Як распачынаюцца войны: роля асобы ў гісторыі

Імя Гаўрылы Прынцыпа ведаюць усе. Ну, добра, не ўсе, але, прынамсі, большасць. Ну, добра, большасць адукаваных людзей яго ведае. І памятае, дзякуючы чаму ён увайшоў у гісторыю. Ну добра, тым, хто не памятае, нагадаю: менавіта ён 28 чэрвеню 1914 году застрэліў аўстрыйскага эрцгерцага (спадкаемцу трону) Франца Фердынанда. Што з'явілася непасрэднае падставай да пачатку Першай сусветнай вайны. 



2ea2ecfd7d8ad0298f455f78b12cd28e_l.jpg

А вось імя Сімуры Кікудзіра, шарагоўца другога класа 8-е роты 3-га батальёну 1-га пяхотнага палку японскае Кітайскае гарнізоннае арміі (была такая), простага хлопца з вёскі з-пад Осакі, ведае мала хто. Асабліва ў нашае краіне, якая з невядомай падставы ганарыцца сваім няведаннем сусветнае гісторыі. Тым болей, калі гісторыя гэтая не тычыцца еўрапейскіх справаў. Дык вось, Сімура таксама, як і Гаўрыла Прынцып, спрычыніўся да пачатку вайны. Вайны такой жа мала вядомай у нас, як і імя Сімуры (у нас яе ведаюць, мо, толькі дзякуючы яе заканчэнню). А вайна ж была больш крывавай за Першую сусветную вайну. Ды і пераўтварылася яна, урэшце, у звяно глабальнага ўзброенага канфлікту. 


Паўднёвы захад сучаснага Бэйдзіну перасякае рака Юндын, паўз якую больш за 800 год таму перакінулі каменны мост. Даўжынёй амаль у 300 метраў і шырынёй у 9, ён упрыгожаны шматлікімі каменнымі выявамі львоў. Ёсць львы вялікія, а ёсць і маленькія, схаваныя на спінах, у грывах і кіпцюрох львоў вялікіх. Колькі іх усяго — сучасныя адмыслоўцы не могуць адказаць. Хто кажа — 490, хто кажа — 500. А першапачаткова, сцвярджаюць, было іх 627. 
 


Мост настолькі ўражвае, што знакаміты падарожнік ХІІІ стагоддзя Марка Пола, які бачыў яго праз 100 год пасля пабудовы, быў упэўненым, што «ў свеце няма болей добрага мосту». З-за гэтага ў Еўропе мост атрымаў назву «мост Марка Пола». А ў Кітаі яго клічуць Лугоў. 
 


На ўсходнім беразе Юндын, побач з мостам, у XVII стагоддзі пры Чунчжэні, апошнім імператары дынастыі Мін, была пабудаванае фартэцыя Ваньпін. Яе мэтай было абараніць сталіцу ад войскаў аднавокага бандыта Лі Цзычэну, які паверыў, што яму наканавана зрабіцца імператарам Паднябеснай. Дынастыю фартэцыя не выратавала, і імператарам Лі Цзычэн зрабіўся, а потым скончыў жыццё, цягаючы агуркі з сялянскіх агародаў недзе ў Сычуані. Але гэта — іншая гісторыя.
 


А праз 300 год пасля тых падзеяў, у 1937 годзе, у такія ж цяжкія для Кітаю часы, як і ў сярэдзіне XVII стагоддзя, фартэцыя Ваньпін прыкрывала адзіную дарогу, якая вяла праз мост Марка Пола ад Бэйдзіну на поўдзень — у тыя раёны, якія кантраляваліся кітайскім нацыяналістычным урадам на чале з Чан Кайшы. На заходнім жа беразе ракі былі размешчанымі японскія войскі. Іх знаходжанне там было прадугледжаным Баксёрскім пратаколам 1901-га года — дакументам, які Кітай быў вымушаны падпісаць пасля паразы Баксёрскага паўстання, накіраванага супраць прысутнасці ў краіне іншаземцаў. Вось вядучыя дзяржавы таго часу і прымусілі кітайцаў дапусціць на сваю тэрыторыю чужыя войскі, якія размяшчаліся гарнізонамі для абароны некаторых аб'ектаў. Мелі і японцы свой кантынгент, які атрымаў назву Кітайскае гарнізоннае арміі. 
 


