Вялікія шматдзетныя сем’і шляхты і сялянаў на прыкладзе аднаго сямейнага дрэва
Надоечы атрымала розгалас гісторыя дзяўчыны, якая ў 19 гадоў неўзабаве стане шматдзетнай маці. Паспрабуем паказаць на ранейшых прыкладах трох шляхетных і сялянскіх сем’яў, у якіх меліся 10 і больш дзяцей, што зьява гэтая звыклая і не нясе на сабе сёньняшніх негатыўных канатацыяў грамадзтва. Усе тры сям’і ўзятыя з радаводу аўтара.

Іван і Ганна Мачальскія разам з некаторымі з дзяцей
Мачальскія – 11 дзяцей
Іван сын Міхала Мачальскі (1875 — 1960), мой прапрадзед і яго жонка, а мая прапрабабуля – Ганна, дачка Пятра Калантая (1887 — 1941).
Іван Мачальскі быў земляробам. У 1925 годзе, паводле перапісу, меў 1 каня, 3 каровы, 4 аўцы. У сям'і на той год было 11 чалавек, 4 зь якіх граматныя, а 1 чалавек адсутнічаў больш за месяц у хаце.
Пры нямецкай акупацыйнай адміністрацыі атрымаў зямлю ў карыстаньне ў роднай вёсцы Новы Двор пад Менскам. На 1943 год меў 5,9 гектары сельскагаспадарчай зямлі. Паводле дакумэнтаў за 1958 год Іван Мачальскі меў налічаную пэнсію ў 288 рублёў на месяц.
Іван з Ганнай нарадзілі цэлых 11 дзяцей. Лёс шмат каго зь іх склаўся трагічна. Першае дзіцё Ганна нарадзіла ў свае 14 ці 15 гадоў.
Юзэф (1901 — 1973). У 1944 годзе, пасьля вяртаньня камуністычнай акупацыі Беларусі, на агульным сходзе калгасу «1-я Конная» стаў кандыдатам рэвізійнай камісіі. Пасьля вайны разам з жонкай Аляксандрай пераехаў у Гомель.
Пётр (1905 — 1943). У яго гісторыя зьяўляецца не даканца вызначанай. Зь нейкіх прычынаў напярэдадні ці падчас Другой сусьветнай ён парывае зносіны з сям’ёю і выяжджае ў іншае месца жыхарства, пры гэтым зьмяняе прозьвішча на Маршальскі. Разам з жонкаю Зінаідай мелі трое дзяцей, двое зь якіх узялі чужое прозьвішча Ліцьвінаў. Пётр памёр падчас вайны.
Уладзімер (1907 —1972). Падчас Другой сусьветнай быў прызваны ў армію ў 1941 годзе, а ў 1944 годзе прызнаны камісіяй ня годным да далейшай службы. Меў званьне старшыні. Пасьля вайны стаў журналістам і рэдактарам у газэце «Савецкая Беларусь». Жонка Цыля Фрыд, з габрэяў.
Пра дваіх дзяцей засталася сьціплая інфармацыя, што яны жылі ў дарослым веку, але невядома дзе і як: Максім (да 1910 — пасьля 1930) і Настасься (да 1910 — пасьля 1930).
Міхал (1910 — 1941). Ён быў забіты ў канцлягеры Хамэльбург на тэрыторыі Нямеччыны, у Ніжняй Франконіі, на поўнач ад Вюрцбурга. Узяты ў палон 12 ліпеня 1941 года пад Шыткавічамі і перададзены Гестапа. Лягерны нумар 3344. Міхал служыў старэйшым лейтэнантам і быў палітруком батарэі 27-га Коннага артылерыйскага палка ў Беластоку. Там, у беларускім Беластоку, разам з жонкай Галінай у яго нарадзілася Лілія за паўгады да забойства на вайне.

Дакумэнт з канцлягера Хамэльбург пра Міхала Мачальскага
Бацька Міхала Іван Мачальскі імкнуўся даведацца лёс сына праз ліставаньне з крамлёўскімі камуністамі пасьля вайны. Тыя ў адказ дасылалі адпіскі, дзе пазначалі яшчэ ў 1947 годзе, што Міхал зьнік бяз зьвестак. Захавалася таксама перапіска Івана з ваеннымі камісарыятамі ўсярэдзіне 1950-х гадоў. Вырашалася пытаньне пэнсіі.
Ці атрымалася даведацца да канца жыцьця ў Івана пра сьмерць сына – невядома.
Ад Міхала ў яго дакумэнтах Гестапа захаваўся адбітак пальца.
Надзея (1914 — 1994). Усё жыцьцё правяла ў Новым Двары, а падчас Другой сусьветнай была сувязной у партызанскім атрадзе. У Надзеі з мужам нарадзіўся сын Аляксандар (1942 — 1963), на пахаваньні якога на Навадворскіх могілках пазнаёміліся мой дзед (пляменьнік Надзеі) і мая бабуля.
Пасьля Надзеі застаўся яе нататнік з запісамі пра хваробы, ежу і хрысьціянскія сьвяты. Там можна знайсьці і перадсьмяротны запіс, адрасаваны сястры Веры:
«Вера, дарагая сястра, прашу цябе, калі я памру, тады калі ласка, не забудзь пасьцяліць мне коўдру, якую я цябе прасіла. Калі будзеце рабіць помнік, тады фота можна і ня ставіць – тое што на пашпарце – яно вельмі дрэннае. Прабач, што дрэнна напісала, мяне вельмі ліхаманіла, непавінавалася рука. 26 кастрычніка 1986 год».
Пра гаспадарчае: «Настаяць лапуха трое сутак і паліваць сад і агарод ад шкоднікаў. Шклянку залы заліваюць 9 літрамі вады цёплай, разьмешваюць і пакідаюць на 12-14 гадзінаў, пасьля чаго можна апрацоўваць».

Старонка з нататніка Надзеі Мачальскай
«1985 году былі такія моцныя маразы, што даходзілі да 30 градусаў у студзені месяцы. У лютым таксама былі моцныя маразы, даходзілі да 25 градусаў у 1986 годзе».
Пра хваробы: «Націраньне ад удару. 1 лыжка бадзягі, 2 лыжкі алею, усё гэта зьмяшаць і націраць бальное месца».
Пра сястру: «Дарагая Вера, мілая, добрая сястра, я жадаю табе самага найлепшага ў тваім жыцьці, і каб адыйшла ад цябе ўсякая дрэнная хвароба. Дарагая сястра, без цябе ня будзе і для мяне жыцьця. Я кожны дзень прашу Госпада Бога, каб ён памілаваў і паслаў гэтыя нядугі на сухія лясы і непрахадзімыя балоты».
Ніна (1916 — 1988). Яна працавала лекарам, атрымала Ордэн «Айчыннай вайны ІІ ступені» ў 1985 годе. Выйшла замуж і нарадзіла сына.
Апанас (1918 — 1943). Паводле дакумэнтаў, напярэдадні вайны ён вывучыў ангельскую мову — чытаў і перакладаў са слоўнікам. Навучаўся ў дарожна-мэханічны тэхнікуме, а пасьля скончыў 2 курсы Кіеўскай танкава-тэхнічнай вучэльні імя Цімашэнкі. Літаральна за некалькі дзён да вайны ў яго быў выпуск. Апанас Мачальскі атрымаў званьне ваентэхнік 2 рангу. На фронце з першых дзён вайны. Паводле пачатковай афіцыйнай інфармацыі, зьнік бяз зьвестак у 1941 годзе, хаця існуюць дакумэнты аб тым, што ён згарэў у танку ў 1943 годзе.

У перапісцы бацькі Апанаса Івана Мачальскага з камуністамі ў 1945 — 1949 гадах, тыя таксама адсылалі адпіскі пра тое, што сын “зьнік бяз зьвестак”. Нягледзячы на тое, што сёньня дакладна вядома, што інфармацыя пра сьмерць Апанаса Мачальскага была.

Вера (1924 —1999). Падчас Другой сусьветнай вайны была сувязной у партызанскім атрадзе, разам з сястрой Надзеяй.

Вера Мачальская сярод моладзі вёскі Новы Двор (верхні шэраг, трэцяя злева)
Марыя (1903 — 1980), мая прабабуля. Марыя Мачальская скончыла 2 клясы Народнае школы. Прыблізна ў 1925 годзе выйшла замуж за майго прадзеда Мікалая сына Гаўрылы Хадзінскага (1899 — 1934).

