Януш Радзівіл. Сапраўдны патрыёт ці здраднік Айчыны?

370 гадоў таму, 12 жніўня 1654 года, адбылася бітва пад Шкловам, дзе войскі Рэчы Паспалітай пад камандаваннем найвядомейшага палкаводца свайго часу Януша Радзівіла перамаглі маскавітаў. Асоба гэтага дзяржаўнага дзеяча і сёння выклікае мноства спрэчак. Кім быў на самой справе вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл?

Януш Радзівіл (1733-37). Крыніца: Wikimedia Commons 

Януш Радзівіл (1733-37). Крыніца: Wikimedia Commons 

Сёння многія лічаць яго здраднікам, чалавекам, які адмовіўся ад прысягі свайму каралю і пайшоў на саюз з ворагамі. Аднак ягонымі нядобразычліўцамі далёка не заўсёды робіцца спроба рэальна ацаніць тую сітуацыю, у якой ён быў вымушаны прыняць такое рашэнне.

Пачатак палітычнай кар’еры

Януш Радзівіл нарадзіўся 2 снежня 1612 года ў сям'і Крыштапа Радзівіла (малодшага) і яго жонкі Ганны з роду Кішак. У XVI стагоддзі Радзівілы належалі да ліку самых магутных арыстакратычных родаў Вялікага княства літоўскага. Так напрыклад, на момант нараджэння Януша яго прадстаўнікі ўжо шмат гадоў абіраліся камандуючымі войска ВКЛ.

У 1625 годзе ва ўзросце 12 гадоў Януш быў адпраўлены атрымліваць адукацыю ў кальвінісцкай гімназіі ў Слуцку, а пасля яе заканчэння працягнуў яе ў Варшаве і Берліне. Навучаўся таксама ў Лейпцыгскім універсітэце ў Свяшчэннай рымскай імперыі і Лейдэнскім універсітэце ў Нідэрландах. Увогуле, у юнацтве шмат падарожнічаў, быў знаёмы са многімі прадстаўнікамі арыстакратычныў дамоў Еўропы. Ёсць звесткі, што малады князь нейкі час нават паспеў паваяваць супраць Іспанскай імперыі ў пратэстанцкім войску Фрэдэрыка Генрыха Аранскага ў галандскай вайне за незалежнасць. Усе гэтыя сувязі не засталіся па-за ўвагай, у 1632 годзе ён быў прызначаны каралём Рэчы Паспалітай Уладзіславам IV Вазай пасланцам у Англіі і Нідэрландах.

Януш Радзівіл. 1632 год. Крыніца: Wikimedia Commons

Януш Радзівіл. 1632 год. Крыніца: Wikimedia Commons

Але ў наступным годзе ён вяртаецца на радзіму, каб разам з бацькам удзельнічаць у Смаленскай вайне супраць Маскоўскай дзяржавы. У выніку вайна гэтая Рэччу Паспалітай была выйграна. 27 траўня 1634 года быў падпісаны мір, па якім Смаленск, Чарнігаў і Северскія землі засталіся ў складзе польска-літоўскай дзяржавы. За свае вайсковыя заслугі Януш атрымаў у 1633 годзе ад караля пасаду падкаморыя вялікага літоўскага.

Калі ў 1640 годзе памёр яго бацька, 26-гадовы Януш пачаў ужо цалкам самастойную палітычную дзейнасць.

У 1646 годзе ён стаў гетманам польным літоўскім, афіцыйна другім чалавекам у вайсковай іерархіі ВКЛ, але з-за пастаянных хвароб састарэлага вялікага гетмана і сваяка па матчынай лініі Януша Кішкі часта аказваўся і на чале вялікакняжацкага войска.

Вялікі гетман літоўскі Януш Кішка. Крыніца: Wikimedia Commons

Вялікі гетман літоўскі Януш Кішка. Крыніца: Wikimedia Commons

Вайна з казакамі

У 1648 годзе памёр Уладзіслаў IV. На каралеўскі сталец быў абраны яго родны брат Ян Казімір. Адносіны з ганарлівым Радзівілам у яго не склаліся, але бачачы відавочны палкаводчы дар польнага гетмана, новы кароль даверыў таму камандаванне войскам ВКЛ у паходзе 1649 года супраць казакоў Запарожскага гетмана Багдана Хмяльніцкага.

