Калі свабода даражэйшая за жыццё. Неверагодныя гісторыі тых, хто збег з краіны Саветаў

9 чэрвеня 1935 года ў СССР прынялі закон, паводле якога ўцёкі за мяжу караліся расстрэлам. Згадаем шчаслівыя выпадкі тых, хто вырашыўся на неверагодную рызыку і адваяваў сваю свабоду ў змаганні не толькі з КДБ, але і са стыхіяй.

Ліліяна Гасінская

Ліліяна Гасінская

Слава Курылаў. Адзін сярод бязмежнага акіяна

Калі б гісторыя Станіслава Курылава была толькі выдумкай таленавітага кінематаграфіста, гледачы, верагодна, асудзілі б яе за нерэалістычнасць. Але, як гэта часта бывае, рэальнасць аказалася больш неверагоднай за фантазію.

Слава Курылаў

Слава Курылаў

Слава Курылаў нарадзіўся ў 1936 годзе. Хлопчык рос у Сяміпалацінску (сёння горад Сямей на ўсходзе Казахстана, размешчаны па абодвух берагах ракі Іртыш). Вось як Курылаў апісаў горад свайго дзяцінства ў кнізе «Адзін у акіяне»:

«Памятаю вуліцу ў маленькім правінцыйным горадзе, дом і пакой, дзе я звычайна сядзеў за сталом і неахвотна рабіў урокі. За акном, праз вуліцу, я заўсёды бачыў высокую шэрую агароджу. Мне даводзілася глядзець на яе кожны раз, калі ўзнімаў галаву ад кніг. Я ненавідзеў гэтую шэрую агароджу, таму што яна стаяла між мной і знешнім светам, поўным загадак. Часам мне ўдавалася змыць яе намаганнем волі. Я ўяўляў сабе вялізныя акіянскія хвалі, і яны, накатваючыся, паступова зносілі яе начыста. Перада мной адкрываліся невядомыя далячыні — ціхія лагуны трапічных выспаў з пальмамі на беразе, самотны ветразнік удалечыні ля гарызонту і неабсяжны прастор акіяна. Але калі я стамляўся марыць і прыходзіў у сябе, зноў бачыў перад сабой непазбежную шэрую агароджу...»

Вядома, што ўжо ў 10-гадовым узросце маленькі Слава пераплыў раку Іртыш — паспрачаўся з хлопцамі і выйграў.

Станіслаў адслужыў у войску, а потым намагаўся паступіць у Ленінградскае мараходнае вучылішча, але прыёмная камісія не дапусціла яго да навучання праз праблемы са зрокам. І Станіслаў Курылаў скончыў гідраметэаралагічны інстытут па спецыяльнасці «акіянограф».

Ён атрымаў працу, ідэальную для ўнутранай міграцыі: Станіслаў жыў у хаце на выспе Альхон і ў якасці інжынера-гідролага збіраў інфармацыю з метэастанцый у паўночнай частцы возера Байкал. Там, на выспе, ён практыкаваў ёгу па 12 гадзінаў на дзень, што безумоўна паўплывала на маральную і фізічную падрыхтоўку мужчыны да гераічных уцёкаў, што былі яму наканаваныя.

Унутранай міграцыі Курылаву было не дастаткова — як вядома, ён кожныя тры гады падаваў дакументы на выезд за мяжу, але кожны раз яму адмаўлялі. Ці варта было спадзявацца таму, чый бацька падчас Другой сусветнай быў у палоне, а сястра выйшла замуж за студэнта з Індыі, з якім з’ехала ў капіталістычную Канаду… Але ён спадзяваўся.

643b7d31_bc2e_4827_ac7b_51b5005e03d2_w408_r0_s.jpg

Калі ж апошнія спадзевы не апраўдаліся, Курылаў вырашыў скарыстацца адзінай сваёй магчымасцю — збегчы з савецкага лайнера. Станіслаў набыў неверагодна дарагі квіток на турыстычны лайнер «Савецкі Саюз», які рухаўся з Уладзівастока да экватара і зваротна без заходу ў порты (таму турыстам не была падтрэбная выязная віза).

