Беніта Мусаліні. Як адзін няправільны выбар уплывае на лёс

У 2022 годзе спаўняецца роўна 100 гадоў з дня паходу на Рым, узброенага маршу, арганізаванага ў кастрычніку 1922 года прыхільнікамі італьянскай Фашысцкай партыі. Менавіта з дапамогай гэтага маршу лідар фашыстаў Беніта Мусаліні здолеў захапіць уладу ў Італіі і ўсталяваць першы ў Еўропе таталітарны фашысцкі рэжым.

Беніта Мусаліні на мітынгу

Беніта Мусаліні на мітынгу

Але што ўяўляла з сябе асоба «дучэ»? І якія прычыны дазволілі фашыстам так лёгка прыйсці да ўлады?

Сацыяліст Мусаліні

Беніта Амількарэ Андрэа Мусаліні нарадзіўся 29 ліпеня 1883 года ў маленькім мястэчку на поўдні Італіі ў сям'і каваля і настаўніцы. Ён вырас на апавяданнях свайго бацькі-сацыяліста аб нацыянальным і палітычным гераізме мінулых гадоў. Фізічна моцны, але сацыяльна нязграбны, у дзяцінстве ён часта сутыкаўся з праблемамі з-за свайго дрэннага характару і схільнасці да гвалту ў адносінах да аднакласнікаў.

У маладосці ён пераехаў у Швейцарыю і ў гэтай альпійскай краіне хутка атрымаў прызнанне як малады журналіст сацыялістычнага накірунку. Зрабіўшы імя, ён вярнуўся ў Італію, дзе нават стаў рэдактарам газеты Сацыялістычнай партыі «Avanti».

Калі ў 1914 годзе ў Еўропе пачалася вайна, Італія спачатку заставалася нейтральнай. Але Мусаліні проста марыў, каб Італія далучылася да вайны, што прывяло яго да рознагалоссяў з кіраўніцтвам Італьянскай сацыялістычнай партыі, якая выключыла яго са сваіх шэрагаў.

Пакрыўджаны, ён у адказ сфармаваў уласны палітычны рух, які атрымаў назву «Саюз рэвалюцыйнага дзеяння» (Fascio d'azione rivoluzionaria). У Старажытным Рыме слова «фасцыі» адносілася да зброі, якая складалася са звязкі прутоў дрэва, часам вакол сякеры. Выкарыстоўваныя рымскімі ўладамі, фасцыі хутка сталі асацыявацца з дзяржаўнай ўладаю. У XIX стагоддзі італьянцы пачалі выкарыстоўваць гэтае слова як тэрмін для абазначэння палітычных груп, звязаных агульнымі мэтамі.

У 1915 годзе Мусаліні мабілізуюць на фронт, дзе ён трапіў у пяхоту. Ваяваў ён мужна, але не надта доўга. У лютым 1917 года пры прыстрэлцы мінамёта міна ўзарвалася ў ствале, і Мусаліні атрымаў цяжкія раненні нагі, з-за чаго ў жніўні таго ж года быў дэмабілізаваны.

Мусаліні ў італьянскай вайсковай форме, 1917 год

Мусаліні ў італьянскай вайсковай форме, 1917 год


Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Італія знаходзілася ў цяжкім крызісе. Нягледзячы на тое, што афіцыйна краіна ўваходзіла ў склад дзяржаў-пераможцаў, фактычна Італія не толькі не атрымала ўсе тыя тэрыторыі, да якіх імкнулася на момант уступлення ў канфлікт (Трыест, Фіуме, уся Далмацыя), але і выйшла з вайны значна збяднелай. Цяжкае эканамічнае становішча прывяло да таго, што ў палітычным жыцці краіны яшчэ больш вялікую ролю пачалі адыгрываць сілы, якія прапаведавалі ліквідацыю сацыяльнай няроўнасці і «вызваленне» працоўнага класа. Гэта спарадзіла перыяд моцнай нестабільнасці — так званую «чырвоную двухгодку» (1919-1920) — падчас якой разгарэлася барацьба паміж працоўнымі, якія патрабавалі падвышэння заработнай платы і зніжэнні коштаў, і працадаўцамі. Страйкі, сутыкненні і гвалт былі ў гэты час цалкам у парадку рэчаў.