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян ІІ Казімір Ваза. Крыніца: Wikimedia Commons

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян ІІ Казімір Ваза. Крыніца: Wikimedia Commons

Магчыма на гэта рашэнне паўплывала сур’ёзнае стаўленне Януша Радзівіла да казацкага паўстання. У той час, як большасць магнатаў Рэчы Паспалітай не бачылі пагрозы ў «халопскім бунце», польны гетман пастаянна падкрэсліваў, што, хаця пагроза, якую ўяўляе войска Хмяльніцкага для Кароны, сапраўды не надта вялікая, для земляў Вялікага княства Літоўскага ўяўляе вялікую небяспеку. Далейшае развіццё падзей паказала, што ён быў абсалютна правы ў сваіх прадказаннях.

Як бы там не было, а ў 1649 годзе ён на чале войска ВКЛ рушыла насустрач наступаючым казакам. 31 ліпеня ён разбіў у бітве пад Лоевам 15-тысячнае войска казацкіх палкоўнікаў Міхала Станіслава Крычэўскага і Сцяпана Падабайлы. Пры гэтым колькасць літвінскіх ваяроў была як мінімум удвая меншая.

Бітва пад Лоевам1649 года. Габелен XVIII стагоддзя. Крыніца: Wikimedia Commons

Бітва пад Лоевам1649 года. Габелен XVIII стагоддзя. Крыніца: Wikimedia Commons

Пасля гэтай перамогі кароль асабіста прасіў яго ісці на Кіеў, але Радзівіл адмовіў яму, заявіўшы, што не будзе губляць людзей толькі дзеля каралеўскіх амбіцый. Аднак амаль роўна праз два гады, у ліпені 1651 года, на чале ўжо аб’яднанай арміі ВКЛ і Кароны ён зноў сустрэўся з казакамі пад тым жа Лоевам. Зноў разбіў іх, і ўжо гэтым разам, не сустрэўшы на сваім шляху ніякага супраціву, усё ж такі ўвайшоў у Кіеў.

У верасні таго ж года ён камандаваў польска-літоўскім войскам у бітве каля горада Белая царква, дзе на чале 10-15 тысячаў жаўнераў ледзь не разбіў 50-тысячную армію казакоў і саюзных ім крымскіх татар. Бітва цягнулася два дні, і так і не выявіла пераможцу. Не дамогшыся канчатковай перамогі, бакі падпісалі перамір’е, і Януш Радзівіл нарэшце змог крыху адпачыць ад вайны.

Вайна з Масквой і мары аб незалежнасці

Галоўнай мэтай свайго жыцця ён лічыў аднаўленне поўнай незалежнасці Вялікага княства. Перакананы кальвініст, ён не бачыў будучыні для сваёй радзімы ў саюзе з каталіцкай Польшчай. І праз некалькі гадоў такая магчымасць яму прадставілася.

Аднак спачатку ў студзені 1654 года памёр Януш Кішка, і Ян Казімір прызначыў Радзівіла вялікім літоўскім гетманам. Але, добра ведаючы пра яго погляды, кароль баяўся страціць кантроль над войскам, а таму польным гетманам стаў верны яму Вінцэнт Корвін Гансеўскі.

Польны гетман літоўскі Вінцэнт Аляксандр Корвін Гансеўскі. Крыніца: Wikimedia Commons

Польны гетман літоўскі Вінцэнт Аляксандр Корвін Гансеўскі. Крыніца: Wikimedia Commons

Хутка ў новага вялікага гетмана з’явілася магчымасць паказаць сябе на новай пасадзе. У траўні таго ж года маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч пачаў захопніцкі паход на землі Вялікага княства. Пачалася, магчыма, самая страшная вайна ў гісторыі нашага краю. Акупанты хутка занялі значную тэрыторыю краіны, пачаліся масавыя рабаванні і марадзёрства. Беларускія землі накрыла хваля суцэльнага гвалту і разбою.

Глядзіце таксама

Супраць амаль 100-тысячнай арміі маскавітаў і казакоў ВКЛ змагло выставіць толькі каля 15000 ваяроў, плюс некалькі тысячаў саюзных палякаў. Здавалася б, зусім небагата супраць такой арды. Але нават з такімі сіламі Радзівіл у канцы 1654 года вырашыў пачаць контрнаступ. Падчас яго былі вызвалены гарады Барысаў, Бабруйск, Копысь, Дуброўна і Орша, знята аблога Старога Быхава. Радзівіла і яго армію актыўна падтрымлівалі беларускія сяляне, якія стварылі на акупаванай тэрыторыі мноства партызанскіх атрадаў, і таксама вялі актыўную барацьбу з акупантамі.

