Апошні прытулак. Гайд па магілах паўстанцаў узору 1930-х гадоў
Клопат аб вайсковых пахаваннях стварае здаровы культ абароны незалежнасці, адэкватныя прыклады мінулага не адштурхоўваюць ад любові да Радзімы. Дзе шукаць магілы герояў, палеглых «за нашу і вашу свабоду»?

1933 год… У Другой Рэчы Паспалітай з размахам адзначаюцца ўгодкі вызвольнага паўстання 1863-га году. На гэтай хвалі і з мэтай патрыятычнага выхавання шкаляроў куратар віленскай навучальнай акругі, у склад якой уваходзілі Беластоцкае, Віленскае і Наваградскае ваяводствы, рассылае цыркуляр, у якім заклікае апекавацца над магіламі герояў.

Да цыркуляра дадаваўся спіс салдацкіх пахаванняў часоў паўстанняў 1831-га і 1863-га году, а таксама часоў апошняй на той момант вайны — савецка-польскай 1919-1921 гадоў. Ад выдання гэтага спісу мінула звыш васьмі дзесяцігоддзяў…
Калі здзьмуць пыл даўніны і зазірнуць у гэтыя даўнішнія дакументы, ці зможам мы па тых звестках адшукаць месцы апошняга спачыну палеглых у баях за Радзіму герояў? Што захавалася ад тых пахаванняў у наш час? Давайце разбірацца.
Навошта навучэнцам хадзіць на магілы?
Юбілеі любілі ва ўсе часы. Угодкі значных гістарычных падзей — чым не нагода для ідэйнага выхавання і замацавання патрыятычных пастулатаў у грамадстве.
«Няма на землях нашай акругі ніводнага павету, у каторым не было б мясцовасці з вайсковымі пахаваннямі», — паведамляецца ў цыркуляры.
Куратар заклікае настаўнікаў арганізаваць школьную моладзь і заахвоціць яе да апекі над пахаваннямі палеглых у бітвах, добраўпарадкаваць іх і падтрымліваць у належным стане. Настаўнікам тлумачыцца, што выкананне гэтага — стварае ў моладзі культ абароны незалежнасці, прыклады мінулага з'яўляюцца цудоўным выхаваўчым сродкам. Канешне, у дакуменце ідзе гаворка аб палеглых паляках на польскіх землях. Але гэта — адбітак часу і люстэрка ўнутранай палітыкі тагачаснай польскай дзяржавы. Натуральна, гаворка ідзе пра беларускія землі.
Усяго ў цыркуляры праводзяцца звесткі па 134 разнастайных пахаваннях — могілках, участках на могілках, паасобных магілах. З іх 1 пахаванне адносіцца да 1831 году, 27 — з часоў паўстання 1863 году і 106 пахаванняў з 1920 году.
Герой у белай комжы эпохі Эміліі Плятэр
Адзінае пахаванне паўстання 1831 году, адзначанае ў цыркуляры, знаходзіцца на Віленшчыне ў мястэчку Свенцяны, што ў некалькіх кіламетрах ад сучаснай дзяржаўнай мяжы.
Гэта магіла ксяндза Ануфрыя Лабуця — кіраўнік мясцовых паўстанцаў з атраду братоў Кубіцкіх і Барткевіча. Святар, які зышоў з амбона і ўзяўся за зброю, каб змагацца з захопнікамі. Загінуў 12 красавіка 1831 года.Гарадскі гарнізон расійскага войску ў Свянцянах налічваў 140 салдат. Паўстанцы акружылі яго і прытаіліся. Наперад выйшаў капелан Ануфры Лабуць у белай комжы з крыжам і пісталетам і прапанаваў вайскоўцам здацца. Яго паранілі, а потым дабілі штыхом, але ён паспеў крыкнуць: «У атаку!» Свянцяны ўдалося вызваліць…
На магіле святара і па сёння ў дагледжаным стане месціцца вялікі каменны помнік пры касцельным мураваным паркане.
Апошні прытулак паўстанцаў 1863-га

Ветэраны паўстання 1863 г. (1933 год)
Помнікі паўстанцам 1863-га году знаходзіліся пераважна ў Беластоцкім і Віленскім ваяводствах. У асноўным гэта магілы на парафіяльных могілках аднаго-двух палеглых у баях за свабоду інсургентаў. Але бывалі выпадкі і пахаванняў у лесе, полі, пры вёсцы… Шмат з гэтых пахаванняў датрывалі да нашага часу, магілы даглядаюцца грамадой, памяць аб героях жыве.
На парафіяльных могілках у Ваўкавыску месцілася ў 1930-я адно пахаванне паўстанцаў, захавалася яно і да нашага часу. Там усталяваны вялікі крыж з сімволікай — паўстанцкімі косамі.

Фота: Вікіпедыя
У мястэчку Прозава на мясцовых могілках адзначана дзве магілы, звязаных з падзеямі паўстання. Хутчэй за ўсё, адным з пахаванняў з'яўляецца вядомая сёння магіла ветэрана паўстання Казіміра Шалкевіча. А вось сучасная лакацыя аднаго са згаданых у цыркуляры пахаванняў у Ваўкавыскім павеце — таямніца. Захаваўся здымак той магілы. Гэта апошні зямны прытулак паўстанца Ябланоўскага ва ўрочышчы «Polacki Ostrowok».

