Культура і яе адсутнасць. Вынікі года ў літаратуры, музыцы, кіно, тэатры і мастацтве
Азірнуліся і паглядзелі, што адбывалася сёлета ў культурнай сферы ў Беларусі і па-за яе межамі. Аказалася, шмат чаго!
Нават калі падаецца, што ўсё закатана ў асфальт, там, пад гэтым асфальтам, ідуць свае працэсы — раскладання або кансервацыі старога і ўтварэння чагосьці новага. Гэтак жа і ў беларускай культуры, якая не застыла ў часе і прасторы, а працягвае жыць сваім жыццём і ў Беларусі, і па-за яе межамі.
Мы адгарталі стужкі навін да студзеня і паглядзелі, чым жыла і дыхала Беларусь у гэтым годзе.
Літаратура
Як пісаў ужо «НЧ», літаратура і кнігі сёлета не тое каб буялі буйным кветам, але даволі няблага працягвалі сваё існаванне ў чытацкай прасторы — што праўда, збольшага ў выгнанні. Больш за сто кніг выйшла за 2024 год у беларускіх выдавецтвах, і гэта добры старт пасля вымушанай паўзы.
Раскажам трошкі пра тое, што не ўвайшло ў гэты спіс. Напрыклад, значнай падзеяй (яшчэ не асабліва заўважанай і ацэненай — гэта ўсё ў перспектыве) стаў выхад анталогіі беларускай паэзіі ХХІ стагоддзя «Свет скончыўся, а мы — не». Яе адметнасць у тым, што гэта пераклады вершаў сучасных беларускіх паэтаў і паэтак на італьянскую мову, чаго не было, бадай, ніколі да таго. У кнігу ўвайшло больш за сотню тэкстаў сарака творцаў, а над перакладамі на італьянскую працавалі Алесандра Акілі, Джулія Дэ Флорыа і Мая Галаванава.
Прыкладна ў сярэдзіне года выдавецтва «Янушкевіч» агаломшыла сваіх чытачоў і аматараў культавай серыі кніг пра Гары Потара тым, што брытанскія праваўладальнікі адмовіліся супрацоўнічаць надалей з беларусамі (той выпадак, калі сіненькі пашпарт вельмі коле вочы) — а гэта значыць, што працягу гісторыі па-беларуску мы не пабачым... Але ў снежні здарыўся зімовы цуд — і выдавецтва абвясціла, што ўжо зусім хутка, у лютым 2025 года выйдзе чацвёртая частка знакамітай кнігі пра «хлопчыка-які-выжыў». Так што шукайце «Гары Потэр і Келіх агню» на паліцах кнігарняў.
Асноўную частку літаратурных падзей года склалі прэміі і фестывалі. І калі расказваць пра ўсё запар, не хопіць месца на астатняе, таму мы проста пералічым тут узнагароды і лаўрэатаў (-к).
Прэмія імя Міхася Стральцова — Усевалад Сцебурака, паэтычны зборнік «Беларускія зоркі»
«Гліняны Вялес» — пісьменнік Юрый Станкевіч (пасмяротна)
Прэмія імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу — Наста Кудасава «Побач» (за 2022 год), Ганна Шакель «Цела мігдалу» (за 2023 год)
Прэмія імя Алеся Адамовіча за найлепшы публіцыстычны твор — Ганна Янкута «Час пустазелля», Віка Біран «Я танцую»
Прэмія імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні — Віка Біран «Я танцую», Дзяніс Івашын «Цыкл турэмных вершаў», Ліса (аўтарка і яе твор схаваныя ў мэтах бяспекі)
Прэмія імя Ежы Гедройця — філосаф Валянцін Акудовіч «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым»
Прэмія імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку — Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі (за вокладку кнігі Насты Кудасавай «Побач»)
«Мядовая прэмія» ад палітзняволенага Міколы Папекі — паэтка Валянціна Аксак і пісьменнік Уладзімір Арлоў
Беларуская паэтка Ванда Марціньш, якая жыве ў Літве, сёлета атрымала прэмію мэра Вільні за кнігу вершаў «Маланкі над Вільняй», а Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі ўручыў некалькі медалёў нашым культурным дзеячам:
Медаль Францыска Скарыны — мовазнаўца Вінцук Вячорка, паэт Уладзімір Някляеў, перакладчык і выдавец Сяргей Шупа
Медаль «Гонар і годнасць» — ужо згаданая паэтка Ванда Марціньш і выдавец Андрэй Янушкевіч.
Увогуле для выдавецтва «Янушкевіч» гэта быў запамінальны год — не толькі праз выданне такіх кніг, як, напрыклад, «Ззянне» Стывена Кінга, але і праз прэміі таксама. У дадатак да папярэдняй, выдавецтва атрымала амерыканскую прэмію «Freedom to Publish». Гэтую ўзнагароду атрымліваюць выдавецтвы, якія працуюць па-за межамі ЗША, за праяўленую мужнасць і стойкасць у барацьбе за свабоду слова.
Прэстыжную Ляйпцыгскую кніжную прэмію за ўклад у еўрапейскае паразуменне сёлета атрымаў адзін з самых вядомых сучасных беларускіх пісьменнікаў Альгерд Бахарэвіч, чый раман «Сабакі Еўропы» некалькі гадоў таму ўлады ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім».
Адметнай і важнай падзеяй штогод з'яўляецца «Ноч паэтаў», якую беларусы адзначаюць з 29 на 30 кастрычніка, у дзень, калі ў 1937 годзе савецкія карнікі расстралялі больш за сотню дзеячаў культуры, у тым ліку адзінаццаць паэтаў. У 2024 годзе памятныя мерапрыемствы прайшлі ў 30 гарадах і 15 краінах, а таксама онлайн.
Сёлета беларусы святкавалі стагоддзе з дня нараджэння культавага пісьменніка Васіля Быкава. У інтэрнет-прасторы з'явілася шмат публікацый і ўспамінаў, прысвечаных творцу, «Радыё Свабода» выдала новую кнігу пра яго, а партал audiobooks.by запісаў цэлую серыю аўдыёкніг Васіля Быкава па-беларуску, якія можна праслухаць проста цяпер. Імпрэзы, прысвечаныя пісьменніку, прайшлі ў Мінску, у Музеі-лецішчы Быкава ў Ждановічах, а таксама ў Варшаве і Празе.
Некалькі летніх месяцаў чытачы па ўсім свеце сачылі за эпапеяй пад назвай «Топ-100 лепшых кніг ХХІ стагоддзя паводле версіі "The New York Times"». Доўгі-доўгі спіс публікаваўся часткамі і меў дзве рэдакцыі: адну — ад экспертнага журы, другую — ад чытачоў. І вось у першую якраз увайшла кніга беларускай пісьменніцы і Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд». І гэта не першая падобная згадка кнігі: у 2019 годзе яна заняла трэцюю пазіцыю ў топ-100 лепшых твораў XXI стагоддзя, складзеным брытанскім выданнем «The Guardian».
У гэтым годзе аднавіла сваю працу «Перакладчыцкая майстэрня» з Андрэем Хадановічам. Кажуць, конкурс быў сур'ёзным — па некалькі чалавек на месца, а сам праект аказаўся паспяховым, і яго працягнулі на другі сезон (дарэчы, абвешчаны прыём заявак!).
З навін рэпрэсій: не менш за 175 дзеячаў культуры знаходзяцца цяпер у зняволенні, і палітычны пераслед людзей мастацтва не спыняецца. Арганізацыі, ліквідаваныя ці адпраўленыя ў выгнанне, прызнаюцца «экстрэмісцкімі» (як, напрыклад, «Вольныя Купалаўцы»), працягваецца ліквідацыя выдавецтваў — у тым ліку дзяржаўных. Так, сёлета пад гэты каток трапілі «Вышэйшая школа» і «Народная асвета». Узмацняецца і цэнзура. У памкненні падладзіцца пад сістэму і ўніфікаваць «законы» з расійскімі Міністэрства культуры прызнала «парнаграфіяй» любыя згадкі гомасексуальных адносінаў у літаратуры і візуальным мастацтве, а таксама стварыла спіс забароненых кніг, якія прыбіраюць з паліц кнігарняў (у ім прыблізна 30 пазіцый) — і ўсё праз тыя ж «традыцыйныя каштоўнасці». Пад няголасную забарону трапілі замежныя аўтары, у кнігах якіх таксама можна сустрэць значна большую разнастайнасць, чым стасункі «М + Ж» (так не пашчасціла, напрыклад, Майклу Канінгему і Ханьі Янагіхары). А праўладны «Саюз пісьменнікаў Беларусі» атрымаў ад «старэйшага брата» грант на праграму прасоўвання каштоўнасцей «рускага свету» ў Беларусі.
Упершыню за трыццаць гадоў у Беларусі з'явіўся новы Народны паэт. Лукашэнка ўганараваў гэтым званнем Уладзіміра Карызну — аўтара слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна. Ён перапрацаваў ранейшы тэкст і прыбраў адтуль спасылкі на Леніна і камуністычную партыю. Да Карызны званнем «Народны паэт Беларусі» былі ўганараваныя Янка Купала (1925), Якуб Колас (1926), Пятрусь Броўка (1962), Аркадзь Куляшоў і Максім Танк (1968), Пімен Панчанка (1973), Ніл Гілевіч (1991) і Рыгор Барадулін (1992).
Музыка
2024 год у музыцы пачаўся з рэпрэсій: на пачатку студзеня затрымалі музыкаў з гурта «Nizkiz», чый сінгл «Правілы» быў адным з саўндтрэкаў 2020 года. У сакавіку Аляксандр Ільін, Сяргей Кульша і Дзмітрый Халяўкін атрымалі ад самага сумленнага суду ў свеце па два з паловай гады «хатняй хіміі», пасля чаго пакінулі Беларусь. У кастрычніку іх унеслі ў «спіс экстрэмістаў».
«Экстрэмісцкай» прызналі і песню «Не быць скотам» гурта «Ляпіс Трубяцкі», напісаную на верш Янкі Купалы «Хто ты гэткі». Непажаданы ў Беларусі таксама кліп на гэты трэк. Аднаго беларуса ГУБАЗіК нават прымусіў звесці татуіроўку з надпісам «Не быць скотам».
Беларускіх музыкаў пераследавалі і забаранялі з палітычных матываў не толькі ў Беларусі. Вялікі сусед — РФ — таксама не адстае ад сёлетніх трэндаў: у іх у «чорныя спісы» ўнесеныя Макс Корж, Ціма Беларускіх, Наталля Падольская, «ЛСП» і «5diez», а папулярны расійскі сэрвіс для праслухоўвання музыкі «Яндэкс.Музыка» заблакаваў трэкі спевака Ap$ent.
Шмат шуму ў «рускамірцаў» нарабіў новы альбом «Пятлі Прыхільнасці», які папулярны ў Расіі гурт упершыню зрабіў цалкам на беларускай мове. Ад «Суперпазіцыі» не застаўся абыякавым ніхто, бо гэта той самы выпадак, калі альбо падабаецца, альбо ненавідзіш. І адразу зразумела, хто ёсць хто.
Беларускай мовай у сваёй творчасці чарговы раз парадаваў і гурт «J:Морс». Сінгл называецца «Зброя». «Трывай ледзь, але дыхай на зло ім. Твой пульс у Сусвеце — самая злая зброя», — спявае Уладзімір Пугач, і гэта прэтэндуе на жыццёвае крэда многіх з нас.
У лістападзе калабарацыя праваабаронцаў, музыкаў, паэтаў і актораў зрабіла магчымым музычны альбом «Пазначаныя жоўтым» ― пра беларускіх палітвязняў. Гэта дакумент часу, у якім зафіксавана ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі, а таксама расказваецца, які шлях чалавек праходзіць за кратамі. У стварэнні альбома, акрамя былых палітзняволеных, узялі ўдзел Крысціна Дробыш, Аngst, Арцём Ставер, Дзіяна Пінчук і Андрэй Новік. Імёны ўсіх, хто ўдзельнічаў праекце, не называюцца ў мэтах бяспекі.
З музычна-літаратурных навін: папулярны беларускі гурт «NaviBand», забаронены ў краіне, атрымаў прэмію імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», якая была заснаваная Аляксандрам Мілінкевічам і з пэўных прычын не ўручалася з 2019 года. Паводле яго слоў, гэтая прэмія належыць усім беларусам, «якія змагаюцца за свабоду, якія жывуць і мараць пра беларускасць Беларусі і пра тое, каб яна абрала еўрапейскі шлях».
Яшчэ з адметных падзей 2024 года варта адзначыць новы альбом сусветна вядомага беларускага гурта «Molchat Doma» з гаваркой назвай «Belaya polosa», фэст беларускай музыкі «Грай», што прайшоў у Варшаве, і першую беларускую музычную прэмію ў эміграцыі «Uwaga!», у якой адзначылі гэтай самай увагай «Дай Дарогу!», Leibonik, Аляксандра Памідорава і Кетэван.
А заканчваецца год таксама музычнымі навінамі — праўда, з ідэалагічнай часткі: чыноўнікі ў Беларусі забаранілі выкарыстоўваць у публічных месцах замежныя навагоднія хіты. Маўляў, у нас ёсць сваё, негоршае. Цяпер у крамах і гандлёвых цэнтрах грае пераважна рускамоўная папса, а тыя, хто не жадаюць ганьбіцца, уключаюць проста «мінусы». Так і жывём — у мінус.
Кіно
У беларускім кіно навін не так шмат, як у літаратуры і музыцы, але яны ёсць. Тут, як гаворыцца, дзве навіны: адна добрая і адна кепская. З якой пачнем?
Давайце з апошняй. Не перастае «радаваць» беларусаў стары-добры «Беларусфільм», які трывала асядлаў канёк прапаганды і кляпае «фільмы» як з-пад станка: тут табе і пра «генацыд беларускага народа», і пра доблесных сілавікоў, і пра сілу і моц дзяржаўнай сімволікі, і нават пра «гаранта» здымаць збіраюцца (хаця хто б сумняваўся). «Адкуль грошы?» — спытаеце вы. З дзяржбюджэту, канешне. На амаль ужо мінулы год кінулі з «барскага пляча» (а, па сутнасці, з нашых з вамі кашалькоў) 14 мільёнаў рублікаў. А тут яшчэ і неабыякавая Расія не засталася ўбаку — у тамтэйшага Фонду кіно нашы суайчыннікі папрасілі фінансавання. І можна не сумнявацца, што атрымалі яго.
Але ёсць і добрыя навіны. Тое самае беларускае кіно, якое, на шчасце, не стала на дзяржаўныя рэйкі і не ператварылася ў прапаганду, жыло, жыве і жыць будзе. Напрыклад, рэжысёрка Дар'я Жук, чый фільм «Крышталь» калісь прэтэндаваў на «Оскар», зняла новую стужку — ды не абы-якую, а цэлую навукова-фантастычную драму-антыўтопію «Дакладна, як здаецца». Сюжэт узяты з апавядання беларускай пісьменніцы Таццяны Заміроўскай, якая стала суаўтаркай сцэнарыя. Фільм змрочна высмейвае аўтарытарызм, у ім сямейная пара просіць палітычнага прытулку ў ЗША, але аказваецца нечакана тэлепартаванай у Беларусь з дапамогай таямнічай квантавай тэхналогіі, створанай навукоўцамі пры дыктатарскім рэжыме. Ці атрымаецца ў іх уцячы ад лап карнікаў і пры гэтым застацца разам?
Рэжысёры працягваюць фіксаваць нашу з вамі рэальнасць і яе герояў. Так, праект «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» серыю «кароткаметражак» пра вядомых беларусаў і беларусак і тыя рэчы, што сталі экспанатамі Музея Вольнай Беларусі. Усяго знята пяць эпізодаў, і першы з іх — пра моўных актывістаў Аліну Нагорную і Ігара Случака, якія некалькі гадоў ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій «партызанілі» на Беларусі і паспелі яшчэ нарадзіць дзяцей. Другі эпізод расказвае пра Кубак Аляксандра Івуліна, трэці — пра вядомага беларускага дыджэя Папу Бо, у чацвёртым знятыя «Выжыванкі» Руфіны Базловай, а апошні эпізод зафіксаваў знакамітую «пратэсную» шлюбную сукенку «БЧБ-нявесты» Іны Зайцавай. Рэжысёр праекта — Максім Швед.
Яшчэ адна навінка ў кіно пра беларусаў, але не з Беларусі — стужка брытанскіх рэжысёраў «Выпадковая прэзідэнтка» («The Accidental President»), у якой знятая — і, відаць, працягвае здымацца гісторыя Святланы Ціханоўскай ад самага пачатку: перадвыбарчая кампанія ў Беларусі, самі выбары, пратэсты і тое, што было пасля іх — міжнародная палітыка, візіты да замежных партнёраў і г. д. Аўтары фільма Майк Лернэр і Марцін Герынг упэўненыя, што будзе і другая частка — калі Офіс Ціханоўскай вернецца ў Мінск.
Агулам жа пра сваё незалежнае кіно беларусы даведваюцца з кінафэстаў. Увосень адзін за адным прайшлі два фестывалі незалежнага кіно — «Паўночнае ззянне» (дзе традыцыйна ёсць беларускі конкурс) і «Bulbamovie». На апошнім «Залатыя Бульбіны» атрымалі Ганна Авота («Чароўныя нажнічкі») і Мікіта Пандэка («Чэмпіён 471»). Спецыяльным дыпломам была адзначаная стужка Кіры Альшэўскай «Скажыце сыр». Што да «Паўночнага ззяння», то ў беларускім конкурсе гэтага года перамог фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам».
На пачатку года на Берлінскім кінафестывалі ўручылі прэмію «Чырвоны верас» — узнагароду ад кінакрытыкаў, што адзначае найлепшыя дасягненні ў сферы беларускага кіно. Сёлета прайшла першая ўрачыстая цырымонія — і нечакана так атрымалася, што яна прайшла менавіта на «Берлінале». Статуэткі ў выглядзе цагліны з парасткам верасу атрымалі: Юрый Сямашка («Смеццевая галава»), Мікіта Лаўрэцкі («Спатканне ў Мінску»), Саша Кулак («Мара»), Аляксей Палуян («Courage»), Ксенія Галубовіч («Маладосць па-беларуску»), Павел Мажар («Метадычка») і Ната Карнеева («Shirey Mara»). Асобна журы адзначыла яшчэ некалькі стужак, адна з якіх — фільм тэлеканала «Настоящее время» пра пратэсты ў Беларусі «Мы не знали друг друга до этого лета».
Тэатр
Сёлета беларускі тэатр адзначаўся двума відамі навін: пра рэпрэсіі на радзіме і пра спектаклі ў замежжы.
