У Растоў-на-Доне з Сірыі прыляцелі 12 трунаў

У становішчы строгай таямніцы ў аэрапорт расійскага Растова-на-Доне былі дастаўлены рэйсам з сірыйскага Дамаска 12 трунаў.

cargo_200_in_russia.jpg

Пра гэта журналістам «Радыё Свабода» распавяла знаёмая кантрактніка сумна вядомай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера Рамана Забалотнага, які нядаўна трапіў у палон да ісламскіх тэрарыстаў на сірыйскай тэрыторыі і пасля быў пакараны смерцю разам з іншым палонным — Рыгорам Цуркану.
Інфармацыю аб прыбыцці адразу тузіна «грузаў 200» дзяўчыне неафіцыйна далі супрацоўнікі аэрапорта Растоў-на-Доне, калі яна беспаспяхова спрабавала адшукаць сярод загінулых свайго знаёмага Рамана Забалотнага. Зрэшты, як затым высветлілася, ён на той момант быў яшчэ жывы, хоць і знаходзіўся ў палоне. Пакаралі смерцю яго ўжо пазней.
— Мы патэлефанавалі ў аэрапорт Растова-на-Доне, куды, па ідэі, павінен паступаць «груз-200», — распавяла дзяўчына журналістам. — Яны мне паведамілі, што яшчэ 28 верасня нейкі Уладзімір Драчоў, прадстаўнік ЧВК Вагнера, забіраў «груз-200». Што, маўляў, 28 верасня прыйшло 12 месцаў. Ну, вы разумееце — 12 трунаў. Дзе яны зараз, мы не ведаем. Калі салдат-наёмнік гіне, то падпісваецца дагавор перадачы цела сваякам, і цынкавую труну забаронена адкрываць. Дзе цела, незразумела, мне здаецца, яны іх вывозяць наогул у Краснадарскі край. Людзі ведаюць, што іх сын загінуў, але не ведаюць, калі чакаць яго цела, ці будзе яно наогул, і ў якім стане. У ЧВК Вагнера, база якой знаходзіцца ў пасёлку Молькіна Краснадарскага краю, запрашаюць добраахвотнікаў, завабліваюць іх вялізнымі сумамі грошай. 240 тысяч рублёў у месяц яны абяцаюць, а на самой справе плацяць 160 тысяч. За загінулага салдата яны даюць ад 1,3 да 3 мільёнаў рублёў у залежнасці ад яго разраду і таго, кім ён быў — камандзірам або звычайным салдатам-наймітам. Яны сапраўды ідуць гінуць.
Нагадаем, што пра пакаранне баявікамі расійскіх палонных Рыгора Цуркану і Рамана Забалотнага журналістам стала вядома ад дэпутата Дзяржаўнай Думы РФ, намесніка старшыні Камітэта па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Віктара Вадалацкага. «Яны апынуліся вернымі радзіме і праваслаўнымі да канца, за што і былі пазбаўленыя жыцця гэтымі бандытамі», — падкрэсліў ён.
Паводле by24.org