Гродна запросіць у падарожжа па творчых падзеях года ў фінале акцыі «Культурная сталіца»
Гродна прапануе зрабіць падарожжа па галоўных творчых падзеях года ў фінале акцыі «Культурная сталіца», паведаміў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Віталь Мамачкін.
Гродна 12 снежня перадасць эстафету акцыі «Культурная сталіца Беларусі 2014″ наступнаму гораду-ўладальніку звання — Брэсту. Урачыстае фінальнае мерапрыемства адбудзецца ў абласным драматычным тэатры.
Канцэпцыя цырымоніі прадугледжвае падарожжа ў часе да найбольш значных з культурнага пункту гледжання мерапрыемстваў адыходзячага года. Госці ўбачаць фрагменты фестываляў і народных свят, гучных канцэртаў і нацыянальных гулянняў, успомняць аб творчых пленэрах і выстаўках. Чакаецца, што ў гэтым «падарожжы» будзе шмат тэатралізацыі і спецэфектаў, запланавана таксама светавое шоу. Пры гэтым, па задуме рэжысёраў, успомніць самыя яркія моманты культурнага года можна будзе яшчэ на шляху да галоўнай сцэны драматычнага тэатра, у гэтым дапамогуць артысты, музыканты, фокуснікі і інш. Цырымонію дапоўняць выступленні вядомых гродзенскіх і беларускіх выканаўцаў.
Як паведаміў субяседнік, на мерапрыемства запрошана кіраўніцтва Брэста, якому мэр Гродна Мечыслаў Гой перадасць сімвал акцыі. Таксама запрошаны кіраўнікі абласцей Беларусі і гарадоў-пабрацімаў Гродна.
У дзень завяршэння акцыі ў культурнай сталіцы бягучага года з’явіцца новы пабрацім з Расіі — ва ўрачыстай абстаноўцы будзе падпісаны адпаведны дагавор з мэрам горада Тамбоў.
На памяць аб ганаровым званні ў Гродне застанецца скульптурны аб’ект, які створаны вядомым гродзенскім майстрам Уладзімірам Панцялеевым у рамках пленэру разьбяроў па камені. Каменны медаль з надпісам «Культурная сталіца Беларусі 2014 года — Гродна» з сімволікай горада над Нёманам пазней будзе ўстаноўлены ў цэнтры горада каля будынка былога нацыянальнага архіва.
Усяго ў ходзе акцыі «Культурная сталіца Беларусі 2014″ адбылося больш як 300 мерапрыемстваў. Канцэрты, пастаноўкі, выстаўкі і іншыя мерапрыемствы таксама прадоўжацца ў снежні і ў пачатку наступнага года.