«Білі толькі за тое, што гаварыў па-беларуску»

17 верасня 1939 года, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь, а Усходнюю Еўропу падзялілі паміж сабой СССР і гітлераўская Германія, адбылося так званае Вялікае ўз'яднанне Беларусі. Доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч распавядае, як асвятлялі вераснёўскія падзеі 1939 года ў тагачасным перыядычным друку.

17sept_2.jpg


Напярэдадні 17 верасня 1939 года з публікацый агульнасаюзных, рэспубліканскіх газет нішто не сведчыла пра верагоднасць прыходу з усходу пагрозы для Другой Рэчы Паспалітай. Гэта нескладана зразумець, бо задуманае Масквой неабходна было трымаць у таямніцы, асабліва сярод жыхароў населеных пунктаў, прылеглых да савецка-польскай дзяржаўнай мяжы.
Такога ж сакрэту на практыцы не ўдалося стварыць, бо ў лясах паблізу мяжы на працягу некалькіх дзён адбывалася канцэнтрацыя савецкіх войскаў, што не магло не быць заўважана мясцовым насельніцтвам. Заўважаў тое і аўтар гэтых радкоў, якому тады ішоў 11 год і жыў ён у мястэчку Магільнае Уздзенскага раёна — за чатыры кіламетры ад савецка-польскай мяжы. Мужчыны, а побач з імі і дзеці, сядзелі на прызбах да цёмнай ночы, уважліва прыслухоўваючыся да таго, што даносілася з лесу. Раніцай 17 верасня ўсё стала зразумелым: Чырвоная Армія перайшла мяжу з Польшчай, каб вызваліць з-пад яе прыгнёту заходніх братоў-беларусаў.Людзі, бясспрэчна, радаваліся. Перажывалі толькі, што начальнік памежнай камендатуры, якая знаходзілася ў Магільным, атрымаў цяжкае раненне і накіроўваецца ў Мінск на лячэнне. Выратаваць яго ад смерці не ўдалося, што вельмі моцна сапсавала настрой людзей, бо быў ён у іх у вялікім аўтарытэце.

Напярэдадні «вызвольнага паходу»

Першая палова верасня 1939 года нічым не сведчыла пра набліжэнне перамен ва ўзаемадачыненнях паміж СССР і Польшчай. Увага прэсы сканцэнтравалася на асвятленні падзей, што адбываліся на Захадзе. А там з 1 верасня 1939 года распачаліся кровапралітныя баі паміж Германіяй і Польшчай. З 2 верасня такія матэрыялы з’явіліся ў газетах. У «Правде» яны ішлі пад агульным загалоўкам «Военные действия между Германией и Польшей». Паведамлялася таксама пра пасяджэнне германскага Рэйхстагу. Каментарыяў да іх не давалася. Такое можна сказаць і пра публікацыі падобнага роду ў наступных нумарах «Правды». Улічваючы важнасць падзей, 3 верасня для асвятлення іх ужо адвялі дзве траціны газетнай старонкі, а ў наступным нумары — амаль цэлую. Падобнае было характэрным і для ўсіх пазнейшых нумароў.
Звяртае ўвагу поўная адсутнасць у газетах афіцыйнага погляду або меркаванняў чытачоў на германа-польскую вайну, якая не магла не турбаваць савецкіх людзей. У Польшчы ж жыло нямала ўкраінцаў, беларусаў, сярод якіх таксама правялі мабілізацыю, шмат каго кінулі ў тую бойню.
Упершыню афіцыйны погляд на падзеі выказаны ў перадавых артыкулах цэнтральных газет толькі 14 верасня 1939 года, — у «Правде» пад назвай «О внутренних причинах военного поражения Польши». І трэба прызнаць, вызначаны яны беспамылкова і аб’ектыўна.