Трэба нагадаць, што памкненні японцаў сягалі куды далей простае абароны шляхоў зносінаў. Мы памятаем, як у 1931 годзе гэтакая ж «ахова» аджала ў кітайцаў усю Маньчжурыю, заснаваўшы там марыянеткавую дзяржаву Маньчжоў-го. Чым японцы, канечне, проціпаставілі сябе міжнароднае супольнасці як агрэсары. Але што міжнародная супольнасць магла ім за гэта зрабіць? З Лігі Нацыяў выгнаць? Дык Японія сама адтуль выйшла, так грымнуўшы дзвярыма, што на галовы тамтэйшых джэнтльменаў тынкоўка са столі пасыпалася. 
 


Ды і да гэтага японцы неаднойчы дэманстравалі сваё жаданне падмяць Кітай. Не, канечне, з самымі добрымі намерамі. Трэба ж аб'яднаць народы Азіі, якія стогнуць ад імперыялізму белае расы. А хто аб'яднае гэтыя народы для такой барацьбы? Кітай? Ды ён бы ў сябе б парадак здолеў навесці! А тое Гаміньдан, быццам бы кіруючая партыя Кітайскае рэспублікі, дзесяць год ужо не можа камуністам даць рады. Дый, увогуле, няма чаго казаць пра іхні кантроль над уласнымі тэрыторыямі. А японцы ж, яшчэ ў 1915-м годзе, прапаноўвалі ім дапусціць сваіх дарадцаў у дзяржаўныя, вайсковыя і паліцэйскія ўстановы. А тыя — не, каб пагадзіцца, лямант на ўвесь свет узнялі, ды яшчэ і байкот японскім таварам абвясцілі. 
 


Вось і атрымліваецца, што толькі Японіі выпадае адыграць гэтую ролю — зрабіцца правадыром прыгнечаных народаў Усходу ў барацьбе за волю і справядлівасць. Трэба толькі кітайцаў прымусіць да прызнання гэтае гістарычнае місіі японцаў. Дык і да гэтага час дойдзе.
 


А пакуль японцы падвялічылі колькасць манеўраў, якія праводзілі іхнія аддзелы паблізу ад мосту Марка Пола. Па ідэі, манеўры мусяць узгадняцца з кітайскім бокам. І японскае камандаванне так звычайна і рабіла. У тым ліку, кітайскі бок быў папярэджаным пра вучэнні, якія мусілі адбыцца з 9 па 16 ліпеню. Але за два дні да гэтага, познім вечарам 7 ліпеню 1937 года, японцы выйшлі з казармы, не папярэдзіўшы кітайцаў. 
 


Раней ужо здараліся інцыдэнты, калі японскія аддзелы ўступалі ў перастрэлку з кітайскімі патрулямі. Да сур'ёзных наступстваў тыя выпадкі не прыводзілі — іх разрульвалі ці на мясцовым узроўні, ці, здаралася, з падключэннем вышэйшых чыноў. Але для жаўнераў ад гэтага не было прасцей — стралялі ж па іх. Ды і што казаць: два бакі, са зброяй у рукох і абсалютна без сімпатыяў адзін да аднога, знаходзяцца ў непасрэднае блізказці ў вельмі нервовай абстаноўцы... 
 


Карацей, калі а 10 гадзіне ўвечары 7 ліпеню японскія жаўнеры з 8-е роты 3-га батальёну 1-га пяхотнага палку японскае Кітайскае гарнізоннае арміі пайшлі ў вучэбную атаку, пастрэльваючы халастымі патронамі, ім у адказ нехта таксама пачаў пастрэльваць. Хто гэта мог быць? Толькі кітайцы, якія, відавочна, вырашылі каварна атакаваць мірныя японскія аддзелы. Японскія афіцэры хуценька сабралі сваіх людзей. І тут жа высветлілася, што адзін з жаўнераў не вярнуўся з свайго пасту. Гэта і быў шараговец Сімура Кікудзіро. І для ягоных таварышаў не было складаным адказаць, куды ён падзеўся. Усім было відавочна: яго захапілі крыважэрныя кітайцы. 
 


