У дзень народзінаў Пуціна па ўсёй Расіі праходзяць акцыі пратэсту. Жывая трансляцыя

У гарадах Расіі праходзяць акцыі прыхільнікаў апазіцыянера Аляксея Навальнага. Мітынгі і пікеты ўжо прайшлі на Далёкім Усходзе, у Самары, Стаўрапалі і іншых гарадах. Людзі патрабуюць дапусціць Навальнага на выбары прэзідэнта ў наступным годзе. 

AFP

AFP

Сам палітык і кіраўнік яго перадвыбарнага штабу Леанід Волкаў знаходзяцца пад адміністрацыйным арыштам. Іх абвінавачваюць у закліках да ўдзелу ў няўзгодненых мітынгах.
Акцыі прыхільнікаў Навальнага сёння запланаваныя ў 80 гарадах Расіі. Іх прымеркавалі да 65-й гадавіны народзінаў прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Многія мерапрыемствы не ўдалося ўзгадніць з мясцовымі ўладамі. У Маскве і Санкт-Пецярбурзе ўсе заяўкі на правядзенне мітынгаў адхілілі.
Перад пачаткам мітынгаў паліцыя правяла ператрусы і затрыманні ў некалькіх штабах апазіцыйнага палітыка. Арыштаваныя каардынатары штабоў Навальнага ў Краснадары і Смаленску.


Расійскія ўлады прыгразілі жорстка рэагаваць на парушэнні закона аб мітынгу падчас акцый, значную частку якіх не ўзгаднілі мясцовыя органы кіравання. З'явілася інфармацыя пра затрыманні ўдзельнікаў акцый у Якуцку, Самары, Іжэўску і Паўднёва-Сахалінску, паведамляе svaboda.org.
У Екацярынбургу на акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага паліцыя затрымала 24 чалавекі. Пра гэта паведаміў мэр горада Яўген Ройзман у эфіры «Дажджу».
Ройзман, які сам прысутнічаў на акцыі, падкрэсліў, што лічыць «цалкам залішнімі» дзеянні паліцэйскіх. Паводле яго слоў, на мерапрыемстве сабраліся «шмат народа», сярод якіх былі і тыя, хто «не мае да Навальнага ніякага дачынення», піша meduza.io.
Раней «АУС-Інфа» паведамляла, што па ўсёй Расіі затрыманыя не менш за 40 чалавек.