unnamed_184.jpg


У артыкуле прыводзяцца факты парушэння ўладамі Польшчы нацыянальных правоў украінцаў, беларусаў, яўрэяў, асабліва ў частцы забароны выкарыстання іх родных моваў ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці (што, заўважу, было характэрна і для СССР, асабліва 1960-1980-х гадоў) і робіцца бездакорная па сваёй абгрунтаванасці выснова: без надання нацыянальным мяншыням правоў на палітычную аўтаномію, без стварэння і працы школ, устаноў культуры на роднай мове «немагчыма захаваць шматнацыянальную дзяржаву, немагчыма забяспечыць яе ўнутранае адзінства і жыццяздольнасць». Польскім кіраўнічым колам ставілася ў віну, што яны «зрабілі ўсё магчымае для таго, каб пагоршыць адносіны з нацыянальнымі мяншынямі і давесці іх да крайняга напружання».
«Нацыянальная палітыка кіраўнічых колаў Польшчы характарызуецца задушэннем і прыгнечаннем нацыянальных мяншыняў і асабліва ўкраінцаў, беларусаў (...) Ва ўсіх звёнах нацыянальнага апарату знізу да верху пануе польская мова (...) Украінскія і беларускія культурныя ўстановы і школы зведзены амаль да нуля».
Як у сучаснай Рэспубліцы Беларусь!
Справядліва заяўлялася, што пры такіх умовах не маглі сфармавацца ўнутранае адзінства і кансалідацыя сілаў шматнацыянальнай дзяржавы. У гэтым бачыліся «корань слабасці польскай дзяржавы і ўнутраная прычына яе ваеннага паражэння».
Задумацца пра лёс заходніх беларусаў вымушаў і змест невялічкай публікацыі ад 15 верасня 1939 года пад назвай «На польско-литовской границе». У ёй са спасылкай на матэрыялы Германскага інфармацыйнага бюро паведамлялася, як палякі, каб затрымаць наступ нямецкіх войскаў, палілі на іх шляху беларускія вёскі. У выніку «на литовскую границу стали прибывать белорусские женщины и дети. Они с плачем рассказывали о действиях поляков».

Узнёсла віталі ўз’яднанне

Зусім непадобнымі на папярэднія нумары былі саюзныя і рэспубліканскія газеты за 18 верасня 1939 года. Гэта зразумела: за дзень да гэтага савецкія войскі перайшлі мяжу СССР — Польшча. На першых старонках усіх цэнтральных выданняў была змешчана «Прамова» Старшыні Савета Народных Камісараў СССР Молатава 17 верасня 1939 года. У той прамове найбольшы інтарэс для нас маюць наступныя словы: «Ад Савецкага ўраду нельга... патрабаваць абыякавага стаўлення да лёсу адзінакроўных украінцаў і беларусаў, якія пражываюць у Польшчы і раней знаходзіліся на становішчы бяспраўных народаў, а зараз і зусім кінутых на волю выпадку. Савецкі ўрад лічыць сваім свяшчэнным абавязкам падаць руку дапамогі сваім братам-украінцам і братам-беларусам, што насяляюць Польшчу».

