«Казацкая рэспубліка» ў Беларусі: неаб’яўленае паўстанне беларускага гетмана
Трынаццацігадовая вайна 1654-1667 гадоў была адным з найвялікшых выпрабаванняў у гісторыі Беларусі. Яна прынесла незлічоныя беды нашаму народу. Але акрамя катаў і рабаўнікоў, вайна нараджае яшчэ і постаці мужных ваяроў, адважных герояў і яскравых авантурыстаў.
Усе гэтыя, здавалася б, абсалютна розныя рысы спалучыліся ў асобе Івана Нячая. Асобе няпростай, неадназначнай, але з-за гэтага не менш цікавай і прыцягальнай.
Паказальны шляхціц
Іван Нячай нарадзіўся ў Мсціслаўскім ваяводстве ў сям’і беларускага праваслаўнага шляхціца. Напярэдадні паўстання Багдана Хмяльніцкага сям'я Нячаяў пераехала ў Кіеўскую вобласць. Тут ён і яго брат Даніла хутка здабылі павагу і аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў, зблізіліся з казацкімі старшынамі.
З пачаткам паўстання браты Нячаяў паспяхова змагалася ў складзе казацкага войску, дзе хутка былі заўважаны вышэйшым кіраўніцтвам запарожцаў. У пачатку 1649 года Багдан Хмяльніцкі надаў старэйшаму брату Данілу званне брацлаўскага палкоўніка. Некаторы час Іван ваяваў пад началам брата, а ў 1650 годзе быў прызначаны гетманам у Бахчысараі на пасаду казацкага рэзідэнта пры двары хана Іслам-Гірэя. У тым жа годзе Іван ажаніўся з сярэдняй дачкой Багдана Хмяльніцкага Сцепанідай, такім чынам стаўшы блізкім сваяком кіраўніка казацкай дзяржавы.
Пасля рашэнняў Пераяслаўскай рады 1654 года і ўступлення на ханскі прастол Махмед-Гірэя адносіны з Крымам значна пагоршыліся, і ў сярэдзіне года Іван вярнуўся ва Украіну.
Але знаходжанне там было нядоўгім. Ужо ў канцы 1654 — пачатку 1655 года Іван Нячай выехаў у Беларусь для ўдзелу ў паходзе Івана Залатарэнкі на Вялікае княства Літоўскае. Вядома, што па загадзе маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча каля 20 тысяч казакоў удзельнічалі ў Трынаццацігадовай вайне супраць Рэчы Паспалітай.
Іван Нячай увайшоў у блізкае кола Залатарэнкі. Як вайсковец Войска Запарожскага ён прымаў ўдзел у баявых дзеяннях, акрамя таго, выконваў палітычна-дыпламатычныя даручэнні Северскага гетмана. Пасля таго, як апошні неўзабаве памёр ад ран, атрыманых 7 кастрычніка 1655 года пры аблозе Старога Быхава, Іван Нячай, верагодна, як палкоўнік, стаў правадыром казацкіх войскаў на Беларусі.
Беларускі палкоўнік
Атрымаўшы ўладу, Нячай хутка зрабіўся ворагам Масквы. Ён абвясціў сябе «беларускім гетманам» і пачаў барацьбу з маскавітамі. Да Нячая масава сталі далучацца беларускія сяляне, якім надакучылі марадзёрства і паборы з боку пражорлівай маскоўскай арміі. Царскія ваяводы ў той час паведамлялі ў цэнтр, што «па загадзе палкоўніка Івана Нячая» крычаўскія і чавускія казакі нападалі на маёнткі шляхты, што прысягнула маскоўскаму цару, білі іх, рабавалі, учынялі «разрухі ўсялякія». Смаленскі ваявода далажыў у Маскву, што казацкі палкоўнік адмовіўся вывесці казакоў з Мсціслаўскага, Горскага, Дубровенскага і шэрагу іншых паветаў. Магілёўскі ваявода, у сваю чаргу, паведамляў, што Нячай выбіў усе маскоўскія войскі з тэрыторыі Магілёўскага павета, размясціўшы там замест іх сваіх казакоў, а мясцоваму насельніцтву загадаў не падпарадкоўвацца ніякім загадам і распараджэнням царскай адміністрацыі.
