Дзе ў Мінску захоўваецца памяць пра беларускіх татараў?
Яшчэ напачатку 1960-х гадоў у сталіцы на месцы сённяшняга фантану ля гасцініцы «Юбілейная» можна было ўбачыць мячэць, а там, дзе цяпер каля сучаснай мячэці раскінуўся Татарскі сквер, — мусульманскія могілкі. Разам з мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім мы прайшліся па сучасным Мінску ў пошуках памяці пра беларускіх татараў.
Адкуль на нашых землях ліпкі
Сёлета споўніцца 700 гадоў з першай згадкі пра ўдзел мусульманаў у нашай гісторыі. У 1319 годзе (дата вагаецца да 1322 года) вялікі князь Гедымін запрасіў да сябе швадрон татараў, якія дапамаглі яму ў бітве з крыжакамі.
Гэты хаўрус вельмі шанаваў і вялікі князь Вітаўт. Хан Тахтамыш, калі прайграў гульню за залатаардынскі пасад, папрасіў у Вітаўта прытулку, і той яго даў — такім чынам татары пасяліліся ў Лідзе. Больш за тое, унук старасты Лідскага замка Хаджы Гірэй, які нарадзіўся і вырас тут, пасля стаў першым ханам Крыма і пачынальнікам крымскай дынастыі Гірэеў.
Аднак самая вялікая колькасць мусульманаў трапіла на нашы землі ў час бітвы пад Клецкам 1506 года. Гэта былі каля 30 тысяч палонных, чыіх супляменнікаў разбіў князь Глінскі. Большасць з тых палонных аселі ў Клецку, многія перабраліся ў Мінск і іншыя гарады і мястэчкі.
Першае ж мусульманскае паселішча ўзнікла на мяжы XIV — XV стагоддзяў на рацэ Ласосне блізу Гародні — зноў жа, з дазволу Вітаўта. Гэтае паселішча захоўвалася да 1930-х гадоў.
— Сам тэрмін «татары» ў дачыненні да нашых мусульманаў не зусім карэктны, — зазначае Сяргей Харэўскі. — Ён прышчапіўся ў часы Расійскай імперыі. У ХІХ стагоддзі ў Расіі татарамі называлі ўсіх мусульманаў. Самі яны аддавалі перавагу, каб іх называлі проста мусульманамі. Іншыя ж мусульмане традыцыйна называлі іх «ліпкі». «Ліпа» — гэта скажонае цюркскае «Літва». Адпаведна, татараў, якія жылі ў нас, на Літве, называлі ліпкамі.
Татары асацыяваліся перадусім з перасоўным ладам жыцця. Але нашы мусульмане паходзілі з ваяроў і атрымлівалі шляхецтва, таму, быўшы асабіста вольнымі і жывучы ў краіне з Магдэбургскім правам, лічылі сябе вышэйшымі за качэўнікаў з Прычарнамор’я ці Паволжа.
Што лучыць Шабаны і Луцкевічаў?
Захаваліся дакументы, датаваныя 1596 годам, калі мінскі татарскі стараста Салейман прасіў у вялікага князя Аляксандра дазволу забраць пад мячэць нікому не патрэбную пустую Пятніцкую царкву, што знаходзілася ў прадмесці Мінскага замка, якое знялюдзела ў выніку халеры. І князь дазволіў. З таго часу вядзецца непарыўная гісторыя мусульманаў у Мінску. А пераробленая ў мячэць царква Святой Параскевы Пятніцы стаяла менавіта там, дзе цяпер размешчаны фантан ля гасцініцы «Юбілейная». Стаяла яна тут (вядома, перабудаваная) да пачатку 1970-х гадоў, але пра гісторыю яе знішчэння — пазней.
Цяпер у Мінску хіба людзі сталага веку ўзгадаюць, што вуліца Дзімітрава раней называлася Вялікай Татарскай, а ў адным з захаваных будынкаў па вуліцы Вызвалення з 1921 па 1928 гады была татарская школа. Сёння акурат па цэнтры колішняга Татарскага прадмесця чорным зубам узвышаецца будынак гандлёвага цэнтру «Галерэя Мінск».