Марыя Мачальская
Нарадзіла дваіх сыноў. Напрыканцы 1930-х другі раз выйшла замуж, пасьля сьмерці Мікалая Хадзінскага, за Лукаша Рудзінскага.
У 1942 годзе Марыя атрымала пашпарт пры нямецкай адміністрацыі, дзе пазначыла сябе беларускай.

Заява на пашпарт Марыі Хадзінскай (Мачальскай) у 1942 годзе
Хадзінскія – 16 дзяцей
Сямён, сын Мацьвея, Хадзінскі (1853 – 1911) і Марфа, дачка Фёдара, Занковіч (1853 – 1928).
Гэтая сям’я стагодзьдзямі жыла на Вілейшчыне, а менавіта ў вёсцы (раней – засьценак) Новыя Зімодры.
Помнікі Сямёна і Марфы Хадзінскіх
Аляксандр Хадзінскі, народжаны да 1911 года, па сямейным паданьні быў савецкім амбасадарам ці то ў Індыі, ці то ў Інданэзіі. Сваякі атрымлівалі ад яго шматлікія каштоўныя пасылкі з замежнымі рэчамі. Аляксандар Хадзінскі працаваў у Міністэрстве замежных справаў СССР, і гэтая ж краіна раптоўна абарвала ягонае жыцьцё ў 1954 годзе. Лёс яго сям’і з жонкай і дзецьмі застаўся невядомым. Праўда, у пераліку амбасадараў краіны саветаў Аляксандр Хадзінскі не пазначаны. Магчыма, ён працаваў пры амбасадзе, але ў іншым рангу. На жаль, на запыты сучаснае МЗС Расеі адказвае адпіскамі.

Аляксандар Хадзінскі
Яго брат Стэфан (1890 – 1952) ваяваў у Першай сусьветнай вайне ў 40-м калыванскім палку, быў паранены. Пасьля ўзяў у жонкі Ганну Літвіновіч, зь якой у іх было 3 дзяцей. У 1938 годзе ад хваробы Ганна памірае, а Стэфан бярэ ў жонкі яе малодшую сястру Ніну. Зь Нінай у яго было яшчэ дзьве дачкі Валянціна і Галіна, якія і зараз з цяплынёю ўзгадваюць сваіх бацькоў за той клопат і любоў, якімі былі яны ўзгадаваныя.

Метрыка аб шлюбе Стэфана і Ганны ў 1925 годзе
Ганна нарадзілася ў Сямёны і Марфы Хадзінскіх у 1875 годзе. Выйшла за Пятра Бурака і ўзгадавала зь ім васьмёра дзяцей у вёсцы Кульшына і памерла ў 1924 годзе.
Яе сястра Кацярына (1881 – пасьля 1916) у сужэнстве з Афанасіем Пагудам мела прынамсі 5 дзетак і жыла ў мужа ў Балашах.
Якаў, сын Сямёна і Марфы, пабачыў сьвет у 1882 годзе. Пражыў 36 гадоў і разам з Настасьсяй Гулевіч нарадзіў 5 дзяцей.
Лізавета, наступная дачка, нарадзілася ў 1884 годзе і выйшла за Адама Сабініча.

Стэфан Хадзінскі ў дзень вясельля з другой жонкай, Нінай, сястрой памерлай Ганны
Марыя (1890-1965) абрала ў сужэнцы Антона Чуковіча і нарадзіла чатырох дзяцей.
Настасься (1895 – пасьля 1924) выйшла за Аляксея Комара.
Вольга (1890 – пасьля 1911) пабралася шлюбам з Канстантынам Сурмачам.
Таксама нарадзіўся Мікалай (1898 – пасьля 1918) і Канстантын (1900 – 1968), які пераехаў у Менск і меў дваіх дзяцей.

