100 кніг для Беларусі. Беларускія выдавецтвы і іх вынікі года

Беларускія выдаўцы за мяжой крыху ачунялі, адаптаваліся — і ўзяліся за справу. Сёлета сваіх чытачоў знайшлі і арыгінальныя беларускія выданні, і перакладныя кнігі, і нават коміксы. Хапіла ўсяго і патрошку.

Ілюстрацыйная выява: chatgpt.com

Ілюстрацыйная выява: chatgpt.com

2024-ты падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння, усе падводзяць вынікі года, азіраючыся назад, глядзяць, як шмат было (не)зроблена і будуюць планы на наступны. Мы таксама азірнуліся — і паглядзелі, што рабілася сёлета ў беларускім кнігавыдаўніцтве. Бо, што ні кажы, а кнігі — самы надзейны спосаб захавання і перадачы досведу, культуры і мовы, а для нас, для беларусаў, цяпер як ніколі важна захавацца і дайсці да наступных пакаленняў — і, пажадана, са сваёй мовай, сваім багажом ведаў, сваімі культурнымі кодамі.

Для беларускіх выдаўцоў апошнія чатыры гады былі вельмі складанымі. Не тое каб і раней атмасфера надта спрыяла развіццю кнігавыдання, але пасля масавых рэпрэсій і выгнання з краіны людзі, якія робяць кнігі, аказаліся ў новых умовах, часам даволі незайздросных. Спатрэбіўся час, каб адаптавацца — і вось ужо ў беларусаў з'явіліся новыя выдавецтвы і выдавецкія ініцыятывы, наладзіліся ланцужкі паставак кніг (праўда, на жаль, не ў Беларусь), і адна за адной, бы гарачыя піражкі, сталі выходзіць на рынак кніжныя навінкі. Прычым гэта былі як аўтэнтычна беларускія выданні, так і перакладныя — і класіка, і сучаснасць, дарослае і дзіцячае, мастацкая літаратура і нон-фікшн. Агулам больш за сотню новых кніг па-беларуску выдалі сёлета нашы кнігавыдаўцы — і мы пастараліся сабраць іх усе (але наўрад ці атрымалася).

Безумоўным лідарам сярод выдавецтваў было і застаецца выдавецтва «Янушкевіч». За 2024 год у ім пабачыла свет каля 20 кніг — прычым ёсць таксама рускамоўнае выданне, а таксама немастацкая проза. А яшчэ шмат было кніг для дзяцей:

  • Альгерд Бахарэвіч «Папяровы голем»
  • Альгерд Бахарэвіч «Дзеці Аліндаркі» (перавыданне)
  • Альгерд Бахарэвіч «Капітан Лятучая Рыба»
  • Яраслаў Гжэндовіч «Гаспадар Ледзянога Саду», т. 2
  • Яраслаў Гжэндовіч «Гаспадар Ледзянога Саду», т. 3
  • Анджэй Сапкоўскі «Вядзьмар»
  • «Бел-чырвона-белы. Сцяг. Нацыя. Ідэнтычнасць»
  • Джон Рональд Руэл Толкін «Валадар пярсцёнкаў. Дзве вежы»
  • Джон Рональд Руэл Толкін «Валадар пярсцёнкаў. Вяртанне караля»
mockup_volnery_ii.png
  • Стывен Кінг «Ззянне»
  • Станіслаў Лем «Зорныя дзённікі»
  • Ціна Азевіч «Што робяць пачуцці» 
  • Эльга Папова «Мора ў горадзе» 
  • Валер Гапееў «Вольнеры. Бясконцы дзень» 
  • Ганна Янкута «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік» 
  • Уладзімір Мацкевіч «Уводзіны ў філасофію»
  • Павел Волотович, Алексей Ковалёв «Огромная тень дождевого червя» 
  • Ольга Романова «Другая история советского белорусского кино»

На другім месцы па колькасці зробленага (а дакладней, выдадзенага) за год — новае беларускае выдавецтва «Gutenberg». У яго пазіцый менш, але затое якія! Ад Адама нашага Міцкевіча да Сашы Філіпенкі — размах уражвае.

mascha_kaleko_front.png
  • Саша Філіпенка «Крэмулятар»
  • Саша Філіпенка «Былы сын»
  • Вал Клемэнт «Круглая Square»
  • Сяргей Календа «Стрыжэ і піша»
  • Вашынгтон Ірвінг «Легенда Соннай Лагчыны»
  • Адам Міцкевіч «Гражына»
  • Марыя Кунцэвічова «Два месяцы»
  • Віслава Шымборска «Партрэт з памяці»
  • Андрэй Хадановіч «Дзікае паляванне караля Стаха. Вершы да оперы»
  • Маша Калека «Ніхто не чакае»
  • Алесь Белы «Самы цымус»
  • Саша Гук «Соня, стой!»
  • Эндзі Уір «Марсіянін»
  • Андрэй Скурко «Стукі-грукі — што за гукі?» 
  • Эліяш Барт «Джа: Легенда аб забраным сэрцы» 
  • Мечыслаў Ян Супрон «Залатое зерне» 

Яшчэ не надта вядома масаваму чытачу, але беларусы маюць сваё выдавецтва, якое спецыялізуецца выключна на паэзіі — «hochrotn Minsk». Яго стылёвыя выданні пазнаюцца адразу: тонкія, чорныя, у адмысловых пластыкавых канвертах (кожны для свайго асобніка). Такія сёлета займелі цэлых дзеcяць аўтараў і аўтарак. Ну і, вядома, іх чытачы.

abramcuk.png
  • Сабина Брило «У конца края»
  • Фелікс Баторын «Дзве мовы аднае душы»
  • Сяргей Прылуцкі «Нічога нястрашнага»
  • Вера Бурлак «Амаль»
  • Таццяна Нядбай «Там, за сцяной»
  • Марына Хоббель «(не)магчымасць пісьма»
  • Раман Абрамчук «Вершы для храмаў, сіза, ічу»
  • Владимир Глазов «Показания барометра»
  • Ігар Кулікоў «Бяс край»
  • Віктар Жыбуль «Аранжавы»

Мінімум пяць кніг выдаў у гэтым годзе Раман Цымбераў. У яго «калекцыі» дадаліся тры зборнікі вершаў і дзве кнігі нон-фікшн. 

  • Ірына Мышкавец «Рэ/экспазіцыя. Штрыхі да біяграфіі Максіма Багдановіча» 
  • Усевалад Сцебурака «Беларускія зоркі. Вершы, пераклады, проза, эсэ»
  • Міхал Бараноўскі «VOLUMEN.3»
  • Міхал Анемпадыстаў «Ці помніш ты»
  • Аляксандр Гужалоўскі «У светлую будучыню. Беларускае грамадства эпохі "адлігі" (1953-1968)» 

Па пяць кніг «адпрацавалі» цэлыя чатыры выдавецтвы, з якіх два («Мяне няма» і «Skaryna Press») з'явіліся адносна нядаўна — і ўжо рванулі ў бой. Яшчэ два ўзніклі задоўга да ўсім вядомых падзей 2020 года і працуюць за мяжой — у Чэхіі і Польшчы. На рахунку кожнага — салідны спіс аўтараў і кніг, якія сёлета папоўніліся новымі імёнамі і назвамі.

«Мяне няма»:

  • Татьяна Замировская «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ»
  • Тони Лашден «Чорны лес»
  • Сяргей Прылуцкі «Гіброіды»
  • Сергей Кравченко «Забыць в электричке»
  • Владимир Козлов «Варшава»

«Скарына Прэс»:

  • Вольга Гапеева «Пад асобнымі коўдрамі»
  • «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» (анталогія беларускай гей-літаратуры)
kniharnia_4_1.png
  • Сяржук Сыс «DOM»
  • Мария Гулина «Летела белая птица»
  • Аксана Данільчык «Час знешняй адсутнасці»

«Vesna»:

  • Мойшэ Кульбак «Зэлмэняне»
  • Юргіс Кунчынас «Туўла»
  • Сяргей Дубавец «Занзібар» 
  • Сяргей Дубавец «Стагодьдзе НН» 
  • Аляксандр Лукашук «Там, дзе няма цемнаты» 

«Камунікат»:

  • Uładzimier Arłoŭ «Śvieciacca vokny dy nikoha za jimi»
  • Алег Грузьдзіловіч «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы»
  • Зміцер Дзядзенка «Гульні Цырцэі. Раман»
  • Барыс Пятровіч «Ад жыцця прачнуцца… Фрэскі розных гадоў»
  • Анхела Эспіноса Руіс «Астралябія божых таямніц»

Яшчэ чатыры беларускія выдавецтвы спрацавалі на «троечку» — у сэнсе, выдалі па тры кнігі. Адметна, што сярод іх — класіка сусветнай літаратуры, якую ўпершыню можна прачытаць па-беларуску (напрыклад, Рэмарка ці Агату Крысці). Не губляе прывабнасці і беларуска-польская класіка (працягвае выходзіць у нас творчая спадчына Элізы Ажэшка). А нядаўна свет пабачыў пераклад вельмі важнай кнігі (асабліва для беларусаў тут і цяпер) «Усё ж сказаць жыццю так» Віктара Франкля — гэта абавязкова для набыцця і прачытання!