Канкрэтных матэрыяльных сведчанняў, звязаных з гісторыяй мінскіх татараў, бадай, ужо і не знойдзеш. Але засталіся месцы. Напрыклад, раён цяперашняга гатэлю «Вікторыя» некалі быў вёскай Бесмяялаўкай (Бясмілаўкай, Бесіялаўкай, Байсалаўкай), вядомай з XVII стагоддзя. Яшчэ літаральна дзесяць гадоў таму ў бок сучаснага Парка Перамогі вялі два Бесіялаўскія завулкі. Апошнія дамы гэтай вёскі, паходжанне якой наўпрост звязана з татарамі, зніклі менавіта падчас добраўпарадкавання парка.
А гісторыя гэтага месца такая. У 1703 годзе ўрочышча Бесіялаўка набыў ксёндз Круковіч для мінскага мужчынскага кляштару бенедыктынцаў. Пазней таксама быў прыкуплены фальварак Кальварышкі, дзе сёння знаходзіцца будынак выставачнага комплексу «БелЭкспа». Разам гэтыя тэрыторыі ў ХХ стагоддзі пачалі звацца Весялоўкай, і гэты тапонім мінчукі памятаюць да сёння. Назва ж Бесіялаўка паходзіць з цюркскай мовы і ў перакладзе азначае ціхі, спакойны.
У нашых краях, паводле даўняй традыцыі, Спакойнымі называюць вуліцы, якія вядуць на могілкі. І менавіта вёска Бясмілаўка пралягала на шляху да мусульманскіх могілак — мізару. Вусная ісламская традыцыя кажа, што могілкі мусяць знаходзіцца ад жылых месцаў на адлегласці пяці крыкаў пеўня. Праўда, як вымераць гэтую адлегласць, ніхто не ведае. Тым не менш мінскі мізар, які ўзнік напрыканцы XVI стагоддзя, знаходзіўся досыць далёка ад гарадскога тлуму.
Цікава, што сённяшні праспект Пераможцаў на адрэзку ад мосту да вуліцы Мельнікайтэ насіў назву Малататарская вуліца. Гэта была частка Татарскага прадмесця, у якім былі і вуліца Замячэтная, і завулак Магаметанскі, а таксама вуліца Амуратарская, якая існуе і цяпер. Назва гэтая ўтворана ад асабістага імя Амурат, маёнтак якога, верагодна, тут знаходзіўся.
Калі казаць пра назвы, то і знакамітыя Шабаны маюць таксама ісламскае паходжанне: Шабан — восьмы месяц мусульманскага календара, які папярэднічае свяшчэннаму месяцу посту Рамадан. Адпаведна, прозвішчы Шабанаў, Шабановіч і падобныя паходзяць з мусульманства. Ці яшчэ адна сталічная назва: мікрараён Масюкоўшчына. Яна паходзіць ад імя Мусы Сяліцкага, татарскага старасты, які пераняў гэты маёнтак ад свайго дзядзькі Абрагама.
Дарэчы, з прозвішчамі тая ж гісторыя. Мноства, здавалася б, абсалютна беларускіх прозвішчаў маюць мусульманскія карані: Александровіч, Адамовіч, Крыніцкі, Канапацкі, Палтаржыцкі, Багушэвіч, Багдановіч, Бахарэвіч, Дашкевіч, Луцкевіч, Смольскі, Сяліцкі… Такім чынам, аказваецца, менавіта мусульмане падарылі нам мноства выбітных асобаў.
Вера — мусульманская, мова — беларуская
Самая вялікая колькасць мусульманаў на тэрыторыі Беларусі прыпадае на канец XVI стагоддзя: каля 100 тысяч. Гэтая лічба выводзілася з ваяроў, якія выпраўляліся ў рушэнне, — а ўсе яны, гаворачы сучаснай мовай, былі ваеннаабавязаныя.
На нашых землях мусульмане мелі асабістую волю, атрымлівалі шляхецтва, маглі насіць зброю, і нават абіраць караля. За жонак яны бралі сабе мясцовых жанчын-хрысціянак. Ужо згаданы князь і кароль Аляксандр дазволіў гэта, як і выхаванне дзяцей у сваёй веры, пры ўмове, што ваяры-мусульмане будуць аднажонцамі. Такім чынам у другім пакаленні яны ўжо былі мецісамі, вера ў іх была бацькава, а мова — матчына, тутэйшая.
— Таму мусульмане пачалі пісаць па-беларуску арабскімі літарамі. Яны прыдумалі дадатковыя знакі — ц, ч, дз і іншыя. У арабскай традыцыі гэта чыста фанетычны прынцып: як чуецца, так і пішацца. Дзякуючы гэтаму кітабы — арабскія кнігі, пісаныя па-беларуску, — проста бескаштоўныя для лінгвістаў: праз іх можна пачуць, як гучала наша мова, не абцяжараная правіламі лаціны ці кірыліцы, у XV, XVI, XVII стагоддзях, — кажа Харэўскі.
З пачаткам Контррэфармацыі і абвастрэннем адносін з Асманскай імперыяй беларускія мусульмане сталі адчуваць ціск. Ім нельга было займаць камандзірскія пасады ў войску, мінарэты мячэцяў не маглі ўзносіцца вышэй за храмавыя крыжы, не дазвалялася мець прыгонных-немусульманаў. Таму частка беларускіх татараў эмігравала ў Асманскую імперыю, а частка хрысціянізавалася — тыя ж Луцкевічы, Багушэвічы, Багдановічы...
Добрыя суседзі, руплівыя гаспадары, ахвяры рэпрэсій
Паколькі на Беларусі мусульмане плацілі за шляхецкія вольнасці ўласным жыццём, бо мусілі ўдзельнічаць у вайсковых кампаніях, то лічыліся людзьмі мужнымі і надзейнымі. А паколькі ім было забаронена мець прыгонных-немусульман, то жылі яны з плёну ўласнай працы, да таго ж не пілі, не чынілі гвалту, — карацей, былі ідэальнымі суседзямі. Больш за тое, падчас Другой сусветнай вайны многія нашы мусульмане сталі Праведнікамі народаў свету.
Многія ведаюць, што Татарскае прадмесце ў Мінску называлася яшчэ і Татарскімі агародамі. І сапраўды, мусульмане вырошчвалі шмат садавіны і гародніны. Сяргей Харэўскі тлумачыць гэта так: калі ўстаў для намазу за 15 хвілін да ўзыходу сонца, памаліўся — не класціся ж зноў спаць. Можна пайсці прапалоць агарод. І пакуль суседзі толькі прачынаюцца, у мусульманіна ўжо ўсё праполатае і палітае. Дзе ж тут не быць добраму ўраджаю? Таму, калі ў Мінску замацавалася савецкая ўлада, на месцы Татарскіх агародаў у 1921 годзе бальшавікі стварылі саўгас «Чырвоны агароднік». Ён займаў тэрыторыю ад цяперашняга Палаца спорту да былых Байсалаўскіх завулкаў.
Але займаліся мусульмане ў часе паміж войнамі не толькі агародніцтвам. Яны былі выдатнымі гарбарамі (выраблялі скуру), кушнерамі (футра), рымарамі (майстравалі збрую для коней).
У часы Расійскай імперыі большасць беларускіх мусульманаў здолела пацвердзіць сваё шляхецтва, бо амаль усе яны былі землеўласнікамі. З пачаткам Грамадзянскай вайны многія з іх абралі супрацьлеглы бальшавікам бок, і таму былі рэпрэсаваныя.
