Беларускі рубель не патрэбны? Казахстан разрывае пагадненне з Беларуссю аб канвертацыі курсаў валют
Казахстан абвясціў аб дэнансацыі пагаднення з Беларуссю аб узаемнай канвертацыі і стабілізацыі курсаў нацыянальных валют. Пастанова была прынятая ўрадам Казахстана 26 ліпеня.
У дакуменце кажацца:
«1. Дэнансаваць пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Казахстан, Нацыянальным банкам Рэспублікі Казахстан і Урадам Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь аб мерах па забеспячэнні ўзаемнай канвертацыі і стабілізацыі курсаў казахстанскага тэнге і беларускага рубля, здзейсненае ў Мінску 17 студзеня 1996 года.
2. Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Казахстан ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку паведаміць Урад Рэспублікі Беларусь аб намеры Урада Рэспублікі Казахстан дэнансаваць Пагадненне, названае ў пункце 1 дадзенай пастановы».
Ці азначае гэта, што беларускі рубель больш «не каціруецца» ў Казахстане?
На справе Казахстан проста пазбаўляецца ад пагадненняў, якія даўно не працуюць і страцілі сваю актуальнасць. У 2010 годзе ўжо ў рамках адзінай эканамічнай прасторы было падпісана пагадненне аб узгодненых прынцыпах валютнай палітыкі, якое цалкам урэгулявала ўсе пытанні.
Такім чынам гэтая дэнансацыя — выключна бюракратычны крок, накіраваны на зніжэнне колькасці дзеючых, але не працуючых нарматыўных актаў. Ні ўзаемнаму гандлю, ні канвертацыі тэнге і беларускага рубля дэнансацыя нічым не пагражае.
Раней Нацбанк Казахстана дэнансаваў такое ж пагадненне з Расіяй. Тады Нацбанк Казахстана патлумачыў, што ўмовы дэнансаванага пагаднення рэалізаваныя. «Больш за тое, у парадку пераемнасці і ўдасканалення нормы пагаднення знайшлі адлюстраванне ў комплексе наступных міжнародных дагавораў па меры станаўлення Мытнага саюза, ЕЭП, ЕўрАзЭС, ЕАЭС, а таксама ўдасканалення заканадаўства ў дзяржавах бакоў», — адзначылі ў Нацбанку.
У прэс-службе таксама адзначылі, што пытанне дэнансацыі міжнародных дагавораў урэгулявана законам РК «Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Казахстан». «Гэта тэхнічная працэдура, неабходная для спынення дзеяння міжнародных пагадненняў, якія страцілі сваю актуальнасць, па выніках праведзенай інвентарызацыі міжнароднай дагаворнай базы», — дадалі ў ведамстве.
Але разлікі паміж суб'ектамі дзвюх краін пойдуць праз долар/еўра/юань.
Паводле СМІ Кахзахстана