«Абвінавачваюць Лукашэнку ва ўзурпацыі і самі падаўжаюць сабе паўнамоцтвы»
Крызіс у Каардынацыйнай радзе ніяк не сціхае. Мала таго што самі сабе працягнулі паўнамоцтвы, дык яшчэ і ўласны план па выбарах правалілі. Ці ёсць сэнс у такой структуры?
У Каардынацыйнай радзе (КР) беларускай апазіцыі — чарговы крызіс. Структура з'явілася яшчэ ў самым пачатку пратэстаў у 2020 годзе, калі дэмакратычныя сілы спадзяваліся на тое, што дыялог з уладай у Беларусі будзе магчымы. У прэзідыум тады ўвайшлі Марыя Калеснікава і Максім Знак, якія неўзабаве былі затрыманы і асуджаны на 11 і 10 гадоў калоніі.
У 2022-м склад КР абнавіўся за мяжой і стаў пазіцыянаваць сябе як беларускі протапарламент. А ў 2023-м кіраўніцтва структуры нават заявіла, што правядзе выбары, якія стануць альтэрнатывай арганізаванаму ўладамі «адзінаму дню галасавання» 25 лютага 2024 года.
Аднак, так і не прыняўшы працэдуру выбараў у структуру, КР другога склікання вырашыла самастойна падоўжыць свае паўнамоцтвы, хоць яны скончыліся 8 лютага. Такое рашэнне спадабалася не ўсім: КР пакінулі некалькі дэлегатаў, сярод якіх віцэ-спікерка Алена Жываглод. Спікер КР Андрэй Ягораў прызнаў наяўнасць «складанай сітуацыі», пасля чаго КР усё ж змагла спешна дамовіцца аб працэдуры выбараў у структуру, прызначыўшы іх на 25 траўня. Што адбываецца ў Каардынацыйным радзе, высвятляла «Deutsche Welle».
Ягораў: «Мы рабілі стаўку на кампраміс»
Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў адмаўляецца называць сітуацыю «крызісам», хоць прызнае наяўнасць супярэчнасцей у структуры. На яго думку, гэта звязана з фармальным заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў КР і іх самастойным падаўжэннем, што не падтрымалі некаторыя дэлегаты. Акрамя таго, у гэтых умовах узнікае парадокс, бо калі дэлегаты сыходзяць і ў КР скончаны паўнамоцтвы, то няясна, як арганізоўваць новыя выбары.
«Сітуацыя з выбарамі такая, што мы рабілі стаўку на кампраміс і дасягненне агульнага рашэння з Аб'яднаным пераходным кабінетам (АПК), Офісам Святланы Ціханоўскай і групай палітычных партый. Каардынацыйная рада прыклала шмат намаганняў на арганізацыю гэтага дыялогу і камунікацыі, але ў выніку рабочая група не змагла выйсці на кансалідаванае рашэнне да патрэбнага часу. І мы аказаліся ў сітуацыі, калі рашэння няма, КР была вымушана вынесці прапанову аб выбарах самастойна і накіраваць яе Святлане Ціханоўскай на зацвярджэнне», — кажа Ягораў. Ён дадае, што ўсё яшчэ спадзяецца на магчымасць кампрамісу паміж палітычнымі структурамі.
Жываглод: «КР не змагла стаць эфектыўнай пляцоўкай для абмеркавання»
У сваю чаргу віцэ-спікерка КР Алена Жываглод тлумачыць сваё рашэнне пакінуць структуру наяўнасцю сур'ёзнага крызісу ў КР. Паводле яе слоў, за мінулы год чальцам КР не ўдалося заваяваць давер беларусаў і ў поўнай меры рэалізаваць ідэю таго, чым павінна была стаць рада.
Жываглод кажа, што КР не змагла стаць эфектыўнай пляцоўкай для абмеркавання палітычных пытанняў, засталася незразумелай для беларусаў структурай з непразрыстай справаздачнасцю. Яна лічыць, што ў КР першапачаткова былі закладзены няслушныя прынцыпы кіравання і камунікацыі.
«Я прыходзіла ў КР з жаданнем скарэкціраваць структуру, ажывіць яе. Калі нешта не падабаецца, то змяняй — у мяне такі прынцып, і гэта агульная адказнасць усіх чальцоў рады. Але мяняць сістэму знутры мне падалося больш немагчымым, і я вырашыла, што больш сэнсу ў маім выхадзе з КР, чым у працы там», — кажа Жываглод.
У новых выбарах у КР, якія прызначаны на 25 траўня, былая віцэ-спікерка і ўзначаленая ёй арганізацыя «Сумленныя людзі» браць удзел не плануюць.
Наколькі ўдалая працэдура выбараў у КР?
