Вынікі года. Чым жыў сьвет у 2024

Ізраіль вынішчае ворагаў. Мінус Асад, плюс Трамп. Паўночнакарэйскія камуністы ваююць у Эўропе. Якія асноўныя падзеі хвалявалі нас у 2024 годзе.

Войскі КНДР са сваім босам. Фота: EA WorldView

Войскі КНДР са сваім босам. Фота: EA WorldView

КНДР ваюе з Эўропай

Пакуль дзесяцігодзьдзямі аналітыкі і палітолягі чакалі пачатку вайны Паўночнай Карэі з Паўднёвай суседкай, ці з Японіяй, ці яшчэ хутчэй, з ЗША – прадстаўнікі камуністычнай дыктатуры ваююць у Эўропе на нашых вачах.

Разгортваньне больш за 11 тысяч паўночнакарэйцаў ператварыла расейска-ўкраінскую вайну ў сапраўды глябальны канфлікт. Паўночнакарэйскія жаўнеры прайшлі навучаньне па інтэграцыі з расейскімі сіламі, вывучаючы мову і аператыўныя пратаколы. Да канца года яны былі на полі бою, удзельнічалі ў баях супраць украінскіх сілаў у Курскай вобласьці Расеі.

Украінскія і амэрыканскія афіцыйныя асобы паведамілі, што некалькі сотняў вайскоўцаў КНДР былі забітыя або параненыя ў баях.

Джозэф ДэТрані, дасьведчаны эксперт па Паўночнай Карэі, выказаў сур'ёзную занепакоенасьць:

«Цяпер КНДР заключыла дамову аб узаемнай абароне з рэваншысцкай Расеяй, абавязваючы кожную абараняць іншую ў выпадку нападу. Гэта значна павялічвае рызыку правакаваньня КНДР канфлікту з Паўднёвай Карэяй з выкарыстаньнем усіх магчымых узбраеньняў. Магчыма гэта самая высокая рызыка з часоў Карэйскай вайны».

Ізраіль скрушае ворагаў

Ізраіль зьнішчае тэрарыстаў. Фота: Foreign Policy 

Ізраіль зьнішчае тэрарыстаў. Фота: Foreign Policy 

Ях'я Сінвар, Хасан Насрала, Ісмаіл Ханія. Уплыў ад ліквідацыі лідараў тэрарыстаў ХАМАС і Хізбалы будзе адчувацца дзесяцігодзьдзямі. Нават пры зьяўленьні новых галоваў на целе гідры, яны ня здолеюць несьці тую ж пагрозу, што і раней. Фанатыкі адыйшлі ў горшы для іх сьвет, а наступнае пакаленьне будзе мець пры сабе яскравы прыклад непазьбежнай адплаты.

Адзін за адным Ізраіль адсочваў і зьнішчаў кіраўніцтва сваіх найбуйнейшых ворагаў. Прэцэдэнтаў падобнай апэрацыі ў сучаснай гісторыі было мала, калі ўвогуле былі.

Адной з галоўных мэтаў Ізраіля з пачатку сёньняшняй вайны было зьнішчэньне лідэраў ХАМАС і ўсіх баевікоў, якія ўдзельнічалі ў нападах 7 кастрычніка 2023 года. Мэта фактычна выкананая.

Па сутнасьці Ізраіль пад кіраўніцтвам Нэтаньяху зрабіў тое, што патрабавалася яшчэ 30-40 гадоў таму. Для фул-хаўза не хапае, відаць, толькі імя сапраўднага лідара Ірана, аяталы Хаменэі.

Далей – без Асада

Што засталося ад Асада. Фота: The Arkansas Gazette

Што засталося ад Асада. Фота: The Arkansas Gazette

Кааліцыя паўстанцкіх групаў хутка захапіла кантроль. Горадам за горадам, што завяршылася захопам Дамаска і пасьпешным сыходам Асада. Усяго за 11 дзён завяршылася 13-гадовая грамадзянская вайна і 53-гадовае праўленьне партыі Баас і сям'і Асадаў.

Рэвалюцыя разгарнулася з мінімальным кровапраліцьцём. Нават тыя, хто прадказваў падзеньне рэжыму, меркавалі гвалтоўнае сканчэньне гэтай гісторыі. Расея і Іран, якія ўклалі значныя сродкі ў Сірыю, убачылі, што іх уплыў зьнікае. Пасьля гэтага Турэччына і Ізраіль пачалі ваенныя дзеяньні, у той час як ЗША падвоілі сваю прысутнасьць у Сірыі прыкладна да 2000 чалавек, працягваючы ўласную місію па супрацьдзеяньні баевікам Ісламскай Дзяржавы.

Напрыканцы 2024 года незразумелым застаецца далейшая палітычная канфігурацыя ў Сірыі. Дый увогуле – ці будзе існаваць дзяржава ў такіх межах і з такой назвай далей. Пажывем – пабачым.

Далей – зноў з Трампам

Дональд Трамп. Фота: CNN

Дональд Трамп. Фота: CNN

Вяртаньне на пасаду прэзідэнта ЗША Дональда Трампа зь яго непрадказальнасьцю і нетрадыцыйнай палітыкай будзе мець значныя наступствы для нацыянальнай і глябальнай бясьпекі, тут ня трэба і да варажбіткі хадзіць.

Якім будзе гэты ўплыў – мы пабачым ужо неўзабаве, пасьля інаўгурацыі новага старога прэзідэнта 20 студзеня 2025 года. Адно будзе бяспрэчным – больш інтэнсіўнасьці, меньш адсутнасьці ва ўсіх сэнсах гэтага слова, што мы назіралі пры папярэдняй адміністрацыі Джо Байдэна.

Нехта зьвяртае ўвагу на тое, што вялікі разварот у электаральнай кампаніі-2024 адбыўся пасьля замаху на Трампа. На тым мітынгу яшчэ кандыдат Дональд быў лёгка паранены, хаця ў пару сантымэтрах ад крывавага вуха яго няўмольна чакала сьмерць.

Кажуць, пасьля гэтага інцыдэнту Трамп нібы перанарадзіўся сам для сябе: стаў больш спакойным і чульлівым. Наколькі гэта адпавядае рэальнасьці – сказаць пакуль складана.

Страшэнныя прыродныя катаклізмы

Наступствы тайфуна ў Японіі. Фота: CNN

Наступствы тайфуна ў Японіі. Фота: CNN

1 студзеня на паўвыспе Нота ў Японіі адбыўся магутны землятрус, які задаў змрочны тон на ўвесь гэты год. Землятрус з магнітудай 7,5 выклікаў вялізныя разбурэньні. Моцны сьнегапад узмацніў хаос.

NASA паведаміла, што часткі паўвыспы былі ўзьнятыя на цэлых 4 мэтры. На жаль, загінула 281 чалавек, тысячы атрымалі раненьні

29 кастрычніка ў правінцыі Валенсія на паўднёвым усходзе Гішпаніі выпаў страшэнны дождж – узроўнем 51 см усяго за восем гадзінаў, што выклікала раптоўныя паводкі. Вуліцы ператварыліся ў бурлівыя рэкі, а машыны былі зьнесеныя, як папяровыя карабельчыкі. Паводка забрала жыцьці 216 чалавек.

Грамадзкае абурэньне неадэкватнымі папярэджаньнямі і мерамі рэагаваньня прывяло да пратэстаў.

У канцы верасьня ўраган «Хелена» стаў самым сьмяротным ураганам у ЗША з часоў «Катрыны». Пасьля выхаду на сушу ў Фларыдзе ён пранёсься праз Джорджыю, Караліну, Вірджынію, Тэнэсі і Алабаму. Больш за 230 чалавек загінулі, калі шторм выклікаў масавыя паводкі, адключэньні электрычнасьці і разбурэньне інфраструктуры.

У ліпені бязьлітасны дождж у раёне Ваянад у Індыі выклікаў разбуральныя апоўзьні, у выніку якіх загінулі 392 чалавекі, а 150 чалавек зьніклі бяз вестак. Некаторыя вёскі былі пахаваны пад аскепкамі апоўзня.

Намаганьні па аднаўленьні працягваліся некалькі тыдняў, для ідэнтыфікацыі загінулых выкарыстоўваўся аналіз ДНК.

У верасьні тайфун «Ягі» пракаціўся па некалькіх азіяцкіх краінах, але асноўны цяжар яго разбурэньня прыйшоўся на В'етнам. Шторм выклікаў катастрафічныя раптоўныя паводкі і апоўзьні, у выніку чаго загінулі 600 чалавек па ўсім рэгіёне, у тым ліку 300 у адным толькі В'етнаме.

У 2024 годзе ў Лас-Вегасе, што ў ЗША, было самае сьпякотнае лета за ўсю гісторыю з сярэднясутачнай тэмпературай 35,7 градусаў з чэрвеня па жнівень. Няўмольная сьпякота прывяла да 491 сьмерці. Большасьць ахвяраў былі ва ўзросьце да 40 гадоў, злоўжываньне псіхаактыўнымі рэчывамі спрыяла многім сьмерцям, як паведамляла мясцовая прэса.

Рэкордны год сусьветных выбараў

2024 год пачаўся як гістарычны год выбараў, калі каля 80 краінаў, якія прадстаўляюць чатыры мільярды чалавек, правялі нацыянальныя або мясцовыя выбары. Да канца года ён стаў так званым «годам прэтэндэнта», паколькі выбарцы ва ўсім сьвеце збольшага «пакаралі» тых, хто знаходзіцца ва ўладзе.

Палітычныя партыі, якія даўно дамінавалі ў Індыі, Японіі і Паўднёвай Афрыцы, удзельнічалі ў выбарах у надзеі ўмацаваць свой кантроль, але замест гэтага страцілі месцы і былі вымушаныя ўвайсьці ў нетрывалыя кааліцыйныя ўрады. Як у Злучаным Каралеўстве, так і ў Злучаных Штатах дзейныя партыі пры ўладзе былі скінутыя на ўзбочыну расчараванымі выбарцамі.

Рашэньне французскага прэзідэнта Эмануэля Макрона прызначыць пазачарговыя парлямэнцкія выбары пасьля моцнага выступу правых партый на выбарах у Эўрапарлямэнт прывяло да непрыемных для яго вынікаў і паставіла пад пагрозу прэзідэнцтва. Зрэшты год для Макрона сканчваецца досыць удала. Ён па-сутнасьці здолеў раскалоць чырвоную кааліцыю левых, а партыя Лё Пэн не здолела скарыстацца летнім шанцам на атрыманьне большасьці ў парлямэнце.

Тым часам кіруючая кааліцыя Нямеччыне распалася пасьля жахлівых вынікаў на мясцовых выбарах у верасьні. Канец сацыялістам пры ўладзе ў краіне бургераў.

Апроч усяго сьвет перакрочыў праз 1000 дзён крывавай вайны, якую распачала Расея супраць Украіны.

З надыходзячым Новым 2025 годам!