«Дамы, як запалкі, гарэлі»

Падчас сваіх экспедыцый па месцах, дзе ў 1920–1930-я гады праходзіла савецка-польская мяжа, часам мне шчасціць: я трапляю на сведкаў той эпохі. Так было і ў вёсцы Каменец Мінскага раёна, дзе мне параілі паразмаўляць з ветэранам Другой сусветнай вайны Пятром Сцяпанавічам Булдом, які нарадзіўся ў 1923 годзе.

Савецкі бамбавік ДБ

Савецкі бамбавік ДБ

Жахі чэрвеня 1941-га

«Пра тую мяжу я мала ведаю, бо ў нас пра яе звычайна не гаварылі. Тэма, як сёння кажуць, закрытая. ДАКі тут будавалі на выпадак вайны, а як немцы напалі, дык нашы не змаглі іх стрымаць на даваенным кардоне. Да вайны я паспеў закончыць школу ў Рогаве. Сям’я ў нас вялікая была. Старэйшага брата ў 1938 годзе прызвалі ў Чырвоную Армію. Потым ён служыў на мяжы з Румыніяй, у Бесарабіі. У 1940-м СССР гэтую тэрыторыю далучыў, а потым там войска трымаў на выпадак вайны. Увосень 1941-га брат ужо павінен быў вярнуцца дадому, але немцы напалі на Савецкі Саюз. У першыя дні нашае камандаванне накіравала бамбавікі, каб тыя разбамбілі нямецкія калоны, якія ішлі на Мінск. А самалёты тыя вялікія, з чырвонымі зоркамі на крылах, без прыкрыцця знішчальнай авіяцыі ішлі. Вось адзін з іх тут, побач, і збілі. Нямецкія знішчальнікі яго над вёскай дагналі і пачалі абстрэльваць. Хутка савецкі самалёт задыміў, загарэўся. У агароды за вёскай упаў. Выбух быў моцны. Аскепкі ад самалёта паўсюль ляжалі. Экіпаж машыны складаўся з чатырох пілотаў. Два з іх загінулі — ім помнік у вёсцы стаіць. Трэці пілот паранены на парашуце спусціўся. Яго яшчэ ў паветры немец “расстрэльваў”. Таго параненага падабралі жыхары вёскі Латыгаўка. Пазней ён у партызаны сышоў. Чацвёрты таксама быў паранены, але ўратаваўся і збег у лес», — расказвае ветэран.


Сапраўды, у цэнтры Каменца стаіць помнік савецкім пілотам капітану Афанасію Дворніку (штурман, старшы палітрук) і старшаму сяржанту Сяргею Зуеву (стралок-радыст). Датай гібелі пазначана 29 чэрвеня 1941 года. Збіты савецкі бамбавік уваходзіў у склад 60-га хуткаснага бомбавага авіяпалка. У склад экіпажа таксама ўваходзілі камандзір, старшы лейтэнант Уладзімір Сашыхін, і паветраны стралок, сяржант Зміцер Янаў.

Тут у 1941 годзе разбіўся савецкі бамбавік

Тут у 1941 годзе разбіўся савецкі бамбавік

У адным з архіўных дакументаў адзначаецца, што «29 чэрвеня 1941 года экіпаж бамбавіка ўдзельнічаў у штурмоўцы варожых танкаў, бронемашын і грузавікоў. Пры выхадзе з атакі на самалёт тав. Сашыхіна напалі знішчальнікі праціўніка і падпалілі яго. Сам Сашыхін атрымаў лёгкае раненне ў правую нагу і галаву». Гэта і быў той пілот, што ўратаваўся ў лесе. Потым лейтэнант перайшоў лінію фронту і працягваў ваяваць у вайсковай авіяцыі. У 1957 годзе капітан запасу Уладзімір Сашыхін за мужнасць быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. А цяжкапараненым пілотам быў стралок-радыст Зміцер Янаў. Жыхар вёскі Латыгаўка Кандрат Алгалевіч знайшоў лётчыка з перабітымі нагамі і схаваў яго ў сваёй хаце. Пазней Зміцер выйшаў на сувязь з мінскім падполлем, трапіў у канцлагер, збег адтуль і вайну скончыў у савецкай пяхоце.