inx960x640_2_1.jpg


Прамову Молатава з вялікай зацікаўленасцю слухалі па радыё ў многіх беларускіх гарадах і буйных вёсках. Усе віталі вызваленчы рух Чырвонай Арміі ў Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь. 17 верасня 1939 года, паведамлялася ў друкаваным органе Саветаў дэпутатаў працоўных СССР газеце «Известия» ад 18 верасня, «на митинге в Минском мединституте, где собралось 1000 человек (нямала! — Л. Л.), с речью выступил профессор тов. Голуб: «Наша доблестная Красная армия, — говорил он, — с честью выполнит свою почетную задачу. Мы гордимся славными красными бойцами и командирами. Если потребуется, мы все, как один, наденем почетную форму воина Красной армии».
Матэрыялу пра мітынг у калгасе «Камінтэрн» (не верыцца, што ўсе яго працаўнікі ведалі сэнс гэтага слова. — Л. Л.) Краснапольскага сельсавета Магілёўскай вобласці рэдакцыя «Известий» дала загаловак «Красная армия несет освобождение трудящимся». Такога патрыятычнага кшталту загалоўкі характэрныя і для бальшыні іншых публікацый таго нумара, звязаных з 17 верасня. Занялі яны амаль дзве газетныя старонкі і мелі агульны загаловак: «Народы Советского Союза с огромным воодушевлением одобряют решение Правительства об оказании братской помощи населению Западной Украины и Западной Белоруссии».
Выступ Молатава не мог не выклікаць рэакцыі ва ўсім свеце. І выгадныя для СССР замежныя водгукі даволі часта змяшчаліся ў савецкім друку. Прычым кожны раз пачыналі з таго, што сыходзіла ад уладаў Германіі. Прыкладам могуць служыць «Известия» ад 20 верасня. З нямецкай газеты «Фелькішэр беабахтэр» прыводзіцца цытата: «Мы бязмежна вітаем рашэнне Масквы, якое абапіраецца на кроўную сувязь паміж насельніцтвам Усходняй Польшчы і прымежным з ім насельніцтвам саюзных рэспублік Беларусі і Украіны». З газеты «Монтаг» узята месца, у якім гаворыцца, «што Савецкі Саюз з факту распаду Польскай дзяржавы зрабіў цалкам правамерную выснову — абараніць уласнай сілай роднасныя яму нацыянальныя мяншыні ў Заходняй Украіне і ў Заходняй Беларусі».
Дарэчы, і сам Гітлер, выступаючы 20 верасня 1939 года ў Данцынгу сказаў: «Расія аказалася вымушанай увесці свае войскі для абароны ўкраінскага і беларускага народаў Польшчы». Толькі не зусім зразумела, дзеля абароны ад каго. Да поўнага захопу Польшчы Германіяй заставаліся лічаныя дні.
Звязаным з уступленнем Чырвонай Арміі ў Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь падзеям рэдакцыя «Правды» з сваіх шасці старонак прысвяціла амаль чатыры. Для публікацый за 18 верасня 1939 года былі характэрнымі загалоўкі ўзнёслага ваенна-патрыятычнага гучання: «Решения советского правительства — воля 170-миллионного народа», «Несокрушима наша сила, незыблемо наше единство», «Помочь угнетенным братьям — наш священный долг», «Одобряем мудрую сталинскую политику», «От всей души приветствуем решение Советского правительства» і інш. У чытача ад такіх публікацый стваралася ўпэўненасць, што паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь падтрымлівае ўвесь савецкі народ. Але ў тым нумары «Правды» адсутнічаюць матэрыялы з Беларусі: не мелася часу даслаць іх.

