Януш Паруліс — чалавек і музей

У самым цэнтры Гродна, на ціхай вулічцы Лермантава (колішняй Базыльянскай), у доме пад нумарам 25 размясціўся незвычайны музей. Самы цікавы «экспанат» — арганізатар музея Януш Паруліс.



215.jpg

У самым цэнтры Гродна, на ціхай вулічцы Лермантава (колішняй Базыльянскай), у доме пад нумарам 25 размясціўся незвычайны музей. Сціпла названы музеем побыту, праўда, з тлумачэннем: гісторыя Гродна. Бо гэта музей і літаратурны, і мастацкі, і спорту, і музей-аптэка, і шмат чаго яшчэ.

Здзіўляе велізарная колькасць экспанатаў. Яны паўсюль: застаўленая падлога, пакінуты толькі нешырокія пляцоўкі, сцены ўвешаныя ад падлогі да столі. А яшчэ ж двор, прыбудоўкі, у перспектыве — драўляная хатка.

 Але самы цікавы «экспанат» — арганізатар музея Януш Паруліс. Мастак, музыка, марак, вандроўнік, антысаветчык… Чалавек незвычайнага лёсу. З кагорты тых знакамітых гарадзенскіх стылягаў канца 1950-х гадоў, што нарабілі такі вэрхал у нашым ціхім абласным горадзе. Ён і сёння, у сваім паважаным веку, выглядае вельмі стыльна. Слухаць яго — задавальненне.

Здагадайцеся, дзе быў Януш Паруліс у лістападзе 1989 года? Аказваецца, у Берліне. Неістотна, што апынуўся там выпадкова. Бо нічога выпадковага не бывае. Аж два тыдні дзёўб берлінскую сцяну. Дадае: «І рабіў гэта з асалодай!» І вельмі няблага зарабіў на гэтым: купіў «мерседэс». Дадае: «Не толькі «мерседэс», але яшчэ шмат якіх рэчаў». Аповед пра тыя падзеі авантурна-прыгодніцкага зместу. Як і многія з ягоных аповедаў. Але разам з тым пан Януш заставаўся чалавекам прагматычным, умеў сваю выгаду не прамінуць. Дзяўбсці мур было цяжка: пухлі рукі, крывавілі мазалі. Тады ён зрабіў амаль тое ж, што і знакаміты герой Марка Твэна: купіў малаток, зубіла і за пэўную плату здаваў гэтыя сродкі працы ў кароткатэрміновую арэнду прагным да экспанатаў турыстам з Амерыкі, Англіі, Францыі: «Бяры і дзяўбі сам». Пасля яшчэ і фотаапарат купіў, каб фатаграфаваць турыстаў каля сцяны, таксама за плату. Таму не дзіўна, што між незлічоных экспанатаў музея — аскепкі таго муру розных памераў.

А хіба нецікава паглядзецца ў люстэрка незвычайнае красы, бо з палацу. Вісіць на сцяне ў выштукаванай пазалочанай рамцы. Гэта мой самы ўлюбёны экспанат. Госці з Санкт-Пецярбурга надумалі пахваліцца: у нас у Эрмітажы такіх поўна! У адказ пачулі: «Не дзіва, што поўна. Вы ж усё наша вывезлі. А ў нас было 118 палацаў. І ў кожным не адно такое. І не толькі гэта. Ці не час вяртаць?..» Сціпла прамаўчым, адкуль такое шыкоўнае люстэрка ў прыватным музеі. А побач яшчэ адно, у чорнай рамцы. Не менш прыгожае. З хаты дзядулі…

На пытанне, які экспанат самы дарагі для гаспадара, паказвае на сямейную экспазіцыю, дзе партрэты, асабістыя рэчы продкаў. Таксама аж да столі. І яшчэ ложак, на якім спаў маленькім пры матулі. Ложку таму больш за сто гадоў. І тая ж самая аксамітная капа-доўгажыхарка.

Не вельмі ўглядайцеся ў партрэт Элізы Ажэшкі ў цэнтры: ён не зусім удалы. Прыглядзіцеся да здымкаў, што вакол яго ў сціплых рамках. Так, гэта сама Вялікая Пані Гародні, так, гэта пісьменніца, прыгажуня Зоф’я Налкоўская, якая пяць гадоў жыла ў нашым горадзе. Здымкі — арыгіналы. З тых часоў! У якіх музеях яшчэ ёсць? Яны віселі на сценах у доме дзядулі пана Януша, гарадзенскага пажарніка Францішка Райко. А побач стаіць кансолька — невялікі столік, хутчэй падстаўка для далікатных рэчаў. На вядомым здымку салоніка, што ў доме Элізы Ажэшкі, дакладна такая ж.

Ды і сам дом № 25 — знакаміты. Тут жыў Станіслаў Жыўна, заснавальнік музея прыроды ў Гародні, экспанаты якога і сёння радуюць наведвальнікаў.

У 1949–1950 гадах гэты дом стаў адным з прытулкаў для нашага вядомага пісьменніка-змагара з усялякаю няпраўдаю Аляксея Карпюка. Цяпер тут жывуць ягоныя кнігі. І тыя, даўнія, з ягоных часоў, і новая, апошняя «Развітанне з ілюзіямі».

Прывяла сюды студэнтаў — сапраўдных, адукаваных і цікаўных да ведаў. Такія заўсёды ёсць на беларускім аддзяленні (праўда, з кожным годам іх усё меней). Затрымаліся надоўга, і ніхто з іх не заікнуўся нават, што час развітвацца.

dfghkl.jpg

Ад рэдактара:

Гэтыя нататкі Алы Петрушкевіч настолькі прасякнуты беларускасцю, што не ўзнікае сумнення — тая ж  атмасфера пануе і ў музеі. Але чаму ж шыльда толькі па-руску? Спадар Януш, па-беларуску будзе — Музей побыту.