Януш Радзівіл: Трагедыя кансерватара

У НЧ быў апублікаваны мой артыкул «НКУС супраць Радзівілаў», прысвечаны трагічнаму лёсу апошняга ўладальніка Нясвіжскага замка, князя Леона Радзівіла. Аднак вераснёўскія падзеі 1939 года аказалі ўплыў на жыццё яшчэ аднаго прадстаўніка знакамітага беларуска-польскага шляхецкага роду, ХІІІ алыцкага ардыната, знакамітага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча міжваеннай Польшчы, Януша Францішка Радзівіла.



881cb5534ac04cd691cdfa681afffb45.JPG

Гэты чалавек адыграў важную ролю ў працы Рэгенцкай рады, створанай акупацыйнай нямецкай адміністрацыяй у Варшаве ў 1917 годзе. Менавіта Януш Радзівіл у 1918 годзе правёў паспяховыя перамовы з камандаваннем Першага польскага корпусу, які знаходзіўся ў Бабруйску, і дамогся таго, каб гэтая вайсковая адзінка прысягнула Рэгенцкай радзе. Падчас савецка-польскай вайны князь уступіў у Войска Польскае і ў якасці афіцэра штаба кавалерыйскай дывізіі ўдзельнічаў у абароне Варшавы ад войскаў Чырвонай Арміі.
Чарговым дыпламатычным поспехам Януша Радзівіла стала ўстанаўленне дыпламатычных адносін з Ватыканам. Па запрашэнні князя Варшаву наведаў папскі нунцый Раццы, які быў заўзятым антыкамуністам, і падтрымаў Польшчу ў вайне з савецкай Расіяй. У лютым 1925 годзе Пій XI падпісаў з Польшчай канкардат — дагавор аб прызнанні і супрацоўніцтве, тым самым выказваючы сваю падтрымку польскім уладам. У 1922 годзе Радзівіл узначаліў польскую дэлегацыю на перамовах па раззбраенні ў Маскве.
З цягам часу князь Януш стаў уплывовым палітыкам. Пасля «майскага перавароту» ў 1926 годзе менавіта ён быў адным з ініцыятараў правядзення так званага «Нясвіжскага з’езду». Юзэфу Пілсудскаму, які вярнуў сабе ўладу, была неабходна падтрымка багатай беларускай шляхты. За гэтым таямнічым спатканнем сачыла ўся Еўропа. Зрэшты, замежная прэса з-за адсутнасці дакладнай інфармацыі пусціла слых, што ў Нясвіжы польская вярхушка абмяркоўвала магчымасць вяртання манархіі.
Дзякуючы развітаму ўменню ісці на кампраміс у міжваенным дваццацігоддзі, Януш Радзівіл здолеў дасягнуць значных поспехаў на палітычнай ніве, стаўшы спачатку дэпутатам сейма, а затым і сенатарам. Да канца 1930-х гадоў князь быў уплывовай фігурай не толькі ва ўнутрыпалітычным жыцці Польшчы. Януш Радзівіл валодаў англійскай, нямецкай, французскай мовамі, меў шырокія сувязі ў кіруючых колах многіх краін. На думку сучаснікаў, гэты арыстакрат лёгка мог вырашыць шматлікія знешнепалітычныя праблемы Польшчы. Вядомы тагачасны польскі публіцыст Юзэф Мацкевіч адзначаў, што «князь Януш лічыўся сярод эліты польскага грамадства лепшым кандыдатам на пасаду міністра замежных спраў. Калі б прэзідэнт Польшчы Масціцкі прызначыў яго міністрам яшчэ ў сакавіку 1939-га, то Польшча першай не ўступіла б у вайну, а Англія і Амерыка не прадалі б нас за бясцэнак».
