Грунвальд разнастайны і нечаканы. Як успрымалі слаўную перамогу цягам стагоддзяў

15 ліпеня 1410 года адбылася эпахальная падзея — аб’яднаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай разбілі свайго даўняга ворага рыцараў–крыжакоў. Здавалася б, падзея і яе значэнне адназначныя: гэта наша слаўная перамога. Але не ўсё так проста. Як і што пісалі нашы інтэлектуалы пра Грунвальдскую бітву ў розныя часы?

00_vokladka_20.jpeg

Пра Грунвальдскую бітву ведаюць усе. Нават калі яе ход, гістарычны кантэкст, перадумовы і вынікі застаюцца ў ценю, то назва бітвы вядомая дакладна многім. І са школы, і з грамадскага жыцця. Маркеры Грунвальда нас атачаюць, яны ўсё яшчэ на слыху. І не дзіва, бо ўсё ж, гэта бітва — адна з самых знакамітых бітваў нашай гісторыі. 

Яна добра ўпісалася і ў нацыянальны гістарычны міф «рыцарскай годнасці» і стала сімвалам паспяховай палітыкі Вялікага князя Вітаўта. У незалежнай Беларусі Грунвальд стаў сапраўдным брэндам — сімвалам моцы нашай зброі, а сама бітва ўспрымаецца не інакш, як выратавальная ад знішчэння ворагам нашага народу. Але так было не заўжды! З часоў удараў мячоў у Грунвальдскай бітве мінула больш за шэсць стагоддзяў, змянілася шмат. У тым ліку і ўспрыняццё той легендарнай бітвы.

Што адбылося пад Грунвальдам?

Бітва вядомая, але колькі слоў аб тым, што адбывалася ліпеньскім днём 1410-га, прыгадаць варта.

Ключавыя падзеі разгарнуліся недалёка ад вёсак Грунвальд і Таненберг. Аб’яднаныя войскі Вітаўта і Ягайлы занялі пазіцыі, былі напагатове і мечаносцы Ульрыха фон Юнгінгена. Вітаўт пры падтрымцы некалькіх польскіх харугваў пачаў атаку на левы фланг тэўтонскага войска. Пасля больш чым гадзіны жорсткай сечы з крыжакамі, літоўская лёгкая конніца пачала адступаць. Гэтае адступленне было спланаваным, стратэгічным манеўрам.

У той час, як літоўскія войскі манеўравалі, пачалася сеча паміж польскімі і тэўтонскімі сіламі. Крыжакі сканцэнтраваліся на правым польскім флангу. Шэсць харугваў крыжакоў не пагналіся за адступаючымі літоўцамі, а далучыліся да атакі на правы фланг. Здавалася, што крыжакі пачалі браць верх… 

Тут жа Ягайла разгарнуў свае рэзервы — другую лінію войска. Вялікі магістр Ордэна Ульрых фон Юнгінген асабіста павёў 16 харугваў да правага фланга палякаў. Ягайла разгарнуў апошнія сілы, трэцюю лінію сваёй арміі. Рукапашны бой дайшоў да польскага камандавання...

У гэты час літоўскія атрады перашыхтаваліся і прыйшлі на дапамогу палякам, ударыўшы па крыжаках з тылу. Пасланыя ў абход польскія аддзелы пачалі акружаць правы фланг крыжакоў з захаду. Ульрых фон Юнгінген паспрабаваў прабіцца скрозь літоўскія рады, але быў забіты.

Бітва трывала цэлы дзень. Поўную перамогу ўзяло саюзнае войска Польшчы і Літвы. Паражэнне ў бітве пад Грунвальдам нанесла вялізны ўрон крыжакам. Загінула ўся эліта Ордэна — 205 рыцараў-братоў, уключна з Вялікім Магістрам. Было забіта 8 тысяч воінаў з ліку васалаў і саюзнікаў мечаносцаў. Палоннымі сталі 14 тысяч крыжакоў.