3xo2neck78s.jpg


Затое такога ўжо мы не сустракаем на старонках газеты за 19 верасня. На адной з іх — ажно пяць невялікіх публікацый з Беларусі! Коратка згадваецца, да прыкладу, пра мітынг пісьменнікаў, на якім прамовіў паэт-ардэнаносец Пятро Глебка. Яго варта працытаваць, бо нешта падобнае было і ў розныя гады гісторыі не толькі Заходняй, але і Савецкай Беларусі: «Звучная украинская речь, родной язык белорусского народа были загнаны в глубокое подполье (беларуская мова па сутнасці і сёння там гібее. — Л. Л.). Украинец и белорус не имели права вслух произносить свои мысли на родном языке».
Народны паэт БССР Якуб Колас выказаўся ў «Правде» па тэлеграфе. У процівагу невыносным здзекам польскай шляхты з беларусаў ён так асвятляе жыццё іх братоў у БССР: «Двадцать лет не знаем национального гнёта (масавых фізічных рэпрэсій 1937-1938 гадоў, Курапацкага пекла! — Л. Л.), панской неволи и издевательств и насилия человека над человеком». Што вымушала Якуба Коласа так хлусіць, сёння не з’яўляецца сакрэтам.
Пачынаючы з трэцяй дэкады верасня ў публікацыях сталі пераважаць матэрыялы, датычныя непасрэдна саміх падзеяў у Заходняй Беларусі. «Правда» ад 21 верасня змясціла дастаткова буйнога памеру фота, як воіны Чырвонай Арміі паблізу Вільні раздаюць жыхарам маскоўскія газеты. Паведаміла, як жыхары Наваградка і Баранавічаў радасна сустрэлі дзень вызвалення ад польскай няволі. На пытанне з Масквы, ці пачалі працаваць школы, быў дадзены адказ: «Польское правительство разогнало белорусские гимназии. Паны пытались затоптать белорусскую культуру, заставить народ забыть свой родной язык. С учителями-белоруссами, которые не хотели подчиняться этому подлому национальному угнетению, полиция беспощадно расправлялась. Теперь население просит нас организовать преподавание на родном языке. Мы создаем учительские курсы, помогаем педагогам подготовиться к преподаванию на белорусском языке. Впервые в классах школ Западной Белоруссии зазвучит родная речь. Учителя, школьники, их родители с нетерпением ждут дня, когда школы начнут работать». Як такога настрою не стае сёння!
Незвычайнай узнёсласцю вызначалася праведзеная 21 верасня тэлефонная размова паміж Стоўбцамі і Масквою. У гэты горад савецкія войскі ўвайшлі раніцаю 17 верасня. Маскве паведамілі, што ў той дзень на мітынгу ў гонар вызвалення прысутнічалі разам з вясковымі жыхарамі 15 тысяч чалавек. На пытанне Масквы, што новага адбылося за гэтыя дні, у першую чаргу была названа арганізацыя выдання газеты «Сцяг» на беларускай мове.
Неабходна адзначыць — і адзначыць, як пазітыўнае, — што бальшыня публікацый вызначалася вялікім жаданнем іх аўтараў паказаць, якім прыгнечаным было нацыянальна-культурнае жыццё беларусаў пад Польшчай, і якое шчасце для іх, што нарэшце яно адышло ў мінулае. У адной з публікацый «Правды» ад 23 верасня 1939 года чыгуначнік са Стоўбцаў казаў, што «его били только за то, что он говорил на белорусском языке». Будучы ў Стоўбцах, не мог абмінуць моўнага аспекту і карэспандэнт «Правды». Пра сустрэчу з жыхарамі ён паведамляў: «Люди в экстазе, говорят непрерывно, торопливо, будто спешат наговориться на родном белорусском языке». Ёсць з каго браць прыклад сённяшнім жыхарам Стоўбцаў.
Моўны аспект займаў такое важнае месца ў публікацыях з вызваленых раёнаў Заходняй Беларусі з-за моцнага, шчырага жадання людзей жыць цывілізавана, прыстойна ў роднай культурна-моўнай стыхіі. Каб тое было рэальным пры Польшчы, вызваленае з-пад яе ўлады беларускае жыхарства не рабіла б такога акцэнту на моўным фактары. Гэта было характэрным і для насельніцтва Ліды, куды савецкія войскі ўступілі 19 верасня. У размове па тэлефоне з карэспандэнтам «Правды» старшыня Лідскай часовай гарадской управы Калінін з радасцю прамовіў: «Какое это удовольствие, не шепотом, а полным голосом говорить на родном языке».
