Бацынет, шышак ды “мёртвая галава”

Выстава шлемаў ды сцягоў беларускіх ваяроў ХІ–ХVII ст. адкрылася ў Гомелі. Самым яркім яе экспанатам стаў рэканструяваны шлем з гарнітура даспехаў Мікалая Радзівіла Чорнага.



Часцей за ўсё свае веды аб мінулым мы складаем на аснове вывучэння пісьмовых крыніц і вырабаў старажытных майстроў. Прадметы ўзбраення, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў XI–XVII ст. і прадстаўленыя на новай выставе ў палацы Румянцавых-Паскевічаў, дадуць кожнаму ахвотнаму яскравае ўяўленне аб развіцці зброевай справы на беларускіх землях ды дапамогуць узнавіць аблічча ваяроў тых часоў.


shalomi_3_logo.jpg

Сапраўдная зброя мінулага даўно ўжо стала рарытэтам, таму нярэдка нават буйнейшыя музеі свету акрамя выстаўлення арыгіналаў дэманструюць і рэплікі, зробленыя рукамі сучасных майстроў.

Менавіта такія майстры з мастацкай майстэрні “Стальная спадчына” з Менску і выставілі ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў плён сваёй працы за апошнія два з паловай гады. Сама майстэрня існуе з 2004 года і ў асноўным займаецца аднаўленнем ды рэканструкцыяй гістарычнай зброі былых часоў. Вялікая ўвага ў дзейнасці надаецца аднаўленню зброевай спадчыны беларускіх земляў.

Уладальнікам і замоўцам прадстаўленай у гомельскім палацы калекцыі стаў Вячаслаў Прановіч — беларускі бізнэсмэн і мецэнат. На дадзены момант ён мае жаданне працягваць гэтую серыю рэканструкцый, таму ў планах супрацоўнікаў “Сталёвай спадчыны” ёсць дапаўненне яе трыма даспехамі і пяццю шлемамі.

shalomi_7_logo.jpg

shalomi_22_logo.jpg

Выстава яскрава сведчыць аб тым, што Беларусь заўжды знаходзілася на перакрыжаванні розных культур і традыцый. Сваё адлюстраванне гэта мела і ва ўзбраенні — некаторыя тыпы даспехаў ды шлемаў прыходзілі на нашыя землі з Усходу, але пачынаючы з XIII стагоддзя ўсё больш узораў для пераймання трапляла з Заходняй Еўропы. На гэты час прыходзіцца вялікая колькасць сутыкненняў і войнаў з Тэўтонскім ордэнам, але спрыялі гэтаму і сталыя гандлёвыя кантакты з заходнімі краінамі.


shalomi_24_logo.jpg

 

Закрыты бацэнет хундсгугель або “сабачая пыса” часоў бітвы пры Грунвальдзе. Бацэнеты былі асноўным тыпам шлемаў у XIV стагоддзі.

Канстанцін Дудараў, майстар-мастак

“Наконт гісторыі Беларусі і ўзбраення тутэйшых ваяроў былых часоў існуе шмат стэрэатыпаў і міфаў. Так гістарычна склалася, што пэўныя бакі гісторыі замоўчваліся, а некаторыя, наадварот, гіпертрафавана ўзвялічваліся. Сваёй дзейнасцю мы спрабуем паказаць, наколькі шматскладовай і багатай з’яўляецца спадчына нашай Айчыны”.

На выставе можна ўбачыць і поўны даспех так званага “постмаксімаліянскага” перыяду  прыкладна 1530 года. Падобныя даспехі выкарыстоўвалі і ў ранейшыя часы, у тым ліку і ў бітве пад Оршай 1514 года. Шлем у дадзеным выпадку прадстаўляў сабой так званыя “кавальскія мяхі” і дапамагаў застацца цэлым у бітвах. На прадстаўленым экземпляры вельмі шмат траўлення па метале. Нярэдка з яго дапамогай адлюстроўвалі выявы святых-абаронцаў, што меліся дапамагаць у змаганні з ворагамі, але часта наносіліся і ўзоры і ад сурокаў.

shalomi_8_logo.jpg

Віктар Шаўцоў

shalomi_9_logo.jpg

“Постмаксімілянскі” даспех, які выкарыстоўваўся ў тым ліку і за часамі бітвы пад Воршай у 1514 годзе.


shalomi_6_logo.jpg

Абутак у выглядзе “мядзведжай лапы” — тупых шкарпэтак у камплекце даспеха постмаксіміліянаўскага перыяду.

Самым яркім экспанатам выставы з'яўляецца рэканструкцыя, як лічыцца, згубленага шлема са складу даспехавага гарнітура Мікалая Радзівіла Чорнага. У яго ўваходзіў цэлы набор розных шлемаў ды даспехаў для турніраў, пешага ды некалькіх відаў конных баёў.

shalomi_5_logo.jpg

shalomi_10_logo.jpg

shalomi_13_logo.jpg

 Той самы шлем Радзівілаў

Пышна ўпрыгожаны гарнітур быў выраблены каля 1555 года знакамітым нюрнбергскім майстрам Кунцам Лохнерам, а ў цяперашні час захоўваецца ў Венскім музеі ўзбраення. Шлем упрыгожаны складаным узорам з выкарыстаннем белай, чырвонай, чорнай эмалі, а таксама пазалоты. Яго выраб прымеркаваны і да 500-годдзя роду Радзівілаў, што адзначалася ў гэтым годзе.