Уначы 13 снежня 1974 года Станіслаў Курылаў скокнуў з кармы з вышыні больш за 12 метраў, апрануў ласты, маску і трубку і паплыў да берага. У адрытым акіяне Курылаў плыў тры дні і дзве ночы — без вады, ежы і сну.

Мы заўсёды з ім святкавалі гэтыя дні, — пісала жонка Станіслава Алена Гендзелева. — Гэта былі галоўныя дні года. Часам мы праводзілі іх у кампаніі, і Славу ўдавалася ўгаварыць расказаць, як усё было. Ён закурваў цыгару, садзіўся ў позу лотаса — і ўсё, мы знікалі зусім ...Колькі разоў я чула гэтае апавяданне — і заўсёды даведвалася нешта новае. У Славы быў ціхі, сіплаваты голас. Казаў ён ціха, без пафасу і захаплення. Але адарвацца было немагчыма ні на хвіліну, нават каб выпіць вады. Мы слухалі, ізноў зачараваныя гэтай гісторыяй… Слава ніколі не пазіцыянаваў сябе як героя. Ганарыстасць не была яму ўласцівай. Але ён ведаў цану свайму ўнікальнаму ўчынку. Ведаў кошт свайму досведу.

Праз праблемы з навігацыяй і плынямі запланаваныя васямнаццаць кіламетраў ператварыліся амаль у сто.

Станіслаў Курылаў пісаў:

«Лайнер імкліва аддаляўся. Я адчуваў вялізную палёгку, паколькі толькі што сышоў жывым і цэлым ад вялізнага страшэннага вінта. І я нарэшце цалкам усвядоміў, што зусім адзін у акіяне. Дапамогі чакаць няма адкуль. І ў мяне амаль няма шанцаў дабрацца да берага жывым. У гэты момант мой розум яхідна заўважыў: «Затое ты зараз канчаткова вольны! Хіба не гэтага ты так горача прагнуў?!»

Але ён усё ж дабраўся жывым — да філіпінскай выспы Сіяргаа. Там героя, вядома, не сустрэлі апладысментамі — адправілі ў турму праз падазрэнні ў шпіянажы на карысць краіны Саветаў. Зразумеўшы, што Курылаў дакладна не шпіён, вырашылі адвесці ўцекача ў пасольства Канады, каб праз пасольства звязацца з яго сястрой. На шчасце, сястра аплаціла пералёт Станіслава па маршруце Маніла — Токіа —Таронта.

Канада таксама не сустрэла Славу Курылаву абдымкамі. Каб зарабіць, ён працаваў у піцэрыі, мыў караблі ў порце за тры долары ў гадзіну… Сапраўднае шчасце і каханне напаткала Курылава ў Ізраілі. Там ён пазнаёміўся і ажаніўся з Аленай Гендзелевай і ўладкаваўся на працу ў інстытут акіянаграфіі. 

Алена Гендзелева і Станіслаў Курылаў

Алена Гендзелева і Станіслаў Курылаў

Станіслаў Курылаў памёр у 1998 годзе падчас вадалазнай працы. Яму было 62 гады. 

Пра Савецкі Саюз ён пісаў:

«Я жыў у дзяржаве, дзе людзі ўвесь час баяліся. Я бачыў страх у іх вачах, у іх позах, у манеры гаварыць адно з адным, увесь час прыслухоўваючыся і аглядаючыся. Больш за ўсё гэта адчуваецца ў сталічных гарадах, у правінцыі роспач і безнадзейнасць адчуваюцца менш. Цяжка паверыць, што ў краіне ёсць мноства здаровых, моцных мужчын, ахопленых пастаянным страхам. Цяжка жыць сярод іх».