Камандзір 3-га батальёну маёр Іцікі Кіёнаё адрапартаваў пра здарэнне камандзіру палку палкоўніку Мутагуці Рэнья. «Канечне, кітайцы», — зрабіў выснову палкоўнік. Хлопца трэба было тэрмінова ратаваць. Але, дзе яго шукаць? Ды тут усё проста: адзінае месца, куды кітайцы маглі зацягнуць няшчаснага жаўнера — гэта фартэцыя Ваньпін. І Мутагуці загадвае маёру Іцікі праверыць тэрыторыю фартэцыі на прадмет знаходжання там шарагоўца Сімуры. 
 


Японскае камандаванне звязваецца па тэлефоне з Цзі Сінвэнем, камандзірам 219-га палку 37-й дывізіі 29-й палявой кітайскай арміі, расквартараваным у Ваньпіне, з патрабаваннем дапусціць на тэрыторыю фартэцыі маёра Іцікі і ягоных людзей. Цзі Сінвэнь, зразумела, адмаўляецца ад такой прапановы, сцвярджаючы, што аніякага японскага жаўнера на тэрыторыі фартэцыі няма, і, увогуле, ягоныя людзі ўвечары 7-га ліпеня не пакідалі сценаў Ваньпіню. Ага, думаюць японцы, нахабная хлусня з галавою выдае кітайцаў: калі яны сядзелі за мурамі фартэцыі, хто ж тады страляў па японцах і скраў шарагоўца Сімуру? І маёр Іцікі, атрымаўшы падмацаванні, нарыхтаваўся да атакі на Ваньпін праз мост Марка Пола. 
 


Сумны гумар сітуацыі заключаўся ў тым, што да гэтага часу шараговец Сімура ўжо знайшоўся. Ён адсутнічаў усяго 20 хвілінаў. З падставы нястраўнасці, як ён сам патлумачыў. Падаецца, усё. Інцыдэнт вычарпаны. Можна спакойна вяртацца ў казармы, перапрасіўшы прабачэнняў у кітайскага боку. Але жаўнеры ўжо занялі пазіцыі, і ім карціць адпомсціць кітайцам за ўсе іхнія крыўды, нанесеныя Японіі і яе Імператару. Афіцэры ўжо гатовыя даць сігнал да наступлення. Дый, далібог, хто ж адмяняе атаку з-за таго, што нейкага шарагоўца прабрала дыярэя? (Потым, 30 чэрвеню 1938 года ў інтэрв'ю газэце «Асахі Сімбун» камандуючы японскае арміяй патлумачыў, што было б ганьбай адступаць з занятых пазіцыяў.)
 


А пятай гадзіне ранку 8 ліпеню Іцікі аддаў загад атакаваць Ваньпін, які ўжо з трох бакоў быў у аблозе, і з японскага боку прагучалі першыя стрэлы. Кітайцы адбілі атаку, прычым японцы панеслі значныя страты. На працягу ўсяго дню перастрэлкі не сціхалі. Да японцаў і кітайцаў падыходзілі падмацаванні, а зона канфлікту пашырылася, калі японцы атакавалі чыгуначны мост праз Юндын, які абаранялі два кітайскія звязы. 
 


Спробы спыніць канфлікт, які спачатку разглядаўся як звычайнае сутыкненне лякальнага ўзроўню, таксама рабіліся. 9 ліпеню было абвешчаным спыненне агню, і Мутагуці атрымаў загад адвесці свае сілы на заходні бераг ракі Юндын. Але палкоўнік, у сваю чаргу, запатрабаваў, каб кітайскія вайсковыя аддзелы адышлі на ўсходні. Калі гэта не было выканана, ён абстраляў Ваньпін з гарматаў. 
 


Так працягвалася некалькі дзён: 10-га, 11-га, 12-га... Перастрэлкі і атакі мяшаліся з перамір'ямі і патрабаваннямі выбачэнняў. Прычым, справа ўжо дайшла да вышэйшых асобаў у кіраўніцтве Кітаю і Японіі. Але сутнасць справы ад гэтага не змянілася: усё тыя ж узаемныя абвінавачанні і патрабаванні выбачэнняў. Падобна, ніхто не думаў, што справа можа дайсці да паўнамаштабнай вайны. Але і саступаць ніхто таксама не жадаў. Таму, у канфлікт уцягваліся ўсё новыя і новыя сілы, як японскія, так і кітайскія. 
 