Гэта выклікала вялікае раздражэнне ў Маскве. У першай палове сакавіка ўрад Аляксея Міхайлавіча накіраваў у горад Чыгірын, дзе тады знаходзілася стаўка Багдана Хмяльніцкага, пасольства Абрама Лапухіна, які падчас перамоваў з гетманам перадаў патрабаванне цара вывесці казачыя войскі з Паўднёвай Беларусі. Яшчэ адным патрабаванням было: «тому полковнику Ивану Нечаю за такое его многое воровство учинить наказанье жестокое, чтоб на то смотря иним не повадно било такое самовольство чинить».
Хмяльніцкі паабяцаў папярэдзіць беларускага палкоўніка, каб той не рабіў шкоды маскоўскім войскам і гвалту над шляхтай, якая здалася ў рукі царызму, але пры гэтым патрабаваў ад маскоўскага боку гарантый бяспекі той беларускай шляхце, якая жыла на землях, занятых атрадамі Нячая. Аднак царскі ўрад на гэты раз не збіраўся абмяжоўвацца толькі дыпламатычнымі сродкамі. Скарыстаўшыся абвастрэннем унутрыпалітычнага становішча Войска Запарожскага, выкліканым цяжкай хваробай Багдана Хмяльніцкага і блізкасцю перспектывы барацьбы за гетманскую булаву, а таксама складаным становішчам на поўдні, дзе агрэсіўна пачало сябе паводзіць Крымскае ханства, Масква ў чэрвені 1657 года пачала ваенныя дзеянні, накіраваныя на выцясненне казацкіх войскаў з Беларусі. Адначасова ўрад Аляксея Міхайлавіча прызначыў ваяводам у Барысаў энергічнага і ўплывовага царскага чыноўніка Васіля Барысавіча Шарамецьева.
Апошні, прыбыўшы на месца службы, адразу накіраваў да Нячая ганца з патрабаваннем неадкладна вывесці казацкія гарнізоны з тэрыторыі Беларусі. І калі той адмовіўся выканаць ультыматум, Шарамецьеў высунуў апошні аргумент — артылерыю. У выніку ўзброеных сутыкненняў летам 1657 года царскім войскам удалося выціснуць паўстанцаў з шэрагу гарадоў. Але беларускі палкоўнік не збіраўся так проста здавацца. Тады супраць яго царскі ўрад накіраваў моцны экспедыцыйны корпус на чале з ваяводам Рыгорам Казлоўскім, якому падпарадкоўваліся людзі магілёўскага і смаленскага ваяводаў, а таксама дваранскае апалчэнне Смаленска і Віцебска. Перад ім была пастаўлена задача разам з іншымі царскімі ваяводамі нанесці камбінаваны ўдар па нячаяўскім войскам і выгнаць апошняга з Паўднёвай Беларусі. Колькі ўвагі надавала маскоўская ўлада падрыхтоўцы паходу Казлоўскага, відаць з таго, што інструкцыю для ваяводы перад паходам рабілі ў прыказе таемных спраў пад асабістым кантролем цара.
Нягледзячы на сваю антымаскоўскую «партызанку», увесь гэты час Нячай фармальна ваяваў на баку Масквы супраць Рэчы Паспалітай. Але месца для манёўру больш не засталося. Таму ў верасні 1658 года Нячай падтрымаў Гадзячскі дагавор гетмана Івана Выгоўскага і афіцыйна перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. У выніку, ён атрымаў амністыю ад караля Яна-Казіміра і быў пажалаваны бабруйскім стараўствам. Восенню 1658 года Нячай яшчэ раз прадэманстраваў свой ваенна-палітычны талент. Спачатку ён пераканаў жыхароў Крычава і роднага для сябе Мсціслаўля падтрымаць паўстанне. Гараджане вынішчылі маскоўскія гарнізоны і далучыліся да казакоў. Пасля, у бітве пад Чавусамі ў кастрычніку 1658 года 14-тысячнае войска Нячая здабыло перамогу над войскам Казлоўскага, на якога ў Маскве ўскладалі так шмат надзеяў.