Пётр Патрушаў. З Савецкай Грузіі праз турэцкую турму да аўстралійскага грамадзянства

Аднак Станіслаў Курылаў быў не першым, хто гераічна пераадолеў воднае бязмежжа на шляху да свабоды. У 1962 годзе гэта зрабіў тады 20-гадовы Пётр Патрушаў.

Пётр Патрушаў

Пётр Патрушаў

Ён нарадзіўся ў 1942 годзе ў Новасібірскай вобласці. Дзяцінства маленькага Пеці не было шчаслівым — тату хлопчык ніколі не бачыў, ён загінуў на вайне. Маці была з ім надзвычай жорсткай, і нават дарослым Патрушаў прызнаваўся, што здолеў прабачыць яе толькі розумам, але не сэрцам. А яшчэ ў яго быў брат, якога мама любіла і ставіла ў прыклад, але для Пеці гэты прыклад быў адмоўным. Верагодна, да адважных уцёкаў праз чорнае мора Пятра Патрушава падштурхнуў у тым ліку страх аднойчы стаць падобным да брата.

«Нядзіўна, што Уладзімір, мой старэйшы брат, калі вырас, правёў адну палову свайго жыцця ў п'яным ступары, а іншую — у спробах зарабіць грошы, каб выдаткаваць іх на наступны п'яны ступар. І гэта жыцьцё ў працах праведных? Я называю гэта спаганеным жыццём. Мая маці і Расія загрузілі яго пачуццямі віны і адказнасці, якія ён не здольны быў несці. Маці сапраўды мела поспех з ім у тым, чаго яна спрабавала дасягнуць са мной. Ён быў тыповы рускі мужык, адзін са шматлікіх мільёнаў. У сям'і ён стаў заменай бацькі, але пры гэтым маці магла яго поўнасцю кантраляваць», — пісаў Пётр.

Пасля васьмі класаў школы Патрушаў паступіў у Томск, у тэхнікум. Там, у Томску, малады мужчына прадэманстраваў выбітныя здольнасці ў плаванні, яго кандыдатуру нават разглядалі для ўключэння ў склад алімпійскай зборнай на Алімпіяду ў Токіа ў 1964 годзе — але не лёс. Наперадзе ў Патрушава была служба ў войску, дзе ён сутыкнуўся з лютай дзедаўшчынай. Каб пазбегнуць калецтва ці нават смерці, Патрушаву давялося сімуляваць псіхічнае захворванне. Тады яго перавялі ў томскую псіхіятрычную лякарню, дзе збіраліся «лячыць» наймацнейшымі прэпаратамі — заставалася толькі збегчы, і ён збег. Некаторы час Патрушаў хаваўся ў кватэры свайго трэнера Генрыха Булакіна і яго жонкі Соф’і.

«Я знаходзіўся ў стане нявызначанасці, становішча было ў лепшым выпадку напаўлегальным. На шчасце, адміністрацыя псіхіятрычнай лякарні, якая несла адказнасць за мяне як уцекача, была зацікаўленая закрыць сітуацыю. Майго брата ўгаварылі падпісаць даручальніцтва, зняўшы тым самым усякую адказнасць з лякарні», — распавядаў Пётр.

Пётр Патрушаў

Пётр Патрушаў

«Вясной 1962 года я адправіўся ў горад Батумі на Чорным моры, каля турэцкай мяжы, каб збегчы з краіны, у якой нарадзіўся. Ехаў з Новасібірска, праз палову Расіі, амаль чатыры тысячы кіламетраў, зайцам, бо не было на што набыць квіток. Калі я выйшаў з цягніка на вакзале Батумі, у кішэні ляжалі пашпарт і ваенны білет з пазнакай пра тое, што я нядаўна дэмабілізаваны з Савецкай Арміі. Прычына дэмабілізацыі: «шызафрэнія з посттраўматычнай гіпертаніяй».

