Лёс Антона Шкялёнка

5 снежня 2008 года на старонках «Новага часу» быў апублікаваны мой артыкул пра Міколу Шкялёнка — беларускага палітыка, гісторыка, журналіста, педагога, якога ў сярэдзіне 1940-х гадоў высачылі і знішчылі савецкія органы бяспекі. За гэты час знойдзены новыя звесткі пра слыннага беларуса і яго сваякоў. Сёння хачу расказаць пра лёс яго роднага дзядзькі Антона Шкялёнка.



shkialionak_anton.jpg

Антон Шкялёнак, пачатак ХХ стагоддзя

Вайсковая кар’ера

У бацькі Міколы Шкялёнка, Восіпа, было два браты — Мікалай і Антон. Антон нарадзіўся ў вёсцы Пякоціна Міёрскага раёна ў 1889 годзе.

Ён скончыў Дзісенскае гарадское вучылішча, Віленскае пяхотнае вучылішча і два класы Мікалаеўскай ваеннай акадэміі. А пазней — Акадэмію Генеральнага штаба ў Санкт-Пецярбурзе.

З пачаткам Першай сусветнай вайны Антона Шкялёнка ўзялі на фронт. Ён служыў перакладчыкам у штабе армій Паўднёва-Заходняга фронту. У канцы 1915 года штабс-капітан Антон Шкялёнак быў пераведзены ў Генеральны штаб і прызначаны памочнікам старшага ад’ютанта аператыўнага аддзялення генерал-кватэрмайстра восьмай арміі. Праз два гады ў званні капітана служыў памочнікам начальніка першага аддзялення ўпраўлення генерал-кватэрмайстра ў штабе Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

У 1919 годзе палкоўнік Шкялёнак ужо камандаваў пятай пяхотнай дывізіяй. А праз год яго прызначылі на пасаду начальніка аператыўнага аддзялення пры генерал-кватэрмайстры штаба галоўнакамандуючага палкоўніка Канавалава…

Так па вайсковай лесвіцы рухаўся ўверх беларус Антон Шкялёнак. Ён уступіў у Добраахвотніцкую армію генерала Дзянікіна, дзе стаў начальнікам штаба пятай дывізіі. І завяршыў службу ў Рускай арміі генерала Урангеля.

Пасля эвакуацыі арміі з Крыма ў Канстанцінопаль, ён адзін з першых выехаў (дарэчы, у якасці студэнта) у Прагу, дзе атрымаў стыпендыю ад урада Чэхаславацкай Рэспублікі. Там скончыў чэшскае Вышэйшае тэхнічнае вучылішча (здаў экзамены за два гады экспромтам) і застаўся ў вучылішчы працаваць асістэнтам па матэматыцы.

Аднойчы ў 1925 годзе генерал Чэхаславацкай арміі Клецанда, які добра ведаў Шкялёнка па штабу Паўднёва-Заходняга фронту, дзе ён таксама працаваў перакладчыкам штаба, прапанаваў беларусу паступіць у Генеральны штаб Чэхаславацкай арміі. Але Антон Шкялёнак шчыра адмовіўся ад прапановы і паступіў на службу ў Ваенна-Геаграфічны інстытут, дзе і працаваў, атрымаўшы чэхаславацкае грамадзянства.

kacjarina_ra_sa_shkjaljonk_.jpg

Кацярына і Раіса Шкялёнкі — жонка і дачка Антона Шкялёнка, пачатак ХХ стагоддзя

Перад Другой сусветнай вайной эмігранты-белагвардзейцы прысвоілі Антону Шкялёнку званне генерала. На Бацькаўшчыну з эміграцыі ніколі ён не прыязджаў, але прыязджалі яго жонка Кацярына і дачка Раіса. Антон ажаніўся з казачкай Кацярынай Быкавай, якая нарадзіла яму дачку Раісу. Магчыма, у 1920-х — пачатку 1940-х гадоў Антон Шкялёнак сустракаўся са сваім пляменнікам Міколам Шкялёнкам у Чэхаславакіі і ў Польшчы, дапамагаў яму фінансамі асабіста і выдаткоўваў грошы на беларускую справу. Мікола шчыра сябраваў з дзядзькам, перапісваўся з ім. На адным з фотаздымкаў напісана: «На памяць дарагому пляменніку Колю ад родных: дзядзькі Антона Максімавіча, цёткі Кацярыны Пракопаўны і сястрычкі Раісы Антонаўны Шкялёнак. 2 лютага 1925 года, Прага».

Арышт

Калі ў Прагу ўвайшлі савецкія войскі, Антон Шкялёнак адным з першых чэхаславацкіх грамадзян стаў ахвярай камуністычнага рэжыму на тэрыторыі Чэхаславакіі. У маі 1945 года ён, як белаэмігрант, быў арыштаваны СМЕРШам і вывезены ў Савецкі Саюз. Незадоўга да арышту, знаёмы чэшскі ляснік прапаноўваў схаваць Шкялёнка альбо пераправіць на тэрыторыю, вызваленую амерыканцамі. Але Антон адмовіўся. «На маім сумленні няма ніводнага злачынства — ні перад Богам, ні перад Радзімай», — сказаў ён знаёмаму лесніку.