Звярнуўся да Масквы са словам, прычым беларускім, і член гэтага камітэта Караленка. Яны ў перакладзе гучалі так: «Я говорю сейчас с вами по-белорусски, а ведь раньше ни одна телефонистка не согласилась бы меня соединить по телефону, если бы я посмел к ней обратиться на родном языке. В школах, где раньше ксёндз линейкой вколачивал в ребячьи головы польскую речь, теперь будут преподавать на родном языке. Из Минска нам привезли белорусские учебники для школьников, книги наших писателей Якуба Коласа и Янки Купалы, стихи, которые столько лет мы боялись даже читать вслух. Большое сердечное спасибо за этот подарок».
Вось прыклад для сучасных беларусаў! Ад роднай мовы ў школе яны цураюцца, як ад чагосьці надзвычай агіднага. Праўда, маюць дастаткова падставаў: нулявая роля беларускай мовы ў афіцыйным жыцці краіны.Не толькі палітыкі, дзяржаўныя ідэолагі, але і многія сярэдняй рукі інтэлігенты, а то і шараговыя людзі і раней, і сёння выдатна разумеюць, што без нацыянальнай школы нельга не толькі забяспечыць нармальнага этнакультурнага развіцця народа, але нават гарантаваць і само яго існаванне. Гэта вельмі добра разумелі ўлады міжваеннай Польшчы, якія пакінулі беларусаў практычна без нацыянальных школ. Міністр гэтай краіны Скульскі не дужа памыляўся, калі абаронцам беларускіх школ заяўляў, што, як міне дзесяць гадоў пасля іх закрыцця «ў Польшчы нават са свечкай не знойдзецца ні аднаго беларуса».
З прыходам савецкай улады ў сферы адукацыі ўсё карэнным чынам змянілася. Ні за што з такой ахвотай і энтузіязмам не браліся людзі, як за стварэнне для сваіх дзяцей школ з беларускай мовай навучання. Напоўніцу выявілася такое і на Наваградчыне. У яе ўладаў былі ўсе падставы радавацца, што ўжо ў першым навучальным годзе ўдасца па ахопе беларускіх дзяцей нацыянальнай школай выйсці на такі ўзровень, які да гэтага ўлады Другой Рэчы Паспалітай забяспечвалі вучням польскага паходжання. У 1936 годзе на Наваградчыне на беларускай мове навучалася толькі 4% беларускіх дзетак. Усе астатнія школы працавалі на польскай мове. Найвялікшы парадокс: сёння ў сферы адукацыі Наваградчыны ўпэўнена і бесканкурэнтна займае руская мова. Працэс міжваеннай паланізацыі саступіў месца русіфікацыі, што з’яўляецца «несумніўнай заслугай» мясцовых уладаў.
Неўзабаве і паўднёва-заходняе Палессе выйдзе на ўзровень дэнацыяналізацыі навучальнага працэсу, што быў характэрны гэтай тэрыторыі ў апошнія гады існавання Польшчы. У 1936 годзе ў Палескім ваяводстве з агульнай колькасці агульнаадукацыйных школ беларускіх было толькі 5%. Усе астатнія школы вялі навучанне на польскай, хаця ў агульнай колькасці жыхароў гэтага ваяводства палякі складалі толькі 7-8%. Сёння ў паўднёва-заходнім Палессі прыкладна такі працэнт прыпадае на тых, хто навучаецца ў беларускіх школах.
Сферай адукацыі цяперашняя Беларусь шмат у чым нагадвае тую, што існавала ў міжваенны перыяд у Польшчы. У кожнай з іх на час утварэння незалежнай дзяржавы працавала дастатковая колькасць беларускамоўных школ. Але будучы ў першым і другім выпадках нелюбімымі ўладамі, іх з году ў год станавілася ўсё менш і менш. У 1936 годзе ў народных школах Польшчы толькі 2 тысячы беларускіх дзетак навучаліся на роднай мове. Беларусаў жа тады налічвалася ў гэтай краіне прыкладна 4 млн. чалавек. У наш час у краіне на кантынгент беларускамоўных агульнаадукацыйных школ прыпадае 10%. Прычына: такія школы тупіковыя, бо сярэднія спецыяльныя, вышэйшыя навучальныя ўстановы, грамадская дзейнасць людзей абслугоўваецца толькі рускай мовай. Дзяржава не праводзіць і не збіраецца праводзіць нацыястваральнай палітыкі ў сферы адукацыі.
На ўсё, што адбывалася ў верасні 1939 года ва «ўсходніх крэсах» Польшчы, была ў грамадзян БССР, мо толькі за рэдкім выключэннем, выразная пазітыўная рэакцыя. Таму з незвычайнай сілай праяўляў сябе савецкі патрыятызм, асабліва сярод моладзі. Прыкладам можа служыць зварот 11 выпускнікоў Беларускага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга інстытута фізкультуры ў Народны Камісарыят Абароны СССР з просьбай залічыць іх на пажыццёвую службу ў Чырвоную Армію.