«Пфляўмбаўм»:

  • Наталка Кучмель «Залатое»
  • Віргінія Кульвінскайтэ «Як я была малалеткай»
  • Наста Манцэвіч і Алок Вэйд Мэнан «Цела таксама архіў»
mockup_remarque.png

«Тэхналогія»:

  • Віктар Франкль «Усё ж сказаць жыццю так»
  • Павал Орсаг Гвездаслаў «Крывавыя санеты»
  • Мельхіёр Ваньковіч «Шчанячыя гады»

«Логвінаў»:

  • Агата Крысці «Забойства ва ўсходнім экспрэсе»
  • Татьяна Щитцова «Солидарность потрясённых. Эссе о Беларуской революции»
  • Этгар Керэт «Сем добрых гадоў»

«Папуры»:

  • Эліза Ажэшка «Хам»
  • «Эда Сноры Стурлусана»
  • Эрых Марыя Рэмарк «Тры таварышы»

Выдавецкая ініцыятыва Таццяны Нядбай «Полацкія лабірынты» зрабіла магчымай для нас «Іліяду» Гамера — яе можна прачытаць па-беларуску ў двух тамах. Аналагічна, калі пастарацца, можна адшукаць (напэўна, толькі за мяжой) беларускі пераклад «Зэкамерона» Максіма Знака, у які дададзены вершы і гутаркі ад аўтара.

mockup_ilijada.png

Беларуска-германская выдавецкая ініцыятыва «33 кнігі для Беларусі» ў гэтым годзе парадавала нас новым філасофскім творам Валянціна Акудовіча «Шолах моўчы». У іншай выдавецкай ініцыятыве — «Knižny vyraj» — пабачыў свет пераклад класнага дзіцячага комікса Жазэфіны Марк «Трымайся, Трусік!», які зрабіла Вольга Гронская. Галоўная рэдактарка жаночага выдавецтва «Пфляўмбаўм» Алена Казлова за ўласныя грошы выдала кнігу «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — працяг рамана «На заснежаны востраў», які яна напісала пад псеўданімам Анка Упала. Часопіс сучаснай беларускай паэзіі «TAUBIN» і шведскае выдавецтва «Ariel Förlag» зрабілі па-беларуску зборнік актуальнай украінскай паэзіі «Пра словы і цішыню між імі». Ва ўроцлаўскім Калегіюме Усходняй Еўропы выйшла кніга Уладзіміра Някляева «Без Айчыны» і Міхала Андрасюка «Żubr i inne opowiadania». «Беластоцкі асяродак культуры» выдаў «Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020», а далёка-далёка за акіянам Вольга Яноўская пераклала і выдала ў стылёвай вокладцы па-англійску «Дзве душы» Максіма Гарэцкага. Апошняя навінка года — ад Ганны Севярынец, якую аўтарка трошкі змістыфікавала: яшчэ б, рэдактар у яе не хто-небудзь, а сам Міхась Чарот! Ды і назва — ух якая: «Савецкая Беларусь». Выдала кнігу, дарэчы, таксама новая выдавецкая ініцыятыва «Chabor Publisher».


harecki.png

Бадай што, гэта ўсё, што мы сабралі з кніжных навінак гэтага года — але дакладна не ўсё, што выйшла ў свет. А выйдзе, можна не сумнявацца, яшчэ больш, бо ў самыя ліхія часы першай адгукаецца культура. Людзі пішуць пра тое, што бачаць, што ім баліць, а калі самі не могуць пісаць — перакладаюць тыя кнігі, дзе ўжо ўсё сказана за іх. І як здорава, што знаходзяцца яшчэ энтузіясты, гатовыя друкаваць кнігі, распаўсюджваць іх, знаходзіць свай для кожнага чытача! Недарэмна «Радыё Свабода» назвала беларускіх кнігадрукароў «Людзьмі года» — яны гэта сапраўды заслужылі.