Напалеон, поўдзень Імперыі і канец эпохі рыцарства
Банапарт, як і любы персанаж масавай культуры, даўно перарос рэальнага чалавека, які стаўся ягоным прататыпам. Падзеі 1812 года пераўтварыліся ў мінулае, мінулае ў гісторыю, гісторыя — у міф. Што значылі Напалеонаўскія войны для Еўропы, Расіі і нашых земляў, якія яшчэ зусім нядаўна жылі пад знакам Арла і Пагоні?
Сёння мы маем вельмі стэрэатыпнае бачанне
падзеяў мяжы XVIII і ХІХ стст. на нашых землях. З аднаго боку, падзелы Рэчы
Паспалітай як адназначнае зло, змову, у якой галоўным зацікаўленым бокам была
Расія. З іншага, Вайна 1812 году ў нашым грамадстве дагэтуль успрымаецца як «айчынная». Гераічны прапагандысцкі міф, датычны 1812 году, створаны за часамі
Мікалая І, паспяхова дажыў да нашых дзён нават за межамі ўласна Расіі.
Над міфам сапраўды добра папрацавалі: як гісторыкі, уключна са сталінскай плеядай, так і літаратары. Сфармаваны ў 1830-40-х міф паспяхова перажыў саму імперыю, бо апынуўся запатрабаваным нават у 1941-м, калі выгодна было праводзіць паралелі між Напалеонам і Гітлерам, маўляў, сышоў першы, сыйдзе і другі, галоўнае, завабіць як мага глыбей і дачакацца зімы. Нават эстэтычна пачатак ХІХ ст. вымалёўваўся як «ідэальны час» Расіі, «поўдзень Імперыі», а момант уваходу казакоў у Парыж у 1814 г. — як найбольшае вайсковае дасягненне ажно да моманту штурма Берліна ў 1945-м.
Архітэктарам «поўдня Імперыі» можна лічыць Аляксандра І, чалавека, які заклаў ідэалагічную аснову для існавання Расіі на шмат дзесяцігоддзяў наперад. Нагадаем, што парадак сілаў у Еўропе і свеце, які стаў плёнам Венскага кангрэсу пераможцаў Напалеона, пацярпеў канчатковае фіяска толькі праз сорак год — у 1855-м, з пачаткам Крымскай вайны, якая апынулася для Расіі катастрофай.
«Няма больш польскага шляхціча Браніцкага…»
Але вернемся крыху раней, у часы скону Рэчы Паспалітай. Падзелы для нас — гэта спланаваная драпежніцкая аперацыя Расіі. Але Рэч Паспалітая і так стаяла на каленях на працягу ўсяго XVIII ст. і фактычна з’яўлялася расійскім пратэктаратам. Нагадаем, што яшчэ ў 1717 г. РП падпісала з Пятром І дакумант, згодна якому расійскія войскі могуць уваходзіць на тэрыторыю краіны без усялякіх дазволаў з мэтай абароны правоў праваслаўных, адстойвання мясцовых прывілеяў і г.д. Трэнды змяняюцца: сёння ў падобнай дамове ішлося б пра абарону правоў «рускамоўнага насельніцтва»… Сутнасць жа тая самая.
Разам з тым, сама Расія ў Рэчы Паспалітай успрымалася іначай, гэта не быў адназначна «д’ябал з усходу». Прарасійская партыя сярод шляхты і магнатаў у Сойме была наймагутнейшай. Расіі не было патрэбаў дзяліць РП: гэта быў неабходны буфер, слабая дзяржава пад бокам. Тут можна было вырашаць свае фінансавыя і палітычныя пытанні, накопліваць вайсковыя адзінкі і г.д.
Што атрымала Расія з падзелаў? Беларуска-украінска-літоўскія землі. Хоць Кацярына ІІ і казала, маўляў, «не ўзяла ані пядзі польскай зямлі», але і Польшча з-большага ў выніку ўсё ж такі была далучаная да Імперыі. У выніку, Расія атрымала паляка-ворага на вечную перспектыву і пры гэтым неймаверна ўзмацніла Прусію, якая пасля падзелаў павялічылася ў два разы. Па сутнасці, Расія сама зрабіла Прусію еўрапейскай імперыяй, заклаўшы грунт для сумных гісторыяў ХХ ст.
