Макей: Мы не хочам размяшчаць у сябе замежныя воінскія базы
"Мы не хочам размяшчаць у сябе дадатковыя нейкія замежныя воінскія базы", — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 6 кастрычніка на закрыцці першай канферэнцыі ганаровых консулаў Беларусі.
Тэкст яго выступлення апублікаваны на сайце беларускага МЗС.
У Беларусі разумеюць, што размяшчэнне такой базы "будзе выкарыстана нашымі партнёрамі па той бок мяжы для адэкватнага адказу і гэта прывядзе да нагнятання напружанасці", сказаў Макей. Паводле яго слоў, думка пра тое, што Беларусь з-за сваіх цесных адносін з Расіяй нібыта ўяўляе пагрозу для кагосьці з суседзяў — для Украіны, для Балтыйскіх краін або для Польшчы, спрабуюць навязаць штучна.
"Зразумела, калі пачынаеш апраўдвацца, адназначна будзе здавацца, што ты ў чымсьці вінаваты. Мы ў адказ цвёрда заяўляем, што з нашай тэрыторыі ніколі не зыходзіла пагроза ў дачыненні да ніводнай з краін і не будзе зыходзіць. Мы ніколі не маем намер пачынаць вайну ў дачыненні да некага. Мы не хочам быць крыніцай напружанасці , — падкрэсліў кіраўнік МЗС.
Пытанне аб размяшчэнні ў Беларусі ваеннай базы неаднаразова ўздымалася расійскім бокам апошнія некалькі гадоў. Так, вясной 2013 года міністр абароны РФ Сяргей Шайгу, знаходзячыся з візітам у Мінску, паведаміў аб планах Расіі размясціць на тэрыторыі Беларусі авіяполк. У кастрычніку 2014-га галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-палкоўнік Віктар Бондараў заявіў пра намер Расіі стварыць у Беларусі ў 2016 годзе авіябазу, на ўзбраенні якой будуць знаходзіцца знішчальнікі Су-27.
У верасні 2015 года ўрад Расіі афіцыйна прапанаваў прэзідэнту Уладзіміру Пуціну падпісаць з Беларуссю пагадненне аб размяшчэнні расійскай авіяцыйнай базы на беларускай тэрыторыі. Аднак у кастрычніку таго ж года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гаворкі пра стварэнне авіябазы з Расіяй не вядзецца. "Яна нам не патрэбна", — падкрэсліў Лукашэнка.
Асцярогі з нагоды магчымага размяшчэння ў Беларусі расійскіх ваенных баз і фарміраванняў зноў абвастрыліся на фоне сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў "Захад-2017", якія прайшлі на тэрыторыі дзвюх краін 14—20 верасня.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН