Цішка Гартны. Быць ва ўсім першым

Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння Змітра Жылуновіча, выбітнага беларускага паэта і празаіка, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, больш вядомага ў беларускай культуры і пазнавальнага для нас па псеўданіме Цішка Гартны. Постаць выбітнага беларуса сёння ўзгадвае budzma.org.

«Цішка Гартны». 1982. Каляровы лінарыт Міхася Басалыгі

«Цішка Гартны». 1982. Каляровы лінарыт Міхася Басалыгі


Зміцер Жылуновіч быў з той плеяды беларускіх дзеячаў, што прыйшлі ў беларускую культуру праз палітыку. Адчуваючы свае сілы ў спробе змянення існага свету рэвалюцыйным шляхам, Жылуновіч спрабаваў мяняць гэткім жа радыкальным чынам і культуру.

dc5e18lp5lk0yq4h3yora0cmbk36m1l0.jpg

Нарадзіўся ён у сялянскай сям’і. Як і многія ў той час, зведаў нястачы, галечу і цяжкую працу. Змушаны перабівацца самымі рознымі і малапрыемнымі заробкамі, Жылуновіч спыніўся ў выніку на гарбарстве. Але гэта быў не адзіны яго спосаб зарабляць на жыццё.
Паводле ўласных згадак, пісьменнік яшчэ са школьнай лавы меў цягу да прыгожага пісьменства. Застаючыся пасля працы, ён нейкі час яшчэ пісаў, найперш вершы, а пасля і прозу. Чытаў свае першыя опусы сябрам, якія нібыта хвалілі літаратара-пачаткоўца.
Жылуновіч, паводле ягоных уласных успамінаў, доўгі час баяўся публікавацца. Параўноўваючы свае творы з апублікаванымі ў прэсе, ён бачыў іх недасканаласць. Але ўсё перавярнула газета «Наша Ніва», якая трапіла да яго ў рукі ўлетку 1908 года.
Беларускамоўны хлапец з Капыля, які ўжо паспеў пабадзяцца па свеце, пажыць у Кіеве, прыняць удзел у рэвалюцыі 1905–1907 гадоў, загарэўся ідэяй Беларускай справы. У сваіх успамінах Жылуновіч прыгадвае, што тутэйшыя арыстакраты і землеўласнікі, якія потым стануць для яго ворагамі, таксама выпісвалі «першую беларускую газэту з рысункамі».
Убачаная друкаванка з беларускай мовай перавярнула светапогляд маладога чалавека. Аказаваецца, можна не толькі пісаць, але і друкаваць свае вершы, прозу, публіцыстыку. І цябе будуць чытаць, крытыкаваць, разбіраць, абмяркоўваць. Напэўна, недзе ў той час і з’явілася ў Жылуновіча жаданне быць калі не першым, то адным з першых беларускіх дзеячаў.
З канца 1908 — пачатку 1909 года ён пачынае друкавацца на старонках «Нашай Нівы». Будзе таксама спрабаваць уладкавацца на працу ў рэдакцыю, для чаго нават прыедзе на нейкі час у Вільню, але супраца тая не складзецца. Ад таго часу цягам усяго свайго нядоўгага жыцця ён будзе імкнуцца сцвердзіцца ў тых лакунах, дзе меў хаця б нейкую цікавасць.

Рэдакцыя «Нашай Нівы»

Рэдакцыя «Нашай Нівы»

З часам, яшчэ ў «нашаніўскію» пару, аформіцца невялікая групка аўтараў, якія будуць выбівацца з агульнай каляіны. З аднаго боку, яны будуць мала чым адрознівацца ад астатніх, але з іншага — у іх вершах і прозе месцамі будзе праскокваць хай сабе і завуаляваны спадзеў на тое, што ў хуткім часе ўсё памяняецца. Вядома, яны хацелі б быць больш радыкальнымі, выказвацца напоўніцу. Але Аляксандр Уласаў, памятаючы аб забароненай «Нашай Долі», болей не хацеў ператвараць выданне ў выразна антыўрадавую і рэвалюцыйную ўлётку.
Пачынаючы, як і іншыя, гэтыя аўтары сцвярджалі ў сваёй прозе ды паэзіі смеласць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Яшчэ ў 1909 годзе ў апавяданні «Думкі беларуса» Зміцер Жылуновіч пісаў:
«Жыццё мае гэткую сілу, гэткае лякарства, што яно заўсёды вылечвае ад застарэўшае хваробы... Мы павінны спадзявацца, што ўжо не за гарамі тая пара, калі і наша Беларусь стане на той самай ступені развіцця, на якой стаяць і суседнія старонкі, да якога падняліся і братнія нам народы — славяне, як украінцы, чэхі, велікарусы, палякі і д. р.; што скора з’явіцца і к нам цёплая жывіцельная вясна, прыедзе вясёлай, маладой, на светлым белым кані — адраджэнні — і разам растопіць халодны лёд, што аблёг шчыльна змучанае цела нашае родзіны. Беларусь прачнецца і зажыве, як другія народы і староны, — новая, свежая, маладая! Эх, праўда! Ці ж не чуваць, як ужо пяе першы жаваранак ідучага адраджэння?! Ці ж не заметны пучкі свету, што падаюць на смуглы твар нашае Беларусі?...»
З той пары міне ўсяго нейкіх 5 гадоў і Цішка Гартны стане ўплывовай фігурай. Пакуль яшчэ не нароўні з небажыхарамі беларускага Алімпа, але ўжо вельмі блізкім да іх. Маладзейшы за Янку Купалу і Якуба Коласа на нейкія 5 гадоў, ён цягам усяго жыцця будзе паважліва ставіцца да іх.
Імкнучыся даказаць сваё першынство, Жылуновіч возьмецца за «Сокі цаліны» — сапраўды эпічны твор, напісаны з 1914 па 1929 год, які складаецца з сотняў старонак, змешчаных у чатырох «квадрах» — самастойных кнігах, што распавядаюць нам аб жыцці моладзі ў першай палове ХХ стагоддзя. Эвалюцыя ў творы ад звычайнага мястэчка і да гарадскіх заводаў.