Фармальна ўсё гэта рабілася для інтарэсаў Расіі. У рэальнасці ж не трэба забывацца, што сама Кацярына была… немкай. Так была рэалізаваная канцэпцыя часоў позняга Тэўтонскага ордэну аб падзеле ВКЛ і Кароны паміж Масковіяй, Ордэнам і Габсбургамі, актуальная ў часы Аршанскай бітвы пачатку XVI ст. Атрымліваецца, немка рэалізавала канцэпцыю тэўтонаў, а праблемы ў выніку займела акурат Расія.
Датай скону Рэчы Паспалітай прынята лічыць 1795-ы, год апошняга падзелу і адрачэння Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Але на той момант ад караля ўжо нічога не залежыла, дата — усяго толькі ўмоўнасць. Ёсць яшчэ адна дата — студзень 1797 году, калі паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй была падпісаная дамова, згодна якой Рэч Паспалітая не павінна была паўстаць больш ніколі. Гэта была адкрытая змова аб знішчэнні вялікай незалежнай дзяржавы.
Зазвычай, мы разважаем пра трагедыю падзелаў Рэчы Паспалітай з пункту гледжання нас сённяшніх, заадно дадаючы, што трагедыяй гэта было і для тагачаснай шляхты. Але паказальна, што шмат для каго ўсё гэта было толькі… зменай подданства. Варта ўзгадаць знакавую фразу аднаго з Браніцкіх: «Няма больш польскага шляхціча Браніцкага, ёсць рускі падданы Браніцкі». Нацыянальнасць тады грала значна меншую ролю за падданства, таму багата хто з дваранаў наўпрост пераўтварыўся ў аўстрыйскіх, прускіх ці рускіх падданых, хай сабе і польскага альбо ліцвінскага паходжання.
Зорка Напалеона і мулаты з польскімі прозвішчамі
Прайшло прыкладна паў гады пасля змоўніцкай угоды аб знішчэнні Рэчы Паспалітай на векі вечныя, і летам 1797-га ў Італіі ўпершыню прагучала «Мазурка» Дамброўскага. Так польская нацыя ўпершыню заявіла пра сябе не як пра шляхецкую нацыю падданых караля, але як пра цалкам новую супольнасць, аб’яднаную нацыянальнай салідарнасцю і агульнымі мэтамі.
За год да гэтага, увесну 1796 года маладога генерала Напалеона пасылаюць у Італію для змагання з аўстрыйцамі. Банапарт граміць праціўніка, даходзіць амаль да Вены, а разам з ягонай зоркай узыходзіць і зорка «касцюшкаўскіх генералаў», якія не хацелі мірыцца з падзеламі сваёй дзяржавы. Хто гэта былі і што прывяло іх у Італію?
Найвядомейшы, безумоўна, Юзэф Дамброўскі, этнічны паляк, які ў побыце карыстаўся з-большага нямецкай мовай — піянер і адначасна рэлікт стагоддзя, цягам якога краінай кіравалі «Сасы» (каралі-саксонцы). Тут жа Юзэф Сулкоўскі, больш радыкальны, з якабінскім адценнем у поглядах. Дамброўскі трапіў да Напалеона праз адмысловы польскі камітэт, які быў створаныя пры французскім канвенце. Далей — болей. У выніку баёў з Аўстрыяй у Банапарта апынулася некалькі тысяч палонных сялянаў з Галіцыі, якія сталі асновай для Першага польскага легіёну, які налічваў ужо 5 000 чалавек.
У 1797-м гучыць тая самая «Мазурка», напісаная адным з польскіх афіцэраў. Тады ж італьянскімі прыхільнікамі Напалеона ўпершыню ўздымаецца сучасны італьянскі сцяг. Фактычна, гэта перыяд нараджэння нацыяў: не сярэднявечных, а сучасных. Цікава сёння праглядаць тэкст «Мазуркі», у якім чытаем: «Пярэйдзем Віслу, пярэйдзем Варту…» Што тут незвычайнага? У ранейшых польскіх вайсковых песнях заўжды ідзецца пра Дняпро ці Нёман — гэта ўсходні вектар, шлях экспансіі. Тут жа гаворка пра Захад ды польскія этнічныя тэрыторыі: палякі ўпершыню паглядзелі на сябе па-новаму, з боку.
Так пачынаецца гераічная і сумная гісторыя польскіх легіёнаў. Слукоўскі гіне падчас Егіпецкага паходу: яго разарвалі башыбузукі, чытай, янычары. Далей Напалеон адпраўляе палякаў душыць паўстанне рабоў на Гаіці, дзе тыя церпяць неймаверныя страты, з тысячаў вяртаецца адно пара сотняў чалавек… Пройдзе 200 год і сёння на Гаіці можна будзе сустрэць блакітнавокіх мулатаў з польскімі прозвішчамі: нечым нагадвае міфічную гісторыю з нашчадкамі жаўнераў Аляксандра Македонскага ў Афганістане.
«Не загадвайце думак імператара…»
Рускаму імператару не падабаецца польскі рэнесанс пад кантролем канкурэнта. Але калі з’ява ўжо мае месца, яе трэба не душыць, а… узначаліць, перахапіць ініцыятыву. Так побач з ім з’яўляюцца малады Чартарыйскі ды Агінскі, якія вераць у польскую ідэю пад крылом расійскага арла, гучаць ідэі пра аднаўленне Рэчы Паспалітай з ласкавай згоды цара… Але гэта толькі словы. Разам з тым, адназначнай звязкі «Польшча-Напалеон» таксама пакуль няма.
Напалеон, гэтым часам, няспынна ваюе: супраць яго ладзяць кааліцыі, ён іх разбівае. У 1805-м ён граміць аўстрыйцаў і рускіх пад Аўстэрліцам. У нейкім сэнсе бітва ў далейшым вырашыць лёсы Еўропы: менавіта тады малады Аляксандр І, які спрабаваў кіраваць войскамі персанальна, церпіць асабістую паразу, а гэта — крыўда на ўсё жыццё. Ягоная мара быць лепшым ваяводам за Напалеона разбіваецца ўшчэнт. Зрэшты, Аляксандр зробіць з гэтага свае высновы і больш ніколі не будзе кіраваць войскамі ўласнаручна.
У наступным 1806-м Напалеон вядзе ўжо Прускую кампанію, змешваюшчы магутную армію ворага з брудам. Упершыню за амаль 10 год ягонае войска апынулася на мяжы этнічнай Польшчы: Познань, а далей і Варшава – гэта ўсё частка Прусіі таго часу. Яго адгаворваюць ісці далей, маўляў Расія, Аўстрыя і Прусія назаўжды стануць ворагамі Францыі, гульні скончацца. Але ён не слухае, крочыць далей.
І тут… шок! Такога лікавання ды імпэту з боку палякаў ён не мог сабе ўявіць: яго сустракаюць як вызваліцеля. Палякі вераць у аднаўленне сваёй нядаўна забранай дзяржавы, але тут ужо Дамброўскі раіць суайчыннікам астудзіць пыл ды «не загадваць думак імператара». Што? Чыіх думак? Нейкага капрала?.. Тут ужо палякі-незалежнікі адчуваюць, што не ўсё так проста.
Што далей? Умешваецца Расія, некалькі жудасных бітваў — Фрыдланд, Прэйсіш-Эйлаў… і нарэшце Тыльзіцкі мір 1807 году. Напалеон стварае герцагства Варшаўскае, новы сасуд для польскай дзяржаўнасці. Палякі дагэтуль ставяцца да яго супярэчліва. З аднаго боку, дзяржава — гэта фактычна вайсковы плацдарм, яна не мае рэальнай незалежнасці. З іншага — нават за такую дзяржаву чужынцы-французы заплацілі немалы кошт: лічыцца, што ў бітвах 1806-1807 гг. з рускімі і прусакамі загінула каля 50 000 жаўнераў Напалеона.
Падзел свету: Расіі Усход, Францыі — Захад
Што ж думае сам імператар? Польшча для Напалеона — толькі кавалачак плану, каляровае шкелца ў мазаіцы. Нават Расія для яго не галоўны вораг. Хто ж тады? Англія. Навошта тады ваяваць з Расіяй? Бо Расія — галоўны гандлёвы партнёр Англіі, які забяспечвае Туманны альбіён зернем, дрэвам, пянькой для канатаў. Брытанскі флот — гэта акурат расійская пянька і дрэва.