З рэпрэсіямі ўсё зразумела: яны не спыняюцца. Працягваюць «чысціць» дзяржаўныя ўстановы, і пад «раздачу» трапілі таксама тэатры. Мабыць, самы нашумелы з гэтых працэсаў — затрыманне актораў РТБД за «палітыку», праз што у тэатры экстранна мянялі спектаклі, вярталі грошы за квіткі і ўвогуле думалі, як жыць далей. Бо аказалася, што адным затрыманнем не абышлося — Максіма Брагінца, Змітра Давідовіча і Арцёма Курэня звольнілі, а перад гэтым з тэатра «сышлі» яго дырэктарку Святлану Карукіну. Яшчэ раней, у 2021-2022 гадах, РТБД пакінулі мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў і акторы Алена Баярава, Марыя Пятровіч, Марына Здаранкова і Максім Шышко.
Менш вядомыя навіны былі з Дзяржаўнага тэатра лялек, дзе звольнілі дырэктара Дзмітрыя Сямёнава, Музычны тэатр «пазбавіўся» дырэктара Сяргея Пукіты, а ў віцебскім тэатры «Лялька» і ў Драматычным тэатры беларускай арміі звольнілі мастацкіх кіраўнікоў — Віктара Клімчука і Марыну Дудараву. Быў звольнены таксама мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра оперы і балета Валянцін Елізар'еў.
Самае цікавае і пазітыўнае адбывалася за мяжой — там беларусы ставілі новыя спектаклі. Так, напрыклад, «Вольныя Купалаўцы» прымудрыліся зрабіць спектакль па кнізе палітзняволенага юрыста Максіма Знака «Зэкамерон» — прэм'ера адбылася ў траўні, а квіткі на абодва дні прэм'ерных паказаў раскупілі імгненна.
Яшчэ адзін нечаканы праект «Купалаўцаў» — спектакль «Экстрэмісты», пастаўлены па аднайменнай п'есе беларускай паэткі Юлі Цімафеевай. Як прызнаецца сама паэтка, для працы над п’есай яна размаўляла са сваім братам Пятром Марчанкам і яго жонкай Юліяй, якія адседзелі паўтара года ў беларускіх СІЗА і калоніях па справе гурта «Irdorath». Менавіта іх успаміны леглі ў аснову тэксту.
Да ўгодкаў пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны незалежны тэатральны калектыў «BY TEATR» разам з Музеем Вольнай Беларусі і «Домам Творцаў» у Варшаве прадставілі дакументальны спектакль «How are you?», які быў створаны яшчэ ў 2022 годзе, але беларусы змаглі яго пабачыць упершыню. Канву сюжэту складаюць расповеды рэальных людзей, якія перажылі першыя дні вайны, а само дзеянне адбываецца ў бомбасховішчы. У галоўных ролях — «купалаўцы» Ігар Сігоў і Валерыя Сігова, Максім Шышко, Аляксей Сапрыкін, Дар’я Новік, Марыя Пятровіч. Аўтар п’есы — Віталь Карабань, а рэжысёрам выступіў Андрэй Новік.
«Ззяў» на міжнароднай сцэне і Беларускі Свабодны тэатр, які ў мінулым (2023-м) годзе паставіў не што-небудзь, а цэлую оперу — «Дзікае паляванне караля Стаха», вершаваны тэкст да якой напісаў Андрэй Хадановіч, а музыку стварыла Вольга Падгайская. Сёлета тэатр парадаваў гледачоў спектаклем «KS6: SMALL FORWARD» — пастаноўкай пра алімпійскую спартсменку, баскетбалістку Кацярыну Сныціну. У аснове спектакля — размовы Сныцінай і кіраўніка БСТ Мікалая Халезіна. Дарэчы, Халезін сёлета таксама адзначыўся вельмі асабістай і важнай навіной — ён і яго жонка рэжысёрка Наталля Каляда за заслугі перад тэатрам атрымалі Ордэн Брытанскай імперыі з рук самой прынцэсы Анны. Уручэнне прайшло на пачатку года ў Віндзарскім замку.