Тэўтонскі ордэн так і не змог акрыяць ад паражэння, а жорсткія ўнутраныя канфлікты прывялі да эканамічнага заняпаду...

Апісанне бітвы «па гарачых слядах»: версія палякаў

Бітва адбылася, перамога здабыта. Далей пачэсная справа пераможцаў — напісаць гісторыю на старонках летапісаў, хронік і гістарычных прац. Адным з першых за пяро ўзяўся Ян Длугаш — гісторык з Кароны Польскай, заснавальнік тамтэйшай гістарыяграфічнай традыцыі.


Ян Длугаш

Ян Длугаш

У працы Длугаша бітва пад Грунвальдам апісаная шырока і дакладна. Аўтар шмат чаго мог чуць сам ад навочных сведак гэтага пабоішча, бо жыў ён яшчэ ў тыя часы, калі памяць аб гэтай вайне была жывым апавяданнем у вуснах яго сучаснікаў. Што казаць, бацька Длугаша нібыта быў удзельнікам бітвы. Таксама Длугаш меў магчымасць карыстацца ўсімі тагачаснымі пісьмовымі крыніцамі. Ён меў пад рукою не толькі даўнейшыя летапісы і хронікі, але, як сам казаў, — «вышукаў і выведаў усё, што па касцёлах, па складах літаратуры ў розных месцах было параскіданае». 

Што праўда, праца яго — палітычная замова. І яна, натуральна, асвятляе і праслаўляе толькі польскі бок. Нават Вітаўт там згадваецца між іншым. Аб гэтым амаль праз 500 год напіша Язэп Лёсік у даследаванні, прысвечаным Грунвальду. Лёсік піша, што Длугаш наўмысна не казаў праўды і свядома абмінаў здарэнні, якія не спрыялі яго польскаму патрыятызму, і нават дазваляў сабе перайначваць ды перакручваць некаторыя гістарычныя выпадкі. 

Літвіны ствараюць сваю гісторыю Грунвальда

Пра загану Длугаша крыху перайначыць на сваю карысць падзеі, аб чым з такой роспаччу пісаў Лёсік у ХХ стагоддзі, хутчэй за ўсё, ведалі ў стагоддзі XVI і эліты Вялікага Княства Літоўскага, нашчадкі раўнапраўных удзельнікаў бітвы. Рыхтаваліся адказ і свая версія падзей.

Самае большае і цалкам арыгінальнае апісанне Грунвальдскай бітвы з літвінскага было складзенае толькі праз 100 год пасля бітвы. Утрымліваецца яно на старонках апошняга зводу гэтак званай «Хронікі Быхаўца». Гэты летапіс быў напісаны прыкладна ў 1520-я (а раптам, да 100-гадовага юбілею бітвы рыхтаваліся?!) у Вільні, па ініцыятыве канцлера Вялікага Княства Літоўскага, уплывовага вяльможы Альбрэхта Гаштольда.

Аркуш Хронікі Быхаўца

Аркуш Хронікі Быхаўца

Вобраз Грунвальда ў «Хроніцы Быхаўца» істотна адрозніваецца ад іншых версій, прадстаўленых на старонках летапісаў усходніх славян. Яшчэ больш звесткі адрозніваюцца ад польскіх хронік. Адказ быў жорсткі! У нашай хроніцы патрыятычная трактоўка разгрому крыжакоў пад Грунвальдам цалкам адмаўляла версію Длугаша і паказвае вырашальную ролю Вітаўта і яго войска. Таксама ў «Хроніцы…» прасочваецца яскравы антыпольскі настрой. А гэта — сведчанне часу і замова фундатара, якая адлюстроўвала актуальную павестку і настроі эліты.

Толькі з часам палякі і літвіны, якія былі плячо да пляча пад Грунвальдам, але сталі па розныя бакі барыкад на полі гістарычнай памяці, былі аднолькава годна ўшанаваныя. Знакаміты храніст Мацей Стрыйкоўскі ў сваёй працы ў роўнай меры ўславіў і Карону, і Літву на Грунвальдскім полі.      