20 ліпеню Ваньпін перажыў асабліва моцны артылерыйскі абстрэл. 25 ліпеню пачалася бітва за Юэйдзін, якая цягнулася шэсць дзён, і у якой кітайцы пацярпелі паразу. А 9 жніўню ў Шанхаі, побач з аэрапортам Хунцяо, кітайцамі быў застрэленым лейтэнант японскае марское пяхоты Ояма Ісаё, пасля чаго распачалася бітва за Шанхай. Для ўсіх было відавочным, што гэта ўжо і ёсць паўнамаштабная вайна. Для найбольш разумных было відавочным, што Японія залезла ў багну, адкуль ёй ужо не выкараскацца.
 


Пачатак другой япона-кітайскай вайны — пад такой назвай яна ўвайшла ў падручнікі па гісторыі — канчаткова пераўтварыў Японію ў вачох міжнароднае супольнасці ў агрэсара. І калі спачатку прэзідэнт ЗША Рузвельт кажа пра «пошасць міжнароднага беззаконня», дык пасля разні ў Нандзіне, якая каштавала 300 тысячаў жыццяў кітайцаў, амерыканцы прадпрымаюць больш жорсткія меры. 1 ліпеню 1938-га Амерыка абвяшчае «маральнае эмбарга» на продаж Японіі самалётаў і запчастак да іх. Японцы пашыраюць зону агрэсіі ў Кітаі. 6 жніўню 1940-га году ЗША забараняе продаж Японіі авіяцыйнага бензіну. Японія ўводзіць войскі ў Французскі Індакітай (сучасны В'етнам). 16 кастрычніку таго ж года ЗША забараняюць прадаваць у Японію металічны лом. Японія забараняе дансінгі і джаз на сваёй тэрыторыі. 
 


У Японіі няма аніякіх рэсурсаў. Адзіны яе рэсурс — гэта людзі. Таму забарона на імпарт жалеза, вальфраму, паліва з боку ЗША ставіць краіну на мяжу выжывання. І канфлікт з ЗША робіцца, практычна, непазбежным. Спробы дзяржсакратару Халу выправіць сітуацыю не прыводзяць ні да чаго: ён патрабуе спыніць агрэсію супраць Кітаю і пакінуць захопленыя тэрыторыі; японцам гэта падаецца непрымальным. Вынік — атака амерыканскае базы ў Пёрл Харбары і пачатак Вялікае Ціхаакіянскае вайны, якая зрабілася часткай Другой сусветнае вайны, якая ахапіла значна большыя плошчы, чым вайна ў Еўропе і закранула больш за паўсотні дзяржаваў. І якая завяршылася ў верасні 1945-га капітуляцыяй Японіі. Якую прымалі, у тым ліку, і кітайцы.
 


Іцікі Кіёнаё, па загаду якога прагучалі першыя стрэлы вайны, не дажыў да гэтага моманту. 21 жніўню 1942 году ён, цяпер ужо камандзір палку, павёў свой аддзел у атаку на пазіцыі амерыканскіх марскіх пехацінцаў на выспе Гуадалканал побач з ракой Тэнару. Як і 8-га ліпеня 1937-га году на мосце Марка Пола, ён пацярпеў паразу. Большасць ягоных людзей загінула. Сам ён... Хто кажа, што загінуў у тым баі. А хто кажа, што ўжо пасля бою здзейсьніў самазабойства, не вытрымаўшы ганьбы. Пасмяротна яму прысвоілі ранг генерал-маёра. 
 


Не перажыў вайны і Сімура Кікудзіра. Ён не панёс аніякага пакарання за тое, што выклікаў вайну. Па завяршэнні тэрміну службы ў Кітайскае гарнізоннае арміі, ён вярнуўся на радзіму. У кастрычніку 1944 года яго зноў паклікалі на службу. Апынуўшыся ў Бірме, ён загінуў у адным з баёў.
 


Канечне, не ягоны страўнік прывёў да вайны: яна была непазбежнай у той сітуацыі, калі адна нацыя прагнула панавання, а іншая не жадала проста так саступаць ворагу. Але, хто ведае, што было б, калі Сімура вярнуўся з пасту своечасова. На тое яна і роля асобы ў гісторыі — выконваць сваю місію, у адпаведнасці з невядомымі нам заканамернасцямі. 
 


А хто страляў увечары 7.7.37 у адказ на стрэлы японцаў, так і засталося таямніцай. Некаторыя валяць усё на камуністаў.
 

Яўген Красулін, ucpb.org