Вітальнае слова інтэлігенцыі

Цудам ацалелыя ад крывавых савецкіх рэпрэсій беларускія паэты стараліся хутчэй выказаць у сваіх вершах вялікую падзяку ўраду СССР і асабіста Сталіну за вызваленне Заходняй Беларусі. Першы перакладзены на рускую мову беларускамоўны верш, прысвечаны вераснёўскім падзеям 1939 года, належаў маладому паэту Анатолю Астрэйку і называўся «Встреча». Адсутнасць такога кшталту вершаў Янкі Купалы, магчыма, тлумачыцца тым, што ў гэтыя дні ён знаходзіўся ў Закаўказзі.
Са зместу многіх газетных публікацый даведваемся пра вялікае жаданне грамадзян Савецкай Беларусі хутчэй усталяваць непасрэдныя кантакты са сваімі супляменнікамі з Заходняй Беларусі, што зусім не проста было здзейсніць. Давераснёўская дзяржаўная савецка-польская мяжа працягвала існаваць. Нягледзячы на такія неспрыяльныя ўмовы, усе творчыя работнікі БССР гарэлі жаданнем наведаць Заходнюю Беларусь. Неўзабаве пасля дзяржаўных і партыйных работнікаў пачалі наведваць Заходнюю Беларусь вядомыя дзеячы культуры і мастацтва. У «Правде» ад 22 верасня паведамлялася, што «уже выехали на фронт 3 бригады артистов Белорусской государственной эстрады. Завтра выезжает ансамбль песни и пляски Белорусской филармонии в составе 60 человек. Следом отправляется ансамбль народных инструментов Филармонии и группа артистов Большого государственного театра оперы и балета… Кроме того, в Западную Белоруссию выезжают пять колхозно-совхозных театров, в том числе Заславльский театр». Сапраўднае культурнае паломніцтва.
У жыхароў Наваградка вялікай папулярнасцю карысталіся выступленні артыстаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Да пачатку кастрычніка 1939 года больш за 25 тысяч чалавек наведала яе канцэрты.

Пытанне Вільні

З заканчэннем баявых дзеянняў газеты не спынялі знаёміць сваіх чытачоў з тым, што адбывалася ў верасні 1939 года ў Заходняй Беларусі. «Известия», да прыкладу, у нумары ад 4 кастрычніка цэлую старонку прысвяціла Беластоку. Але ні пра адзін горад Заходняй Беларусі не змяшчалася столькі матэрыялу ў перыядычным друку, як пра Вільню. І яна гэтага заслугоўвала, бо тут на працягу ўсяго часу знаходжання ў складзе Другой Рэчы Паспалітай актыўна праяўляліся беларускія нацыянальныя сілы, больш чым дзе на беларускай мове выдавалася кніг, часопісаў, газет, працавала навучальных устаноў. Улады Польшчы шмат зрабілі па вынішчэнні з жыцця гэтага горада адметнага для яго беларускага пачатку, але не знішчылі да канца. Ва ўсіх вераснёўскіх публікацыях Вільня па ўсёй справядлівасці характарызуецца як тыповы найбуйнейшы цэнтр беларускай культуры. І, каб узнікла пытанне, якому гораду Заходняй Беларусі быць яе сталіцай, у Вільні не знайшлося б сур’ёзнага канкурэнта.
З віленчукоў ніхто так радасна не вітаў прыход у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі, як інтэлігенцыя, бо мела цвёрдую надзею на запанаванне ў яго духоўным жыцці беларускага фактару, якому так шкодзілі польскія ўлады. 26 верасня 1939 года ў «Известиях» паведамлялася, што тут адбыўся сход інтэлігенцыі, на якім «директор музея А. Луцкевич рассказал о том, как польские власти пытались уничтожить белорусскую культуру».