Таму, галоўная ўмова Тыльзіцкага міру — далучэнне Расіі да кантынентальнай блакады Англіі, усяго толькі. Расія — не самамэта. У адказ Банапарт абяцае, што ніколі не будзе ствараць дзяржавы з назвай «Польшча»: ён быў на гэта гатовы, чаму не? І тут самае цікавае: Расія і Францыя ў гэты момант маглі падзяліць свет, уклаўшы нешта кшталту пакту Молатава-Рыбентропа.
Што прапанаваў Напалеон? Расія трымае сваю сучасную тэрыторыю і далей рухаецца ў Азію. Ён аддае рускім Канстантынопаль, пра які марыла Кацярына ІІ, Асманская імперыя спыняе існаванне. Банапарт, у сваю чаргу, разглядае варыянт жаніцьбы на адной з сёстраў Аляксандра.
Перад Расіяй адчыняюцца фантастычныя перспектывы: Турцыя, Канстантынопаль, Індыя… Нагадаем, што Расія тады засвойвала Аляску, яе калоніі былі ледзве не ў Каліфорніі. Такім чынам, калі б усходні вектар развіцця і кантынентальнай экспансіі здзейсніўся, Расія сталася б глабальнай дзяржавай. Але… заўжды ёсць свае «але».
Рускія эліты складаныя ў плане сваіх архетыпаў: з аднаго боку, яны заўжды крытыкуюць Англію, як квінтэсэнцыю заходняга мыслення і ладу жыцця. З іншага, Лондан — даўнішні сябар і фінансавы партнёр Масквы, што ў тыя часы, што ў часы Абрамовіча і Пуціна. Нават забойства бацькі Аляксандра, Паўла І (той самы ўдар табакеркай), не абыйшлося без удзелу ангельскага пасла.
Але найперш Англія для Расіі — гэта грошы. За гады кантынентальнай блакады 1807-1812, да якой Расія фармальна далучылася, але выконвала слаба, расійскі экспарт упаў у тры разы. Расійскія памешчыкі, якія зараблялі на пяньцы і іншых таварах, наўпрост бяднелі. А хто кіраваў у Расіі? Памешчык! Гэта дваранская алігархія. Яны не маглі аб’ектыўна ўпадабаць такі расклад.
У дадатак да ўсяго, фактар крыўды і зайздрасці Аляксандра да Напалеона. Рускі імператар наўпрост не лічыў яго сабе вартым! Просты прыклад: па-францусзку Аляксандр размаўляў значна лепш за карсіканца Банапарта. Аляксандр так і не вырашыўся на падобны саюз ды новы падзел свету, а наступныя перамовы так ні да чаго і не прывялі.
1812 – усяго толькі чарговая кампанія…
Што ж такое 1812 год? Для Напалеона — усяго толькі чарговая вайсковая кампанія. Для рускіх — «нашэсце д’ябла на Расію»... План Напалеона быў наступны: разбіць рускае войска ў раёне Вільні. Страта Вільні лічылася вельмі важнай, бо на той момант гэта быў трэці па памерах горад у Імперыі пасля Пецярбурга і Масквы. Задача Напалеона — актуалізаваць дамову пра кантынентальную блакаду, дамагчыся, каб яна рэальна працавала і так задушыць Англію. Навошта яму Расія?
Але сталася тое, што сталася. Рускія татальна адступаюць, пасля, праз гады, назваўшы гэта «скіфскай тактыкай» — завабліваннем ворага ўглыб краіны. Банапарт цягне войска ў нетры імперыі. Набліжаецца восень, Банапарт у Віцебску разважае, што рабіць далей. Юзэф Панятоўскі прапаноўвае сваё бачанне: усе польскія часткі маюць рушыць на поўдзень, разбіць генералаў Чычагава і Тармасава, заняць тэрыторыю, падняць там мясцовую шляхту і… стварыць новую дзяржаву.
Але Банапарт найперш вайсковец. Ён упэўнены, што войска трэба трымаць разам, у кулаку. Гэты кулак даходзіць да Масквы, якую рускія ганебна здаюць, а далей… зіма. Надвор’е, як заўжды, робіць сваю справу.