Як дэмабілізаванаму вайскоўцу мне дазвалялася, прынамсі, тэарэтычна, пасяліцца ў любым месцы Савецкага Саюза — адзіная палёгка за гады жорсткага абыходжання і пазбаўленняў, ад якіх пакутавалі шматлікія вайскоўцы».

У Батумі Пётр Патрушаў на некаторы час пасяліўся ў маці свайго томскага сябра і рыхтаваўся да ўцёкаў.

«Нелегальнае перасячэнне мяжы было злачынствам, якое, калі пашанцуе, каралася шматлікімі гадамі турмы, а часам і расстрэлам. Яно мела ранг вышэйшай здрады. Дзяржаўная прапаганда малявала карціну непрыступнасці межаў, якія ахоўваюцца адважнымі памежнікамі, у якіх усё па апошнім слове тэхнікі, чулыя службовыя сабакі, магутныя пражэктары, сеткі, міны, верталёты. Кожны, хто паспрабуе перасекчы мяжу — гэта або лунацік, або здраднік, або, што найбольш верагодна, замежны шпіён.

Жыхары ўзбярэжжа і асабліва пільныя юныя піянеры былі напагатове, гатовыя злавіць кожнага, хто выглядаў або паводзіў сябе падазрона. Любога, каго выяўлялі паблізу мяжы без пераканаўчай прычыны знаходжання там, неадкладна затрымлівалі і перадавалі ўладам. Той, хто паведаміў пра парушальніка, атрымліваў падзяку і іншыя, больш важкія ўзнагароды, накшталт грашовай прэміі або прасоўвання па службе.

На ахову межаў марнаваліся астранамічныя сумы. Кантынгент памежнікаў колькасцю каля чвэрці мільёна быў размешчаны па ўсёй даўжыні мяжы СССР на сушы і на моры. Батумі ахоўваўся асабліва старанна — бо адсюль рукой падаць да Турцыі, патэнцыйна варожай краіны і саюзніка ЗША. Мяккі на працягу амаль усяго года клімат рабіў спробу ўцёкаў па сушы ці па моры надзвычай прывабнай. У рэальнасці ж кінуць выклік гэтай сістэме фізічных і псіхалагічных пагроз (уключаючы шматлікія прапагандысцкія фільмы і кнігі, з якімі вырастаў кожны савецкі чалавек) не было простай задачай. Над усім гэтым я ўвесь час разважаў, надаючы практычна ўвесь свой час трэніроўкам, а ў перапынках паміж спартовымі зборамі і спаборніцтвамі працуючы на заводзе», — напіша пазней Пётр Патрушаў у сваёй кнізе «Асуджаны да расстрэлу».

Аднім чэрвеньскім днём ён паплыў у бок Турцыі. 20-гадоваму хлопцу трэба было праплыць каля 35 кіламетраў у адніх плаўках і ластах, пад наглядам пошукавых пражэктараў, патрульных кацераў, верталётаў памежнікаў.

«Уключыўся першы пражэктар. Ён сцебануў мора, як шчупальцы гіганцкага васьмінога. Я глыбока нырнуў, адчуваючы, як расце ціск у вушах. Усе мае трэніроўкі, выпрабаванні на пляжы быццам бы выпарыліся. Цяпер я застаўся з небяспекай сам-насам, без усялякай падстрахоўкі», — узгадваў Пётр.

«На платформах пражэктараў стаялі маладыя салдаты з неспатоленым інстынктам паляўнічых і рыбакоў. Ганарыстыя, яны вылавілі б мяне, калі б я выгінаўся, як злоўленая рыба, і даставілі на заставу. Там мяне дэманстравалі б як ваенны трафей, а маладых салдатаў узнагародзілі б, далі медалі за мужнасць, бо злавілі небяспечнага ўцекача, хутчэй за ўсё, шпіёна».

Абяссілены, ён усё ж даплыў да Турцыі і не мог паверыць свайму шчасцю… Але наперадзе было не менш цяжкае выпрабаванне, на якое малады мужчына зусім не разлічваў — паўтары гады ў турэцкай турме.