Брацкая магіла ў Каменцы

Брацкая магіла ў Каменцы

Акупацыя

«Хутка прышлі немцы. Нашу вёску быццам “любілі” пілоты і самалёты. У 1942-м побач з Каменцам прызямліўся нямецкі борт. Ён ляцеў у Мінск, але з-за недахопу паліва немцы вырашылі прызямліцца. У той час у гэтых мясцінах ужо пачалі з’яўляцца першыя партызаны. Яны ўбачылі, што немцы прызямліліся, але пабаяліся браць у палон варожых пілотаў. А немцы пайшлі ў вёску і пачалі прасіць жыхароў, каб тыя завезлі іх у Казекава, дзе быў нямецкі гарнізон. Як зараз памятаю крычалі: “Gibt es ein Pferd?” (Ці ёсць конь?).

Да нас заходзілі, а я ў школе нямецкую вучыў, дык разумеў, пра што яны прасілі. Партызаны ўсё ж прыйшлі ў вёску, пачалася страляніна. Але пілоты збеглі. Усё, што змаглі зрабіць “народныя мсціўцы”, дык толькі спаліць нямецкі самалёт. Праз пару дзён над вёскай зноў з’явілася нямецкая крылатая машына і доўга круцілася над месцам, дзе стаялі парэшткі знішчанага раней самалёта, а потым немцы скінулі ўлёткі, у якіх пазначалася, што па загадзе нямецкага камандавання вёска, дзе жыхары аказваюць дапамогу партызанам, разам з жыхарамі будзе спаленая. Мы, зразумела, ногі ў рукі, — і ў лес. Там пабудавалі зямлянкі, забралі з вёскі ўсё, што маглі. А немцы што зрабілі? Накіравалі бамбавікі на вёску. Тыя зайшлі на яе — і ўздоўж галоўнай вуліцы скінулі фугасныя бомбы. Дамы, як запалкі, гарэлі. Тады вось і наш дом згарэў. А партызаны маглі тыя самалёты з крыжамі нават з вінтоўкі збіць, бо яны нізка ляцелі. Але замест гэтага яны пахаваліся. Дзве зімы з 1942 па 1944 год нашая сям’я жыла ў лесе», — кажа Пётр Сцяпанавіч.

Брацкая магіла ў Каменцы 

Брацкая магіла ў Каменцы 

У Чырвоным войску

У ліпені 1944 года савецкая армія вызваліла Мінск. «У нас, маладых, была нянавісць да немцаў. Шмат яны тут нарабілі кепскага. Брат мой старэйшы на той момант загінуў на фронце. Іншага брата, які да вайны быў вялікім начальнікам у Заслаўі, немцы расстралялі. То мне хацелася ісці на фронт і помсціць немцам. Я не чакаў позву. Праз вёску праходзіла савецкае вайсковае злучэнне. Я туды, у яго шэрагі, разам з іншымі аднавяскоўцамі і запісаўся», — узгадвае суразмоўца.

Ва ўзнагародным лісце Пятра Булды, які захоўваецца ў архіве Міністэрства абароны Расіі, адзначаецца, што беларус быў мабілізаваны 3 ліпеня 1944 года. У складзе 77-га стралковага палка 79-й гвардзейскай дывізіі 3-га Беларускага фронту жыхар Каменца дайшоў да Вільні.

«Немцы беглі. Мы за імі. Памятаю, гэта ўжо была тэрыторыя Літвы. Немцы ўзмацніліся і трымалі абарону. Перапраўляліся праз Нёман, а там нямецкая авіяцыя наляцела. Жорстка бамбілі. Людзі, коні, тэхніка — усё ўшчэнт пабілі. Потым пачаліся баі за літоўскую сталіцу», — кажа Пётр Булда.