«Дубіна народнай вайны»
Што яшчэ важна? Напалеон, калі ішоў сюды, як і Гітлер, не меў палітычнай канцэпцыі — толькі вайсковую стратэгію. Кажуць, Банапарт разважаў наконт адмены прыгону ў Расіі. Але канчатковую стаўку ён зрабіў на мясцовага землеўласніка, нават калі той рускі паводле паходжання. Нават савецкі гісторык Тарле піша, што французы пасылалі свае аддзелы на дапамогу рускім памешчыкам, каб бараніцца ад сялянскіх пагромаў.
Тут Напалеон адназначна паказаў сябе манархам, а не рэвалюцыянерам. Магчыма, галоўная праблема Банапарта была ў тым, што ён апярэдзіў свой час, сам таго не зразумеўшы. Пакуль ён быў французскім генералам у кантэксце рэвалюцыі, у яго ўсё атрымлівалася. Калі стаўся імператарам французаў і пачаў гуляць па правілам каралёў — усё пайшло прахам.
Вяртаючыся да тэмы сялянаў і прыгону, нельга не згадаць пра міф «Дубіны народнай вайны», створаны рускімі літаратарамі. «Дубіна» сапраўды лупіла, але лупіла па ўсіх. Дастаткова ўзгадаць адзін з першых беларускамоўных вершаў Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў», дзе апісаны гнеў раззлаваных сялянаў. Альбо гісторыю партызанаў Дзяніса Давыдава, якога ледзве не лінчавалі вяскоўцы: пасля Давыдаў засвоіў урок, адпусціў бараду і пераапрануўся ў армяк.
«Дубіна» ў рэальнасці — гэта хаос, пагромы і рабункі. Калі б у Напалеона хапіла смеласці адмяніць прыгон, ён мог бы скіраваць яе ў сваіх інтарэсах, але… Зноўку, «але». На фінальным этапе адступаючых французаў рабаваць і браць у палон было прасцей, сяляне скемілі, хто слабейшы, вось вам і «ўсенародная айчынная вайна».
Чым усё скончылася?
1814 год, Напалеона ссылаюць на Эльбу, Аляксандр уваходзіць у Парыж. Некаторыя мемуарысты згадваюць, што францужанкі-манархісткі крычалі: «Аляксандр, заставайся, будзь імператарам!» Мемуарысты працягваюць, маўляў, па рускім імператары было бачна, што яго больш цешыла б перспектыва быць імператарам Францыі, чым Расіі…
Аляксандр прывёў Расію на пік велічы. Цікава, што ў Францыі дзе-нідзе дагэтуль стаяць верставыя слупы пры дарогах, памятка пра акупацыю, што трывала з 1814 па 1818-ы. Там упершыню сярод рускага дваранства стала модным есці ўстрыцы, запіваючы шампанскім, а пустыя бутэлькі ў рэстаранах хаваць пад стол (афіцыянты рабілі рахунак па пустой тары на стале). Для рускіх паход у Францыю стаўся нечым кшталту Крыжовых паходаў для сярэднявечных рыцараў: адтуль, з Захаду, яны прынеслі новыя культурныя элементы ды і самі вярнуліся іншымі.
Што з гэтага атрымала Расія? Магутнасць і ўплыў, якія… на доўгія гады закансервавалі ўнутраныя праблемы вялізнай краіны. Палітычны строй, грамадскі парадак, адмова ад амерыканскіх калоніяў… Навошта змяняцца? Мы ж пераможцы! З калоніямі сітуацыя вельмі характэрная: каб іх засвоіць, патрэбен быў свабодны мужык, які паедзе будаваць асабістую будучыню, свой дом. Але хто ж яго адпусціць? Пасля перамогі ў паветры вітала лёгкая надзея на адмену прыгона, перакрэсленая знакамітай фразай Аляксандра: «Крестьянам Бог воздаст».
Усё гэта вельмі нагадвае сітуацыю з перамогай Саюза над Германіяй у 1945-м, шчырымі спадзяваннямі людзей на адмену калгаснай сістэмы, канцом рэпрэсіяў, зменамі ва ўнутраным жыцці краіны. Але такі закон усходніх імперыяў: кожная перамога толькі кансервуе сістэму. Урэшце, так і сталася. Яшчэ Карл Маркс называў Расію азіяцкай дзяржавай з еўрапейскай арміяй. Але нават гэтая армія, дзе афіцэры свабодна валодалі французскай, пацярпела катастрофу ўжо праз паўстагоддзі ў Крымскай вайне: калос, як апынулася, стаяў на гліняных нагах.
