БагатаДата 4-10 студзеня
Першы танцоўшчык-саліст Тэатра оперы і балета, першая жанчына-прафесар у Беларусі, аўтар першага беларускага нацыянальнага балета… Хто яшчэ нарадзіўся ў гэтыя дні? Падрабязней — у нашым традыцыйным аглядзе.
4 студзеня
1910. У горадзе Бахмач (цяпер Чарнігаўская вобласць Украіны) нарадзіўся беларускі архітэктар Навум Трахтэнберг. Асноўныя праекты: Генпланы Бабруйска і Магілёва ў 1930-х гадах, Генплан пасляваеннага аднаўлення і развіцця Мінска.
5 студзеняДзень працаўнікоў сацыяльнай абароны, а таксама Дзень банкаўскіх і фінансавых працаўнікоў адзначаюцца ў Беларусі.
1905. У вёсцы Шышкава Маскоўскай вобласці Расіі нарадзіўся беларускі кінарэжысёр Уладзімір Стральцоў. Здымаў навукова-папулярныя фільмы, гульнявыя кароткаметражкі, стварыў некалькі мастацкіх стужак — напрыклад, «Хто смяецца апошнім».
6 студзеня1900. У вёсцы Васюлькі, якая цяпер у складзе аграгарадку Княгінін Мядзельскага раёна на Міншчыне, нарадзіўся палітычны дзеяч БССР Аляксандр Адамовіч. У 1928-1929 гадах працаваў намеснікам наркама земляробства БССР. З гэтай пасады ён быў зняты і выключаны з камуністычнай партыі «за ідэалагічную няўстойлівасць, скрыўленне класавай лініі ў палітыцы наркамзема, за бюракратызм і адрыў ад партыйнай ячэйкі, за прымірэнчыя адносіны да контррэвалюцыйных вылазак нацыянал-дэмакратызму». А ў 1930 годзе арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі» і асуджаны да 10 гадоў папраўчых працаў. У 1935-м быў новы прысуд — 7 гадоў зняволення, у 1937-м — ужо смяротны вырак.
1915. У Мінску нарадзіўся артыст балета і балетмайстар Сямён (Самуіл) Дрэчын. У Тэатры оперы і балета ён працаваў з дня яго заснавання і стаў тут першым танцаўшчыкам-салістам.
7 студзеняРаство ў праваслаўных.
1910. У горадзе Асташкаў Цвярской вобласці Расіі нарадзіўся Канстанцін Заслонаў, падпольшчык і партызанскі камандзір падчас Другой Сусветнай вайны на Аршаншчыне. Створаныя ім дыверсійныя групы з чыгуначнікаў фактычна паралізавалі працу Аршанскага чыгуначнага вузла. За зіму 1941-1942 гадоў пад адхон былі пушчаныя 6 эшалонаў, пашкоджаныя амаль 400 паравозаў і аўтамашын. Калі падпольшчыкаў выкрылі, яны сышлі ў партызаны. Заслонаў стаў камандзірам брыгады. Загінуў увосень 1942-га. Яго магіла знаходзіцца на пероне чыгуначнага вакзала ў Оршы.
8 студзеня1900. У сталіцы Украіны Кіеве нарадзіўся кампазітар Міхаіл Крошнер. Ён быў аўтарам першага беларускага нацыянальнага балета — «Салавей», па матывах аповесці Змітрака Бядулі.
9 студзеня1905. «Крывавая нядзеля» — расстрэл шматтысячнага шэсця рабочых, якія ішлі да расійскага імператара з петыцыяй аб лепшых умовах жыцця. З гэтай падзеі пачалася рэвалюцыя 1905 года. Пратэст супраць «Крывавай нядзелі» масава выказвалі палітычнымі стачкамі і ў трох дзясятках розных гарадоў Беларусі.
10 студзеня1905. У вёсцы Лошніца Барысаўскага раёна Мінскай вобласці нарадзілася знакамітая афтальмолаг, заслужаны лекар Беларусі Таццяна Бірыч. Упершыню ў Савецкім Саюзе выкарыстала метад крыяхірургіі пры аперацыях на вочы. Першая жанчына-прафесар у Беларусі. Яе дачка Тамара — таксама вядомы афтальмолаг.
1930. У вёсцы Селівонаўка Маладзечанскага раёна на Міншчыне нарадзіўся доктар хімічных навук, акадэмік Фёдар Капуцкі. Быў першым дырэктарам Навукова-даследчага інстытуту фізіка-хімічных праблем. У 1990-1996 гадах працаваў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.