Рукапіс першай квадры рамана «Сокі цаліны». Фота: wikipedia.org

Рукапіс першай квадры рамана «Сокі цаліны». Фота: wikipedia.org


ggvefx33dfh74stj0wmeiv7ktx1fw4t6.jpg

Пэўна, Жылуновіч і сам не думаў, што створыць менавіта такі маштабны твор. Бо, без лішняга пафасу, гэтая тэтралогія прэтэндуе на статус першага беларускага рамана. І варта адзначыць, што калі ён пачынаў яе пісаць, найноўшая беларуская літаратура такога нават і не мела. Згадайце самі пачатак 1910-х гадоў — гэта час, калі з’яўлялася нешта беларускае з абавязковым дадаткам «першы»: першая беларуская паэма, першая беларуская п’еса, першая беларуская вечарынка і гэтак далей. Жылуновіч яўна хацеў тут сцвердзіцца, пішучы свой твор — першы беларускі раман.
У 1916 годзе ён запачаткаваў выданне першай савецкай газеты на беларускай мове «Дзянніца». Да гэтага выданняў падобнага характару, якія рабіліся б беларусамі і для беларусаў, не было. Жылуновіч выпускаў газету ў тым ліку і на свае грошы, таму выходзіла яна нерэгулярна, а на яе старонках збольшага друкаваліся творы, напісаныя або ім самім, або ягонымі аднадумцамі. Што па тым часе не было навіной.
Разам з паплечнікамі ён прымаў удзел у працы Беларускай сацыялістычнай грамады. І тое зусім нядзіўна, калі ўлічыць палітычную праграму гэтай арганізацыі. Бо, з аднаго боку, яна выступала за сацыяльную справядлівасць, класавую барацьбу і нават рэвалюцыю, а з іншага, не забывалася і на вырашэнне нацыянальных пытанняў. То-бок была беларускай паводле свайго духу.
Менавіта там і пачне канчаткова афармляцца тое кола, якое потым, у студзені 1919 года, абвесціць Савецкую Беларусь, а ў 1920-я гады павядзе працэсы «беларусізацыі». І Зміцер Жылуновіч будзе зусім не апошнім чалавекам у тым асяродку.
Ён не толькі вызавецца ўзначаліць першы «беларускі» ўрад, але таксама і напіша «маніфест», які абвяшчаў стварэнне ССРБ. У гэтым плане цікавы момант: маніфесты ў той час былі ў трэндзе, іх пісалі літаратурныя аб’яднанні, палітычныя партыі імі аб’яўлялі з’яўленне новых дзяржаў.
Дык вось, наш «Маніхвэст» быў створаны ўласнаручна Змітром Жылуновічам, а Іосіф Сталін унёс у яго толькі некаторыя карэктывы.

yhmi24iru7p2r8k38ne2z1caf9k7x2t5.jpg

Таксама варта адзначыць, што частка камуністаў у тым урадзе, якая стаяла на прабеларускіх пазіцыях, была колькасна меншай, чым частка інтэрнацыяналістаў з Аблвыкамзаха.
Наогул у ССРБ будзе па першым часе даволі цяжка, бо будзе банальна бракаваць адукаваных кадраў, якія б былі гатовыя працаваць на яе карысць. Менавіта таму пасля так званага другога абвяшчэння рэспублікі ў ліпені 1920 года бальшавікі пайшлі на пэўныя саступкі для нацыянальнай інтэлігенцыі і гатовы былі да супрацы не толькі з лаяльнай інтэлігенцыяй, але і з так званымі «папутчыкамі» і нават выразнымі антысаветчыкамі.
Жылуновіч у гэты момант зрабіўся ўжо аўтарытэтам. Яго фотаздымкі, згадкі аб ягоным жыцці, агляды ягоных твораў можам сустрэць у выданнях, якія цяжка западозрыць у любові да бальшавікоў і хоць бы якіх сімпатыях да камуністычных ідэй. Зміцер Жылуновіч і Цішка Гартны, якія да гэтага былі адным чалавекам, зажылі самастойным жыццём.

Зміцер Жылуновіч з сям’ёй

Зміцер Жылуновіч з сям’ёй

Прыклаў сваю руку Жылуновіч і ў навуковай сферы. У 1922 годзе не без ягонага ўдзелу паўстаў Інстытут беларускай культуры, які ў канцы дзесяцігоддзя будзе рэарганізаваны ў Акадэмію навук. Дзякуючы яго дбанням таксама развівалася і архіўная справа на Беларусі, якая таксама бярэ пачатак у гэтым годзе.
Жылуновіч займаўся і кнігавыдавецкай справай. Цэлы год — з жніўня 1921-га да восені 1922-га — ён знаходзіўся ў Берліне. Там друкаваў беларускія кнігі, бо ў Савецкай Беларусі банальна не было магчымасцей. І тут варта адзначыць, што сам працэс цягнуўся вельмі марудна, бо грошы, якія выдзяляліся на гэтую справу, былі яшчэ царскімі і падлягалі абмену. Але Зміцер Хведаравіч справіўся і з гэтай задачай.
Спрычыніўся ён і да заснавання часопіса «Полымя», першы нумар якога пабачыў свет у самым канцы 1922 года. Гэта было вельмі амбітнае па тых часах выданне, рэдакцыя якога брала на сябе вялікую адказнасць. На яго старонках друкаваліся не толькі літаратурныя творы, але таксама і навуковыя артыкулы, давалася хроніка культурніцкага жыцця па Савецкім Саюзе і ў замежжы. Доўгі час, дарэчы, у выдання не было афіцыйнага рэдактара.
На яго старонках можна ўбачыць не толькі літаратурныя творы, але таксама і публіцыстыку Жылуновіча. Падобна на тое, што ён і праўда бачыў два бакі беларускага руху: «рэакцыйны», той, што згуртаваўся вакол БНР, і «рэвалюцыйны», які падтрымаў ідэю абвяшчэння Савецкай Беларусі.
Але марна думаць, што Жылуновіч быў бяздумным правадніком лініі партыі. Цягам усяго палітычнага жыцця ў яго былі праблемы: яго арыштоўвалі на Першым Усебеларускім з’ездзе ў 1917 годзе, яму давялося выязджаць у Харкаў у час абвяшчэння ЛітБела, ён трываў некалькі партыйных чыстак.
Агулам водападзел на «левых» ды «правых», пэўна, варта пакінуць таму часу, калі ён быў насамрэч актуальны. З нашых дзён на тыя падзеі трэба глядзець з такім падыходам: што канкрэтна зрабіў для сваёй краіны і народа той ці іншы персанаж, адкідаючы пры гэтым ягоныя звады з кімсьці іншым. Бо тычацца яны хіба што даўно мёртвых людзей.
З канца 1920-х ён больш не будзе займаць ніякіх заўважных пасад. Яго яшчэ будуць друкаваць, але некаторым спрытным крытыкам можна ўжо будзе папракаць пісьменніка ў памылках, недастатковай шчырасці і іншых, падобнага кшталту, грахах. Ён будзе спрабаваць сцвердзіцца ў новай рэчаіснасці 1930-х, нават напіша раман аб калектывізацыі «Перагуды», аднак поспеху гэта не прынясе.
Адметна, што ніякіх хваласпеваў Сталіну ён так і не склаў. Ні ў вершах, ні ў прозе, ні ў публіцыстыцы.
Жылуновіча арыштуюць, пасадзяць за краты, дзе ён страціць розум. А затым перавядуць у псіхлякарню пад Магілёвам, дзе ён і скончыць свой шлях вясной 1937 года. Пазней будзе і рэабілітацыя, але аб паўнацэнным вяртанні ў культурную прастору яго імя за савецкім часам гаварыць не выпадае. Яно абудзецца толькі ўжо ў незалежнай Беларусі.

Помнік Цішку Гартнаму ў Капылі

Помнік Цішку Гартнаму ў Капылі


Жыццё Змітра Жылуновіча — добры прыклад таго, як беларускія дзеячы імкнуліся рэалізаваць свае амбіцыі не толькі на ўласную карысць, але і для дабрабыту ўсяго народа.