Глядзіце таксама

Матэйка піша карціну, Сянкевіч — раман

Час ідзе, Грунвальд застаецца ў мінулым і на старонках тоўстых гістарычных прац. Новыя бітвы, новыя слаўныя перамогі і паразы займаюць павестку дня. І вось, з палітычнай карты Еўропы знікаюць пераможцы 1410-га… У эпоху рамантызму і тугі па страчанай дзяржаве Грунвальдская бітва ў другой палове ХІХ стагоддзя становіцца сімвалам слаўнага мінулага. Да таго ж, і зброяй.

Найвялікшая перамога літоўскага і польскага войска над нямецкім была актуальнай у святле таго, што Прусія з’яўлялася саўдзельніцай падзелаў Рэчы Паспалітай. Частка польскіх зямель была захопленая немцамі, там адбываўся працэс германізацыі. Успамін аб перамозе расцэньваўся як пстрычка немцам, рэванш з гісторыі даўняй за гісторыю блізкую.

І канечне, у баку не застаўся мастак Ян Матэйка. Карціна «Грунвальдская бітва» была ім напісаная ў 1872–1878 гадах. Мастак у час працы ў асноўным выкарыстоўваў хронікі Яна Длугаша.

«Грунвальдская бітва», Ян Матэйка

«Грунвальдская бітва», Ян Матэйка

Жывапісец Ілля Рэпін так пісаў пра гэту карціну: «Маса ашаламляльнага матэрыялу ў «Грунвальдскай бітве». Ва ўсіх кутах карціны так шмат цікавага, жывога, крыклівага, што проста знемагаеш вачамі і галавой, успрымаючы ўсю масу гэтай каласальнай працы. Няма пустога месцейка: і ў фоне, і ўдалечыні — усюды адкрываюцца новыя сітуацыі, кампазіцыі, рухі, тыпы, выразы. Гэта паражае, як бясконцая карціна Сусвету».

Карціна была створаная ў перыяд узмацнення гегемоніі Прусіі ў Еўропе, пасля перамогі ў вайне з Францыяй у 1870 годзе. Адлюстраваць поўны разгром ваеннай моцы Тэўтонскага ордэна ў 1410 годзе быў асабісты адказ мастака на ўзмацненне германізацыі палякаў у межах прускага падзелу.

Карціна Матэйкі натхніла лаўрэата Нобелю Генрыка Сянкевіча ўзяцца за тую ж тэму. Толькі ў літаратуры. Раман Сянкевіча «Крыжакі» прысвечаны як раз перыяду канфліктаў з Тэўтонскім ордэнам. Яго кульмінацыя — пераможная бітва пад Грунвальдам, якая там прадстаўленая як польска-літоўскі трыумф. 

Выданне Крыжакаў Г. Сянкевіча

Выданне Крыжакаў Г. Сянкевіча

Падчас публікацыі раман таксама ўвасабляў пратэст супраць германізацыі, якую праводзілі прускія ўлады. Сянкевіч пісаў «Крыжакоў» каб падбадзёрыць сэрцы народу. Ён хацеў, каб яго кніга паказала Польшчу і Літву ў часы іх уздыму і магутнасці.

Ілюстрацыя рамана Г. Сянкевіча Крыжакі

Ілюстрацыя рамана Г. Сянкевіча Крыжакі

Пра Грунвальд — адзін сказ. Што напісаў Ластоўскі?

На парозе ХХ стагоддзе. 1910-ты — юбілейны год слаўнай перамогі пад Грунвальдам. Гэта той час, калі літаратура на беларускай мове ўжо трывала, хоць і з перашкодамі, публікавалася, выходзіла ў Вільні «Наша Ніва», фарміравалася беларуская нацыянальная думка. А што наконт Грунвальда? Перамога, веліч, трыумф, слаўнае мінулае… Відавочна, што гэта ўсё павінна было быць у павестцы беларускага нацыянальнага руху. Але рэчаіснасць і акцэнты аказаліся зусім іншымі.