Закон кармы
Што ж з нашым рэгіёнам, аскепкамі Рэчы Паспалітай? Эпоха Напалеона моцна падштурхнула наперад польскае нацыянальнае жыццё. Замест Герцагства Варшаўскага паўстала Царства Польскае, якое праіснавала яшчэ 100 год. Нягледзячы на няўдалыя паўстанні, рэпрэсіі, высылкі і канфіскацыі, там ішлі свае культурныя і нацыятворчыя працэсы, што ўрэшце выліліся ў стварэнне незалежнай дзяржавы з Пілсудскім на чале.
Для беларускіх земляў Напалеонаўскія войны — гэта пачатак канца вялікіх магнатаў-землеўласнікаў: Радзівілаў, Сапегаў ды інш. Яны заангажаваліся ў аднаўленне сваёй страчанай дзяржавы і прайгралі разам з Банапартам. Край напаткала эканамічная і сацыяльная катастрофа. Гэтае пытанне дагэтуль паўнавартасна не ацэненае гісторыкамі, але ў выніку неймаверных стратаў Беларусь апынулася спустошанай.
Часам падаецца, што лёс Юзэфа Панятоўскага, Дамініка Радзівіла, шматлікіх нашых суайчыннікаў з ліку шляхты, што ваявалі з Расіяй у 1812-м ды пасля, падчас безнадзейных паўстанняў, гэта змрочны рахунак за глупства і сквапнасць сваіх продкаў, якія пусцілі на вецер краіну ў XVIII ст. Такая сумная іронія гісторыя альбо — закон кармы, каму як падабаецца. Ці думалі Радзівілы, Патоцкія ды Браніцкія за 50 год дагэтуль, прадаючы і прапіваючы Рэч Паспалітую, як гэта адаб’ецца на іхных унуках?.. Хто ведае.
Да паўстання беларускай ідэі было яшчэ вельмі далёка. Сёння можна фантазаваць, маўляў, ці не сталася б новая Рэч Паспалітая ці Польшча, у выпадку перамогі Банапарта, наглуха зачыненай брамай для «беларускага праекту»? Ёсць жа прыклад тых жа русінаў-уніятаў Холмшчыны, якія, апынуўшыся ў Царстве Польскім, дзякуючы антаганізму з Расіяй, пераўтварыліся ў звычайных палякаў-каталікоў. Такія вось пакручастыя сцежкі нацыятварэння ў ХІХ ст. А беларуская нацыянальная ідэя, як і ўкраінская, шмат у чым былі ўзгадаваныя акурат на сітуацыі памежжа ў зацятым канфлікце паміж Польшчай і Расіяй, але, ні ў якім разе, не пад крылом адной з іх.
Канец эпохі рыцарства
Сёння лічыцца, што Напалеонаўскія войны забралі жыцці ад 2 да 10 мільёнаў чалавек. Па мерках ХХ ст. нібыта і не так шмат, але на той час — гэта фантастычныя лічбы. Так скончылася эпоха рыцарства, калі войны маглі спыняцца ўзімку з-за благога надвор’я, калі крадзёж каровы ці дзясятка курэй быў надзвычайным здарэннем падчас паходу, калі афіцэры з варожых арміяў маглі ласкава саступаць суперніку права страляць першым… Кодэкс і законы Сярэднявечча назаўжды адыйшлі ў нябыт.
Так няўхільна набліжаўся час татальных войнаў, іншых маштабаў і іншай этыкі. Войны Напалеона нам ужо не бачацца кашмарам, хутчэй прыгожай легендай, казкай пра рыцараў у каляровых мундурах ды бліскучых кірасах. Праз 100 год, у наступнай вялікай вайне, нават для колеру ўжо не застанецца месца — гэта будзе час шэрасці, калі жаўнер, каб выжыць, будзе старацца прымерыць колеры бруднага акопу, які стане для яго і схованкай, і домам, і брацкай магілай.