Да канца 1658 года войскі Нячая кантралявалі амаль усю усходнюю частку Вялікага княства Літоўскага. Царскае камандаванне для барацьбы з Нячаем вымушана было дадаткова сфарміраваць асобную армію пад камандаваннем князя Лабанава-Растоўскага. Апошні ў сакавіку 1659 года распачаў наступ на мяцежныя гарады. На дапамогу іх абаронцам рушыў Нячай са сваімі атрадамі. Па словах царскіх ваявод, у распараджэнні Нячая было да 6 тысяч казакоў. У красавіку 1659 года казацкія войскі пацярпелі паражэнне ў генеральнай бітве пад Мсціслаўлям і вымушаны былі адступіць у Стары Быхаў.
У кастрычніку 1659-га лёс «казацкай рэспублікі» на Беларусі быў вырашаны адназначна на карысць Масквы. Новы гетман Запарожскага войска, сын Багдана Хмяльніцкага Юрый абяцаў царскім паслам вывесці ўсе вайсковыя злучэнні казакоў з тэрыторыі Беларусі. Асобным пунктам пагаднення падкрэслівалася неабходнасць неадкладнага вываду казацкіх войскаў са Старога Быхава. На перамовах малады гетман паабяцаў царскаму паслу Трубяцкому накіраваць да Нячая загад «каб той горад Быхаў для гасудара вялікага ачысціў», але пры гэтым патрабуючы ад маскоўскага боку гарантый недатыкальнасці для беларускага палкоўніка.
Верагодна, што такі ліст неўзабаве быў адпраўлены ў Стары Быхаў. Хутчэй за ўсё, у ім меліся пэўныя гарантыі асабістай бяспекі Нячая. Аднак вядома, што гэта не прымусіла валявога палкоўніка скарыцца і капітуляваць. Як гаварылася ў лісце Аляксея Міхайлавіча ад 31 жніўня 1660 года, Нячай «пагарджаў царскімі граматамі і воінам... учыніў усялякую невыносную злосць».
З Іванам Нячаям і яго вольніцай канчаткова была вырашана пакончыць. Лабанаў-Растоўскі аблажыў Стары Быхаў з усіх бакоў. Абарона гарадской крэпасці працягвалася да ночы 8 снежня 1659 года. Гарнізон мужна трымаўся, але царскім войскам удалося зламаць супраціўленне абаронцаў горада і ўзяць яго штурмам. Пасля захопу Старога Быхава Іван Нячай разам з братам Юрыем трапілі ў палон.
Каралеўскі пасол
Так скончылася гісторыя беларускага палкоўніка, выдатнага палітычнага дзеяча, геніяльнага ваеннаначальніка і ўпартага авантурыста ў адной асобе. Але лёс любіць упартых, таму яшчэ раз усміхнецца свабодалюбіваму казаку. Спачатку яго з братам адправілі пад вартай у Маскву, а ў другой палове лютага 1660 года яны былі ўжо ў ссылцы ў Табольску. 22 лютага табольскі ваявода Хілкоў даваў справаздачу ў Маскву, што братоў Нячаяў змясцілі «в особой ізбе», і «велели у них быть по пяти человекам караульшикам, тобольским служивым людям, да по атаману казачью днем й ночью; да у них же велели быть й их надсматривать по вся дни тем же прежним приставом, тобольским детем боярским, Данилу Аршинскому да Федору Черницьшу, й велели их в тюрьме держать с великим береженьем…» Суворы рэжым утрымання Нячаяў дапаўняўся забаронай на любыя кантакты з іншымі зняволенымі, а таксама тым, што «чернил й бумаг им не велели никоторыми делы…»
Аднак на пачатку 1669 года імя Івана Нячая зноў з’явілася на паверхні. Ёсць паведамленне, што, прыехаўшы ў Чыгірын, царскі пасол Бабровіч сустрэў там «короны Полскіе шляхта Нечай с товаришем». Верагодна, што былы беларускі палкоўнік быў вызвалены з Табольскай турмы пасля падпісання Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай Андрусаўскага перамір’я 1667 года падчас абмену ваеннапалоннымі. Гледзячы па ўсім, ведаючы яго дыпламатычнае мінулае ў маладосці і добрае да яго стаўлянне сярод казакоў, каралеўскі ўрад адправіў яго паслом да гетмана Правабярэжнай Украіны Пятра Дарашэнкі.
Хутчэй за ўсё, рэшту свайго жыцця гэты неардынарны чалавек правёў, валодючы невялічкім загальскім стараўствам у Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства. На той самай беларускай зямлі, за волю якой ён столькі гадоў змагаўся.