500-годдзе Грунвальда супала з выхадам у свет першага нацыянальнага гістарычнага наратыву. Гаворка пра «Кароткую гісторыю Беларусі» аўтарства Вацлава Ластоўскага, дзе аўтар аддзяляў уласна беларускае мінулае і ад расійскі, і ад польскіх поглядаў. Што праўда, на тле гэтых памкненняў згубіўся Грунвальд.

Кароткая гісторыя Беларусі

Кароткая гісторыя Беларусі

Тэме войнаў з Ордэнам у нарысе гісторыі Ластоўскага адведзена, можна сказаць, мізэрнае месца. Нямецкія рыцары згадваюцца аўтарам між іншым і пры нагодзе. Напрыклад, у кантэксце знешняй палітыкі ВКЛ. Бітве пад Грунвальдам адводзіўся ўсяго радок: «Сілу крыжацкую ў бітве пад Грунвальдам Вітаўту ўдалося зусім зламаць». І гэта ў юбілейны год бітвы! Пры гэтым самому Вітаўту аўтар прысвячае куды больш слоў у сваёй кароткай гісторыі.

Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі

На думку беларускага даследчыка Генадзя Сагановіча, такое стаўленне Ластоўскага да бітвы абумоўлена яго ўстаноўцы: адасобіць Беларусь. Ён памяць пра Грунвальд аддаваў палякам. А тыя і не адмаўляліся. У тым жа 1910 годзе ў Кракаве адбываліся ўрачыстасці з нагоды слаўнай перамогі. Добрая нагода была б для народаў былой Рэчы Паспалітай нагадаць пра сябе, але палітычны расклад у рэгіёне перамяніўся кардынальна.

Канстатацыя факту, мастацкія словы, смелыя ацэнкі 

Цікава, што ідэйную пазіцыю Ластоўскага па Грунвальдзе падхапілі і працягнулі іншыя гісторыкі з колаў беларускага нацыянальнага руху. Пры гэтым гісторыкі рознай «вагі» і поглядаў.

Памяркоўны патрыярх гістарычнай навукі Мітрафан Доўнар-Запольскі ў грунтоўнай і зусім не кароткай «Гісторыі Беларусі» адзначае зусім лаканічна пра векапомную бітву. Ён піша, што Вітаўт канчаткова вызваліў Літву ад ворагаў, аб’яднаўся з Ягайлам і разбіў рыцараў ці то пад Грунвальдам, ці то пад Таненбергам (у бітвы былі розныя назвы!) у 1410 годзе. Без ацэнак, падкрэсліванняў велічы і значнасці.

Мітрафан Доўнар-Запольскі

Мітрафан Доўнар-Запольскі

Больш увагі і больш смелыя ацэнкі дае Усевалад Ігнатоўскі. Ён яскрава апісвае ход бітвы і дадае мастацкіх фарбаў у ход падзей. Чытаць Ігнатоўскага — асалода: «бойка пачалася раніцаю… доўга біліся і ніяк не мог выявіцца рэзультат… са зброяй у руках загінуў магістр… немцы пачалі бегчы… радасць ад перамогі была вялікая…». Акрамя мастацкіх вынаходстваў гісторык рэзюмуе: «з гэтай бітвы пачынаецца відны пералом у бесперапынным змаганні з нямецкімі ордэнамі». А гэта ўжо хоць і дробны, але прарыў.

Усевалад Ігнатоўскі

Усевалад Ігнатоўскі

Але ў агульнай масе прац ацэнкі Грунвальда ўсё яшчэ былі сціплыя. Міне два дзесяцігоддзі ад выхаду «Кароткай гісторыі Беларусі» пяра Ластоўскага, а ацэнкі Грунвальда будуць усё тыя ж. Напрыклад, адзін з лідараў каталіцкага нацыянальнага руху Адам Станкевіч у сваіх шматлікіх публікацыях па папулярнай гісторыі шматкроць згадвае Вітаўта. Але Грунвальд застаецца ў ценю. Ён паўстае як эпізод біяграфіі вялікага ўладара. Эпізод значны, але адзін з дзясятку.