Пасля нападу нацысцкай Германіі на Польшчу князь Януш пераехаў у свой замак у Алыцы. 7 верасня 1939 года туды прыехаў прэзідэнт Польшчы, а праз два дні — міністр замежных спраў Юзэф Бек і вярхоўны галоўнакамандуючы, маршал Эдвард Рыдз-Сміглы. У палацы прайшла важная нарада, на якой абмяркоўвалі эвакуацыю дзяржаўнага апарату з Варшавы, стварэнне абарончых рубяжоў на Вісле і сакрэтную місію, звязаную з эвакуацыяй залатога запасу Польшчы.
17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. Праз некалькі дзён у двор маёнтка Радзівілаў заехалі ваенныя машыны. Князь Януш і яго сын Эдмунд былі арыштаваныя НКУС. За гэтую аперацыю лейтэнанта дзяржбяспекі Івана Мурашкіна ўзнагародзілі ордэнам «Знак Пашаны». Пасля «няўдалага» «народнага суда», на якім вясковыя жыхары прагаласавалі супраць павешання Радзівілаў, супрацоўнікі НКУС вывезлі князёў у Роўна. Эдмунд хутка аказаўся ў лагеры для польскіх ваеннапалонных у Казельску. А яго бацька праз Кіеў быў дастаўлены ў Маскву, на Лубянку. Там Радзівіла кожны дзень дапытвалі, цікавячыся ацэнкай эканамічнага патэнцыялу Польшчы, які апынуўся ў руках нацыстаў. Асаблівая ўвага надавалася асобе аднаго з вышэйшых кіраўнікоў Трэцяга Рэйха — Германа Герынга. Справа ў тым, што ў верасні 1935 года разам з польскім амбасадарам Ліпскім і генералам Войска Польскага Фабрыцам Януш Радзівіл наведаў валоданні «нацы № 2» ва Усходняй Прусіі. Афіцыйна, каб папаляваць. На самай справе, у час той сустрэчы абмяркоўваліся пытанні знешняй палітыкі.
Праз два тыдні знаходжання на Лубянцы змучанага князя абудзілі сярод ночы і прывялі ў камфартабельны кабінет, у якім сядзеў чалавек у пенснэ. У пакоі таксама знаходзіліся начальнік турмы Міронаў і яго намеснік. «Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя», — прадставіўся чалавек, які сядзеў за масіўным дубовым сталом. «Я прачытаў вашы паказанні, князь. Нічога не маю супраць вас. Думаю, што няма падстаў трымаць пана тут. Якія ў вас планы на будучыню?» — пачаў размову наркам. Радзівіл спытаў, што з яго сям’ёй, на што атрымаў адказ, што родныя князя ў бяспецы. Сенатар сказаў, што хацеў бы вярнуцца на радзіму, у Польшчу, на што Берыя падкрэсліў, што Польшча цяпер акупавана Германіяй. Але Януш Радзівіл стаяў на сваім. І тады Берыя павярнуўся да Міронава і вымавіў: «Такія людзі, як Радзівілы, нам вельмі патрэбны. Мы б знайшлі для іх добрую працу». Праз некалькі дзён адбылася яшчэ адна сустрэча Радзівіла з Берыям. Падчас яе Берыя запытаў, ці ведае Радзівіл Яўстафія Сапегу, дадаўшы, што ён таксама знаходзіцца ў руках НКУС. «Мы арыштавалі яго ў Гродна», — падкрэсліў Берыя. Князь Януш, безумоўна, ведаў былога міністра замежных спраў Польшчы і дэпутата сейма, і не доўга думаючы спытаў, ці адпусцяць яго разам з ім. «Мяркую, мы яго вызвалім пазней. Няхай яшчэ пасядзіць», — адказаў наркам. Пад канец размовы Берыя сказаў, што савецкі бок хацеў бы атрымліваць ад князя агентурную інфармацыю з акупаванай Польшчы. Пры гэтым асабліва падкрэсліўшы, што гэта не загад, а просьба, і князь вольны адмовіцца.