— Нашы мусульмане сталі першай ахвярай бальшавіцкіх рэпрэсій паводле нацыянальнай прыкметы, — кажа Харэўскі. — Большасць мужчын былі ў царскім войску. У 1933 годзе ў Мінску адбыўся гучны працэс пра антысавецкае татарскае падполле, пасля якога ў Казахстан выслалі 7 чалавек. Некаторыя мусульмане пасля гэтага працэсу папрасілі дазволу ўладаў пераехаць да супляменнікаў у Крым. Такім чынам у 1930-я гады іх прысутнасць у Беларусі рэзка скарацілася.
Мячэць закрылі, і зноў адкрылі толькі падчас нямецкай акупацыі ў 1941 годзе, яна працягвала дзейнічаць да 1950 года. Тады з яе знялі паўмесяцы, будынак рэканструявалі і зрабілі ў ім клуб работнікаў рачнога транспарту. Капітальны дагледжаны будынак стаў «лішнім» пасля 1960-х, яго ліквідавалі разам з мізарам.
Унікальны субэтнас пад пагрозай
На колішнім мусульманскім мізары, які існаваў у Мінску з XVI стагоддзя, цяпер знаходзіцца адзіная магіла, у якой спачывае выдавец падпольнай газеты «Звязда» Хасэн Александровіч. Некалі вялізныя могілкі былі знішчаныя з 1972 па 1979 год (як і шматлікія яўрэйскія, каталіцкія, праваслаўныя) падчас падрыхтоўкі да Алімпіяды–80.
У 1989 годзе ў Мінску паўстала мусульманская абшчына, якая пачала змагацца за тэрыторыю колішніх могілак, каб яе хаця б не забудоўвалі. Нейкім цудам гэта ўдалося, і сёння былыя могілкі завуцца Татарскім скверам, а вуліца, што ідзе ўздоўж яго, — Татарскай (хоць раней была Вілейскай).
Некалькі гадоў таму побач, на вуліцы Грыбаедава, паўстала Мінская Саборная мячэць. Будавалася яна вельмі доўга. Першапачаткова яе фундавала саудаўская арганізацыя, але пасля ўзвядзенне было замарожанае на 10 гадоў. Дапамагла Турцыя: пры садзейнічанні амбасады гэтай краіны будынак, які сваім праектам паўтарае мячэць, што стаяла ў Мінску да 1970-х гадоў, быў дабудаваны.
На адкрыццё прыязджаў кіраўнік Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, а таксама Аляксандр Лукашэнка, які падчас урачыстай цырымоніі пацалаваў Каран, што выглядала досыць канфузна. Справа ў тым, што ў ісламе лічыцца вялікім грахом рабіць тое, чаго ты не разумееш: напрыклад, чытаць малітвы без ведання іх сэнсу. Менавіта таму, дарэчы, мусульмане заўжды лічыліся самымі адукаванымі, прычым як мужчыны, так і жанчыны: бо для таго, каб здзяйсняць намаз, трэба чытаць Каран і ведаць мову.
Сёння ў Беларусі ёсць два муфтыяты: вялікі, які ачольвае Абу-Бэкір Шабановіч, і малы, якім кіруе Алі Варановіч. Мінская саборная мячэць належыць большаму муфтыяту, але мула тут не беларус, а турак, які, па словах Сяргея Харэўскага, валодае дзясяткам моваў. Дый наведвальнікі мячэці ў большасці — мігранты, якія прыехалі да нас з розных краін.
Сёння цяжка назваць дакладную лічбу беларускіх мусульман, якія насяляюць нашы землі яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Яны самі лічаць, што іх колькасць складае каля 10 тысяч чалавек, але гэта ўключна з некалькімі тысячамі мусульман Беласточчыны і Віленшчыны. Нягледзячы на сусветныя міграцыйныя тэндэнцыі, у Беларусі мусульманаў становіцца менш. І можа так стацца, што неўзабаве мы зусім страцім гэты ўнікальны беларускі субэтнас.
Фота аўтаркі