Кс. Адам Станкевіч

Кс. Адам Станкевіч

 Грунвальд і сацыялізм

Зусім нечаканым Грунвальд паўстае ў часы сацыялізму. Пры гэтым акцэнты змененыя і ў гістарычным наратыве, і ў ідэалагічным.  

У манументальнай гісторыі БССР 1954 года бітве пад Грунвальдам прысвячаецца ледзь не цэлы параграф. Яе значэнне — падкрэсліваецца, і тэкст нават суправаджаецца ілюстрацыяй. А вось перамогу ў бітве савецкія гісторыкі аддалі ні літвінам, ні нават палякам. Каму ж? Лепш працытаваць:

«Грюнвальдская битва имела большое историческое значение. Благодаря героизму и стойкости русских полков дальнейшая агрессия немецких феодалов на славянские и литовские земли была остановлена».

Канечне, тут, як і наогул у савецкай (і расійскай) гістарычнай школе, шмат маніпуляцый і падменаў паняццяў.

У ідэалагічным плане Грунвальд стаў зручнай бітвай. Асабліва пасля Другой сусветнай вайны. Той жа вораг — немцы — пераможаныя, перамога была здабыта народамі, якія цяпер уваходзяць у дружную сям’ю народаў савецкіх. Карыстайся — не хачу… І карысталіся. Бітва і перамога пад Грунвальдам, хоць і не сталі першаснымі ў гістарычным плане, іх падціскалі іншыя перамогі над крыжакамі, але яны ўспрымаліся і былі сімвалам адзінства сацыялістычных народаў у барацьбе з заходнім агрэсарам. Цікава адно: ці ведалі Вітаўт і Ягайла, сімвалам чаго яны стануць праз 550 год?..   

Адзначэнне 550-годдзя перамогі пад Грунвальдам (ПНР)

Адзначэнне 550-годдзя перамогі пад Грунвальдам (ПНР)

Нараджэнне нацыянальнага міфу

Сітуацыя з Грунвальдскай перамогай змянілася вокамгненна. Перабудова, галоснасць, дыскусіі пра мінулае — усё гэта радыкальна змяніла месца бітвы і перамогі ў беларускім грамадскім дыскурсе. З аднаго боку, адмаўляліся ад савецкіх сімвалічных каштоўнасцей, а з іншага — сцвярджэнне нацыянальнай ідэнтычнасці не магло адбывацца на пустым месцы. Карацей, «новае віно ў старыя мяхі» наліваць не збіраліся.


Глядзіце таксама

І тут падаспеў цудоўны юбілей — 580 год перамогі пад Грунвальдам. Добрая дата, слаўная і гераічная падзея, якая ідэальна ўпісвалася ў нашу нацыянальную ідэнтычнасць: перамога, адасобленасць ад Расіі, моцная дзяржава. Гэты юбілей пачалі святкаваць, святкаванне справакавала сапраўдны выбух памяць пра Грунвальд.

15 ліпеня 1990 года ў сталіцы Беларусі, ва ўмовах адноснай дэмакратызацыі, адзначаліся ўгодкі Грунвальдскай бітвы. Урачыста, з размахам. Святочная імша па-беларуску, мітынгі ў Купалаўскім парку, прамовы, праграмы, планы… Так у Беларусі закладвалася традыцыя публічнага святкавання перамогі пад Грунвальдам. Адбылася і яе пераацэнка: са звычайнага гістарычнага факту, хай і важнага, але — звычайнага, бітва пад Грунвальдам набыла тытул «выратавальнай бітвы».

Святкаванне перамогі ў Грунвальдскай бітве, 1990

Святкаванне перамогі ў Грунвальдскай бітве, 1990

А як складзецца далей лёс Грунвальдскай перамогі — пакажа час. Але дата 15 ліпеня — годная для добрага свята ў нашым нацыянальным календары.