Урэшце апынуўшыся на волі, Пётр Патрушаў паехаў у Аўстралію, атрымаў там вышэйшую адукацыю, а потым і грамадзянства.

Пётр Патрушаў з дачкой у Аўстраліі, 1967

Пётр Патрушаў з дачкой у Аўстраліі, 1967

Патрушаў атрымліваў асалоду ад свабоды перасоўвання ўсё сваё жыццё, за якое аб’ехаў ці не ўвесь свет. А на радзіме ён быў завочна асуджаны да расстрэлу.

Пётр Патрушаў і Андрэй Сахараў

Пётр Патрушаў і Андрэй Сахараў

Працаваў Пётр Патрушаў перакладчыкам-сінхраністам на тэлеканалах ABC і SBS і на шматлікіх міжнародных кангрэсах і сімпозіумах. Ён нават пераводзіў сустрэчу прэм'ер-міністра Аўстраліі Кевіна Радда з Міхаілам Гарбачовым. Дарэчы, пасля развала ненавіснага Савецкага Саюзу і адмены расстрэльнага прысуду Патрушаў яшчэ наведаў радзіму ажно 9 разоў.

Ліліяна Гасінская. «Дзяўчына ў чырвоным бікіні»

Адэсітка Ліліяна Гасінская таксама абавязаная сваёй свабодай аўстралійскай зямлі. Яна нарадзілася ў 1960-м і марыла ўцячы з краіны, «дзе так вольна дыхае чалавек», з 14 гадоў. Менавіта з гэтай мэтай маладая жанчына паступіла у Адэскае ПТВ марскога турыстычнага сэрвісу на спецыяльнасць «афіцыянт суднавы».

Ліліяна Гасінская

Ліліяна Гасінская

Савецкі круізны лайнер разам з усім экіпажам быў зданы ў арэнду брытанскай турфірме — на ім падарожнічалі заходнія пасажыры, судна заходзіла ў парты Аўстраліі і Новай Зеландыі. Безумоўна, усе савецкія людзі на борце перад плаваннем праходзілі дбайную праверку ў КДБ. Асоба 18-гадовай Ліліяны Гасінскай не выклікала аніякіх падазрэнняў.

Аднак ужо на борце яе —  ці то за канфлікты з кіраўніцтвам, ці то за нібыта флірт з замежнымі пасажырамі — яе пазбавілі права сыходзіць на бераг у партах і нават павінны былі адправіць на спадарожным судне назад у СССР.

gasinskaya.jpg

Падчас стаянкі цеплахода ў порце Сіднэя Ліліяна Гасінская ў адным чырвоным бікіні пралезла праз ілюмінатар, скокнула ў ваду і 40 хвілінаў плыла да аўстралійскага берага.

Супрацоўнікі савецкага консульства амаль знайшлі яе, але рэпарцёры з газеты «Дэйлі Мірор» знайшлі яе першымі і схавалі, атрымаўшы ў абмен эксклюзіўныя інтэрв'ю і фота ў бікіні.

Ліліана Гасінская

Ліліана Гасінская

«Я заб'ю сябе, калі мяне паспрабуюць адправіць дадому!» — рашуча заявіла Ліліяна падчас прэс-канферэнцыі ў Сіднэі. Яна скарыла Аўстралію сваёй адвагай і прыгажосцю, і ў выніку, нягледзячы на высілкі савецкага пасольства, атрымала статус уцекача.

Ліліяна Гасінская

Ліліяна Гасінская

У Аўстраліі Ліліяна Гасінская здымалася для модных часопісаў, а таксама ў мясцовых тэлесерыялах. Яна пражыла там 20 гадоў, а пасля з’ехала ў Лондан, дзе жыве і сёння. Ліліяне Гасінскай 62 гады. Смелы ўчынак у 1979 годзе падараваў ёй шчаслівае, яркае жыццё.