12032356_524163174415024_223074156_n.jpg


Фактаў заяўляць такое ў яго было дастаткова. Літоўскае пытанне на тым сходзе не ўздымалася, прычына чаму агульнавядомая: непрыкметная грамадска-палітычная, культурная роля інтэлігенцыі гэтага народа ў жыцці Вільні. У ёй жыло мала літоўцаў, яны не мелі на сваёй мове ніводнай навучальнай установы, нічога з перыядычных выданняў.
Ужо ў пачатку кастрычніка 1939 года палова віленскіх агульнаадукацыйных школ будавала свой навучальна-выхаваўчы працэс на беларускай мове. На ёй выдавалася газета «Віленская праўда», працаваў адзін драматычны тэатр. У бібліятэкі горада вялікімі патокамі паступала з БССР літаратура на беларускай мове. А самае важнае, што яна з’яўлялася галоўным камунікатыўным сродкам віленчукоў-беларусаў, паўсюдна гучала ў грамадскіх месцах, не саступаючы польскай, не кажучы ўжо пра рускую.
Сапраўдным трыумфам беларускасці ў Вільні можна лічыць праведзены 7 кастрычніка 1939 года гарадскі мітынг на цэнтральнай плошчы. Сабралася 75 тысяч чалавек. Не ў прыклад польскім часам выступоўцы карысталіся і беларускім словам. Сведчаннем чаму цытата з «Известий» ад 8 кастрычніка: «Имеющий высшее образование, работавший до сих пор дворником Косрюкевич произносит горячую речь на белорусском языке».
Той агульнагарадскі мітынг трансляваўся ўсімі радыёстанцыямі СССР, і, значыць, беларускую мову чулі мільёны яго жыхароў. Гэты мітынг паказаны ў «Известиях» ад 10 кастрычніка на вялікім фотаздымку. Звяртаюць на сябе ўвагу такія словы на адным з транспарантаў: «Да здравствуют народы Белоруссии».То-бок, хапала падстаў меркаваць, што ў Вільню прыйшоў і пачаў умацоўваць пазіцыі сапраўдны Беларускі Рэнесанс. Недабіты ў міжваенны перыяд польскімі ўладамі беларускі пачатак стаў набіраць абароты. Аднак, непрадказальны лёс зусім інакш распарадзіўся Вільняй.