Гледзячы на гэта, Мусаліні ўсё больш пераконваўся, што грамадства павінна арганізоўвацца не паводле прынцыпу сацыяльнага класа ці палітычнай прыналежнасці, а вакол моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Ён лічыў, што толькі бязлітасны і энергічны дыктатар можа «зачысціць» Італію і вярнуць ёй былую нацыянальную веліч.


Заснаванне Фашысцкай партыі

Мусаліні быў не адзін у сваіх памкненнях. Пасля вайны многія італьянцы былі засмучаныя і раззлаваныя Версальскай дамовай. Яны лічылі, што дамова, якая падзяліла тэрыторыю краін-агрэсараў, выявіла непавагу да Італіі, перадаючы ёй занадта мала зямлі. Гэтае адчуванне «знявечанай перамогі», падману і нацыянальнай ганьбы стварылі выдатную глебу для прапаганды ідэй рэваншызму.

У 1919 годзе ён заснаваў новы ваенізаваны рух, які назваў «Італьянскі саюз барацьбы» (Fasci italiani di combattimento). Гэтая арганізацыя была арыентаваная на мабілізацыю загартаваных вайной ветэранаў, якія, на думку Мусаліні, маглі б вярнуць былую славу Італіі.

Парваўшы з сацыялістамі, Мусаліні стаў іх адкрытым ворагам. Баявыя групы фашыстаў, вядомыя як «чорнасарочнікі» пачалі тэрор сацыялістычных актывістаў і ўвогуле любых левых дзеячаў па ўсёй краіне. 1920 год быў крывавым. Гвалт выплюхнуўся на вуліцы, але італьянскі ўрад, які падзяляў непрыязнасць фашыстаў да левых, амаль нічога не рабіў дзеля для таго, каб нейкім чынам утаймаваць фашысцкіх малодчыкаў.

З цягам часу Мусаліні ўсё больш пераконваўся, што ён адзіны, хто здольны прадухіліць пераход улады ў Італіі ў рукі «чырвоных». Яго імпэт і харызма знайшлі значную падтрымку сярод стаміўшыхся ад пасляваеннай разрухі італьянцаў. Ідэя «фашысцкай рэвалюцыі» ўсё больш і больш авалодвала масамі.

У 1921 годзе адбыліся парламенцкія выбары. Беніта Мусаліні атрымаў месца дэпутата і нават быў запрошаны ў кааліцыйны ўрад прэм'ер-міністрам Італіі Джавані Джаліці. Апошні меркаваў, што Мусаліні прымусіць сваіх чорнасарочнікаў падпарадкавацца закону, як толькі атрымае сваю долю палітычнай улады. Але Джаліці недаацаніў Мусаліні, які марыў толькі аб тым, каб захапіць уладу цалкам. 7 лістапада 1921 года стала «чырвонай датай» у гісторыі італьянскага фашызму: Мусаліні пераўтварыў «Саюз барацьбы» у «Нацыянальную фашысцкую партыю» (Partito Nazionale Fascista).

Эмблема Нацыянальнай фашысцкай партыі

Эмблема Нацыянальнай фашысцкай партыі


Марш на Рым

25 кастрычніка 1922 года, на наступны дзень пасля свайго мітынгу ў Неапалі, Мусаліні абвясціў аб пачатку паходу на Рым. Фашысцкія батальёны павінны былі сабрацца каля межаў сталіцы. Калі прэм'ер-міністр адмовіцца перадаць уладу фашыстам, гэтыя атрады павінны былі ўвайсці ў горад і сілай захапіць дзяржаўныя будынкі.

Дрэнна навучаныя і яшчэ горш экіпіраваныя, гэтыя людзі, верагодна, прайгралі б бітву з рэгулярным італьянскім войскам, але Мусаліні не збіраўся ўвязвацца ў бітву, ён меў намер запалохаць урад і такім чынам прымусіць яго выканаць усе патрабаванні.

Узначаліць паход павінны былі лідары фашысцкіх апалчэнцаў Эміліо Дэ Бона , Італа Бальба, Мікеле Б'янкі і Чэзарэ Марыя Дэ Векі, якім Мусаліні прысвоіў тытул «quadrumviri» па аналогіі з рымскай гісторыяй і самымі вядомымі трыумвірамі Гаям Юліям Цэзарам, Гнеям Пампеям і Маркам Ліцыніям Красам.