Як паведамілі ў Telegram-канале КР, выбары пройдуць па прапарцыйнай сістэме з закрытымі выбарчымі спісамі. У кожнага выбаршчыка будзе па тры галасы, якія можна будзе аддаць за адзін, два ці тры спісы. Акрамя таго, будзе гендарная квота ў 40% для жанчын. Самавылучэнцаў на выбарах у КР не будзе.
«Я выступала за адзін голас, гэта нашмат прасцей для выбаршчыкаў. Пры бягучай схеме людзі ніколі не ўбачаць прамой канверсіі — гэта не дапамагае празрыстасці і даверу. Акрамя таго, я лічу, што ў цэлым КР не павінна вырашаць пытанне выбараў аднаасобна, сама для сябе. КР сама ўсё вырашыла, хоць раней упаўнаважвала рабочую групу, дзе былі АПК, Офіс Ціханоўскай і партыі КР. Мне складана гэта падтрымліваць», — кажа Жываглод
У той жа час Ягораў настойвае, што працэдура выбараў павінна быць зацверджана Святланай Ціханоўскай і такім чынам падтрымана яе аўтарытэтам.
Таксама ёсць пытанне з бяспекай удзелу беларусаў у гэтых выбарах, бо КР абвешчана ў Беларусі «экстрэмісцкай арганізацыяй». «Людзі ў Беларусі не змогуць вылучацца ў якасці кандыдатаў на выбары ў КР, гэта занадта небяспечна і рызыкоўна, але яны змогуць галасаваць. Вядома, наўрад ці мы можам разлічваць на вольны ўдзел беларусаў унутры краіны ў гэтых выбарах, таму яны павінны ўдзельнічаць там праз сваіх прадстаўнікоў за мяжой», — кажа спікер КР.
Ці патрэбна КР беларусам?
Разам з тым і Жываглод, і Ягораў сыходзяцца ў меркаванні, што КР як дэмакратычны інстытут, протапарламент, неабходная. «Я верыла і дагэтуль веру ў гэтую канфігурацыю: прэзідэнт (маецца на ўвазе Святлана Ціханоўская. —Заўв. рэд.), кабінет (Аб'яднаны пераходны кабінет апазіцыі. — Заўв. рэд.) як протаміністры і КР як протапарламент. Але трэба падрабязна тлумачыць беларусам, навошта ім удзельнічаць у будучым галасаванні: так яны могуць паўплываць на стратэгію палітыкаў. Думаю, што КР пасля выбараў мае шанец рэалізаваць свае функцыі лепш, чым гэта зрабілі мы», — лічыць Жываглод.
Андрэй Ягораў кажа, што КР выконвае важную функцыю аб'яднання розных палітычных суб'ектаў з рознымі меркаваннямі: «Вядома, здараюцца канфлікты і рознагалоссі, але мы стараемся дамовіцца ўнутры КР. Мы перажываем натуральны трэнд фрагментацыі, і таму КР вельмі патрэбная, бо гэта тая пляцоўка, якая супрацьстаіць гэтаму трэнду. У КР прадстаўлены каля 90 арганізацый — у нас няма іншай такой структуры, якая б аб'ядноўвала такую разнастайнасць актараў».
«Дэмсілы правалілі ўласны ж план»
Палітычны аналітык выдання «Позірк» Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што яшчэ з пачатку працы другога склікання былі пытанні да непразрыстасці фарміравання яго саставу, а працу КР пастаянна суправаджалі скандалы. Бягучую сітуацыю з выбарамі ён называе прыкрым правалам: «Выбары ў трэцяе скліканне ў КР абяцалі зрабіць прамымі, з прыцягненнем шырокай колькасці грамадзян Беларусі і, больш за тое, як альтэрнатыву адзінаму дню галасавання, або «бязвыбарам», як гэта назвалі дэмсілы. У выніку дэмсілы правалілі ўласны ж план. Калі такое адбываецца, гэта дыскрэдытуе саму ідэю дэмакратыі».
Самастойнае падаўжэнне паўнамоцтваў бягучага склікання КР таксама выклікае пытанні. «Усе абвінавачваюць Лукашэнку ва ўзурпацыі, а тут яны самі падаўжаюць сабе паўнамоцтвы, такая дэмакратычная ўзурпацыя», — кажа Класкоўскі.
Што тычыцца перспектыў выбараў у КР, аналітык падкрэслівае, што, акрамя цалкам натуральнага страху беларусаў удзельнічаць у выбарах «экстрэмісцкай арганізацыі», назіраецца страта цікавасці да выцесненых за мяжу структур.
«Гэта будзе галасаванне дыяспары, прычым нават сярод дыяспары яно не будзе масавым — сярэдні і нават палітычна прасунуты беларус не мае жадання разбірацца ў гэтых скандалах. Зрэшты, выбары, відавочна, неяк пройдуць, і гэта будзе выклікам для новага складу КР — даказаць, што яны для чагосьці патрэбныя», — лічыць Аляксандр Класкоўскі.