vilenskaja_prauda.png


Найбольш дасведчаная ў тым, што павінна было адбыцца ў бліжэйшы час паміж СССР і Літоўскай Рэспублікай, рэдакцыя «Правды» ўжо за 2 кастрычніка не згадвала на сваіх старонках пра Вільню як цэнтр беларускага нацыянальна-культурнага жыцця. Апошняя прысвечаная ёй публікацыя мела назву «Организация культурной жизни в Вильнюсе». Рабілася ў гэтым плане, паўторымся, нямала, прычым у духу беларусізацыі культурнага жыцця. З усім гэтым не палічылася Масква, і ў інтарэсах ваенна-стратэгічнай палітыкі СССР аддала гэты самы важны гістарычны цэнтр беларускага народа Літве.
Дапытлівы чытач не мог не заўважыць, што ў «Правде», а таксама іншых перыядычных выданнях з пачатку кастрычніка 1939 года сталі даволі часта з’яўляюцца публікацыі пра перамовы паміж СССР і Літвой. 10 кастрычніка «Правда» прысвяціла ім амаль усю першую старонку. На ёй былі змешчаны перадавы артыкул пад назвай «Советско-литовский договор». У адпаведнасці з ім Літве перадаваліся Вільня з Віленскай вобласцю. У гэтым дакуменце ані слова не знайсці пра Беларускую ССР, хаця гэтыя землі знаходзіліся ў яе складзе, што неаднаразова заяўлялася ў саюзным і рэспубліканскім друку. Для чаго заключаўся той дагавор, лёгка зразумець з наступнага сказу артыкула: «Этим договором с Литвой… Советский Союз обеспечивает безопасность своих границ и укрепляет еще больше свою оборону», у што ніяк нельга паверыць, бо ў складзе БССР Вільня ніколькі не горш забяспечвала б надзейнасць дзяржаўных межаў СССР.
Перадача Вільні і Віленскага краю Літве, несумненна, была абумоўлена выключна ваенна-палітычнымі прычынамі. Этнічнага фактару пад увагу не бралі, а каб узялі, не мелася б аніякай падставы ісці на такі валюнтарысцкі крок.
Пра задуму Масквы перадаць Вільню і Віленскі край Літве было ў курсе толькі дзяржаўнае, партыйнае кіраўніцтва БССР, у якім беларусы знаходзіліся на другарадных пасадах. Дый увогуле пра рэалізацыю многіх жыццёва важных пытанняў у агульнасаюзнага цэнтра не было звычкі весці размову з рэспубліканскімі органамі ўлады ці мясцовым насельніцтвам. Адзначым, што ў сродках масавай інфармацыі БССР зусім адсутнічалі матэрыялы аб рэакцыі яе кіраўніцтва на такое тэрытарыяльнае пераразмеркаванне. Адсутнічалі і публікацыі пра рэакцыю народа на тое, што адбылося 10 кастрычніка 1939 года ў Вільні, пра што багата пісалі ў саюзным і рэспубліканскім друку, як аб цэнтры культурнага жыцця беларусаў за Польшчай і пасля вераснёўскіх падзей 1939 года.
Абмяркоўваць, выказваць радасць ці незадаволенасць той перадачай можна было толькі ў вузкім коле блізкіх людзей. Такое даводзілася мне чуць ад дарослых, у тым ліку і ад свайго настаўніка Брылеўскага. Ён з вялікім аптымізмам, радасцю паказваў нам на самаробнай геаграфічнай карце, як, пачынаючы з 17 верасня 1939 года, з дня на дзень павялічвалася тэрыторыя БССР. А тут на табе — без дай прычыны адарвалі ад яе такі ладны гістарычна важны кавалак беларускай зямлі. Настаўнік толькі рукамі разводзіў.
Каб хутчэй надаць Вільні літоўскае этнічнае аблічча, сюды тэрмінова ў арганізаваным парадку з гарадскіх і вясковых населеных пунктаў Літвы завозіліся цэлыя сем’і. Дзякуючы такой міграцыі нарэшце і ў Вільні загучала літоўская мова. Беларусы ж горада — сваёй старажытнай дзяржаўнай сталіцы і культурнага цэнтра — паступова пачалі адыходзіць на задні план. Яны ажывіліся толькі ў гады фашысцкай акупацыі і, акрамя супраціўлення ўсталяваным парадкам, знаходзіліся ў далёка не сяброўскіх дачыненнях з мясцовымі палякамі.
Пішацца ўсё гэта без усялякага намеру выклікаць у беларусаў настальгію па Вільні. Тое, што па волі Масквы адбылося 10 кастрычніка 1939 года, не вярнуць назад. З такой несправядлівасцю неабходна мірыцца, ведаючы, што тэрытарыяльныя страты неслі і яшчэ будуць несці і іншыя народы. Беларусы павінны ўсё ж быць удзячнымі Літве за дазвол правесці ў яе сталіцы Вільні ўстаноўчы з’езд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» (24-25 чэрвеня 1989 года), за садзеянне актывізацыі нацыянальна-культурнага жыцця мясцовых беларусаў на мяжы ХХ-ХХІ стагоддзяў, шанаванне памяці нашага славутага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.

Вынясенне трунаў паўстанцаў з Віленскай катэдры 22 лістапада 2019 года. Фота Дзяніса Івашына

Вынясенне трунаў паўстанцаў з Віленскай катэдры 22 лістапада 2019 года. Фота Дзяніса Івашына


Беларусы павінны радавацца, што суседняя ім краіна нарэшце вызвалілася з-пад прыгнёту дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, развіваецца на ўласнай этнакультурнай аснове, не перашкаджае нашым супляменнікам захоўваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, якая знаходзіцца пад такой сур’ёзнай пагрозай у метраполіі.