Хронікі рэпрэсій за 3 студзеня: у «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 18 прозвішчаў — цяпер у ім 4826 чалавек

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі на сёння, 3 студзеня.

hroniki_represij2_4_1_1_1_1_1.png

3 студзеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі спевака Дзядзю Ваню, якога асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

У Гомелі жанчыну з інваліднасцю, якую раней намагаліся выселіць з жылля, будуць судзіць за «паклёп на прэзідэнта»

13 студзеня ў судзе Савецкага раёна г. Гомеля адбудзецца чарговы працэс за «паклёп на прэзідэнта». На гэты раз — супраць жанчыны з інваліднасцю, якую неаднойчы праз гэты ж суд намагаліся выселіць з жылля на вуліцу.

Жыхарка Гомеля Наталля Мікалаеўна Васіленка абвінавачана па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Гэта — частка 2 арт. 367 (паклёп у адносінах прэзідэнта РБ) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя РБ). Разгляд справы пачнецца ў 14:30, разглядаць яе будзе суддзя Юрьевіч Дзмітрый Георгіевіч.

Складаныя адносіны паміж установамі «сацыяльнай прававой дзяржавы» і грамадзянкай цягнуцца не першы год. Некалі жанчына працавала ў будаўнічай арганізацыі. Аднак у 2011 г. захварэла, у 2014 стала інвалідам 3 групы па агульным захворванні, а ў 2016 г. у яе здарыўся інсульт. Жанчыне няпроста стала знайсці працу з-за мноства абмежаванняў па стану здароўя. Пры пенсіі ў 75 руб. грошай не хапала нават на лекі.

Глядзіце таксама

Камунальнае рамонтна-эксплуатацыйнае ўнітарнае прадпрыемства «Савецкае» г. Гомеля неаднойчы падавала ў суд Савецкага раёна Гомеля зыскі на высяленне Наталлі Васіленка з жылога памяшкання, у якім яна жыве з 1976 г. (пакой плошчай 17 кв. м) без прадастаўлення іншага жылля — па прычыне запазычанасці па аплаце. У судзе высветлілася, што ў жанчыны няма шкодных звычак і канфліктаў з суседзямі, але і блізкіх сваякоў няма.  Пасля таго, як сітуацыя набыла розгалас, Наталлі дапамагалі з аплатай розныя людзі.

Жыхароў Ліды судзяць за атрыманне замежнай дапамогі і абразу Лукашэнкі

Аляксандра Вайтовіча судзяць за парушэнне Дэкрэта №7 (Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2021 №7). Справу разглядае Міхаіл Кісель у судзе Лідскага раёна. 

Дэкрэт №7 рэгулюе атрыманне замежнай дапамогі. Па гэтым артыкуле за атрыманне дапамогі і салідарнасць судзяць сваякоў палітвязняў і іх саміх.

Справу паводле арт. 368 ч. 2 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» над Генадзем Жукелем разглядаюць 3 студзеня ў судзе Лідскага раёна. Суддзя — Наталля Лобан. 

Раней паведамлялі, што тая ж суддзя асудзіла яго на год калоніі. Мужчыну прызналі палітвязнем. Улады змясцілі яго ў спіс «экстрэмістаў».

Раённыя чаты беларусаў у Варшаве прызналі «экстрэмісцкімі» ў Беларусі

Суд Ленінскага раёна Гродна 23 снежня прызнаў «экстрэмісцкімі» шэраг раённых тэлеграм-чатаў беларусаў Варшавы. Назвы гэтых чатаў Мінінфарм ужо ўключыў у адпаведны спіс, заўважыў Most.

У спіс уключаны «Прага Беларуская ў Варшаве / Praga bialoruska w Warszawie», «Беларусы Віланува. Wilanow Bialoruski», «Беларусы ва Влохах, Вва. Bialorusini we Wlochach», «Беларусы Урсынава (Варшава) / Bialorusiny Usrynowa, Wawa», «Беларусы Варшавы: Mokotow (мокотув) I ня толькі».

Па стане на вечар 2 студзеня ў найбуйнейшым з іх — чаце «Беларусы Варшавы: Mokotow (мокотув) I ня толькі» — было каля 2100 удзельнікаў. У астатніх — ад 160 да некалькіх соцень.

У Баранавічах затрымалі мужчыну, які ў навагоднюю ноч сарваў з будынка чырвона-зялёны сцяг

Паведамляецца, што затрыманаму 43 гады.

Распачата крымінальная справа паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў).