоў выбаршчыкаў, калі назіральнікам не паказываюць бюлетэні з адзнакамі, а ў пратаколы ўносяцца загадзя ўзгодненыя лічбы.
Што фіксуюць назіральнікі?
Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ганна Шкадун у 2016 годзе была назіральніцай на выбарчым участку №42 Магілёўскай-Цэнтральнай акругі №85 і стала сведкай таго, як у каменданткі інтэрната, у якім яна назірала за выбарамі, знаходзіліся спісы студэнтаў, якія пражывалі ў інтэрнаце. Пасля галасавання кожны з іх падыходзіў і распісваўся аб тым, што прагаласаваў. Тыя, хто не зрабіў гэта ў час падганяліся каменданткай з выкарыстаннем розных пагрозаў - ад праблем на вучобе да высялення з інтэрната.
— У 2016 годзе я стала сведкай выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу, калі студэнтаў прымушалі галасаваць датэрмінова. Студэнты прыходзілі на выбарчыя ўчасткі са сваім куратарам, галасавалі, а пасля ішлі распісвацца аб выкананні імі грамадзянскага доўга. Пры гэтым я ясна чула за каго студэнтам прапаноўваў галасаваць куратар, — кажа Ганна Шкадун.
Сацыял-дэмакратка здолела засняць на відэа дадзеныя спісы і выкласці іх у інтэрнэт.
Паводле Ганны Шкадун выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу на парламенцкіх выбарах 2016 года дазволіла забяспечыць яўку на яе выбарчым участку.
Пад час падліку галасоў Ганна так і не здолела падыйсці да стала, дзе адбываўся падлік галасоў, каб бачыць насупраць якога прозвішча стаялі адзнакі. На яе думку - гэта таксама абмежаванне правоў назіральніка адміністрацыйнымі метадамі, калі яе праца ўводзілася ў фармат членамі ўчастковай камісіі, выхад за межы якога мог стаць падставай для выдалення яе з выбарчага ўчастка.
Што трэба мяняць, каб абмежаваць выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу пад час правядзення выбараў?
Метадыст-аналітык «Права выбару-2018» Леў Марголін паведамляе, што ў любых краінах, дзе існуе дэмакратыя ўлада ўвогуле не прымае ўдзел у арганізацыі выбараў. Для гэтага ёсць адмысловыя органы, якія гэтым займаюцца і ніякаму губернатару ці мэру нават не прыйдзе ў галаву ўмешвацца ва ўсё гэта.
— У нас жа, наадварот. У выбарчым заканадаўстве прапісана, што выканаўчыя ўлады маюць вельмі вялікія функцыі ў гэтым працэсе. Яны фарміруюць выбарчыя камісіі, ствараюць участкі і г.д. Зразумела, што той, хто стварае камісіі, той і выкарыстоўвае іх пад сябе. Для таго, каб зрабіць выбарчы працэс больш дэмакратычным і незалежным ад улады перш за ўсё трэба змяніць фармат усіх выбарчых камісій. Камісіі павінны фарміравацца ў першаю чаргу з прадстаўнікоў тых асоб, партый і арганізацый, якія прымаюць удзел у выбарах і зацікаўленыя, каб працэс быў адкрыты, дэмакратычны і сумленны, — гаворыць Леў Марголін.
Эксперт падкрэслівае, што ў гэтым пытанні ад выканаўчых і прадстаўнічых органах на месцах нічога не залежыць. Уся справа ў нас стаіць за Палатай прадстаўнікоў, якая павінна зрабіць адмысловыя папраўкі ў выбарчае заканадаўства, пра што гаварылася не адзін раз і кампанія «Права выбару» такія прапановы ўносіла.
Тым часам рэаліі жыцця паказваюць, што ўлада зацікаўлена кіраваць выбарчым працэсам у ручным рэжыме і ніякіх рэальных зменаў у выбарчае заканадаўства і правапрамяняльную практыку ня бачна.
Паводле pvby.org