Мары, якія застаюцца з намі

Хутка мы пачуем, што яшчэ адзін год быў «няпросты», і наступны будзе не прасцей. Віншаванне, якое прамаўляе Лукашэнка, даўно і кожны раз нагадвае песню ячэйкі Швондэра з кінафільма «Сабачае сэрца»: «Суровые годы уходят, борьбы за свободу страны. За ними другие приходят — они будут тоже трудны».

opera_snimok_2024_12_23_104640_d1d1ewgo4ctde5.cloudfront.net.png

Хоць, здавалася б, чаго было цяжкага? Спытаўшы пра гэта ChatGPT (цяпер гэта модна, так), мы атрымалі некалькі адказаў пра важныя падзеі ў краіне. Першае — гэта парламенцкія «бязвыбары» і адзіны дзень галасавання 25 лютага, на якіх усе кандыдаты прадстаўлялі праўрадавыя партыі, таму што ніякіх іншых у Беларусі не засталося. Не давялося змагацца нават з незалежнымі або міжнароднымі назіральнікамі, таму што ўнутраныя незалежныя назіральнікі сядзяць па турмах, а міжнародныя з АБСЕ проста не былі запрошаныя.

Беларусь стала паўнапраўным членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і атрымала статус дзяржавы-партнёра БРІКС. Беларусь адзначыла 10-годдзе еўразійскай інтэграцыі і рыхтуецца прыняць старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў 2025 годзе, адзначыў штучны інтэлект. Праўда, ён не патлумачыў, што ў гэтым добрага і цікавага.

ChatGPT адзначыў, што ў Беларусі назіраўся рост даходаў насельніцтва, але не напісаў, што той рост абумоўлены адтокам з краіны працоўнай сілы і зніжэннем якасці спажывання. Але самае цікавае, што ён заявіў: «Нягледзячы на знешнія выклікі, у краіне ўдалося захаваць унутрыпалітычную стабільнасць і прадухіліць ваенныя канфлікты». Якія канфлікты і хто з намі хацеў ваенна канфліктаваць — не патлумачыў.

ChatGPT — гэта сістэма, якая навучаецца ў тым ліку на запытах яе карыстальнікаў. І, чытаючы такія адказы пра «падзеі 2024-га года», думаецца, што спічрайтары Лукашэнкі ў Адміністрацыі прэзідэнта суткамі літаральна катавалі гэты штучны інтэлект, каб напісаць віншаванне свайму патрону. Цікава, якая доля з ягонага навагодняга віншавання будзе належыць ChatGPT?

Але цікава тое, што ChatGPT не адзначыў. Ён не заўважыў такой падзеі, як 30-годдзе прыходу да ўлады Лукашэнкі. Гэтая дата прайшла міма яго — нават пры ўсім падхалімстве, лёкайстве і імкненні ўсталяваць культ асобы з боку беларускай прапаганды. І зразумела, чаму прапаганда пра гэта так мала казала: адзначаючы тую гадавіну, трэба было б сканцэнтравацца на дасягненнях. На тым, што «жыць стала лепш, жыць стала весялей». Але ў тым-та і справа, што ані лепш, ані весялей не стала.

Наадварот — за час кіравання Лукашэнкі нашы суседзі далучыліся да ЕС, а мы нават «Мытны саюз» не пабудавалі. Не кажучы ўжо пра тое, што перажылі некалькі дэнамінацый, дэвальвацый, і іншых «вацый». І апынуліся ўцягнутыя ў вайну.

Але ў 2024 годзе не было дасягненняў не было і з другога боку. Ідэя «пашпарта Новай Беларусі» завісла ў паветры. Выбары ў Каардынацыйную Раду, якія павінны былі стаць процівагай «бязвыбарам» у парламент, таксама загразлі ў працэдурных пытаннях і складаным механізме галасавання. Не здарылася і асаблівых прарыўных момантаў і з ідэяй выпісаць Лукашэнку ордэр у Гаагу за саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны…

Але тут дзеля справядлівасці адзначым, што беларуская дэмакратычная супольнасць не валодае такой уладай і рэсурсамі, як дзяржаўныя структуры. І тым не менш — іх праца бачная не менш за дзяржаўныя інстытуцыі, якія валодаюць велізарнымі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі.

А можа, так і трэба? Можа быць, мы занадта прывыклі, як у кітайскай прыказцы, «жыць у часы пераменаў»? І таму мы чакалі ад 2024-га нейкіх новых узрушэнняў і падзей, а ён аказаўся — звычайным годам?

Можа быць, нам патрэбныя такія гады — без асаблівых крызісаў? Каб мы спыніліся, і маглі падумаць, хто мы і дзе знаходзімся. На гэтую самарэфлексію нам заўсёды не хапае часу. Мы прывыклі бегчы, каб заставацца на месцы.

І калі паглядзець на мінулы ўжо год больш пільна, атрымаецца, што ў нас — стабільнасць. Але гэтая стабільнасць — у застоі. У нас, як у СССР, па-ранейшаму саджаюць у турмы за ўласнае меркаванне. Як у СССР, дабрабыт ацэньваецца ў лічбах ВУП — але не ў якасці жыцця. Як у СССР, нас па-ранейшаму пераконваюць, што «Захад загнівае», але мы не менш па-ранейшаму цэнім якасныя джынсы…

Хацелася б іншай стабільнасці — стабільнасці ў развіцці. Калі заробкі растуць не толькі намінальна — і іх можна патраціць на якасныя тавары. Калі за аўтамабілямі не даводзіцца стаяць у чарзе. Калі смартфонам можна карыстацца, не аглядаючыся і не хаваючы, што заходзіш на «экстрэмісцкі» канал, увесь «экстрэмізм» якога — у нязгодзе з афіцыйнай палітыкай. Калі «ў спрэчках нараджаецца ісціна», а не крымінальны артыкул за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». І калі свабода слова спрыяе свабодзе творчасці, а свабода творчасці — росквіту Беларусі.

Гэта, уласна, і ёсць наша мара. Не такая ўжо недасягальная, праўда?

І мы працягваем працаваць — для гэтага. Мы працягваем удасканальвацца. Прыдумляем новыя формы, каб у нас у галаве была яркая і маляўнічая карціна свету, а не лозунгі прапаганды. Мы спрабуем стаць лепш, і будзем станавіцца лепш. Мы працягваем працаваць для вас — і для Беларусі. Для незалежнай і суверэннай краіны, у якой паважаюцца правы чалавека, любыя мовы і культуры, і субкультуры таксама.

Кожны наш крок накіраваны на тое, каб наблізіцца да гэтай мары. Да мары, якая не толькі наша.

Дзякуй усім, хто гэтую нашу мару падзяляе. І ўсім, хто з намі працуе для яе набліжэння.

Мы верым, што яна здзейсніцца. І, можа быць, наступны год наблізіць яе.

З Новым 2025-м, дарагія чытачы!