Януша Радзівіла і яго родных вызвалілі з савецкай турмы пасля ўмяшання італьянскага каралеўскага двара, з якім Радзівілы знаходзіліся ў сваяцтве. Неўзабаве на чыгуначным вакзале ў Брэсце Радзівіл сустрэўся са сваёй сям’ёй. Палкоўнік дзяржбяспекі Міронаў, які праводзіў князя, на развітанне сказаў: «Ну што ж, князь, да пабачэння». На што Радзівіл, усміхнуўшыся, вымавіў: «Бывайце». Начальнік Лубянскай турмы, адышоўшы ад цягніка, пра сябе сказаў: «Хто ведае, хто ведае». І гэтыя словы былі прароцкімі. Аднак, пра ўсё па чарзе.
Апынуўшыся ў Генерал-губернатарстве (так называлася частка Польшчы, акупаваная Трэцім Рэйхам), Януш Радзівіл пасяліўся ў замку ў Небарове. Ён адразу адмовіўся ад нямецкіх прапаноў узначаліць марыянеткавы польскі ўрад. Адначасова князь уступіў у сувязь з прадстаўнікамі польскага падполля.
Пачынаючы з 1940-га ад сваіх рэзідэнтаў у сталіцы нацысцкай Германіі Масква атрымала звесткі аб тым, што Януш Радзівіл некалькі разоў бываў у Берліне і сустракаўся з вышэйшым нацысцкім кіраўніцтвам, у тым ліку з Германам Герынгам. У акупаванай Варшаве Януш Радзівіл удзельнічаў у працы польскіх грамадскіх арганізацый. Падчас паўстання 1944-га князь быў арыштаваны нацыстамі і змешчаны ў турму ў Берліне. Аднак прадстаўнік знакамітага шляхецкага роду выжыў і вярнуўся дадому, у замак у Небарове.
Начальнік турмы на Лубянцы меў рацыю, калі ў 1939-м казаў князю: «Да пабачэння». У студзені 1945 года Януш Радзівіл разам з іншымі прадстаўнікамі вядомых польскіх шляхецкіх родаў быў арыштаваны НКУС. Спачатку Радзівілаў перавезлі ў Маскву, а пазней — у Краснагорск. Шляхту трымалі ў спецлагеры №47 для нямецкіх ваеннапалонных.
У 1947 годзе памерла жонка князя Ганна, а неўзабаве змучанага Радзівіла адпусцілі ў Варшаву. Праз некалькі гадоў князь звярнуўся да савецкіх улад з просьбай дазволіць яму эксгумаваць і перавезці парэшткі каханай жонкі ў Польшчу. Але... магілу княгіні не знайшлі. Наступныя 20 гадоў князь пражыў у сціплай двухпакаёвай кватэры ў польскай сталіцы. Памёр Януш Радзівіл у 1967-м.
…Малодшы сын Януша Радзівіла Станіслаў ажаніўся з Каралінай Лі Буўе, роднай сястрой жонкі прэзідэнта ЗША Жаклін Кенэдзі. У 1967 годзе былая першая лэдзі ЗША прыляцела ў Варшаву на пахаванне князя Януша Радзівіла.
Адпускаючы князя ў 1947-м, Лаўрэнцій Берыя не пакідаў надзею выкарыстаць яго ў сваіх шпіёнскіх гульнях. Па некаторых дадзеных, у 1953 годзе «чалавек у пенснэ» хацеў прадаць Усходнюю Нямеччыну Захаду за 10 мільярдаў долараў, а пасярэднікам у гэтай справе павінен быў стаць князь Януш Радзівіл.

Януш Радзівіл у сойме 1931 г.

Януш Радзівіл з генералам Людамілам Райскім

Януш Радзівіл з генералітэтам

Прыезд Пілсудскага ў Нясвіж у 1926 г.

Януш Радзівіл у Варшаве  1931 г.

Алык. Замак Радзівілаў

Небораў. Палац Радзівілаў 1930 гады

Нясвіж 1930

Спецыяльны нумар віленскай газеты Слова, прысвечаны з'езду ў Нясвіжу , 1926 г.