Дзень Сіцылійскага адзінства: дата іншая, пачуцьці падобныя
Падобным чынам, як у сучаснай Беларусі «сьвяткуецца» дзень акупацыі заходняй яе часткі камуністычнай арміяй у 1939 годзе, у Сіцыліі існуе свая дата: 27 траўня 1860 года, калі войскі Гарыбальдзі захапілі Палерма ў каралеўстве Дзьвюх Сіцылій. Сёньня вуліцы з такой назвай ёсьць у розных гарадах, а сама дата ўзгадваецца на мясцовым узроўні як «дзень узьяднаньня». Але як было насамрэч?
Чаму Сіцылія стала каралеўствам Дзьвюх Сіцылій?
Коратка распавядзем пра перадумовы гістарычных падзеяў. Каралеўства Сіцылія было створанае ў 1130 годзе пры Роджэры II, нармандзкім рыцары, які вызваліў выспу ад арабскай навалы. На працягу стагодзьдзяў каралеўства знаходзіўся пад кантролем розных эўрапейскіх дынастыяў – Гогенштаўфэнаў, Анжуйцаў, Арагонцаў і, нарэшце, гішпанскіх Габсбургаў.
Узьнікненьне Каралеўства Дзьвюх Сіцылій пачалося ў XVIII стагодзьдзі, падчас вайны за гішпанскую спадчыну (1701-1714). Да 1735 года гішпанскія Бурбоны на чале з Карлам Бурбонскім усталявалі сваю ўладу як над Сіцыліяй, так і над Неапалітанскім каралеўствам. Карл аб'яднаў дзьве тэрыторыі пад сваім асабістым кіраваньнем, але захаваў іх як асобныя каралеўствы з рознымі адміністрацыямі. Толькі ў 1816 годзе, пасьля перыяду напалеонаўскіх войнаў, Каралеўства Сіцылія і Неапалітанскае каралеўства былі афіцыйна аб'яднаныя ў Каралеўства Дзьвюх Сіцылій. Але сталіцай быў абраны Неапаль. Гэтая дзяржава праіснавала меньш за палову стагодзьдзя.
Паход тысячы
Кіраваньне дынастыі Бурбонаў у Сіцыліі можна апісаць некалькімі словамі: карупцыя, неэфектыўнасьць і жорсткі падыход да падтрыманьня парадку. Урад Бурбонаў у Неапалі мала клапаціўся аб патрэбах другой часткі свайго каралеўства. Адпаведна, насельніцтва Сіцыліі, мякка кажучы, не любіла сваю дынастыю.
На працягу дзесяцігодзьдзяў Бурбоны душылі сіцылійскія памкненьні да самакіраваньня і рэформаў. Пасьля жорсткага здушэньня рэвалюцыі 1848-49 гадоў Бурбоны ўвялі яшчэ больш цэнтралізаваны і аўтарытарны рэжым у Сіцыліі.
Джузэпэ Гарыбальдзі, з рэпутацыяй змагара за свабоду і абяцаньнем вызваліць Сіцылію ад гэтага тыранічнага панаваньня, разглядаўся шмат кім у Сіцыліі як выратавальнік. Яго прыход разглядаўся вялікай колькасьцю жыхароў не як замежнае ўварваньне, а як неабходная магчымасьць для вызваленьня ад ненавіснага рэжыму. Адсутнасьць народнай падтрымкі дынастыі Бурбонаў палегчыла Гарыбальдзі справу.
Калі Гарыбальдзі і яго «тысяча» добраахвотнікаў з Поўначы высадзіліся ў Марсале 11 траўня 1860 года, мясцовы гарнізон Бурбонаў не адразу ўступіў у бой. Гэта часткова можна растлумачыць праз адсутнасьць загадаў з Неапаля, а часткова праз блытаніну і непаразуменьне. Да таго часу, як улады Каралеўства Дзьвюх Сіцылій зразумелі сур'ёзнасьць пагрозы, Гарыбальдзі ўжо зрабіў прарыў ўглыб выспы і атрымаў падтрымку мясцовых жыхароў.
15 траўня 1860 года бітва пры Калатафімі вызначыла далейшы лёс. Нягледзячы на сур’ёзную перавагу, армія караля атрымала вялікую паразу. Гэта прадэманстравала слабасьць сілаў Бурбонаў і павысіла маральны дух і ўпэўненасьць прыхільнікаў Гарыбальдзі. Усё больш і больш сіцылійцаў далучаліся да яго, каб скінуць рэжым.