Штабам аперацыі стаў горад Перуджа. 27 кастрычніка 1922 года эшалоны з фашыстамі сталі сцягвацца да сталіцы. На наступны дзень, 28 кастрычніка, у Рыме сабралася не менш за 20 тысяч чорнасарочнікаў. Сам жа Мусаліні застаўся ў Мілане, каб адтуль сачыць за развіццём сітуацыі.

Мусаліні і чорнасарочнікі падчас паходу на Рым у 1922 годзе

Мусаліні і чорнасарочнікі падчас паходу на Рым у 1922 годзе


Луіджы Факта, тагачасны прэм'ер-міністр, паспрабаваў увесці ваеннае становішча. Але кароль вырашыў, што менавіта Мусаліні зможа ўсталяваць стабільнасць у дзяржаве, і адмовіўся падпісаць загад аб мабілізацыі. У знак пратэсту Факта і ягоны кабінет падалі ў адстаўку раніцай 28 кастрычніка.

Даведаўшыся пра гэта, Мусаліні сеў у спальны вагон цягніка і распачаў няспешнае 14-гадзіннае падарожжа з Мілана ў Рым. 30 верасня 1922 года кароль і лідар НФП сустрэліся ў Рыме. Эмануіл ІІІ перадаў Мусаліні запрашэнне сфармаваць новы ўрад і прапанаваў яму пасаду прэм’ер-міністра. Ніхто яшчэ таго не разумеў, але ў гэты дзень пачаўся новы перыяд, які скончыцца толькі пасля кравапралітнай сусветнай вайны.


Унутраная і знешняя палітыка фашыстаў

З гадамі Мусаліні ўсё больш ўзмацняў сваю ўладу. Ён з кожным годам усё мацней абмяжоўваў палітычныя правы грамадзян, пакуль Італія не пераўтварылася на сапраўдную аўтарытарную дзяржаву.

Пры гэтым простым італьянцам даводзілася, што яны вялікая нацыя, абраная кіраваць усім міжземнамор’ем. Італія абвяшчалася спадчынніцай вялікай Рымскай імперыі і заснавальніцай сучаснай еўрапейскай цывілізацыі нараўне з антычнай Грэцыяй. Галоўны знешнепалітычны лозунг праўлення фашыстаў абвяшчаў, што трэба ператварыць Міжземнае мора ва «ўнутранае італьянскае возера». Сам Мусаліні афіцыйна прыняў тытул «Дучэ».

Беніта Мусаліні

Беніта Мусаліні


Па ўсёй Італіі віселі яго партрэты, лозунг «Il Duce ha sempre ragione» («Дучэ заўжды правы») пераследаваў італьянцаў, дзе б яны ні знаходзіліся. Усе поспехі ў краіне звязваліся выключна з імем Мусаліні. Культ яго асобы ў 30-я гады XX стагоддзя дасягнуў найвышэйшага ўзроўню і быў супастаўны з культам Гітлера ў нацысцкай Германіі — і ў нечым яго нават пераўзыходзіў.

Сістэма выхавання падрастаючага пакалення ў фашысцкім духу ахоплівала ўсю моладзь пачынаючы з дзіцячага садка. Шасцігадовыя дзеці ў спецыяльнай уніформе маршыравалі з драўлянымі карабінамі, ускідвалі руку для рымскага прывітання і крычалі: «Слава дучэ».

Імперскія амбіцыі таксама не давалі Мусаліні спакою. У 1923 годзе Італія захапіла грэчаскі востраў Корфу, а праз 12 год пачала ўварванне ў Эфіопію. Эфіопская кампанія ўвогуле аказалася ганьбай для італьянскай арміі і дзяржавы. Раптам аказалася, што італьянскія войскі не ўмеюць ваяваць, што яны не могуць хутка захапіць бедную афрыканскую краіну з дрэнна ўзброеным войскам. Каб зламаць волю эфіёпаў да супраціву, італьянцам прыйшлося нават ужываць хімічную зброю. І гэта пры тым, што вайна ні для каго не стала нечаканасцю — Італія адкрыта рыхтавалася да яе на працягу некалькіх месяцаў, дэманстратыўна канцэнтруючы свае войскі на паўночных і паўднёвых межах Эфіопіі.