Віктар Шаўцоў, удзельнік майстэрні:


“Праца над шлемам Мікалая Радзівіла Чорнага заняла ў нас паўгады. Вельмі складанымі былі не толькі працы па метале ды эмалі, але і расфарбоўка ды нанясенне срэбра ды золата. Як старажытным майстрам удалося без сучасных тэхналогій нанесці настолькі складаныя ўзоры дагэтуль застаецца загадкай. Калі лічыць матэрыяльныя затраты, то выраб падобнага шлему абыйдзецца замоўцу прыкладна ў 7 тыс. даляраў, але кошт арыгіналаў можа сягаць на аўкцыёнах мільёнаў.


Падобных гарнітураў было выраблена ўсяго два — каралю Жыгімонту ІІ Аўгусту і Мікалаю Радзівілу Чорнаму. На іх прыкладзе можна ўявіць сабе ўзровень падарункаў, якія рабілі сабе ды якія рэчы мелі нашыя землякі раней”.

Апошнім аплотам рыцарства ў Еўропе часта называюць крылатых гусараў. Гэты від цяжкай кавалерыі служыў на беларускіх землях да XVIII ст. У вядомай бітве пад Кірхгольмам у чатыры разы большыя сілы шведаў былі разгромленыя менавіта гэтымі вершнікамі.

shalomi_11_logo.jpg

shalomi_12_logo.jpg

shalomi_19_logo.jpg

Прарадзімай для іх з’яўляліся землі Венгрыі ды Сербіі, але на нашых абшарах узбраенне і сама стылістыка гусараў перагукалася з пашыраным паданнем аб сармацкім паходжанні тутэйшай шляхты. Гэта дыктавала і архаічныя ўзоры ў аздабленні даспехаў.

Віктар Шаўцоў:


Часта можна пачуць, што славутыя крылы ў гусараў былі для свісту, але гэтая легенда развеяна ўжо даўно. Я нават асабіста ездзіў на матацыкле ў гэтым даспеху і нічога не было чуваць. Хутчэй за ўсё, гэта быў або парадны аксесуар, або хітрык для псіхалагічнай атакі на тых жа сялянаў, якіх выгляд маналітнай сцяны “лятучых анёлаў” мог напужаць яшчэ больш”.


 

shalomi_2_logo.jpg

Віктар Шаўцоў

На Беларусі можна было сустрэць і бургіньёны, марыёны. Можна было заўважыць і салады — менавіта іх узялі за ўзор інжынеры Вермахта пры стварэнні шлемаў для нямецкіх вайскоўцаў у ХХ стагоддзі. У пазнейшыя часы дадаліся пяхотныя шлемы мушкецёраў — кабасеты. Арыгінальны тып шлема — шышак — прыйшоў з Венгрыі, куды ён трапіў праз Персію, арабскія краіны ды туркаў.

shalomi_20_logo.jpg

shalomi_21_logo.jpg

Салад — дызайнеры эпохі Вермахта ўзялі за аснову пры стварэнні сваіх касак. Падобны шлем быў знойдзены пры Мсціслаўлем.

З развіццём тэхналогій узбраенне пераставала адыгрываць вялікую ролю на палях бітваў — развіццё агняпальнай зброі не пакідала шанцаў нават самаму цяжкаўзброенаму вершніку.

shalomi_15_logo.jpg

Апошнім цалкам закрытым шлемам кавалерыі XVII стагоддзя можна лічыць так званую “мёртвую галаву”, чый выгляд не пакідаў надзеі на міласць у змаганні.

shalomi_17_logo.jpg

 “Мёртвая галава” прыгаданая ў тэксце

Віктар Шаўцоў, удзельнік майстэрні

“Чым больш мы гэтым займаемс,я тым больш разумеем, што тут проста акіян магчымасцяў і багацейшая спадчына ў плане даспехаў. Тыя ж Радзівілы ўжо паказалі і даказалі, што ў іх былі багацейшыя арсеналы. Таксама нам вядома, што ў калекцыі (арсенале) Радзівілаў было шмат турнірных даспехаў для розных турніраў, шмат баявых розных эпохаў. Пытанне толькі ў тым, што захавалася на сённяшні дзень і што мы можам знайсці”.

Акрамя шлемаў на выставе можна ўбачыць баявыя ды турнірныя дзіды, а таксама сцягі, якімі карысталіся беларусы ў былыя часы.

shalomi_25_logo.jpg

Сцяг Менскага ваяводства другой паловы XVI стагоддзя у натуральную велічыню.

shalomi_16_logo.jpg

Харугва Вітаўта адноўленая па мініяцюрах у гербоўніках 15 стагоддзя. З вершнікам, Пагоняй і на шчыце — герб Вітаўта. Яе менавіта малявалі.

 

Ахвотныя ўбачыць узбраенне нашых продкаў будуць мець такую магчымасць да сакавіка 2016 года.