Вялікія эўрапейскія дзяржавы, асабліва Вялікая Брытанія і Францыя, не былі схільныя ўмешвацца на карысьць рэжыму Бурбонаў у Сіцыліі і Неапалі. Брытанскія ваенна-марскія сілы, якія знаходзіліся ў сіцылійскіх водах падчас зьяўленьня Гарыбальдзі, не зрабілі нічога, каб перашкодзіць яго высадцы ў Марсале. А Францыя вядома не была хаўрусьнікам дынастыі, прадстаўнікоў якой і самі ня так даўно скінулі ў чарговы раз. Нагадаем, у гэты час на чале Францыі быў пляменьнік Напалеона Банапарта – імпэратар Напалеон ІІІ.
Усяго праз 16 дзён, а менавіта 27 траўня 1860 года Гарыбальдзі асадзіў Палерма і праз тры дні яго гарнізон здаў горад. Напрацягу бліжэйшых месяцаў ад каралеўскай арміі Бурбонаў у Сіцыліі не засталося і сьляда.
Гарыбальдзі абвесьціў сябе «дыктатарам Сіцыліі», і насіў гэты тытул амаль да самога афармленьня анэксіі выспы новым Каралеўствам Італія 20 траўня 1861 года.
Абяцаньні напярэдадні анэксіі
Калі Гарыбальдзі і яго «тысяча» добраахвотнікаў у чырвоных кашулях высадзіліся на Сіцыліі ў 1860 годзе, яны прынеслі з сабой абяцаньне вызваленьня ад рэпрэсіўнага панаваньня манархіі Бурбонаў. Шматлікія сіцылійцы, якія стаміліся ад кіраваньня сваёй дынастыі, віталі Гарыбальдзі як вызваляльніка. Яны разглядалі аб'яднаньне з Італіяй як магчымасьць для палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага аднаўленьня. Сярод людзей былі вялікія спадзяваньні, што інтэграцыя ў аб'яднаную Італію прынясе каардынальныя зьмены ў іх жыцьцё.
Сіцылійцы чакалі, што новая італьянская дзяржава забясьпечыць большыя палітычныя свабоды. Людзі лічылі, што жорсткія рэпрэсіі Бурбонаў будуць замененыя больш ліберальнай і дэмакратычнай сістэмай. Жыхары Сіцыліі спадзяваліся, што новы ўрад будзе інвеставаць у разьвіцьцё выспы, што будуць створаныя новыя дарогі, чыгуначныя шляхі і парты, якія маглі б дапамагчы эканоміцы Сіцыліі разьвівацца і больш інтэгравацца з астатняй Італіяй і ўсёй Эўропай. Сіцылійцы чакалі магчымасьці для росквіту гандлю і прамысловасьці ў новых нацыянальных рамках.
Магчыма, самае галоўнае, што шматлікія сіцылійцы — асабліва сяляне — чакалі, што аб'яднаньне з Італіяй прынясе доўгачаканыя сацыяльныя рэформы, асабліва ў сферы ўласнасьці на зямлю. Бо было абяцаньне Гарыбальдзі, што сістэма вялізарных уладаньняў, або латыфундый, будзе дэмантаваная, а зямля будзе пераразьмеркаваная тым, хто на ёй працуе.
Што атрымала Сіцылія пасьля анэксіі
Аднак рэальнасьць далучэньня да Каралеўства Італія была далёкая ад чаканьняў сіцылійскага народа. Сіцылійцы, магчыма, атрымалі новую нацыянальную ідэнтычнасьць. Але разам з тым замест вызваленьня, мадэрнізацыі і росквіту шматлікія сіцылійцы сутыкнуліся з новым наборам праблемаў, якія значна пагоршылі іх жыцьцё.
Адной з самых неадкладных і непапулярных зьменаў, выкліканых анэксіяй, стала ўвядзеньне абавязковай вайсковай павіннасьці. Маладыя сіцылійскія мужчыны цяпер павінны былі служыць у італьянскай арміі далёка ад сваіх дамоў і на працягу доўгага тэрміну. Гэта выклікала глыбокае абурэньне, асабліва сярод сельскага насельніцтва, якое залежыла ад працы гэтых самых людзей, каб проста пракарміцца.
Замест большай палітычнай свабоды сіцылійцы апынуліся падпарадкаванымі новай форме цэнтралізаванага кантролю. Новая італьянская дзяржава, дзе дамінавала П'емонцкая манархія і бюракраты з Поўначы (сталіцай каралеўства Італія стаў Турын, пазьней зьменены Рымам), увяла вельмі цэнтралізаваную сістэму кіраваньня. Гэта пакідала зусім мала месца для мясцовай аўтаноміі або нейкага самакіраваньня. Выспай збольшага кіравалі чыноўнікі з кантынэнту, якія мала разумелі патрэбы Сіцыліі.
Італьянскі ўрад хутка ўвёў новую сістэму падаткаабкладаньня, якая цяжарам легла на насельніцтва Сіцыліі. Падаткі на тавары першай неабходнасьці сталі больш жорсткімі, чым пры рэжыме Бурбонаў.