У Савецкім Саюзе Антона Шкялёнка хутка судзілі, а пасля суда адправілі ў Сібір. Па дарозе ў няволю ён сам сабе задаваў пытанне: за што? І дзесьці ў 1947 годзе не вытрымаў катаванняў і этапаў. Падчас аднаго з іх наш зямляк кінуўся з цягніка ў раку і загінуў.

5 чэрвеня 2002 года Антон Шкялёнак быў пасмяротна ўзнагароджаны Ганаровым крыжам міністра абароны Чэшскай Рэспублікі. Крыж быў уручаны яго дачцэ Раісе Наватнай-Шкялянко (так яна падпісвалася ў апошні час). Копія дыплома была выстаўлена ў музейнай экспазіцыі «З Прагі ў ГУЛАГ» у Празе. А 3 ліпеня 2002 года Сенат Чэшскай Рэспублікі пасмяротна ўзнагародзіў яго медалём «За гераізм». Але дачка гэтай узнагароды не дачакалася — яна памерла ва ўзросце 83 гадоў і пахавана на Альшанскіх могілках у Празе. Сімвалічная магіла Антона Шкялёнка таксама знаходзіцца на Альшанскіх могілках.

Дачка і ўнук

Дачка Антона Шкялёнка Раіса была замужам за Ольдржыхам Наватным —вядомым чэшскім інтэлектуалам, які ўсё жыццё працаваў выкладчыкам літаратуры і моваў. Сама Раіса працавала перакладчыцай. Перакладала на чэшскую мову творы рускіх пісьменнікаў.

uladz_m_r_navatni.jpg

Уладзімір Наватны, сучасны здымак

Іх сын Уладзімір Наватны — знакаміты чэшскі літаратурны крытык, літаратуразнавец і перакладчык. Аўтар шматлікіх кніг па творчасці рускіх і чэшскіх пісьменнікаў. У яго жылах цячэ беларуская, руская і польская кроў. Нядаўна ў Чэхіі я адшукаў Уладзіміра Наватнага, і нават ад яго атрымаў першы ліст. Вось што ён напісаў (цытую ў перакладзе на беларускую мову): «Паважаны спадар Чыгрын! Пішу Вам ліст на рускай мове, беларускай мовы, на самы вялікі жаль, я добра не ведаю. Ваш ліст мяне вельмі зацікавіў. Пра сваякоў майго дзеда Антона Шкялёнка я амаль нічога не ведаў і не ведаю. Пасля паразы Белай арміі дзед жыў у Празе, стаў палкоўнікам чэшскай арміі. У траўні 1945 года яго забраў НКУС, хаця ён быў грамадзянінам Чэхаславакіі. Некаторы час быў у ваенным канцлагеры ў Raciborzi ў Польшчы, потым яго след прапаў. Некаторыя зэкі, якія вярнуліся ў Чэхію, казалі, што ён пакончыў з сабой у канцлагеры на Каме, але гэта не даказана. Пасля 1989 года мы стараліся нешта даведацца, але ў маскоўскіх архівах нам нічога не сказалі, альбо там нічога не збераглося. Я не ведаю.

Мая бабуля, жонка Антона Шкялёнка, памерла ў 1975 годзе. У іх была толькі адна дачка, мая мама Раіса Антонаўна (1919–2002), перакладчыца з рускай мовы і выкладчыца. Педагогам, паэтам і перакладчыкам быў і яе муж, мой бацька Ольдржых Наватны (1913–1993). Я нарадзіўся ў 1946 годзе ў Празе, але свайго дзеда ніколі не бачыў. Мама выйшла замуж да прыходу савецкіх войск. Я працаваў галоўным чынам рэдактарам у часопісах і ў выдавецтвах. Пасля 1989 года — навуковым супрацоўнікам у Акадэміі навук. Цяпер я жыву за Прагай і выкладаю чэшскую літаратуру і крытыку, галоўным чынам ва ўніверсітэце Пардубіцэ ва ўсходняй Чэхіі. Са мной — гара кніг. Сын мой скончыў тэатральны факультэт, жыве тэатрам.

Некаторыя сямейныя матэрыялы зберагліся ў майго брата Яраслава Наватнага, юрыста па адукацыі. Праўда, і ў мяне ёсць сёе-тое…

Мой mail і хатні адрас цяпер вам вядомыя. Пішыце, што вас цікавіць і чым вам магу дапамагчы, будзем разам шукаць звесткі пра Шкялёнкаў. З павагай — Уладзімір Наватны, Чэхія».

Вось такі ліст я атрымаў ад унука Антона Шкялёнка. Хачу яшчэ дадаць, што жонка Антона — Кацярына Пракопаўна Шкялёнак (Быкава) у гады Першай сусветнай вайны спявала ў кіеўскай оперы. А калі жыла ў Чэхіі, то там арганізавала рускі хор, і нават паспяхова гастралявала з ім па Чэхаславакіі. На ўсе рукі майстрам быў і яе бацька Пракоп Быкаў. Яшчэ сёння ў Хабараўскім краязнаўчым музеі можна ўбачыць пудзілы птушак і звяроў, якія былі зроблены яго рукамі.

Вось такі лёс Антона Шкялёнка — роднага дзядзькі нашага славутага гісторыка і палітыка Міколы Шкялёнка. Пошукі інфармацыі пра Шкялёнкаў працягваюцца.