Дзень Перамогі на плакатах савецкага і постсавецкага часу

Мы так звыкліся з выявамі-віншаваннямі з 9 траўня, што, бывае, папросту не заўважаем іх, як «візуальны шум». Якія сэнсы нясуць гэтыя плакаты? Ці памянялася нешта з савецкага часу?

1995 г. ВОЙЧАНКА С. В., ЦЭСЛЕР У. Я.

1995 г. ВОЙЧАНКА С. В., ЦЭСЛЕР У. Я.

Беларускі саюз дызайнераў збірае он-лайн калекцыю плакатаў, што ствараліся на тэрыторыі Беларусі. Вялікая частка выяў – помнікі савецкай эпохі, але можна атрымаць уяўленне і пра сучасную творчасць у гэтай галіне. У збор трапляюць плакаты ад прыватных асоб і з Беларускай кніжнай палаты.
Па словах супрацоўніка Саюза дызайнераў Паўла Дарохіна, плакаты маглі вісець на вуліцах ці на прадпрыемствах, часта прадаваліся цэлымі тэматычнымі блокамі. Большасць плакатаў, што друкаваліся ў Беларусі, — беларускамоўныя. У першую чаргу гэта датычыцца прадукцыі выдавецтваў «Агітплакат» і «Беларусь». МУС, Міністэрства аховы здароўя ды іншыя ведамствы часцей выдавалі па-руску.


На думку Паўла Дарохіна, плакаты ваеннай тэматыкі маюць карані ў агітпрадукцыі часоў Першай сусветнай вайны. Хоць на выявах і складана знайсці прыкметы пэўнага часу, некаторыя дэталі даволі красамоўныя. Напрыклад, з 1980-х на плакатах з’яўляецца ўсё больш матываў з георгіеўскімі стужкамі. Нават пасля атрымання Беларуссю незалежнасці працягваюць вырабляць плакаты да 9 траўня ў даволі набліжанай да савецкай стылістыцы. Некаторыя дызайнеры робяць спробу пераасэнсаваць савецкі наратыў, але іх намаганняў відавочна мала, каб пераасэнсаванне адбылося на ўзроўні масавай свядомасці.