Мастацтва
І калі з літаратурай, музыкай, кіно і тэатрам у гэтай краіне нешта адбываецца, то пра мастацтва невядома амаль нічога — прынамсі, з адкрытага і таго, што можа прачытаць незаангажаваная публіка. Усе навіны, якія з'яўляліся сёлета ў СМІ — пра пераслед мастакоў і мастачак.
У кастрычніку ў Беларусі арыштавалі Ігара Рымашэўскага і Людмілу Шчамялёву. Сямейную пару мастакоў абвінаваціла ва «удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт.342 Крымінальнага кодэкса). Цяпер яны знаходзяцца ў палоне рэжыму.
Таксама за кратамі ўтрымліваюцца: Генадзь Драздоў, Іван Вярбіцкі, Андрэй Папоў, Андрэй Раптуновіч. І гэта імёны толькі тых мастакоў, пра якіх нешта вядома праваабаронцам. Насамрэч жа імёнаў можа быць нашмат больш.
Страты года
Сёлета ад нас пайшлі ў лепшы свет:
кніжны майстар і мастак Уладзімір Свентахоўскі
заснавальніца тэатра «Зніч» і беларуская акторка Галіна Дзягілева
беларуская фалькларыстка Ларыса Рыжкова
выдавец, літаратуразнаўца, аўтар «Ліста расейскаму сябру» Аляксей Каўка
фатограф Уладзімір Парфянок
...і яшчэ трошкі вынікаў года
Сёлета такі цуд беларускай культуры, як выцінанка, стаў аб'ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Традыцыйнае мастацтва выразання карункавых узораў з паперы стала ўжо шостай беларускай культурнай традыцыяй у спісе UNESCO, на чарзе цяпер — беларуская дуда.
Неабыякавыя беларусы стварылі праект па вяртанні культурнай спадчыны і назвалі яго «Maldzis» — у гонар навукоўцы, пісьменніка, інтэлектуала Адама Мальдзіса. У праекта ёсць сайт і ТГ-канал, дзе можна пачытаць пра беларускія мясціны ў розных гарадах свету і іншыя цікавосткі з нашай культуры.
Ну і на заканчэнне трошкі навагодняга абсурду. Як ужо згадвалася вышэй, чыноўнікі Лукашэнкі забаранілі ў публічных месцах замежныя навагоднія хіты (не чакайце пачуць «Jingle Bells» або «Happy New Year»), але гэтага мала! Нельга таксама выкарыстоўваць выявы Санта-Клаўса, усёй гэтай замежнай каляднай эстэтыкі і нават аленяў! Бо ў нас ёсць сваё, роднае (дакладней, савецкае) — Дзед Мароз і Снягурка, якія аніякіх аленяў не эксплуатуюць і ўвогуле выпраменьваюць толькі спрадвечна славянскае, традыцыйнае, духоўнае. Прадавачкі і менеджары крамаў, якія займаюцца навагоднім упрыгожваннем прасторы, ледзь не плачуць: ну як адрозніць Санта-Клаўса ад Дзеда Мароза? Тым больш, што ўсё цяпер вырабляецца ў Кітаі. Ці чулі кітайцы ўвогуле пра савецкіх навагодніх герояў?
Бог яго ведае, як выкручваліся і што прыдумлялі гэтым разам пастаўшчыкі святочнага настрою, але ў саміх беларусаў яго значна паболела і без гэтага — на вокнах і ў хатах міргаюць гірлянды агеньчыкаў, у крамах і на рынках чэргі па падарункі і нават у асабістых адносінах і стасунках зрушаецца намерзлы за апошнія гады лёд і становяцца больш шчырымі і моцнымі абдымкі. Свята на носе — і яно нагадвае нам, што нішто не стаіць на месцы, жыццё ідзе наперад, і хто яго ведае, можа там, вунь за тым паваротам, нас чакае нарэшце шчасце? З Новым годам, сябры!