«Дзяржаўны дзеяч, пра якога з сімпатыяй выказваўся сам Вальтэр». 5 фактаў пра Яўхіма Храптовіча
4 студзеня спаўняецца 295 год з нараджэння апошняга канцлера ВКЛ Яўхіма Храптовіча. «Салiдарнасць» прыгадвае знакавыя старонкі з яго біяграфіі.
Адукацыя: ад родных Шчорсаў да Вільні
Яўхім Храптовіч паходзіў са шляхецкага роду. Ён нарадзіўся ў сям’і Марцыяна Храптовіча і Рэгіны Вайнянкі ў маёнтку Ясянец Навагрудскага павета (цяпер гэта Баранавіцкі раён).
Пачатковую адукацыю маленькі Храптовіч атрымаў у Шчорсах, што пад Навагрудкам, дзе яго бацька меў спадчынны маёнтак.
Вучобай хлопчыка апекаваўся ксёндз Адам Хмялёўскі.
Потым былі гады вучобы на радзіме і за мяжой: Віленская акадэмія, Заходняя Прусія, Нясвіж, ізноў Вільня.
Ужо маючы за плячыма высокія дзяржаўныя пасады, Яўхім Храптовіч колькі гадоў вандраваў па Еўропе, дзе набіраўся досведу, які потым з поспехам прымяніў на радзіме.
Ён дбаў не толькі пра ўласную адукцыю. У маёнтках Храптовіча адчыняліся школы для сялян.
Стаяў каля вытокаў першага ў свеце міністэрства адукцыі
У кастрычніку 1773-га сойм Рэчы Паспалітай зацвердзіў праект стварэння Адукацыйнай камісіі. Як мяркуюць даследчыкі, паводле сваіх функцый камісія была першым у свеце міністэрствам адукацыі.
Храптовіч атрымаў пасаду камісара дэпартамента Віленскай акадэміі і школ ВКЛ. Установа праіснавала два дзесяцігоддзі, а яе кіраўнік за гэты час не толькі здолеў істотна павялічыць колькасць школ, але і надаць навучанню свецкі характар.
Храптовіч уласным прыкладам даводзіў выключную важнасць адукацыі. У радавым маёнтку Шчорсы ён заклаў вялікую бібіліятэку, якую папаўняў кнігамі з усёй Еўропы.
На хвілінку — бібліятэкарамі ў Шчорсах у свой час працавалі паэты Ян Чачот і Уладзіслаў Сыракомля. Тут бываў Адам Міцкевіч. Легенды кажуць, што пад шчорсаўскімі дубамі ён складаў сваю «Гражыну».
Да слова, напрыканцы жыцця Храптовіч захапіўся літаратурай, пісаў вершы, у тым ліку і па-беларуску.
Заснаваў адну з лепшых гаспадарак у ВКЛ
Атрыманыя ў Англіі, Германіі, Францыі і Галандыі веды Яўхім Храптовіч прымяніў у радавых маёнтках.
Яго намаганнямі сядзіба ў Шчорсах ператварылася ў галоўны адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтр усіх храптовічаўскіх маёнткаў.
У 1770-1776 гадах па праекце архітэктараў Джузэпэ Сака, Карла Спампані і Якуба Габрыэля тут быў узведзены палацава-паркавы ансамбль.
Трэба адзначыць, што граф Храптовіч быў буйным землеўласнікам. У свой час адзін толькі маёнтак Шчорсы ахопліваў больш за паўтысячы сялянскіх гаспадарак у 25 вёсках.
Храптовіч замяніў паншчыну чыншам: сяляне, што працавалі ў яго фальварках, сталі прыгоннымі арандатарамі.
Ён завозіў з Еўропы для сваіх фальваркаў і гаспадарак прыгонных найлепшае насенне сельскагаспадарчых культур, пародзістую жывёлу.
Захопленасць сельскай гаспадаркай была невыпадковай. Яўхім Храптовіч быў прыхільнікам ідэй фізіякратыі — французскай эканамічнай школы XVIII ст. Фізіякраты ставілі сельскую гаспадарку на першае месца, бо лічылі, што багацце народаў было атрымана выключна за кошт развіцця працы на зямлі.
Уладальнік ордэна Белага Арла, апошні канцлер ВКЛ
За сваё жыццё Яўхім Храптовіч займаў нямала высокіх пасад. Дзяржаўную кар’еру пачаў у 23 гады, калі быў прызначаны маршалкам соймікаў Навагрудскага павета.
Храптовіч лічыцца адным з адданых прыхільнікаў караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста. З моманту яго каранацыі быў прызначаны на ўведзеную пасаду вялікага сакратара ВКЛ. А ўжо менш чым праз паўгода адным з першых атрымаў новую ўзнагароду Рэчы Паспалітай — ордэн Святога Станіслава.
Гэта не адзіны ордэн, якім быў узнагароджаны Яўхім Храптовіч. На пасадзе канцлера ВКЛ ён прабыў толькі год, больш не дазволілі ўзрост і здароўе. Але кароль не забыў пра заслугі свайго вернага прыхільніка і ў верасні 1793-га Храптовіча ўзнагародзілі ордэнам Белага Арла, найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Рэчы Паспалітай, заснаванай у 1705-м годзе каралём Аўгустам ІІ.
Адзін з самых інтэлігентных дзеячаў эпохі
І напрыканцы працытуем Сакрата Яновіча, беларускага пісьменніка з польскага Падляшша. Яго словы не толькі характарызуюць нашага героя, але і выдатна апісваюць эпоху, у якую Храптовічу давялося жыць і дзейнічаць:
— Адзін з самых інтэлігентных дзеячаў эпохі, застаўся Храптовіч у нацыянальнай памяці як будаўнік адраджэння велічы Літвы, яе мысліцель і дзяржаўны дзеяч, пра якога з сімпатыяй выказваўся сам Вальтэр.
Вялікае Княства рушылася да ўздыму — паўставалі мануфактуры і эканоміі, капалі каналы між Прыпяццю і Нёманам, каб ажывіць міжнародны гандаль на Чорнае мора і Балтыку. Усё рухалася да лепшага: перабудоўваліся гарады, праводзіліся навуковыя і тэхнічныя доследы, вырастаў на славу Віленскі Універсітэт.
Мала каму тады прыходзіла ў галаву, што зноў набліжаецца небяспека, упадак Рэчы Паспалітай і ваенныя кампаніі, ад якіх не бывае дабра. ХІХ стагоддзе пачалося для Беларусі чарговымі спусташэннямі.