Метрыка аб хросьце Канстантына Хадзінскага ў 1900 годзе
Пра 5 з 16 дзяцей Сямёна і Марфы акрамя іх зьяўленьня на гэты сьвет не захавалася на сёньняшні дзень зьвестак: Міхалена, Стэфаніда, другая Стэфаніда (паміж іх народзінамі прайшло 11 гадоў) і два сыны – Іван і Міхаіл Хадзінскія.
Манкевічы – 10 дзяцей
Адам, сын Юзэфа, Манкевіч (1817 – 1893) і Ядвіга Шаціла (1825 – 1897).
Адам Манкевіч паходзіў са старажытнага шляхетнага роду і меў герб Любіч. Нарадзіўся і ўсё жыцьцё правёў у ваколіцы Чарцёж былога Рэчыцкага павету Вялікага Княства Літоўскага. З бліжэйшых месцаў ён абраў сабе спадарожніцу жыцьця Ядвігу.
Нягледзячы на дакумэнты, які пацьвярджалі шляхетны род Адама і сягалі ў сярэдзіну XVI стагодзьдзя, ён мусіў уласнаруч апрацоўваць надзел зямлі. Пасьля шлюбу з Ядвігаю, якая мела ўсяго 15 гадоў, у іх нарадзіўся першы сын Ян, які дажыў да пачатку ХХ ст. і сам меў прынамсі пяцёра нашчадкаў.
Глядзіце таксама: гісторыя горада, які сёньня мае назву Сьветлагорск і роду Манкевічаў

Другога сына таксама назвалі Ян у 1844 годзе. Часам здаралася так, што аднолькавае імя атрымлівала нованароджанае дзіця пасьля памерлага раней брата ці сястры, але бывалі і выпадкі, калі цалкам натуральным у сям’і былі некалькі дзяцей з аднолькавым імём. Зрэшты, гісторыю другога Яна схавалі цёмныя плямы, і больш ён не зьяўляецца ў дакумэнтах.
У 1849 годзе нараджаецца дзяўчынка Марыя, а за ёй у 1850-м – Антоні, адзіны, пра каго вядома, што памёр у дзяцінстве, ва ўзросьце 5 гадоў.
У 1853 годзе на сьвет прыйшоў Адам, а сьледам, у 1854 годзе – Ганна. Яна праз 19 гадоў выйдзе за Вінцэнта Залескага і пераедзе да яго ў Антушы, дзе яны стануць бацькамі прынамсі дваіх дзяўчынак.
Наступныя дзеці Адама і Ядвігі Манкевіч – дзьве сястры Марыяна і Марыя. Марыя, заўважым, зноў другая. У 1890 годзе яна выйдзе замуж за Тамаша Грахоўскага з Сенажатак.

Метрыка аб хросьце Марыяны Манкевіч у 1854 годзе
У 1861 годзе нараджаецца Стэфанія Манкевіч, але пра яе лёс таксама на сёньня нічога невядома. Дзяўчынкі часьцей “зьнікалі” з сямейнага дрэва, чым хлопчыкі.
У год паўстаньня Кастуся Каліноўскага ў Адама і Ядвігі нарадзіўся Антоні (і зноў другі сын з аднолькавым імём). Ён вядомы яшчэ да 1925 года, калі трапляецца ў сьпісе хатніх гаспадарак Жлобінскана раёну, Сенажацкага сельсавету, ваколіцы Чарцёж.
Яго брат – Леанард Манкевіч, стаў апошнім дзіцём Адама і Ядвігі. Ён пабачыў сьвет у 1866 годзе. Праз 23 гады ён узяў у жонкі Марыю Банкоўскую, зь якой нарадзіў прынамсі дваіх сыноў. Адзін зь іх, Адам, жыў недалёк ад дзядзі Антонія ў ваколіцы на 1925 год. А вось другі – Іван Манкевіч, нарадзіўся ў 1912 годзе, ён быў арыштаваны чырвонымі злодзеямі ў 1938 годзе і асуджаны на 8 гадоў у лягеры. Яго далейшы лёс невядомы.

Метрыка аб хросьце Леанарда Манкевіча ў 1866 годзе
На прыкладзе некалькіх сем’яў ХІХ і ХХ стагодзьдзяў бачна, наколькі шматдзетнымі былі сужэнствы. І пэўны міт аб тым, што толькі сялянскія сем’і мелі безьліч дзяцей, застаецца толькі адным з шэрагу дапатопных гісторый. Шляхетныя сем’і таксама мелі і па 10 і нават больш дзяцей.