Няправільны выбар

Пасля вайны з Эфіопіяй адносіны Італіі з Францыяй і Брытаніяй аказаліся моцна сапсаванымі. У 1937 годзе Мусаліні здзейсніў афіцыйны візіт у Трэці рэйх.

Калі да гэтага ў знешняй палітыцы ён увесь час лавіраваў і манеўраваў паміж рознымі цэнтрамі сілы, то пасля вяртання дадому з Германіі дучэ зрабіў канчатковы выбар на карысць саюза з фюрэрам.

Мусаліні і Гітлер у 1937 годзе

Мусаліні і Гітлер у 1937 годзе


Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, Італія нейкі час фармальна заставалася нейтральнай. У гэты час германскія войскі пераможна крочылі па Еўропе, захопліваючы адну краіну за другой. У лідара італьянскіх фашыстаў быў неймаверны гонар і непераадольная манія велічы. Дучэ лічыў, што трэба абавязкова апынуцца ў адной лодцы з пераможцам, каб своечасова ўрваць сваю долю здабычы, каб не атрымалася так, як пасля Першай сусветнай.

Італія абвясціла вайну Вялікабрытаніі і Францыі 10 чэрвеня 1940 года. Толькі вось вайна для яе аказалася вельмі няўдалай. Не выўчыўшы ўрокі мінулых кампаній, італьянскія войскі цярпелі паражэнне за паражэннем.


Крах дыктатара

Бачачы гэта, бліжэйшыя паплечнікі Мусаліні ў 1943 годзе ў выніку змовы знялі яго з пасады кіраўніка дзяржавы і арыштавалі. Але на дапамогу свайму палітычнаму настаўніку прыйшоў Адольф Гітлер. Ён загадаў выкрасці Мусаліні. Гэтую аперацыю, якая атрымала кодавы назоў «Дуб», ажыццявілі нямецкія спецназаўцы пад камандаваннем дыверсанта нумар адзін Трэцяга рэйха Ота Скарцэні.

Пасля вызвалення Мусаліні ўзначаліў невялікую марыянеткавую дзяржаву на поўначы Італіі — Італьянскую сацыяльную рэспубліку, якая практычна цалкам кантралявалася Германіяй і існавала толькі дзякуючы знаходжанню на яе тэрыторыі войскаў Вермахта.

У сярэдзіне красавіка 1945 гады Дучэ занепакоіўся, дазнаўшыся, што ва ўмовах наступу вялікіх сіл саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі германскія вайскоўцы ў Італіі вырашылі скласці зброю і здацца. Тады са сваёй палюбоўніцай Кларай Петачы Мусаліні паспрабаваў уцекчы ў Швейцарыю. Невялікі атрад з 200 нямецкіх вайскоўцаў, у складзе якіх быў і Мусаліні, пераапрануты ў форму унтэр-афіцэра люфтвафэ, у касцы, насунутай на лоб, і цёмных акулярах, высунуўся ў бок мяжы.

Але на шляху да мяжы машыны былі спынены партызанамі-антыфашыстамі. Адзін з партызан пазнаў Мусаліні. Некалі ён служыў на караблі, які вёз Дучэ, таму добра ведаў дыктатара ў твар.

Мусаліні, Клара Петачы і яшчэ некалькі іх паплечнікаў былі растраляныя 28 красавіка 1945 года. Іх целы былі прывезены ў Мілан і павешаны за ногі да перакрыццяў бензакалонкі на плошчы Ларэта.

Целы Мусаліні і ягоных палечникаў на плошчы Ларэта, 1945 год

Целы Мусаліні і ягоных палечникаў на плошчы Ларэта, 1945 год


Неўзабаве сабраўся вялікі натоўп, які апаганіў труп дыктатара, выліваючы на мёртвае цела ўсю тую нянавісць, што назапасілася ў італьянцаў за больш чым 20 гадоў болю і страт.

Пахавалі былога неабмежаванага ўладара Італіі ў безназоўнай магіле на ўскраіне Мілана.