BelRead: Перакладаць, каб жыла мова

Мы шмат пішам пра з’яўленне новых кніжных праектаў: розныя кнігі сусветна вядомых аўтараў агучваюцца па-беларуску, выходзяць у перакладах на беларускую мову. Але за кожнай такой кнігай пытанне — а як з’яўляюцца гэтыя пераклады? Зразумела, некаторыя робяцца «прафесійна», а некаторыя — ініцыятыва саміх перакладчыкаў.

Малюнак: штучны інтэлект

Малюнак: штучны інтэлект

Такая «грамадская дзейнасць» па перакладзе сусветнай мастацкай літаратуры на беларускую мову — гэта праект ВelRead. Як расказаў НЧ адзін з яго ініцыятараў і ўдзельнікаў — Ілля — ініцыятыва па перакладзе замежнай літаратуры на беларускую мову паўстала каля года таму. Для гэтага было даволі багата падстаў.

Як нарадзіўся ВelRead

Як распавядае Ілля, неяк ён з сябрамі задумаўся: якія творы існуюць у перакладзе на беларускую мову? Прыкладна ў той жа час выйшла даследаванне Генадзя Коршунава пра страту беларусамі ў замежжы нацыянальнай ідэнтычнасці і пра нізкі ўзровень выкарыстання беларускай мовы.

«Натхніліся даследаваннямі пра тое, што губляецца ідэнтычнасць беларусаў без беларускай мовы. Ну і неяк так хацелася яшчэ, мабыць, свае сілы паспрабаваць у гэтай справе. Таму мы паглядзелі, абмеркавалі, чаго не хапае і чаго няма», — адзначыў Ілля. І зразумела, першы выбар быў зроблены на карысць фэнтэзі і фантастыкі, — гэта велічэзны жанр сучаснай літаратуры, працаваць над пераводам якога можна, пэўна, стагоддзямі.

Таму перакладчыкі абралі для сябе спачатку Лаўкрафта — перакладалі яго асобныя апавяданні. А ўжо потым высветлілі, што яшчэ раней частка абраных твораў ужо перакладалася і друкавалася выдавецтвам «Янушкевіч».

Для перакладу — народнае галасаванне

Пасля гэтай аказіі было вырашана абіраць кнігі для перакладу праз своеасаблівае «Народнае галасаванне». «Першы этап — гэта апытанка сярод нашай аўдыторыі. Мы проста спыталі: што б вы хацелі прачытаць на беларускай мове?» — распавядае ілля. У першай агульнай  апытанцы прынялі ўдзел блізу 120 чалавек.

«Першыя вынікі былі вельмі цікавымі: найбольш жадалі пабачыць пераклад “Дзюны" Фрэнка Герберта, твора Фрэдэрыка Бакмана і "Гронкі гневу" Стэйнбэка, — кажа Ілля, — Пасля гэтага быў складзены шорт-ліст з трох-чатырох твораў, і шляхам галасавання ў сацыяльных сетках чытачы абіралі, што перакладаць у першую чаргу».

Такі фармат дазваляе не толькі падтрымліваць цікавасць да праекта, але і дакладна трапляць у запыты аўдыторыі. «Людзі самі выбіраюць тое, што хочуць чытаць», — падкрэслівае суразмоўца. 

Малюнак: штучны інтэлект

Малюнак: штучны інтэлект

Складанасці — не толькі ў перакладзе

Але ўдзельнікі ВelRead сутыкнуліся з іншымі цяжкасцямі. Па-першае высветлілася, што «Гронкі гневу» ўжо існуюць у перакладзе на беларускую мову, і пабачылі свет у тым жа выдавецтве «Янушкевіч». Па-другое, прадстаўнікі Фрэдэрыка Бакмана, якія валодаюць аўтарскімі правамі на яго творы, выступілі супраць перакладу на беларускую мову. Прычына ўсё тая ж — саўдзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны і накладзеныя ў сувязі з гэтым на Беларусь санкцыі. «Нягледзячы на тлумачэнні, што перакладчыкі не звязаныя з беларускімі ўладамі, атрымаць дазвол пакуль не ўдалося», — кажа Ілля.

Таму для перакладу быў абраны іншы твор — «Anne of Green Gables» канадскай пісьменніцы Люсі Мантгомеры. Гэты твор знаходзіўся ў стане «public domain», і не патрабаваў узгаднення наконт аўтарскіх правоў.

«Я шукаў пераклад гэтага твору на беларускую мову, як мне падаецца, добра шукаў і не знайшоў такога перакладу. І, шчыра кажучы, вельмі здзівіўся, бо гэта адзін з тых твораў, па якім можна, так бы мовіць, пазнаць нацыю» — адзначыў Ілля.

І гэтая перакладчыцкая дзейнасць — яна не «ў паветра». Ініцыятыва ВelRead імкнецца супрацоўнічаць з беларускімі выдавецтвамі, каб іх пераклад пабачыў свет у выглядзе кнігі. Але і тут таксама ёсць пытанні: колькі б не існавала беларускіх выдавецтваў за мяжой, іх усё роўна мала. І ў кожнага выдавецтва ёсць свой графік выпуску, у які цяжка «ўсунуцца», бо падрыхтоўка кнігі да друку — гэта не адзін месяц працы.

І ўсё ж перакладчыкі спадзяюцца, што першы іх пераклад выйдзе ў кніжным фармаце напачатку наступнага года.

Галасуйце цяпер!

У той жа час ініцыятыва ВelRead на месцы не стаіць. У іх тэлеграм-канале стартавала ўжо трэцяя апытанка пра тыя кнігі, якія беларусы хацелі б пабачыць на роднай мове. Працэс адказаў на пытанні займае 10-15 хвілін, аднак ён надзвычай важны для фармавання беларускамоўнай кніжнай прасторы.

І кожны, хто паўдзельнічае, можа паўплываць на гэтую важную прастору. І вашае меркаванне можа стаць вырашальным.

Скажыце, што вы хочаце ўбачыць у беларускім перакладзе?