Магіла ва ўрочышчы «Polacki Ostrowok»
Цікавае назіранне з дакумента: магілы паўстанцаў, якія змяшчаюцца ў Ашмянскім павеце, амаль усе ідэнтыфікаваныя, пахаваныя там удзельнікі паўстання адзначаныя ў цыркуляры. Так, на парафіяльных могілках у Ашмянах знайшоў супакой паўстанец Александровіч, у Смаргоні — магіла інсургента Апановіча, а ў старажытных Гальшанах былі пахаваныя паўстанцы Станевіч і Ласінскі.
У ваколіцах Вілейкі ў вёсцы Уладыкі да нашага часу на вясковых могілках захавалася пахаванне паўстанцаў. Там брацкая магіла. Сёння на ёй стаіць вялікі крыж, а вось пліта, якая таксама захавалася, была ўсталяваная якраз у 1933 годзе. Што ж, можна смела меркаваць, што яе ўсталяванне адбылося не без удзелу вучнёўскай грамады, якой цыркуляр прадпісваў клапаціцца аб магілах палеглых герояў.

Крыж паўстанцаў у вёсцы Уладыкі. Глобус Беларусі, аўтар Дзяніс Канецкі
Цалкам магчыма, што і ў вёсцы Свірдуны ў ваколіцах Лынтупаў пліта на магіле паўстанцаў, якая захавалася да сёння, з’явілася ў 1933 годзе. Сёння побач з ёй стаіць і вялікі драўляны крыж.
У ваколіцах Камаяў у вёсках Каралінава і Каралеўцы пазначаюцца асобныя магілы інсургентаў. Пры гэтым у Каралінава — магіла паўстанца Даноўскага. Меліся пахаванні і ў Дрысвятах, і ў вёсцы Казлы з гміны Порплішча Дзісненскага павету.
Памылка чыноўнікаў
Цыркуляр паведамляе таксама аб асобным пахаванні паўстанца 1863-га ў Відзах. Але, як вядома, там пахаваны Тамаш Ваўжэцкі — удзельнік паўстання 1794 г. на чале з Тадэвушам Касцюшкам. Можа польскія чыноўнікі памыліліся ў вызначэнні пахавання, а можа ў тамтэйшых краях згубілася ў віры часу невядомая сёння нам магіла паўстанцаў.

Помнік Тамашу Ваўжэцкаму, Відзы 2018 г.
Пахаванне, якое з’яднала палеглых
Шмат пахаванняў знаходзіцца ў вёсках Віленскага краю, у той частцы, якая сёння належыць Літве. Гэта магілы ў Рушышках, Баранішках з ваколіц Свянцян, пахаванні ў Мамова, Енклерышках, Мацэлі, Білдзішках, Багумілішках, Памагільніку з Віленска-Троцкага павету.
Варта адзначыць пахаванні, якія сёння знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, але зусім блізкія ад беларускай мяжы — магілы ў ваколіцах Сувалак і Аўгуставе. Што цікава, пасля Другой сусветнай вайны магіла паўстанцаў 1863-га была аб'яднана з магілай салдат Чырвонай арміі. Так і спачываюць разам жаўнеры розных эпох, розных войнаў.

lodz.fotopolska.eu
Сляды змагання з бальшавікамі
Не засталася бясследнаю вайна паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, баі якой пракаціліся па беларускіх гарадах і вёсках. І як напамін пра яе — могілкі і асобныя пахаванні жаўнераў. Ці ж не ў кожным буйным горадзе ці мястэчку Віленскай навучальнай акругі меліся пахаванні часоў апошняй на той момант вайны. У цыркуляры паведамлялася, што парафіяльных могілках Горадні было 147 магіл палеглых і 114 магіл у Ваўкавыску.

Вайсковыя могілкі ў Ваўкавыску
Асобныя ўчасткі з вайсковымі пахаваннямі ці вайсковыя могілкі былі ў Свіслачы, Баранавічах, Міры, Нясвіжы, Снове, Наваградку, Слоніме, Лідзе (там могілкі мелі назву «Абаронцаў Ліды»), Ашмянах, Смаргоні, Маладзечна, Вілейцы, Паставах, Глыбокім.

Вайсковыя могілкі ў Глыбокім

Баранавічы, магіла невядомага салдата
P.S. У гэтым гайдзе па пахаваннях звесткі агульныя, пададзеныя павярхоўна, бо дакладная ідэнтыфікацыя ўсіх пахаванняў з цыркуляру 1930-х — справа сур'ёзнага даследавання з выездам у тыя месцы, дзе навекі спачылі героі… Калі шаноўны чытач будзе мець час і ахвоту, звесткі можна ўдакладніць. Хто ведае, да якіх цікавостак і невядомых мясцінаў можа прывесці гэты пошук.
А знайсці спіс пахаванняў 1933 года не так ужо і складана. Апублікаваны ён у выданні Dziennik Urzędowy Kuratorjum Okręgu Szkolnego Wileńskiego у нумары 8-9 за 1 жніўня 1933 года, цыркуляр №118 на старонках 369-376.