Ігар Мельнікаў размаўляе з Пятром Булдом

Ігар Мельнікаў размаўляе з Пятром Булдом

Жаўнеры вермахта трымаліся да апошняга: абстрэльвалі падраздзяленні савецкага войска з артылерыі і мінамётаў. Падрыхтавалі значную колькасць доўгатэрміновых агнявых кропак. Супраць немцаў савецкае камандаванне кінула ўчорашніх беларускіх сялян, якім вайсковай навуцы прыходзілася вучыцца непасрэдна ў баі. «Мы ў атаку пайшлі з вінтоўкамі, у доўгіх шынялях. Ляжым у брудзе, а немцы мінамі абкладаюць. Па сёння памятаю той свіст, з якім ляцелі міны. Жудасна! Адзін аскепак прыляцеў мне ў галаву. Я ў касцы быў, дык аскепак прабіў яе ззаду. Кроў, бруд, у вачах пацямнела, рукі адняліся. На маё шчасце, побач нашы мінамётчыкі былі. Гэтыя хлопцы мяне перавязалі, паклалі ў акоп. Вакол выбухі, і зямля ў гэты акоп сыплецца. Тады падумаў, вось зараз мяне тут зямлёй прыкрые, хоць вароны не будуць мной частавацца. Потым страціў прытомнасць, і прачнуўся толькі пад вечар. Памятаю, мае аднапалчане казалі, што бой увесь дзень ішоў, шмат параненых і забітых было.

Мне паказалі накірунак і сказалі ісці ў бок медсанбата. Але там па дарозе быў узгорак, дык яго немцы з кулямёту прастрэльвалі. Таму прыйшлося паўзці. Дапоўз, а там накіравалі на аперацыйны стол. Ох, гэтыя самалёты ў маім жыцці вялікую ролю адыгрывалі. Ляжу я ў шпіталі, а тут зноў нямецкая авіяцыя прыляцела і пачала бамбіць. А праз паўмесяцы фронт далей пайшоў, а мяне накіравалі ў Маскву, у шпіталь 4012. Там чарговая аперацыя. А потым і вайна скончылася», — гаворыць Пётр Сцяпанавіч.

Узнагародны ліст Булды

Узнагародны ліст Булды

З узгаданага вышэй узнагароднага ліста мы даведаліся, што беларуса цяжка паранілі 19 ліпеня 1944 года. Атрымліваецца, праз 16 дзён пасля ўключэння ў склад дзеючага войска. Жудасна нават уявіць, колькі такіх маладых беларусаў тады назаўсёды засталіся ляжаць на палях Беларусі, Літвы, Польшчы, Усходняй Прусіі...

Дадому жаўнер вяртаўся інвалідам. У жніўні 1945 года ў Заслаўі Пятру Булду ўручылі медаль «За баявыя заслугі». Пазней франтавіка накіравалі на курсы настаўнікаў у Мацкі. Пасля іх Пётр Сцяпанавіч працаваў у пачатковай школе. «Выкладаў на беларускай мове. Тады ў вёсцы ўсе на ёй гаварылі. Увогуле, мне гэтая прафесія спадабалася. Завочна паступіў у Мінскі педінстытут імя Максіма Горкага. Пазней перавялі ў школу ў Шаршунах, дзе я і працаваў да пенсіі», — кажа наш суразмоўца.

Зараз ветэранаў і непасрэдных сведкаў падзей Другой сусветнай вайны ўсё менш і менш. Застаюцца апошнія відавочцы тых, вельмі цяжкіх для Беларусі і беларусаў часоў. Таму надзвычай важна захаваць іх гісторыю, занатаваць іх лёсы: з такіх гістарычных мікралетапісаў і складаецца гісторыя Беларусі.