Але ўсё роўна сіл для карэннага пералому ў яго не было. Летам 1655 года пала сталіца Вялікага княства Вільня, а шведскі кароль Карл Х пачаў вайну з Польшчай.

Кароль Швецыі Карл Х Густав. Крыніца: Wikimedia Commons

Кароль Швецыі Карл Х Густав. Крыніца: Wikimedia Commons

Ян Казімір вырашыў вывесці з ВКЛ нават тыя невялікія сілы палякаў, што там на той момант знаходзіліся. Але гэта яму не дапамагло. 25 ліпеня 1655 года польская армія саступіла шведам пад Уйсьцем, пасля чаго магнаты Вялікай Польшчы прызналі сваім каралём Карла Х. Шлях углыб краіны шведам быў адкрыты. Праз два месяцы Ян Казімір пакінуў краіну і з'ехаў з невялікай світай у Сілезію.

У такой сітуацыі, баючыся, што дапамогі ад Кароны ён больш не дачакаецца, Януш Радзівіл падпісаў са Швецыяй у асобе камандуючага шведскай арміяй Магнуса Габрыэля Дэлагардзі Кейданскую ўнію, якая фактычна разрывала стагадовы польска-літоўскі хаўрус.

Магнус Дэлагардзі. Крыніца: Wikimedia Commons

Магнус Дэлагардзі. Крыніца: Wikimedia Commons

Але такія яго дзеянні не знайшлі падтрымкі ў большай часткі шляхты, якая палічыла іх здрадай. Шляхту ўзначаліў даўні супернік Радзівіла віцебскі ваявода Павел Ян Сапега. Да яго далучыўся і Вінцэнт Гансеўскі.

Не маючы сіл супрацьстаяць сваім ворагам, Януш Радзівіл з невялікім войскам быў вымушаны адступіць. На яго баку з былых шматлікіх прыхільнікаў застаўся толькі стрыечны брат Багуслаў. Урэшце апальны гетман апынуўся ў аблозе ў сваім замку ў Тыкоцыне, што цяпер у польскім Падляшшы.

Канюшы вялікі літоўскі Багуслаў Радзівіл. Крыніца: Wikimedia Commons

Канюшы вялікі літоўскі Багуслаў Радзівіл. Крыніца: Wikimedia Commons

Януш Радзівіл памёр у ім у ноч з 30 на 31 снежня 1655 года. Некаторыя даследчыкі лічаць, што смерць магната наступіла ў выніку атручвання, пра што сведчаць шматлікія плямы і змены колеру на целе. Магчыма, нехта з радзівілаўскага атачэння не стаў чакаць штурму і вырашыў такім чынам усе магчымыя праблемы. Месца вялікага гетмана заняў Павел Сапега.

Сёння імя Януша Радзівіла з лёгкай рукі аўтара «Патопу» стала сінонімам слова «здраднік» і «клятваадступнік». Але ці быў ён ім на самой справе? Трэба разумець стан Рэчы Паспалітай на той момант, калі літоўскі гетман прымаў сваё рашэнне. Краіна была аслаблена войнамі і казачым паўстаннем. Армія не аплачвалася. Маскоўскія войскі аднавілі свой наступ. Дзяржава стаяла на краі прорвы. Не спадзяючыся больш на польскую дапамогу, Радзівіл, магчыма, убачыў у хаўрусе са Швецыяй адзіны сродак для абароны роднай яму Літвы ад захопу Масквой.

Так, ён памыліўся. Асноўная маса шляхты не падтрымалі яго планаў. Але ўзнікае справядлівае пытанне: чым кіраваліся гэтыя людзі: сапраўднай вернасцю каралю і Рэчы Паспалітай, ці баяліся абмежавання шведамі шляхецкіх вольнасцяў? Сёння на гэта адказаць немагчыма. І ці можам мы зараз, у ХХІ стагоддзі аднабакова асуджаць чалавека, які ў тых складаных абставінах XVII стагоддзя вырашыў заключыць здзелку з захопнікамі з поўначы, каб супрацьстаяць відавочна больш страшным захопнікам з усходу?

Герб рода Радзівілаў «Трубы». Крыніца: Wikimedia Commons

Герб рода Радзівілаў «Трубы». Крыніца: Wikimedia Commons

Артыкул упершыню апублікаваны ў "Новым Часе" 30 снежня 2022