Акрамя таго, эканамічная палітыка новай дзяржавы аддавала перавагу прамысловай Поўначы. Сіцылія зь яе пераважна аграрнай эканомікай разглядалася як перыфэрыйны рэгіён, крыніца сыравіны і сельскагаспадарчай прадукцыі, а не як неад'емная частка адзінай эканамічнай сістэмы. Інвэстыцыі ў інфраструктуру былі мінімальнымі, і мала намаганьняў рабілася для разьвіцьця мясцовай прамысловасьці. Гэта прывяло да паглыбленьня эканамічнага разрыву паміж Поўначчу і Поўднем, у выніку чаго Сіцылія заставалася беднай і слабаразьвітай.
Новыя паўночныя кіраўнікі даволі часта разглядалі сіцылійскую культуру і грамадзтва як «адсталых» або «ніжэйшых».
Самай вялікай здрадай, якую адчуў сіцылійскі народ, была няздольнасьць (ці нежаданьне) рэалізаваць зямельныя рэформы. Урад новай італьянскай дзяржавы абараняў інтарэсы буйных землеўладальнікаў, шматлікія зь якіх былі прыхільныя новаму рэжыму. Гэта прывяло да таго, што пераважная большасьць сіцылійскіх сялянаў засталіся без зямлі.
Хуткая рэакцыя і Рэвалюцыя Сямі з паловай дзён
Паўстаньне адбылося ў Палерма з 16 па 22 верасьня 1866 года. Назва, зразумела, паходзіць ад працягласьці, усяго сем з паловай дзён сіцылійцы кіравалі сваёй зямлёю самі.
Паўстаньне пачалося як жорсткая антыўрадавая дэманстрацыя. Яе ўзначалілі расчараваныя былыя партызаны — тыя, хто далучыўся да «Тысячы» Гарыбальдзі пасьля іх высадкі на Сіцыліі, і тыя, хто пайшоў за ім пазьней. Насельніцтва працягвала існаваць у галечы. Сюды ж наклалася эпідэмія халеры, якая забрала 3977 жыцьцяў у горадзе і яго ваколіцах.
Амаль 4 тысячы паўстанцаў напалі на галоўныя дзяржаўныя будынкі: прэфэктура і штаб-кватэра паліцыі, яны забілі генэральнага інспэктара Корпуса аховы грамадзкай бясьпекі. На працягу некалькіх дзён Палерма заставаўся пад кантролем паўстанцаў. Разам з тым паўстаньне хутка распаўсюдзілася на суседнія гарады, у тым ліку ў Манрэале і Місільмэры.
Колькасьць узброеных паўстанцаў узрасла да прыблізна 40 тысячаў па ўсёй правінцыі Палерма. За гэтыя дні баёў паўстанцы забілі 21 паліцыянта і дзесяць ахоўнікаў грамадзкай бясьпекі.
У адказ італьянскі ўрад абвесьціў асаднае становішча і распачаў жорсткія рэпрэсіі супраць жыхароў Палерма. Армія была перадыслякаваная ў горад, а караблі Каралеўскага італьянскага флёту бамбілі Палерма. Пасьля высадкі распачаліся жорсткія баі, у выніку чаго большая частка горада была зруйнаваная, а шматлікія ўдзельнікі паўстаньня спаленыя жыўцом. Каб вярнуць горад, спатрэбілася каля 40 тысячаў жаўнераў прафэсійнае арміі Італьянскага каралеўства.
Праз 160 гадоў «узьяднаньня»
Сёньня сіцылійская мова афіцыйна не выкладаецца ў дзяржаўных школах як прадмет навучальнай праграмы. Італьянская мова застаецца адзінай афіцыйнай мовай і асноўным сродкам навучаньня ва ўсіх навучальных установах.
Аднак жыхары актыўна выкарыстоўваюць яе у зносінах між сабою, асабліва ўдалечыні ад галоўных гарадоў: Палерма, Катаніі, Мэсіны, Трапані.
Мясцовыя маладыя людзі ў размовах з аўтарам прызнаваліся, што існуе распаўсюджанае перакананьне ў жыхароў буйных гарадоў, што сіцылійская мова – мова неадукаваных сялянаў, а вось стандартная італьянская – гэта мова разумных, прасунутых, якіх можа чакаць бліскучая будучыня ў сталіцы, далёкім Рыме.
Захоп Каралеўства Дзьвюх Сіцылій, зьдзейсьнены Гарыбальдзі і наступная анэксія ў новую Італію так і засталіся для сіцылійцаў расчараваньнем, а не вызваленьнем з-пад прыгнёту непапулярных кіраўнікоў.
Але шыльды на дамы павесілі: Вуліца 27 траўня 1860 года.