У сейфе расійскага экс-міністра Улюкаева следcтва знайшло беларускія рублі

У сейфе былога міністра эканамічнага развіцця Расіі Аляксея Улюкаева, якога абвінавачваюць у хабарніцтве, знайшліся беларускія рублі. 5 кастрычніка бок абвінавачання зачытаў у зале суда пратакол ператрусаў, праведзеных па месцы жыхарства і працы чыноўніка.

Аляксей Улюкаеў. Фота: "Газета.Ру".

Аляксей Улюкаеў. Фота: "Газета.Ру".


Акрамя беларускай валюты, у сейфе ў кабінеце міністра знайшлося $250 тысяч, дырхамы, кроны, рупіі, залатыя зліткі і дарагія ўпрыгожанні, піша "Медуза".
Таксама ў кабінеце знайшлі пяць залатых манет вагой па кілаграме і адну трохкілаграмовую манету. Пры ператрусе таксама знайшлі некалькі наручных гадзіннікаў коштам ад 28 да 800 тысяч расійскіх рублёў (ад $500 да $14000).
На дачы Аляксея Улюкаева ў Падмаскоўі знайшлі $ 300 тысяч наяўнымі, а таксама сведчанні аб набыцці яго сям'ёй акцый банка ВТБ. Дома ў міністра канфіскавалі камп'ютар і карты памяці. Следства таксама заявіла, што на ўнёсках Улюкаева захоўвалася больш за два мільёны долараў у розных валютах.
Улюкаева абвінавачваюць у тым, што ён вымагаў хабар у кіраўніка "Раснафты" Ігара Сечына. У абмен на $2 млн ён нібыта абяцаў Сечыну заступніцтва ў пагадненні аб набыцці яшчэ адной расійскай нафтавай кампаніі — "Башнафта".
Міністра затрымалі ў офісе "Раснафты", дзе Сечын перадаў яму торбу з грашыма. Сам Улюкаеў называе ўсё правакацыяй і сваёй віны не прызнае.
euroradio.fm